Раздзел XLIV Коннік без галавы. Раздзел XLV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XLVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XLV

ПОШУКІ ЎСЛЯПУЮ

Перад атрадам, які выехаў на пошукі на чале з маёрам, коннік без галавы з‘явіўся ў больш ранні час, чым перад іншымі ачавідцамі.

Сонца свяціла ім проста ў вочы і асляпляла іх. Яны адрознівалі толькі абрысы конніка і больш нічога. Ніякага падабенства да Морыса-мустангера коннікі з сетлмента не заўважылі.

Фелім глядзеў на конніка, стоячы спіною да заходзячага сонца. Коннік паказаўся яму падобным да гаспадара.

Чатыры мексіканцы, якія ведалі Морыса-мустангера, прышлі да такога-ж заключэння.

Фелім і мексіканцы перажылі адчуванне самага дзікага жаху.

Члены экспедыцыі маёра, убачыўшы гэту загадачную фігуру, былі таксама моцна ўсхваляваны і ніяк не маглі прыдумаць, як растлумачыць такую дзіўную з‘яву.

— Што-ж гэта такое? Што вы аб гэтым думаеце, панове? — запытаў маёр, звяртаючыся да сваіх спадарожнікаў, пасля таго як коннік знік, прызнаюся, я зусім азадачаны.

— Прадзелка індзейцаў? — выказаў нехта думку. — Прыманка, каб уцягнуць нас у засаду?

— Дрэнная прыманка, сказаў-бы я, — заўважыў другі. — Мяне, ва ўсякім выпадку, на такую прыманку не возьмеш.

— Я думаю, што індзейцы тут ні пры чым, — адказаў маёр. — Што ты адносна гэтага думаеш, Спэнглер?

Следапыт толькі паківаў у адказ галавою.

— Ці можа гэта быць пераапрануты індзеец? — зноў звярнуўся да яго маёр.

— Я ведаю не больш за вас, маёр, — адказаў следапыт. — Напэўна, што-небудзь накшталт гэтага. Адно з двух — або чалавек, або чучала.

— Вядома, гэта чучала, — адазвалася некалькі галасоў.

— Хто-б ён ні быў — чалавек, чорт або чучала, — сказаў пагранічнік, які выказаў ужо раз сваю думкуў, — я не бачу падстаў, чаму нам не даведацца, куды ідзе яго след. Цікава, ці пакінуў ён за сабою сляды?

— Калі след астаўся, — адказаў Спэнглер, — то мы хутка гэта выявім. Наша дарога ляжыць па тым-жа напрамку. Можна ехаць, маёр?

— Так, вядома. Такое глупства не павінна тармазіць выкананне нашай задачы. Наперад!

Коннікі зноў рушылі наперад, некаторыя з іх не без хістання. Сярод членаў атрада былі людзі, якія хутка павярнулі-б назад, калі-б імі не кіравалі. Да іх належаў і Кольхаун. Ён быў узрушаны больш за ўсіх. Калі ён убачыў конніка без галавы, яго вочы раптам спыніліся, нібы шкляныя, губы пабялелі, а ніжняя сківіца адвісла.

Яго дзіўны выгляд, вядома, не ўслізнуў-бы ад увагі акружаючых, калі-б не агульнае замяшанне. Усе, нібы зачараваныя, глядзелі ў адну кропку, пакуль дзіўная здань не знікла. Калі-ж атрад рушыў наперад, капітан трымаўся ззаду ўсіх, каб не адчуць на сабе позіркаў акружаючых.

Спэнглер правільна гаварыў: тое месца, на якім таямнічы коннік прастаяў некалькі часу, ляжала якраз па дарозе атрада.

Але, нібы ў доказ сваёй нерэальнасці, коннік не пакінуў пасля сябе ніякіх слядоў.

Тым не менш гэта акалічнасць была зусім натуральнай. У тым месцы, дзе ён павярнуў, якраз пачыналася крэйдавая прэрыя. Тут паверхня зямлі была густа ўсеяна белай галькай. Сям-там на каменні можна было бачыць драпіны, як відаць, ад падковы. Аднак, гэтыя сляды з цяжкасцю можна было адрозніць, і іх бачыла толькі вострае вока следапыта.

Але нават і гэты мала прыкметны след зусім згубіўся сярод камення.

Калі сонца зайшло, Спэнглер адмовіўся ад далейшых пошукаў. Аставалася толькі вярнуцца да лесу і размясціцца на бівуаку сярод кустоў.

Рашылі досвіткам аднавіць пошукі.

Аднак, гэтага зрабіць не ўдалося — перашкодзілі нечаканыя акалічнасці.

Не паспеў атрад размясціцца лагерам, як з‘явіўся кур‘ер з дэпешай для маёра. Папера была са штаба ў Сан-Антоніо-дэ-Бексар, ад камандуючага акругай.

