Раздзел LXXXIV Коннік без галавы. Раздзел LXXXV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXXVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXXV

ДОБРЫ СТРЫЕЧНЫ БРАТ

Луіза Пойндэкстэр поўнасцю скарыстала свабоду, якую даў ёй бацька. Не прайшло і гадзіны, як яна наадрэз адмовіла Кольхауну.

Ён ужо трэці раз рабіў ёй прапанову. Праўда, два першыя разы ён гаварыў намёкамі і не асмельваўся проста ставіць пытанне.

Трэці раз ён атрымаў адмову, простую, але зусім ясную. Яна проста сказала: «Не» і выразна дадала: «Ніколі».

Кольхаун выслухаў яе як быццам без здзіўлення. Ні адзін мускул не здрыгануўся на яго твары. Як відаць з усяго, ён чакаў гэтага.

— Ты-ж не сур‘ёзна гэта гаворыш, Лу?

— Зусім сур‘ёзна, сэр. Хіба гэтым жартуюць?

— Ты адказала так, нібы зусім аб гэтым не думала.

— Над чым?

— Над многім.

— А іменна?

— Перш за ўсё, над тым, як я цябе кахаю.

Луіза прамаўчала.

— Я кахаю цябе, — прадаўжаў Кольхаун, — кахаю цябе так, Лу, як ніхто і ніколі яшчэ не кахаў. І гэта пачуццё мацней за мяне. Яна можа памерці толькі разам са мной. Яно не згасне і з тваёй смерцю.

Адказу не было.

— Што за карысць расказваць гісторыю майго кахання. Яно ўспыхнула ў той-жа дзень, нават у тую-ж гадзіну, калі я ўпершыню ўбачыў цябе. Калі я прыехаў у дом твайго бацькі, шэсць год таму назад, ты папрасіла мяне, як толькі я саскочыў з каня, прагуляцца з табою па садзе, пакуль рыхтавалі да стала. Ты тады была дзяўчынкай, падросткам, але ўжо таксама прыгожая, як цяпер! Ты ўзяла мяне за руку і павяла па дарожцы, усыпанай гравіем, не падазраючы, вядома, колькі хвалявання выклікала ва мне дакрананне тваёй ручкі. Гэтае адчуванне астанецца ў мяне ў памяці на ўсё жыццё. Яго не маглі сцерці ні час, ні адлегласць, ні, нарэшце, марнатраўнае жыццё, якое я вёў.

— Тваё каханне да мяне дарэмнае, Касій, — перапыніла яго Луіза.

— Я павінна сказаць табе гэта адкрыта. Я не люблю цябе… я не магу цябе любіць.

— Значыць, ты не выйдзеш за мяне замуж?

— Вось гэта ўжо, па меншай меры, бескарыснае пытанне. Я табе сказала, што не люблю цябе. І гэтага, мне здаецца, дастаткова.

— А я сказаў, што кахаю цябе. І гэта толькі адна з прычын, чаму я хачу, каб ты стала маёй жонкай. Але ёсць яшчэ і іншыя. Ці хочаш ты выслухаць усё?

— Ты сказаў, што ёсць і іншыя прычыны? Назаві іх, я не баюся выслухаць цябе да канца.

— Вось што? — адказаў ён з усмешкай. — Ты не баішся?

— Не, не баюся. Чаго мне баяцца?

— Праўда, не табе трэба баяцца, а твайму бацьку.

— Тое, што датычыць бацьку, не можа быць мне абыякава. Я — яго дачка. І цяпер, увы, адзіная. Прадаўжай, Касій. Што за няшчасце навісла над ім?

— Не няшчасце, Лу, але вельмі сур‘ёзныя непрыемнасці. Цяжкасці, з якімі ён не можа справіцца. Ты прымушаеш мяне гаварыць пра рэчы, якіх табе зусім не трэба ведаць.

— О, няўжо? Ты памыляешся, Касій. Я ўсё ўжо ведаю. Мне вядома, што мой бацька ў даўгах і што грошы яму даваў ты. Як я магла не заўважыць гэтага? Тая ганарлівасць, з якой ты трымаешся ў нашым доме, тая фанабэрыстасць, якую ты ўвесь час праяўляеш, не саромячыся прысутнасці слуг, былі дастатковым доказам нават для іх, што ў нас у доме не ўсё добра. Ты — гаспадар Каса-дэль-Карво. Я ведаю гэта. Але нада мною ты не ўладар.

Кольхаун убачыў, што прыём яго няўдалы, і рашыў ударыць па іншых струнах.

— Так, гэта правільна! — адказаў ён з усмешкай. — Ну, што-ж, калі я не ўладар твайго сэрца, то ўсё-ж тваё шчасце ў маіх руках. Я ведаю гэтага нікчэмнага нягодніка, які прымусіў цябе адмовіць…

— Пра каго ты гаворыш?

— Ты не здагадваешся?

— Не. Магчыма, ты сябе называеш нікчэмным нягоднікам? Тады я зусім з табою згодна…

— Няхай так, — адказаў капітан, пачырванеўшы ад ярасці, але ўсё-ж яшчэ стрымліваючы сябе. — І паколькі ты лічыш мяне такой нікчэмнасцю, то наўрад ці пацярплю я ў тваіх вачах, калі раскажу, што я хачу з табою зрабіць.

