Крывавы плякат (1930)

Песьні на руінах (1929) Крывавы плякат
Паэма
Аўтар: Язэп Пушча
1930 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крывавы плякат (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯЗЭП ПУШЧА

КРЫВАВЫ ПЛЯКАТ


БЕЛДЗЯРЖВЫДАВЕЦТВА1930

ЯЗЭП ПУШЧА

КРЫВАВЫ ПЛЯКАТ


БЕЛДЗЯРЖВЫДАВЕЦТВА

Заказ № 880.

3.000 экз.(1 арк.).

Галоўлітбел № 2280.


Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва.

Памяці расстрэленых белапалякамі
партызанаў Сяргея і Сымона
Плашчынскіх гэты твор прысьвячаю.

I

КАПЫТЫ УЛАНАЎ

Паранены,
крывавы рот
адкусваў жылы-лейцы;
душу падкопваў
чорны крот
і ў змроку
помстай поўз.
У дваццатым быў сталецьці
дваццаты год —
крыві і сьлёз.

Жахлівы год!
яго поэты праклянуць:
сутанаў
чорны карагод
узьняў над краем
катаваньняў жудзь.
Было чуваць:
— Жалезам і агнём
караем!
Абрыдла
гэтае нам быдла, —
іх трупамі
загацім гаць!

— Мы пройдзема у брод
раку
скрываўленых вякоў;
пакінем толькі
тых сірот,
якія ўславяць нас вянком.
Няхай
у дзікім цемрашале
па гэтым краі
ходзіць гора, —
загад такі маршала,
яго шляхэтнай зброі.

— Хто падаткне у порах
нам акурак,
хто спудзіць
нашае ягнё,
з таго мы злупім скуру
і раны
мы выпалім агнём.

— У нас адточаны нажы, —
мы спаласуем
за віну
і бяз віны.
Хай ведае мужык,
што нас завуць —
вяльможныя паны;
што мы зруйнуема
яго хацінку
і пабудуем свой палац.
За кожную макулінку,
пылінку.
сялібы будуць тут
палаць!

Крывавы суд
учынім
над хамам
чорнай косткі;
за партызанскія ўчынкі
зруйнуема ўшчэнт вёскі.
На вогнішчы
бязьлюдным
сваю станцуема мазурку.
Наладзім
дзень мы судны, —
ня любіма
гуляць
у жмуркі.
— Нікога літаваць
ня будзем, —
прысуд адзін:
Rozstrzelać!
Усіх зайцоў папудзім
ў дуброве.
пад зялёны шэлест.
Нагонім пуду
на малых, старых —
і ўсе
пачэзнуць марна.
Патушыць водблескі зары
над краем
Ekspidycjia karna:
заглушыць
адзічэлы лямант
на сотні прадзедавых міль.
Здратуюць
капыты ўланаў
шляхі
спустошанай зямлі.

— Мы за сабою
сьмерць вядзём;
з сухіх
людзкіх плячэй
зрываем на пасаг манаткі.
Па жылах
пасінелых дзён
кроў пацячэ
унукаў
чэнстахоўскай маткі.

— Мы пойдзем
пераможным маршам
і панясем свой гонар.
Усіх,
як тых мышэй,
застрашым,
зальлём крывёй
паўстаньняў горан.

— Гісторыя
нас выбрала ў героі
і мармуровыя надпіша пліты.
Урачысты дзень
не за гарою
Вяльможнай
Rzeczy Pospolitej!

Адновім
страчаныя межы;
і Беларусь
Вялікай Польшчай стане.
Званы
касьцельных вежаў
заглушаць
музыку паўстаньняў.

