Раздзел LXII Коннік без галавы. Раздзел LXIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXIII

СУД РЭГУЛЯТАРАЎ

Моцны крык, які прымусіў маладую крэолку так імкліва сарвацца з месца, выдаваў адначасова і рашэнне суда, і характар прысуду.

Слова «павесіць» даляцела да яе вушэй, і яна кінулася да халупы мустангера.

Людзі цяпер ужо не стаялі асобнымі групамі, яны сабраліся ў круг. Сярод круга ўзвышалася ўнушальная фігура начальніка рэгулятараў, там-жа быў і Вудлі Пойндэкстэр, а побач з ім Касій Кольхаун. Апошнія прысутнічалі, як відаць, толькі ў якасці сведак судовай драмы, якая тут адбываецца — рашаючае слова належала іншым.

Гэта быў судовы разгляд справы па абвінавачанню ў забойстве — суд Лінча. У якасці абвінавайцы выступаў верхавод рэгулятараў. Увесь натоўп, за выключэннем двух арыштаваных, адыгрываў ролю судовых засядацеляў.

Морыс Джэральд і яго слуга Фелім былі ў цэнтры абступіўшага іх кальца. Абодва яны ляжалі на траве, са звязанымі моцнымі вяроўкамі рукамі і нагамі. Іх пазбавілі магчымасці гаварыць. Феліма прымусілі маўчаць пагрозамі, а яго гаспадар маўчаў таму, што ў рот яму ўставілі драўляны кляп. Гэта зрабілі для таго, каб мустангер сваім вар‘яцкім брэдам не перашкаджаў «працаваць». Але нават туга сцягнутыя вяроўкі не маглі паралізаваць рухаў хворага. Два чалавекі трымалі Морыса за плечы, трэці прыціскаў ногі да зямлі, стоячы на яго каленях.

Цяжар абвінавачанняў галоўным чынам клаўся на Морыса Джэральда; Феліма лічылі толькі саўдзельнікам.

Яго прымусілі расказаць усё, што ён ведае. Расказ Феліма аб індзейцах і ягуары назвалі «выдумкай, прыдуманай з мэтай увесці суд у заблуджэнне».

Судовы разгляд прадаўжаўся не больш дзесяці хвілін. Вывад быў ясны. У большасці канчаткова склалася думка, што Генры Пойндэкстэр забіты, а Морыс Джэральд адказны за яго смерць.

Кожная акалічнасць, ужо раней вядомая, была ўноў абмяркована і ўзважана; да іх далучыліся новыя факты, толькі што адкрытыя ў хакале. Самае пераканаўчае з усяго — гэта тое, што ў хакале знойдзены былі плашч і капялюш забітага.

Некаторыя з нецярплівасцю крычалі: «Павесіць забойцу!»

Напэўна, прысуд ужо быў загадзя вынесен. На зямлі ўжо ляжала вяроўка з пятлёю на адным канцы. Праўда, гэта толькі ласо, але для такой мэты яно зусім прыгодна. Гарызантальна выцягнутая галіна смакоўніцы можа вельмі добра замяніць шыбеніцу.

Большасць выказалася за смяротны прысуд. Некаторыя падмацавалі сваё рашэнне праклёнамі па адрасу асуджанага. Чаму-ж прысуд не прыводзіцца ў выкананне?

Чаму? Ды проста таму, што няма поўнага аднадушша. Не ўсе прысутныя згодны з прысудам. Сярод суддзяў ёсць і такія, якія супроць пакарання смерцю Морыса. Хоць іх — меншасць, але яны сказалі сваё «не» спакойна і з поўнай упэўненасцю.

Сярод меншасці і Сэм Мэнлі, верхавод рэгулятараў.

— Грамадзяне! — гучна звярнуўся ён да натоўпа. — У нас няма дастатковых доказаў, каб прымаць такое сур‘ёзнае рашэнне. Трэба выслухаць абвінавачанага, але, вядома, тады, калі ён будзе магчы гаварыць. Цяпер, як вы самі бачыце, да яго бескарысна звяртацца. Таму я прапаную адкласці рашэнне суда да…

— Што за сэнс адкладаць? — перапыніў яго гучны голас Касія Кольхауна. — У чым справа, Сэм Мэнлі? Калі-б у вас быў сябра, нявінна забіты, або брат, вы-б тады разважалі інакш. Што вам яшчэ патрэбна, каб пераканацца ў вінаватасці гэтага нягодніка? Дадатковыя доказы?

— Вось іменна, капітан Кольхаун.

— Ці можаце вы што-небудзь дадаць, Касій Кольхаун? — запытаўся нейчы голас.

— Мне здаецца, доказаў дастаткова, нават больш, чым трэба. Але калі хочаце, я магу дадаць.

— Давайце, давайце! — закрычала некалькі дзесяткаў галасоў.