— Зрабіць са мною? Ты занадта самаўпэўнены, Касій. Ты размаўляеш так, нібы я твая нявольніца. На шчасце, гэта не так.

Кольхаун, струсіўшы пад яе абураным позіркам, прамаўчаў.

— Цікава пачуць, — прадаўжала яна, — што гэта ты збіраешся зрабіць са мною?

— Я табе скажу.

— Ты мяне хочаш пусціць на ўсе чатыры бакі ў прэрыю або засадзіць у манастыр? Магчыма, у турму?

— Апошняе, напэўна, табе спадабалася-б больш за ўсё, — у тым выпадку, вядома, калі-б ты была ў прыемнай кампаніі з…

— Ну, гавары-ж, калі ласка, які мяне чакае лёс. Я згараю ад нецярплівасці, — сказала Луіза з насмешкай у голасе.

— Не спяшайся. Першую дзею ты ўбачыш заўтра.

— Так хутка? А дзе, ці можна даведацца?

— У судзе.

— Якім чынам?

— Вельмі проста: ты будзеш стаяць перад тварам суддзі і дванаццаці прысяжных.

— Вы задаволены сваёй дасціпнасцю, капітан Кольхаун? Але я павінна табе сказаць, што мне не падабаюцца твае жарты.

— Якія жарты? На заўтра прызначан судовы разгляд. Містэр Морыс Джэральд, або Мак-Свіні, або О‘Гогерні, — як-бы яго ні звалі, — будзе стаяць за парэнчамі суда, абвінавачваемы ў забойстве твайго брата.

— Гэта хлусня! Морыс Джэральд не мог…

— Не мог зрабіць гэтае злачынства? Гэта трэба праверыць. Яго вінаватасць будзе даказана, я ў гэтым не сумняваюся. І самыя важкія доказы супроць яго мы пачуем з тваіх-жа вуснаў.

Нібы спалоханая газель, глядзела крэолка на субяседніка шырока расплюшчанымі, поўнымі неўразумення і трывогі вачыма.

Прайшло некалькі секунд, перш чым Луіза магла гаварыць. Яна маўчала ад раптоўна нахлынуўшых сумненняў, падазрэнняў, страхаў.

— Я не разумею, што ты хочаш сказаць, — нарэшце прагаварыла яна. — Ты гаворыш, што мяне выклічуць у суд. Дзеля чаго? Хоць я і сястра забітага, але я нічога не ведаю і не магу нічога дадаць да таго, аб чым усе гавораць.

— Ці праўда? Ты-ж можаш сказаць значна больш за іншых. Ніхто, напрыклад, не ведае аб тым спатканні ў садзе, якое было ў цябе з Джэральдам іменна ў тую ноч. І ніхто не ведае, лепш за цябе, што адбылося ў часе гэтага патаемнага спаткання: як Генры ўмяшаўся ў гэтую справу, як ён быў страшэнна ўсхваляваны ад абурэння пры думцы аб ганьбе, якая кладзецца ценем не толькі на сястру, але і на ўсю сям‘ю, як, нарэшце, ён пагражаў забіць гэтага чалавека і як у гэтым яму перашкодзіла заступніцтва жанчыны, так бессаромна ашуканай. Нікому таксама не вядома, што адбылося далей: як Генры, нібы дурань, пабег за гэтым нягоднікам і з якімі намерамі. Апрача гэтых двух, было яшчэ толькі два чалавекі, якім давялося быць сведкамі іх расставання.

— Два? Хто-ж?

— Адзін быў Касій Кольхаун, другая — Луіза Пойндэкстэр.

Яна не спалохалася, не праявіла ніколькі здзіўлення. Яна толькі задзёрыста кінула аднаскладовае:

— Ну?

— Ну, — падхапіў Кольхаун, расстроены тым, што яго словы не зрабілі ніякага ўражання, — мне здаецца, цяпер ты павінна ўжо зразумець…

— Не больш, чым раней.

— Ты хочаш, каб я гаварыў далей?

— Як хочаш.

— Тады я растлумачу табе. Я гавару табе, Луіза, што ёсць толькі адзін спосаб выратаваць твайго бацьку ад поўнага разарэння і цябе ад ганьбы. Ты разумееш, аб чым я гавару?

— Здаецца, разумею.

— Цяпер ты не адмовіш мне?

— Цяпер хутчэй, чым раней.

— Няхай будзе так. Значыць, заўтра ты зоймеш месца сведкі ў судзе?

— Подлы шпіён! Вон з маіх вачэй! У гэтую-ж хвіліну, а не то я, паклічу бацьку!

— Не турбуй сябе. Я не буду больш навязвацца, калі табе са мною так непрыемна. Абдумай усё як след. Магчыма, да таго, як прыдзе гадзіна суда, ты яшчэ зменіш сваё рашэнне. Калі так, то, спадзяюся, ты паведаміш мне своечасова, каб адмяніць выклік у суд. Спакойнай ночы, Лу. Я іду спаць з думкай аб табе.

З горкай усмешкай на губах Кольхаун пайшоў у свой пакой. Выгляд у яго быў далёка не радасны.

Луіза прыслухоўвалася, пакуль яго крокі не сціхлі ўдалечыні карыдора. Моцна прыціснуўшы рукі да грудзей, яна апусцілася ў крэсла. Страх мучыў яе цяпер больш, чым калі-небудзь.