Папера паведамляла аб нападзе каманчаў у раёне Сан-Антоніо, за пяцьдзесят міль ад Леоны. Індзейцы забівалі мужчын, жанчын і дзяцей, падпальвалі жыллё. Маёр даў распараджэнне драгунам неадкладна вярнуцца ў форт, каб падрыхтавацца да паходу. Сам ён спяшаўся туды-ж.

Вядома, пошукі маглі-б прадаўжаць астаўшыяся цывільныя, але многія з іх адправіліся ў экспедыцыю, захапіўшы з сабою толькі стрэльбу і не ўзяўшы ніякай правізіі. Голад даваў сябе адчуваць.

Адмаўляцца ад пачатай справы ніхто не думаў. Рашылі давесці ўсё-ж яе да канца. Толькі трэба змяніць коней і прызапасіць харчоў. І тады можна зноў аднавіць пошукі.

Невялікая група пад кіраўніцтвам Спэнглера ўзяла на сябе абавязак прасачыць шлях амерыканскага каня. Астатнія-ж адправіліся ў форт разам з драгунамі.

Перш чым развітацца з Пойндэкстэрам і яго сябрамі, маёр палічыў сваім абавязкам паведаміць ім адносна сумных адкрыццяў, зробленых Спэнглерам. Давялося расказаць і пра крывавую лужыну, каб дапамагчы вырашэнню загадкі.

Маёр з цяжарам на сэрцы выказаў падазрэнні адносна маладога ірландца, з якім у яго заўсёды былі вельмі добрыя адносіны. І хоць ён не верыў у вінаватасць Морыса-мустангера, правільней, лічыў гэта мала праўдападобным, тым не менш ён не мог не прызнаць, што супроць Морыса былі сур‘ёзныя доказы. Што датычыць астатніх, то для іх вінаватасць мустангера не выклікала сумненняў. Морыс Джэральд быў абвешчан забойцай. Справа здавалася зусім яснай,

Расказ Обердофера асвятляў толькі пачатак трагічнага здарэння. Конь Генры Пойндэкстэра, увесь апырсканы крывёю, з акрываўленым сядлом, сведчыў аб трагічнай развязцы. Прамежкавыя стадыі гэтай крывавай справы былі хутка адноўлены, часткова на падставе слоў Спэнглера, часткова па ўноў высунутых здагадках.

Аднак, ніхто не задаў сабе пытання: што магло штурхнуць чалавека на такое злачынства? Ва ўсякім выпадку, сур‘ёзна над гэтым ніхто не падумаў. Сварка з Кольхаунам была ўзята за аснову для вырашэння гэтых сумненняў. Меркавалася, што Морыс перанёс свае варожыя адносіны на ўсю сям‘ю Пойндэкстэраў.

З гэтымі настроямі і думкамі Пойндэкстэр развітаўся з сябрамі. Рашылі прадаўжаць пошукі ў наступную раніцу. Трэба было да канца вывучыць абодва сляды і жывымі або мёртвымі знайсці двух знікшых людзей.

* * *

Група на чале са Спэнглерам размясцілася лагерам на месцы, якое было ўказана маёрам.

Іх было ўсяго каля дзесяці чалавек. У больш моцным атрадзе цяпер не адчувалася неабходнасці. Небяспека з боку каманчаў у гэтым раёне ўжо не была пагражаючай. Як быццам не прадбачылася і іншых магчымасцей.

Замест таго каб легчы спаць, уся група сабралася вакол агню. Размясціліся павячэраць. Закусак і выпіўкі было дастаткова. Усё, што было з сабою ў больш запаслівых людзей, было перадана астаўшымся ў лесе.

Не гледзячы на вясёлае патрэскванне агню і вялікія запасы спіртных напіткаў, настрой быў дрэнны. Дзіўны вобраз конніка без галавы ўсё яшчэ стаяў перад вачыма, і жудаснае пачуццё, выкліканае ім, не магло так хутка рассеяцца. І ніхто па-ранейшаму не ведаў, чым можна вытлумачыць такую нікому не зразумелую з‘яву. Няясна гэта было для Спэнглера, таксама як і для Кольхауна.

Апошні, здавалася, быў усхваляваны больш за ўсіх. Кольхаун сядзеў нахмурыўшыся ў цені дрэў, воддаль ад агню. З таго моманту, як паехалі драгуны, ён не прагаварыў ні слова. Здавалася, што яго нават не цягнула далучыцца да павесялеўшай ад выпіўкі кампаніі. Па-ранейшаму яго вочы блішчэлі нейкім ненатуральным, шкляным блескам, а пячаць сполаху ўсё яшчэ аставалася на яго твары.

