Раздзел XXXV Коннік без галавы. Раздзел XXXVI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XXXVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XXXVI

ТРОЕ НА АДНЫМ ШЛЯХУ

Ніхто не будзе адмаўляць, што падарожжа па ўсланай мяккай травой прэрыі з‘яўляецца адной з лепшых прыемнасцей на свеце.

Вы можаце ехаць гадзінамі, тыднямі, месяцамі, а магчыма і цэлы год, не сустрэўшы ніводнага чалавека.

Але толькі той, хто сам падарожнічаў па велізарнай раўніне Техаса, можа сапраўды ацаніць усю неабдымнасць яго прэрый. Нават акіян не стварае ўражання такой бясконцай прасторы. Едучы па акіяну, вы не заўважаеце адзнак таго, што пасоўваецеся наперад. Абшырная блакітнасіняя паверхня з перавернутым над ёю купалам, таксама блакітным, але толькі на некалькі таноў святлейшым, увесь час астаецца вакол вас і над вамі, і вы не бачыце перамен. Вам пачынае здавацца, што вы проста стаіце ў цэнтры велізарнага скляпення, і ў вас няма магчымасці ўспрыняць цалкам усю грандыёзнасць неабсяжнага воднага прастору.

Іншая справа — прэрыя. Астраўкі лесу, узгоркі, дрэвы, горныя хрыбты, скалы, нібы вехі, змяняюць адны другіх і гавораць вам аб тым, што вы перамагаеце неабсяжную прастору.

Падарожнікі па прэрыі, і асабліва па прэрыі паўднёва-заходняга Техаса, рэдка рыскуюць любавацца яе дзікай прыгожасцю ў адзіноцтве. Тут ездзяць звычайна ўдваіх, але часцей групамі ў дзесяць або дваццаць чалавек. Інакш ездзіць небяспечна.

Толькі ў рэдкіх выпадках вы можаце сустрэць тут падарожніка-адзіночку.

Так, напрыклад, у тую самую ноч, калі разыгралася драма каля Каса-дэль-Карво, тры адзінокія коннікі ехалі па раўніне, якая прасціраецца на паўднёвы захад ад берагоў Леоны.

У той самы час, калі Кольхаун ад‘язджаў ад халупы мексіканскага мустангера, самы ранні з гэтых начных падарожнікаў ужо ехаў па ўскраіне сетлмента. Ён ехаў у напрамку ракі Нуэсес або аднаго з яе прытокаў.

Бадай, лішнім будзе гаварыць, што ён быў на кані, бо па Техасу ніхто не ходзіць пехатою, за выключэннем тых, хто астаецца ў межах горада або плантацый.

Коннік сядзеў на цудоўным кані. Сільныя і эластычныя рухі жывёлы гаварылі аб тым, што яна без напружання можа вытрымаць надта вялікае падарожжа.

Коннік быў апрануты так, як звычайна апрануты любы з цэхаскіх коннікаў, які збіраецца праехаць адзін-два дзесяткі міль. Серапэ, нядбайна накінутае на плечы, відавочна, прызначалася для аховы ад начной сырасці.

Але з прычыны таго, што паветра ў гэтую ноч было зусім сухое, то магчыма, што ён сапраўды збіраўся далёка ехаць.

Не гледзячы на гэта ён, як відаць, зусім не спяшаўся.

Заняты сваімі думкамі, ён як быццам не звяртаў увагі на акружаючы яго знешні свет. Конь ішоў як хацеў. Разумная жывёла ішла ўпэўненым крокам па знаёмай сцежцы. Так ехаў бестурботны падарожнік, пакуль не схаваўся ў густых зарасніках прэрыі.

Але вось, амаль у той самы момант, калі схаваўся коннік, на ўскраіне сетлмента з‘явіўся другі, які ехаў па той-жа дарозе.

Мяркуючы па яго вопратцы, ён, напэўна, таксама адпраўляўся ў далёкую дарогу.

На ім быў цёмны шырокі плашч, які быў туга зашпілены спераду і свабоднымі складкамі звісаў ззаду.

У адрозненне ад першага, гэты коннік яўна некуды спяшаўся і ўвесь час падганяў свайго каня.

Здавалася, што ён хацеў кагосьці дагнаць. Магчыма, што ён даганяў конніка, які праехаў наперадзе. Час ад часу ён нахіляўся ўперад і ўважліва глядзеў удалячынь.

