Раздзел XLII Коннік без галавы. Раздзел XLIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XLIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Раздзел XLIII

У ХАЛУПЕ МУСТАНГЕРА

Зноў у халупе мустангера! Зноў яго верны слуга Фелім сядзіць конна на крэсле сярод пакоя. Зноў, выцягнуўшыся на скуры, перад агнём ляжыць яго сабака.

Дзверы, абабітыя скурай мустанга, па-ранейшаму вісяць на сваіх петлях. Той-жа прымітыўны стол, той-жа ложак, тыя-ж крэслы.

Бутля з віскі па-ранейшаму стаіць у куце на сваім месцы, Фелім бачыць яе часцей, чым які-небудзь іншы прадмет у халупе, таму што, куды-б ён ні глядзеў, яго вочы ўвесь час вяртаюцца да спакушаючай пасудзіны ў лазовай карзіне.

— А, мой скарб, вось дзе ты! — гаворыць ён, напэўна, дваццаты раз, паглядаючы на бутлю. — У тваім-жа цудоўным жываце больш як дзве кварты. Калі-б толькі дзесятая частка трапіла ў мой жывот, як было-б гэта карысна для майго стрававання! Ці не праўда, Тара?

Пачуўшы сваё імя, сабака падняў галаву і пытальна паглядзеў навокал, нібы пытаючыся, чаго ад яго хочуць.

— Я зусім не пытаюся ў цябе, дружа, аб усёй бутлі! Я сам ведаю, што так нікуды няварта. Справа ідзе толькі аб адной шкляначцы. Але я не асмельваюся і кроплі выпіць пасля таго, што мне сказаў гаспадар. Ну, і памучыўся-ж я сёння з гэтымі зборамі і ўкладаннем. У мяне проста язык прыліп да горла. Якая крыўда, што містэр Морыс узяў з мяне абяцанне не чапаць бутлі. І каму яна толькі патрэбна? Ён-жа сам сказаў, што астанецца тут толькі на адну ноч пасля таго, як вернецца з сетлмента. Не выпіць-жа двух кварт за адзін вечар! Хіба толькі, калі стары грахаводнік Стумп прыедзе з ім. Ну, тады толькі трымайся! Гэты вып‘е і больш! Адна ўцеха, што мы паедзем у наш Балібалах. Ох, ужо і вып‘ю-ж я там сапраўднай ірландскай гарэлкі! Пры адной толькі думцы аб гэтым можна звар‘яцець ад прыемнасці!

Некаторы час Фелім прасядзеў моўчкі, нібы ў думках перабіраючы тыя радасці, якія чакаюць яго ў Балібалаху.

Але хутка мары яго прывялі ў той куток, дзе стаяла спакусніца-бутля. Зноў вочы ірландца з прагнасцю накіраваліся ў гэты заветны куточак.

— Скарб ты мой! — сказаў Фелім, звяртаючыся да бутлі. — Вельмі-ж ужо ты прыгожая, павінен табе сказаць. Ты-ж не выдасі мяне, калі я цябе толькі разок пацалую? Толькі адзін пацалунак. Што-ж у гэтым дрэннага? Нават гаспадар нічога не скажа, калі толькі даведаецца, як мне давялося папрацаваць з упакоўкай. Колькі пылу я наглытаўся! А пасля — мы-ж выязджаем. А як-жа не выпіць на дарогу? Без гэтага нельга — бездараж будзе. Я так і скажу гаспадару, і ён не раззлуецца. Апрача таго, ён-жа спазніўся ўжо на цэлых дзесяць гадзін. Скажу яму, што я выпіў толькі маленькі глыточак, каб нічога не думалася. Ну, хай будзе, што будзе. Я толькі панюхаю крыху, а там ужо як лёс захоча. Ляжы, Тара, я не пайду.

Сабака ўстаў, бачачы, што Фелім накіроўваецца да дзвярэй.

Тара не зразумеў намераў Феліма. Ён вышаў толькі паглядзець, ці не відаць гаспадара і ці не перашкодзіць ён яму ажыццявіць задуманы план.

Пераканаўшыся, што нікога няма, Фелім хутка накіраваўся ў куток, адаткнуў бутлю і, паднёсшы яго да губ, праглынуў крыху больш як глыток.

Паставіўшы бутлю на месца, слуга вярнуўся і моўчкі сеў на крэсла. І зноў загаварыў сам з сабою:

— Не магу зразумець, чаму гэта так доўга няма гаспадара. Ён сказаў, што вернецца сюды к васьмі гадзінам раніцы, а цяпер ужо шэсць гадзін вечара, калі толькі цехаскае сонца не хлусіць. Напэўна, штосьці затрымала яго. Як ты думаеш, Тара?

На гэты раз Тара фыркнуў сцвярджальна, — яму ў нос трапіў попел.

— Ці не здарылася чаго? Што-ж тады будзе з намі, Тара? Ах ты, стары мой пёс! Тады нам доўга не бачыць Балібалаха. Хіба толькі калі прадаць вось гэта барахельца гаспадара.