— Паслухай, Кольхаун, — закрычаў яму адзін малады чалавек, які ўжо выпіў парадкам, — ідзі сюды, дружа, і сядай з намі к агню. Мы ўсе спачуваем твайму гору і зробім усё, што зможам, каб адпомсціць за цябе і тваіх блізкіх. Але нельга-ж сумаваць увесь час. Ідзі сюды і падзялі з намі ўсмешку манонгахельскага віскі. Гэта будзе табе вельмі карысна, запэўняю цябе.

Кольхаун прыняў сяброўскае запрашэнне і сеў ля агню, сярод выпіваўшай моладзі. Ён зрабіўся такі вясёлы, што выклікаў нават здзіўленне ў акружаючых. Незразумела было, як мог трымаць сябе так чалавек, ў якога раніцою, як меркавалі, быў забіты стрыечны брат. Прышоўшы ў якасці госця, ён хутка пачаў адыгрываць ролю гаспадара.

Віно лілося, і моладзь рабілася ўсё весялейшай. Гаварылі, спявалі, танцавалі, нават качаліся па траве. Аднак, гэта штучная весялосць хутка змянілася нястрымным жаданнем спаць. Падарожнікі размясціліся на траве і заснулі.

Не спаў толькі адзін Кольхаун. Пераканаўшыся, што ўсе спяць, ён падняўся і ціхенька пракраўся да свайго каня. Адвязаўшы яго, ён хутка ўскочыў у сядло і ціхенька паехаў.

Ва ўсіх яго паводзінах не адчувалася, каб ён быў хоць колькі-небудзь п‘яны.

Што-ж кіравала ім? Магчыма, ён адправіўся на пошукі з любві да загінуўшага брата? Або хацеў паказаць сваю асаблівую стараннасць, адправіўшыся адзін?

Мяркуючы па асобных фразах, што зрываліся ў яго, можна было зразумець, што такія намеры ў яго сапраўды былі.

— Дзякуй богу, цяпер свеціць месяц, да раніцы яшчэ цэлых шэсць гадзін. Хопіць часу абшукаць кожны куток зараснікаў на працягу двух міль у акружнасці. І, калі толькі труп там, я павінен знайсці яго. Але што-ж гэта магло азначаць? Калі-б я адзін гэта бачыў, я падумаў-бы, што звар‘яцеў. Але ўсе-ж бачылі, усе да апошняга. Сілы нябесныя! Што-ж гэта можа быць?

Не паспеў ён прагаварыць гэтыя словы, як крык раптоўнага жаху сарваўся з яго губ. Ён крута спыніў каня, нібы перад раптоўнай небяспекай.

Кольхаун накіраваўся бакавой сцежкай да ўжо вядомай нам прасекі. Ён толькі што збіраўся выехаць на яе, як раптам убачыў, што нейкі другі коннік таксама едзе па лесе.

Коннік прабіраўся па прасецы не павольным крокам, а хуткім трушком.

Яшчэ задоўга да таго, як ён паспеў наблізіцца, Кольхаун заўважыў, што гэта зноў быў коннік без галавы.

Ён не мог памыліцца. Срэбраныя праменні месяца асвятлялі плечы конніка, — галавы не было. Гэта не магло быць ілюзіяй, створанай месячным святлом. Кольхаун бачыў гэты-ж вобраз і пры яркім сонечным бляску.

Цяпер Кольхаун пазнаў каня, паласатае серапэ на плячах конніка, боты са скуры ягуара — усё гэта належала Морысу-мустангеру.

У капітана было дастаткова часу, каб усё разгледзець падрабязна. Скованы жахам, ён стаяў на бакавой сцежцы, не могучы крануцца з месца.

Толькі пасля таго, як конь дзіўнага конніка з дзікім ірзаннем, у адказ на якое пачулася выццё сабакі, які бег за ім услед, павярнуў і паімчаўся сваёй дарогай, — толькі тады Кольхаун адчуў палёгку, толькі тады вярнулася да яго здольнасць гаварыць.

— Сілы нябесныя, — ускрыкнуў ён з дрыготкай у голасе, — што ўсё гэта азначае? Што гэта — чалавек? Ці можа чорт здзекуецца з мяне? Ці ўвесь гэты дзень быў толькі жудасным сном, ці я звар‘яцеў? Звар‘яцеў, звар‘яцеў!

Больш ён нічога не сказаў. Рашучым рухам Кольхаун павярнуў каня і хутка паехаў назад, як відаць, адмовіўшыся ад раней вызначанай мэты.

Затым, пракраўшыся ціханька да агню, ён размясціўся сярод спаўшай моладзі, але не для таго, каб заснуць. Ні на хвіліну не заплюшчыў ён вачэй. Яго трэсла, як у ліхарадцы, і ён з нецярплівасцю чакаў раніцы. Надышоўшая раніца асвятліла сваім слабым святлом страшэнную бледнасць яго твара і жудасны бляск глыбока ўпаўшых вачэй.