Крок за крокам (1925)/На жалезнай дарозе

Малады дубок На жалезнай дарозе
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: На чыгунцы (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЖАЛЕЗНАЙ ДАРОЗЕ

I

Івась нікому не зайздросьціў можа затым, што ён быў яшчэ зусім малы і мала знаў жыцьцё; толькі-ж цяперашняй свае долі не памяняў-бы ён на долю панскага сына, хоць сам Івась быў толькі сын будачніка.

Будка іх стаяла адна ў полі, пры саменькім лесе, праз які так сьмела і размашыста пралягла жалезная дарога. Невялічкі дворык іх быў агароджан прыгожым частаколам. Пад аконцам, што выходзіла ўбок жалезнай дарогі, расьлі кветачкі, і красаваўся пышны мак, а з невялікай градкі выкідала цыбуля, як шчаціну, свае стройныя пер‘і. У дварэ, каля самай будкі, замест стала, стаяў высокі, гладкі дубовы пень з роўна абрэзаным верхам. У сьвяты дзянёк, у харошую пагоду, сям‘я будачніка піла тут чай. Высокі, разложысты дуб распасьціраў свае тоўстыя лапы над дворыкам будачніка, хаваючы яго зялёную травінку ад гарачага сонейка. Івась гадаваўся адзін. Апрача кур, пеўня і сабакі Жучка, у Івася ня было таварышоў. Затое-ж хто, як ня Івась, знаў хараство летняй раніцы ў полі? Каму, як ня яму, былі вядомы ціхія шэпты старога лесу на захадзе сонца? Хто лепш яго разьбіраў птушыную гаворку? і ласьне мала здаваленьня паслухаць, як крэхчуць жабы у зялёным балотцы? Сам Івась прызнаваўся ў сваім сэрцы, што такога прыгожага кутка ня знойдзеш нідзе на сьвеце… А жалезная дарога?

Не, — каб пачуць усю паўнату гэтага хараства, гэтых чараў дарогі, што ідзе каля іх, то трэба бачыць яе на свае вочы, трэба палюбавацца ёю ў ясны веснавы або летні дзянёчак. Роўная, як струнка, доўгая — вокам ня скінуць — расьсекла яна лес сваім сьмелым махам на дзьве палавіны, і хто яе ведае, куды яна дзяецца, выскачыўшы з лесу. Івасю моцна хацелася выбрацца ў дарогу паглядзець, што знаходзіцца там, за лесам, над якім заўсёды вісела сіняватая смуга, толькі гэта ніяк яму не ўдавалася. Прызнацца, ён трохі баяўся далёка адыходзіцца ад дому.

Была яшчэ адна прычына любіць жалезную дарогу. Івась ніколі не прапускаў здарэньня сустрачаць пасажырскі цягнік: колькі раз добрыя людзі выкідалі Івасю праз акно вагона то цукеркі, то пустыя бляшанкі, што ў высокай меры радавала малога Івася і рабіла яго проста такі шчасьлівым.

Івась ня меў яшчэ свайго дзела і жыў вольна, як тое паветра палёў, на якім ён гадаваўся. Часта бегаў ён на жалезную дарогу паглядзець, як яго бацька падмятае, чысьціць палатно дарогі, як прабуе, ці крэпка сядзяць на шрубах гайкі. Усё гэта цікавіла Івася, і ён так углыбляўся ў бацькаву работу, што забываўся нават аб сваім носt.

— А навошта ты падкручваеш гэтыя шрубы? — пытаў Івась бацьку.

— А каб рэйкі мацней трымаліся, — адказваў бацька: — будуць скраплены дрэнна, цягнік можа сыйсьці з рэек, зробіцца няшчасьце, людзі пагінуць.

Івась зараз-жа думаў аб тым, які малюнак выяўляў-бы сабою цягнік, сышоўшы з рэек. Скура яго шорхла, мурашкі бегалі па целе ад гэтых думак, і ён яшчэ пільней паглядаў за тым, ці ўсе гайкі перапробаваны, а калі бачыў, што бацька мінаў каторую, то зараз-жа зьвяртаў на гэта яго увагу.

— Іш ты, майстар дарожны, — гаварыў бацька і, каб зрабіць прыемнае сыну, прабаваў гайку.

Каб ня ты, то было-б крушэньне, — жартаваў бацька, а Івась думаў, што гэта праўда, і ад радасьці ня памятаў, на каторым ён сьвеце.