Фелім устаў і накіраваўся да дзвярэй.

— Пойдзем, Тара! — закрычаў Фелім. — Пойдзем, стары сабака, паглядзім, ці не відаць гаспадара. Містэру Морысу будзе прыемна, калі ён убачыць, што мы аб ім турбуемся.

Фелім з Тарай накіраваліся да абрывістага берагу Аламо. Прайшоўшы спачатку нізам і прабіраючыся цераз густыя зараснікі, яны падышлі да адкоса і пачалі ўзбірацца. Хутка яны апынуліся на вяршыні кручы.

Перад іх вачыма адкрылася раўніна.

Сонца спусцілася ўжо досыць нізка, але яшчэ добра асвятляла прэрыю.

На зусім роўнай паверхні сям-там тырчэлі кактус або адзінокае дрэўца юкі. Больш нішто не парушала аднастайнасці стэпа, і нішто не загараджвала даляў. Здавалася, калі-б па прэрыі прабег кайот, то і яго лёгка можна было-б заўважыць.

На вялікай адлегласці ўдалечыні відаць была цёмная палоска лясных зараснікаў.

Фелім моўчкі глядзеў у тым напрамку, адкуль ён чакаў свайго гаспадара.

Яму нядоўга давялося чакаць. На гарызонце з-за дрэў паказаўся коннік. Ён накіроўваўся да Аламо.

Коннік быў яшчэ на адлегласці больш мілі, але верны слуга пазнаў ўжо ў ім свайго гаспадара. Ён пазнаў яго па паласатым серапэ яркай афарбоўкі: ні ў кога з мексіканцаў не было такога — яно было выткана індзейцамі племя навахо.

Фелім толькі здзівіўся, чаму гаспадар накінуў серапэ сабе на плечы ў такі душны вечар. Здавалася-б, разумней было скруціць яго і прывязаць да сядла.

— Тара, сабака мой! Вось і гаспадар наш! Але толькі цяпер такая гарачыня, што можна на каменнях смажыць мяса, а ён як быццам гэтага не заўважае. Ці не прастудзіўся ён у гэтай кануры ў таверне Обердофера? Свіння, і тая не захацела-б там жыць. Наша халупка — проста салон у параўнанні з ёю.

Фелім некаторы час моўчкі наглядаў за коннікам. Падарожнік ужо быў на адлегласці поўмілі і прадаўжаў набліжацца.

— Маці Маісея! — закрычаў Фелім. — Што-ж гэта ён прыдумаў? Не, гэта, напэўна, проста жарт, Тара. Ён хоча, каб мы з табою здзівіліся. Яму захацелася пажартаваць з нас… Святы Патрык! Як гэта дзіўна? Падобна, што ў яго няма галавы. Дапраўды, няма. Што-ж гэта можа азначаць? Святая дзева! Ды калі-б не ведаць, што гэта гаспадар, можна сапраўды перапалохацца… Ды ці гаспадар гэта? Як быццам-бы наш гаспадар павінен быць вышэй. А галава? Захавай нас, святы Патрык, дзе-ж яна? Яна-ж не можа быць пад серапэ? Не падобна да гэтага. Што-ж усё гэта азначае, Тара?

У голасе Феліма пачынаў ужо гучэць жах.

Сабака стаяў крыху наперадзе ў Феліма. Бліскучымі, шырока раскрытымі вачыма ён уставіўся на свайго гаспадара, які быў ужо на адлегласці якіх-небудзь паўтараста крокаў.

Калі Фелім задаў сваё апошняе пытанне, якое закончыла яго доўгую тыраду, Тара ў адказ толькі жаласліва завыў.

Услед за тым сабака сарваўся з месца і кінуўся насустрач конніку. Нястрымна імчаўшыся наперад, ён неяк прарэзліва ўзвізгваў; візг гэты зусім не быў падобны да таго аксамітнага, прыгожага брэху, якім ён звычайна вітаў вяртаўшагася дадому мустангера.

Гнеды, у якім Фелім ужо даўно пазнаў каня гаспадара, крута павярнуў і паімчаўся назад у стэп.

Не адрываючы вачэй ад конніка, Фелім раптам увесь задрыжэў і застыў ад новага прыліву жудасці. Ён убачыў пры павароце каня, — гэта было жудасней за ўсё, — ён убачыў: галава чалавека, таго чалавека, які сядзеў на кані, замест таго, каб быць, як ёй належыць, на плячах, была ў руцэ конніка, ля пярэдняй лукі сядла.

Калі конь павярнуўся да яго бокам, Фелім убачыў, — або, магчыма, яму здалося, што ён бачыць страшны твар мерцвяка, пакрыты запёкшайся крывёю.

Больш ён нічога не бачыў. У наступную-ж секунду Фелім павярнуўся спіною да раўніны, а яшчэ праз секунду ён ужо імчаўся па адкосу ўніз з хуткасцю, на якую былі толькі здольны ногі, якія падкошваліся пад ім.