Крашаніна
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1925
Крыніца: Жыцьцё Беларуса, 1925. 25 жн.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Душа кожнага народу найлепш, найпаўней выяўляецца ў розных відах мастацтва.

У беларусаў сярод усіх відаў мастацкае творчасьці на першым месцы стаіць музыка — песьня народная. І ў ёй — у тысячах самых разнародных мэлёдыяў — больш, як у чым іншым, — відаць душу беларускага народу, яе тугу бязьмежную, яе імкненьне да красы-хараства, што найлепш залечавае цяжкія раны душы народу, сталецьцямі пакутаваўшага ў прыгоннай няволі.

Народ-нявольнік, народ-раб, закаваны ад вякоў у ланцугі, народ-пралетар, пазбаўлены пладоў сваей катаржнай працы на роднай, але расхапанай чужынцамі зямлі, — народ беларускі зусім натуральна скіраваў быў свае творчыя здольнасьці перад усім у той бок, дзе ня трэба было ні інструмэнтаў, ні асаблівае навукі. Інструмэнтам для яго служыў яго ўласны голас; навукай была балючая патрэба выліваць у песьні свае гора і боль, а ўзор даваў нямоўкнучы шум лясоў Беларусі і сьпеў ветру ў полі.

Але ёсьць і другія галіны мастацкае творчасьці, якія за апошнія часы крэпка падупалі, але раней былі даволі разьвітыя. Адчуваючы патрэбу красы, народ наш, сваімі ўласнымі рукамі ткучы сабе ўсялякія тканіны на вопратку, прыхарошваў іх прыгожымі ўзорамі, у якіх выяўляюцца мастацкія наклоннасьці і смак беларуса. Прыхарошваў беларус і хату сваю, і дом малітвы — царкву, і рэчы хатняга ўжытку, — і вось бачым зачаткі разьбы на дрэве, зачаткі асаблівага беларускага стылю ў драўляным будаўніцтве.

І гэтак далей.

Малярства, разьба, будаўніцтва — усё гэта цяпер выпіраецца з ужытку, бо вёска купляе крамную тканіну і зь места вязе розныя хатнія рэчы, а цэрквы і іншыя будыніны кожны з часовых валадароў нашага краю стараўся будаваць у сваім — чужым беларусу — стылю. Яшчэ трохі — і народныя вырабы, на якіх відаць сьлед працы народу-мастака, можна будзе аглядаць толькі ў музэях...

Трэба адзначыць, што наша старая мастацкая творчасьць, якая выяўляецца праз старыя абразы, тканіну, разьбу і г. п., сьвядома заціралася — дый часта й цяпер заціраецца дужэйшымі за нас культурна суседзямі. Усё, што мы маем у мінулым лепшага, заўсёды прысваівалася ці то расейцамі, ці палякамі. І мала хто рупіўся аб тое, каб з-пад пылу вякоў адкапаць аблічча беларускае душы, выяўленае ў нашым мастацтве. На пачатку другой палавіны XIX ст. працаваў над гэтым мастак Зьм. Струкаў, ды зь яго сьмерцяй праца гэтая прыпынілася на 50 гадоў. І толькі праз паўвеку ўзнавіў гэту працу тварэц сучаснага адраджэнскага руху, нябожчык Іван Луцкевіч, які сабраў багаты музэй старой беларускай культуры і мастацтва, ладзіў выстаўкі беларускага мастацтва і народных вырабаў, пісаў аб гэтым у беларускіх і чужаземных часопісях.

Цяпер, калі беларусы прыждалі стварэньня сваей дзяржавы — БСРР, праца над беларускай культурай і мастацтвам, ведзеная раней адзінкамі, вядзецца ў шырокіх дзяржаўных рамках. Цэнтар гэтае працы — Інстытут беларускае культуры і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт у Менску. Але і пры ўсім гэтым ініцыятыва і праца адзінак дае ня менш цэнныя плады, чым праца адумысных дзяржаўных устаноў, якія, манючыся абняць усё, іншыя галіны беларускае народнае творчасьці не даволі поўна і ўсебакова распрацоўваюць.