Праз некаторы час другі коннік таксама знік, і якраз у тым-жа месцы, дзе схаваўся з вачэй яго папярэднік. Так здалося-б таму, хто назіраў-бы за імі з форта або сетлмента.

І па нейкай дзіўнай пераемнасці — калі яна толькі была — якраз у той момант, калі схаваўся другі коннік, на ўскраіне сетлмента паказаўся трэці.

Ён узяў той-жа кірунак, што і два іншых коннікі. Як і яны, ён быў апрануты, нібы сабраўся ў далёкую дарогу. На ім быў чырвоны плашч, які зусім скрываў яго фігуру.

Як і першы коннік, ён зусім не спяшаўся і, не гледзячы на гэта, яўна выказваў вялікую трывогу.

Праз поўгадзіны ён таксама знік удалечыні, не дагнаўшы нікога і не будучы сам засцігнуты.

Раздзеленыя амаль аднолькавай адлегласцю адзін ад другога, усе тры коннікі ехалі па прэрыі, не бачачы адзін другога. І ніхто не мог-бы адразу ахапіць позіркам усіх траіх, хіба толькі сава, якая наглядала з вяршыні высокага дрэва, або казадой, які лунаў у небе, палюючы на начных матылькоў.

* * *

Праз гадзіну на адлегласці дзесяці міль ад форта Індж узаемнае палажэнне трох падарожнікаў значна змянілася.

Першы коннік толькі што пад‘ехаў да доўгай прасекі, якая ўразалася нібы алея ў гушчыню лясных зарасляў. Зараслі гэтыя прасціраліся направа і налева, наколькі хапала толькі зроку. Прасеку можна было-б параўнаць з шырокім пралівам. Яе зялёная паверхня абводзілася больш цёмнай зеленню дрэў, нібы паверхня вады, што мяжуе з берагам. Яна была асветлена месяцам толькі напалову. Далей-жа прасека крута зварачвала ў цёмны цень, што падаў ад дрэў.

Перш чым уехаць у гэтую прасеку, першы з трох коннікаў прытрымаў свайго каня і секунду або дзве ўглядаўся наперад. Яго ўвага цалкам была звернута наперад; назад ён не паварачваўся. Але ён не доўга аставаўся ў такім палажэнні. Як відаць, наперадзе не было нічога, што магло-б перашкодзіць яму прадаўжаць ехаць у гэтым напрамку. Ён прышпорыў каня і паехаў далей.

Якраз у гэты момант яго заўважыў коннік у плашчы, ехаў за ім па той-жа дарозе; цяпер ён быў ад яго на адлегласці поўмілі.

Убачыўшы конніка наперадзе сябе, чалавек у цёмным плашчы злёгку ўскрыкнуў. Яшчэ мацней прышпорыўшы каня, ён таксама ўехаў у прасеку. Але першы коннік ужо знік сярод цёмных ценяў на павароце прасекі.

Без хістанняў другі коннік паехаў за ім.

Трэці коннік пад‘ехаў да гэтага-ж месца, але толькі праз большы прамежак часу, чым другі. Ён не ўехаў у прасеку, як два папярэднія коннікі, а павярнуў убок, да ўзлеску зараснікаў, і знік у іх. Тут ён прывязаў свайго каня і праз зараснікі вышаў на прасеку.

Па-ранейшаму ён аглядаўся назад, як быццам тое, што рабілася ззаду, цікавіла яго значна больш за тое, што было наперадзе. Ён падышоў да зацененага месца прасекі і знік у цемені, як і два іншыя коннікі.

Несупынны хор начных галасоў, двойчы спынены гукам конскіх капытоў і адзін раз шумам чалавечых крокаў, прадаўжаў гучэць у начным паветры трапічных зараснікаў.

І раптам пачуўся стрэл.

Выццё стэпавага ваўка, мяўканне тыгравага ката, нават рыканне ягуара — усё змоўкла пры гэтым варожым гуку.

Але пасля стрэлу не было ні стогнаў раненага чалавека, ні рэву падстрэленай жывёлы, і ягуар зноў пачаў палохаць жыхароў лесу сваім хрыплым рыканнем. А яго сябры і ворагі — птушкі, звяры, насякомыя, паўзуны, — не звяртаючы ўвагі на рыканне драпежніка, зноў зацягнулі свой аглушальны канцэрт.