II

Новае жыцьцё, новыя думкі прынесла з сабою вайна. Івась ніяк ня мог растлумачыць сабе, што за рэч такая — вайна; толькі потым, па меры таго, як ён прыслухоўвася да гутаркі старшых, у ім злажыўся страшны вобраз вайны. Вайна, у думках Івася, — нешта асобнае, незалежнае ад волі людзкой. Гэта была страшная кабеціна, што бадзяецца па сьвеце яна ступае, там робяцца пажары і разбурэньне страшнае. Вакол яе гінуць людзі, і рэчкамі цячэ чалавечая кроў. Гэтую лютую бабу вайну выпусьцілі на сьвет немцы, за гэта нашы салдаты і ідуць на немцаў. Перш ім трэба зваяваць сваіх ворагаў, а тады ўжо злавіць страшную кабеціну і заперці яе ў такі глыбокі калодзеж, адкуль яна і ня вылезе. Тады і настане на сьвеце спакой. Івась кожны дзень бачыў, як валілі адзін за другім цягнікі з салдатамі. Адкуль яны толькі браліся? Загарэлыя, здаравецкія, здавалася, ня ведалі яны ніколі ніякага гора і бяды: у кожным цягніку грымеў гармонік, вясёлыя, дружныя зыкі песень заглушалі гук вагонных калёс, крэпкія салдацкія ногі неахвотна стаялі на месцы — то тут, то там рыхтаваліся яны крутнуцца, разыйсьціся ў шалёныя заліхвацкія скокі, і толькі няхватка прастору стрымоўвала іх парываньні. Усе гэтыя зьявы моцна захаплялі Івася. Цягнік з салдатамі аддаляўся, меншыўся і ў канцы саўсім прападаў з вачэй далёка ў тым лесе, куды бегла і сама железная дарога. А Івась стаяў, і думкі-вобразы ціха снаваліся над яго маленькаю галоўкай і калыхалі яго сэрца яшчэ невядомымі для Івася жаданьнямі. Яму самому хацелася быць салдатам і ехаць у гэтую прыгожую, чароўную, невядомую далячыню, якая так моцна парывала да сябе Івасёву душу. Бачыў Івась, як на доўгіх пляцформах везьлі страшныя гарматы на вялізарных калёсах… Пазіраючы на ўсё гэта, Івась ня так баяўся вайны, і яна здавалася яму нават вясёлаю.

— І куды яны едуць і едуць? — пытаў Ігнась у бацькі.

— На вайну, адказваў каротка бацька і ўздыхаў.

— А чаму іх так многа?

— Многа, і ворагаў многа, сынку.

— Ну, а што пачнуць там рабіць, як зыйдуцца ўсе?

— Ваяваць будуць.

— А як будуць ваяваць?

— Як ваяваць будуць? — перапытаў бацька і разгінаў сьпіну — ён чысьціў і падмятаў палатно дарогі: — а вот: немцы і аўстрыякі будуць націскаць на нашых, нашыя на іх пачнуць жарыць з гармат адны ў другіх, з вінтовак і кулямётаў і будуць усё сходзіцца, а як сойдуцца — будуць калоцца штыхамі — во гэтак!

Тут бацька намерыўся памялом у Івася, нібы зьбіраючыся прабіць яго. Івасёў бацька маляваў зьяву бою пасваему. Івась слухаў, раскрыўшы рот.

— А ім баліць? — спытаў Івась.

— Каму?

— Тым, што гэтак б‘юцца.

— Усяляк, сынок, бывае: каго раняць, таму баліць, а на сьмерць заб‘юць, нічога і ня ўчуеш.

— А я-б ня біўся.

— Як-то ня біўся-б? Быў-бы салдатам, то мусіў-бы ваяваць, сынку.

І другія думкі пачыналі варушыцца ў галаве Івася. Цяпер яму робіцца крыху ясьней, чаму сярод салдат пападаліся і такія, на чыім твары адбіваўся такі смутак і гора. Мусіць ёсьць з чаго засмуткаваць, занудзіцца чалавеку! І яшчэ: бачыў Івась, як з другога боку, з-за таго невядомага лесу, ішлі і другія цягнікі з вагонамі, на якіх былі вялікія чырвоныя крыжы. І ціха было ў гэтых цягнікох, нярухома ляжалі там раненыя салдаты. А маці кожын раз, пазіраючы на гэтыя вагоны, цяжка-цяжка ўздыхала, прамаўляючы:

— О, божа, божа! колькі гіне і глуміцца народу!

III

Ад часу да часу любіў малы Івась рабіць абходы сваіх улюблёных куточкаў, якіх было тут ня мала. Бывала, раніцаю выйдзе Івась з будкі на свой дворык, прыпрэцца дзе-небудзь у куточку на сонейку, сьцішыцца, задумаецца, стаіць, разважае, прыслухоўваецца да тых радасных зыкаў і шуму, якімі жыве гэты вольны белы сьвет, або проста цешыцца хараством летняга дзянька. І нейкае няяснае для самога Івася жаданьне пацягне яго далей з двара, на той прастор, дзе прырода стварае таемнасьць жыцьця.

На ўскрайку поля стаяў тут лес, пачынаючыся чародкаю высокіх і роўных дубоў; крыху воддаль ад жалезнай дарогі яны злучаліся з таўшчэразнымі старасьвецкімі хвоямі. Здавалася, што нейкі лясны цар сумыслу павыбіраў іх з усяго лесу: — такія яны былі высокія, выносныя, стройныя, гладкія, а макушы іх — адна любата: адна ў адну, як пышныя шапкі. Далей, каля поля, цягнуўся купчасты прысадзісты хвойнік, сярод якога зрэдка разьнімалі свае прыгожыя верхавіны старыя хвоі. У гэтым хвойніку было многа даўнейшых ям.