Мы хочам тут адзначыць працу групы віцебскіх беларускіх дзеячоў, якія зь вялікай руплівасьцяй стараюцца прыадкрыць заслону, якая засланяе нам так мала дасьледжаную галіну беларускага мастацтва. Пасьля перадруку працы нямецкага архэоляга д-ра Іпэля аб беларускім мастацтве, пасьля некалькіх брашурак аб тым жа грам. Касьпяровіча і др. — сьвежа выйшла з друку ў Віцебску кніжачка І. П. Фурмана, пасьвячоная асобнай галіне народнага аздобніцтва — крашаніне[1].

Шмат дзе мо ўжо й забыліся, што такое крашаніна. А йшчэ ня так даўно — за людзкое памяці — у нас жанкі і дзяўчаты йнакш і не адзяваліся, як у сваё палатно, фарбаванае хатнім спосабам. Гэта і ёсьць крашаніна. А як гэткага палатна ўсюды зужывалася шмат, бо крамніна да вёскі не даходзіла, дык па ўсей Беларусі фарбаваньне ўзорыстага палатна кустарным спосабам было вельмі разьвіта. І тут адкрывалася шырокае поле для народных мастакоў — у выбары і распрацоўцы рысункаў і аздоб на палатно дзеля вопраткі, на хусткі і інш.

Спосаб друкаваньня ўзораў на тканінах пры дапамозе асобных драўляных дошчак з выпуклым рысункам — у нас дужа стары. Найстарэйшы памятнік гэтага мастацтва сягае XII сталецьця: гэта — часткі царкоўнага «аблачэньня» Варлаама Хутынскага. Але расьцьвет крашанінных вырабаў прыпадае на XVII—XVIII — пачатак XIX ст. У палове ж XIX ст. крашаніну пачынаюць выціскаць больш танныя фабрычныя вырабы — паркалі і інш.

У Віцебшчыне, як піша аўтар успомненага твору, ужываліся два спосабы друкаваньня крашаніны. Адзін — гэта «набіўка глінаю», другі — алейнымі фарбамі.

Набіваньне адбывалася гэтак. Дошку з рысункам мачылі ў рашчыне белае гліны з купарвасам і клеем ды цукрам сатурам — і намочаным рысункам прыкладалі да палатна, пастукваючы зьверху драўляным малатком. Гэтак рабілі датуль, пакуль не «набілі» ўсяе тканіны. Тады палатно з набітым узорам мачылі ў фарбе ды «адквашвалі», каб адстала гліна, вось там, дзе была набітая гліна, фарба не даходзіла, і аставаўся белы ўзор на зафарбаваным фоне.

Другі спосаб — гэта на пафарбаваным перш фоне адбівалі ўзор дошкай, намазаўшы рысунак на ёй алейнай (масьлянай) фарбай. Тут можна рабіць ўзор многакалёрны, толькі на кожын колер трэба асобную дошку.

Што датычыць узораў, дык яны вельмі разнародныя. Найбольш сустракаюцца геамэтрычныя ўзоры[2], але ёсьць і ўзоры, узятыя з паяскоў, і кветкі (туліпаны, васількі), і фігуры птушак, і інш.

Матэрыялы, пададзеныя грам. Фурманам, вельмі цікавыя, і кніжачка яго (друкаваная нет ведама чаму толькі у 75 экзэмплярах!) павінна заахвоціць нашае грамадзянства да зьбіраньня старое крашаніны і дошчак да набойкі, зарысоўваньня ўзораў, запісваньня вестак аб тым, дзе і як у нас выраблялі крашаніну. Зьбіраныя гэтак матэрыялы трэба перасылаць у віленскі музэй Ів. Луцкевіча — на адрас Беларускага навуковага т-ва (Вастрабрамская, 9).

Вось гэтая нашая заметка і мае на мэце пабудзіць нашу вёску дапамагчы ў зборцы і перахаваньні крашанінных народных вырабаў.

  1. І. П. Фурман. Крашаніна. Матар’ялы да гісторыі яе ў Віцебшчыне. Пад рэд. М. І. Касьпяровіча. Выд. Віцебскага акруговага Т-ва краязнаўства. Віцебск, 1925. — 63 стр, 16°. XV табліц.
  2. Дзьве дошкі з такімі ўзорамі (здаецца, зь Меншчыны) ёсьць у Вільні, у музэі ім. Ів. Луцкевіча.