— Джэнтльмены! — сказаў Кольхаун, звяртаючыся да натоўпа. — Вы ўсе добра ведаеце, што адбылося паміж гэтым чалавекам і мною. Мне не хацелася, каб аба мне падумалі, што я помшчу яму. Жадання помсты ў мяне няма. І калі-б я не быў упэўнены, што іменна ён зрабіў забойства, так-жа ўпэўнены, як у тым, што мая галава ў мяне на плячах…

Кольхаун пачаў запінацца, бачачы, што фраза, якая мімаволі сарвалася ў яго, зраділа дзіўнае ўражанне на акружаючых.

— Калі-б, — прадаўжаў ён, — я не быў у гэтым упэўнены, я нічога не сказаў-бы аб тым, што бачыў або, правільней, чуў.

— Што-ж вы чулі, містэр Кольхаун? — запытаў верхавод рэгулятараў. — Ваша сварка з абвінавачаным, аб якой, мне здаецца, усе прысутныя ведаюць, не мае ніякіх адносін да вашых паказанняў. Ніхто не збіраецца абвінавачваць вас у фальшывым сведчанні. Калі ласка, прадаўжайце. Што вы чулі, калі і дзе вы чулі?

— Гэта было ў аўторак ноччу, калі загінуў мой стрыечны брат.

— У аўторак, ноччу? Далей.

— Я пайшоў ужо да сябе ў пакой. Было нясцерпна горача, надакучалі маскіты, спаць было немагчыма. Я ўстаў, запаліў сігару, пакурыў крыху ў пакоі, але пасля рашыў пайсці на страху. Ці было каля паўночы ці некалькі раней — не ведаю, бо я не сачыў за часам. Толькі я паспеў выкурыць сігару і ўжо хацеў дастаць другую, як пачуў далятаўшыя з боку ракі два галасы. Гэта была моцная, раззлаваная гутарка. Ясна было, што адбывалася сварка. Прыслухаўшыся, я пазнаў адзін голас, а пасля і другі. Першы быў голас майго стрыечнага брата Генры, другі — вось гэтага чалавека, забойцы.

— Прадаўжайце, містэр Кольхаун, мы хочам выслухаць спачатку вашы паказанні, а свае вывады вы выкажаце пасля.

— Вы разумееце, джэнтльмены, што я быў крыху здзіўлены, пачуўшы голас стрыечнага брата, — я думаў, што ён даўно ўжо спіць. Аднак, я быў настолькі ўпэўнены, што гэта іменна ён, што нават не пайшоў у яго пакой праверыць. Не менш ясна для мяне было і тое, што другім са спрачаўшыхся быў мустангер. Мне здалося асабліва дзіўным, што Генры, супроць звычайнага, вышаў у такі позні час. Але факт астаецца фактам, памылкі тут не магло быць. Я пачаў прыслухоўвацца, каб даведацца, аб чым яны спрачаюцца. Галасы былі чуваць слаба. Адзіна, што мне ўдалося разабраць, гэта тыя моцныя выразы, якія Генры пасылаў па адрасу мустангера. Ясна было, што мой стрыечны брат нечым абражаны. Пасля выразна пачуліся пагрозы мустангера. Кожны гучна назваў адзін аднаго па імю, і адразу-ж у мяне не асталося ніякіх сумненняў. Мне варта было пайсці туды і высветліць, у чым справа, але я быў у начных туфлях. Я пачакаў каля поўгадзіны, спадзеючыся, што Генры хутка вернецца дадому, але ён не прышоў. Я падумаў, што юнак накіраваўся ў таверну. Там ён мог сустрэць знаёмых з форта і прасядзець доўга. Я рашыў легчы спаць. Такім чынам, джэнтльмены, я сказаў вам усё, што я ведаю. Бедны Генры пасля таго ўжо больш не вяртаўся ў Каса-дэль-Карво. Яго пасцель у тую ноч асталася пустой, ён начаваў недзе ў прэрыі або ў лесе, а дзе іменна, ведае толькі гэты чалавек.

Рухам рукі ён паказаў на абвінавачанага.

Прамова Кольхауна зрабіла сваё дзеянне. У шчырасці яго слоў ніхто не сумняваўся.

Адбыўся новы выбух абурэння.

— Павесіць! Павесіць! — крычалі галасы з усіх бакоў. Нават сам суддзя, здавалася, пачаў хістацца. Пярэчачых зрабілася яшчэ менш. Напружанасць расла, нібы перад бурай.

Адзін з пагранічных галаварэзаў накіраваўся да вяроўкі — ён толькі што адышоў ад Кольхауна, з якім аб нечым перашэптваўся. Ён узяўся за ласо і хутка надзеў пятлю на шыю прысуджанаму, які па-ранейшаму быў у непрытомнасці.

Ніхто не спрабаваў спыніць ката.

Ніхто не асмельваўся абараняць палонніка.

Пятля накінута на шыю Морыса. Другі канец вяроўкі ўжо закінуты на смакоўніцу.

«Хутка Морысу Джэральду — смерць» — так думаў кожны з прысутных.