Вучоныя людзі, якія хадзілі сюды з гораду пагуляць, пашпацыраваць (горад быў ня так далёка), казалі, што гэтыя ямы — знакі глыбокай старажытнасьці; гэта — даўнейшыя акопы, як яшчэ Літва ваявала з Маскоўшчынай. Простыя людзі пра ямы гаварылі крыху ня так. Сяляне зацьвярджалі, што тут ня так даўно, на памяці многіх з іх, быў бровар, і ў гэтых ямах закопвалі картоплю. Івася ня так цікавіла гэта спорка вучоных з нявучонымі, як самі тыя ямы, на якіх глеба ўжо заскарынілася, і там расла траўка, купкі прыгожага сіўцу і розныя краскі, дзе так многа было ўсякіх конікаў і жучкоў. А самае важнае каля ям пад купчастымі хвойкамі расло многа добрых грыбоў, пра якія ведаў адзін толькі Івась. І часта малы Івась, узяўшы з сабою кошык і лустачку хлеба, прыбягаў сюды пагуляць, паглядзець на вежы цэркваў і касьцёлаў — яны былі адгэтуль добра відаць — на стары манастыр, самы высокі ва ўсім горадзе, на трубы фабрык і заводаў. Сюды падыходзілі роўненькія загоны жыта і збажынкі, тут-жа было многа сьпеву птушынага, шуму і звону ўсялякіх мушак і блішчастых жучкоў. І Івась так углыбляўся ва ўсе гэтыя малюнкі і зьявы, так зьліваўся з жыцьцём поля, лесу і ўсяго гэтага белага сьвету, што напэўна быў бліжэй к пазнаньню таемнасьці яго жыцьця, чым які-небудзь вучоны.


Каля ям быў высокі пагорак, з якога было далёка відаць. Івась часта ўзьбягаў сюды, каб паглядзець, што творыцца вакол.

Было гэта пад восень.

Івась стаяў на пагорку. Ён прыслухоўваўся к цішы, як- бы яна павінна была штось адкрыць яму. Яго чуткае вуха ўлаўляла далёкі-далёкі гул, бы гром. Але неба было ясьнюткае, дзе-нідзе зьлёганька засьцілалася яно тонкімі посьцілачкамі сьветлых хмарак. А ў полі і ў лесе было ціха, толькі ўгары жаласна пасьвістваў каршун. Сярод гэтай агульнай цішы сьвіст яго быў надта смутны. А гром усё гучаў, але раскаты яго былі так глухі й далёкі, што толькі чуткае вуха магло расслухаць яго. Івась ня ведаў, які гэта гром, але яму было страшна, і нейкая няясная трывога калыхала яго душу.

Але што гэта? Які гэта гул? Скуль ён? Нічога падобнага ня чуў Івась. Гул быў густы, магутны і блізкі, але трудна было распазнаць, адкуль ён ішоў. Івась углядаўся па бакох, а гул не пераставаў і назойліва лез у вушы. Ускінуўшы вочкі ўгору, убачыў Івась, як высока над галавою неслася невядомая птушка. Але дзе ёсьць такія птушкі? Не, гэта напэўна зьмей. Івася агарнуў страх. Зьмей зрабіў у паветры круг, крыху спусьціўся на ніз. — Віз-з-зь! — загуло ўгары, і зараз-жа ў бок жалезнай дарогі пачуўся страшэнны стрэл, бы пярун ляснуў. Зямля здрыганулася, па лесе паняслося, тарарахкаючы, рэха, як-бы гэты зьмей рагатаў сваім страшным рогатам.

Івась бедны так перапалохаўся, што прытуліўся да хвойкі і ўвесь тросься і калаціўся.

Зноў запішчала штось у паветры. Івась мімавольна закрыў ручкамі твар і чакаў. Другі гук быў яшчэ грамчэйшы, яшчэ зласьней затарарахкаў лес, і чорны густы дым паваліў ад будкі.

З плачам кінуўся Івась да дому. Будка была ўжо ўся ахвачана полымем, агнявістыя языкі лізалі яе дах, шугалі праз вокны і, як вужакі, віліся па сьценах…

А дзе-ж ён сам, гэты стораж? Чаму ня відаць мацеры? Дзе яны? Чаму не ратуюць свайго набытку?

— Мама, мамачка! Тата! — загаласіў Івась, заламаўшы ручкі. Але ні маці, ні бацька ня вышлі на яго жалобныя прычытаньні.

— А мамачка! а татачка! — галасіў няшчасны хлопчык; з вялікага гора ўпаў ён на зямлю, біўся аб яе і грыз сыры пясок. І ніхто не адазваўся на яго гора, адзін толькі разложысты дуб з асмаленым камлём і лісьцем пазіраў так горка і пакутна, як-бы яму было блізка ня толькі сваё няшчасьце, але і няшчасьце гэтага беднага сіроткі.