— Увойдзем мы
у рай спанялы, —
там нас
паспавядае біскуп;
грахоў абмые плямы,
памоліцца за ворагаў —
далёкіх, блізкіх.
У белай, гафтаванай комжы
ён пройдзе
па сваёй аўчарні.
Нахіліць галаву
з нас кожны
з вялікай просьбай
у маўчаньні:
„Набожныя мы адсьпявалі песьні,
гуляючы з табой
у жмуркі;
дазволь, дазволь,
апостала намесьнік,
нам станцаваць з табой
мазурку!“

„Дазволь,
пасьля паходаў, слаўных,
заваяваны ўславіць край“.
Чакаюць,
моляцца ўланы:
„Прыдзі, прыдзі,
спанялы рай!“

II

АБРАБАВАНЫ КРАЙ

Пад гэтакі
зьдзічэлы гвалт,
пад гэтакі
жахлівы лямант —
хадзіў
па вёсках нашых кат
і укладаў
зьнішчэньня пляны.

Навісла хмара
чорных дзён,
навісла
над працоўнай Беларусяй.
— Мы горла ім
перагрызём,
хто жыў яшчэ —
ратуйся!
Крывавых ран
на нашым целе
паны
сваім лякарствам
не залечаць!
Такая вестка
вёскі абляцела
і запаліла ў сэрцах
сьветач.
Яна ў гісторыю увойдзе,
як сказ
агністай эпопеі.
Шугала душ людзкіх
разводзьдзе
у берагі
крывавай пенай.

Вяльможы
голасам картавым
смакталі сок
апошніх вымаганьняў.
Па гарадох —
рабочыя кварталы
грымелі штормамі змаганьня.
У падпольных камітэтах
гарэлі лёзунгі адозваў:
— Зару запаліма над сьветам
і выйдзема
у бой пагрозны!

— Ніхто
з дарогі не саб‘е —
у зіму, весну,
лета, восень.
Запрэгчы у хамут сябе
паном
ніколі не дамося!
На працавітых
нашых сьпінах
гарыць адвагай
кожны мускул.
Навалу,
ліхалецьце спынім
ў далінах
цёмных, беларускіх.

А поўначы
гадзін вар‘яцкіх
да сэрца тулім
мазалі.
Шчасьлівы лоў рыбацкі,
хай будзе днём
шчасьлівым на зямлі!
Хай грымнуць
воплескаў літаўры
і разарвуць
суцемень крат;
зарой запаліма ліхтарні
на попеле
датлелых хат.
Ухопіма
багнэтаў сахары
і вочы хцівыя
праколім;
завыюць жудасна зьвяры
у поцемках
людзкой няволі.

Нам хочуць
торбы пачапіць
і закаваць душу
у ланцугі.
Засьвішчуць па касьцёх
цапы,
то будзе
нашага змаганьня гімн!
Павыбіваем
костачкі усе,
патрушчым і шкілеты.
Ужо на небе
месяц палысеў,
і ўжо вясну,
зьмяняе лета.

Дзюбата-белы певень
не заляціць
у наш вішняк.
Узьнепакоеным напевам
дубровы і лясы шумяць.
Яны упартых,
сьмелых клічуць
у баявы
паўстанскі полк…
Усё-ж які
нязвыклы звычай,
калі ў госьці
зайдзе воўк,
калі свае аскаліць зубы,
каб разарваць
ці ўгрызнуць, —
так і паны —
чакаюць нашай, згубы,
каб у вадну
засыпаць баразну.
Але дарэмныя чаканьні
бясхвостых людаедаў.
Ня плакаць нам
заклятай каняй
і ня блудзіць у днёх
бяз сьледу.
Гісторыю сваю мы
творым,
гісторыю
змаганьня кляс.
Засьвецяць
над вякамі зоры
без аніякіх плям і клякс.
Забудземся
на чорныя гады,
на дні жалобныя свае.
Стаяць тут будуць
гарады,
тут будзе
новых песен сьвет,
А сёньня?
Сьлёзы,
кроў
і сьмерць,
сіроты згубленых надзей.
Уцеху чалавечую
сустрэць
выходзяць людзі
кожны дзень.

Выходзяць
з хаты засмучонай
і па дарозе
ў даль ідуць.
Плыве па рэчцы
сумны човен,
хвалюе
мутную ваду.
Ідуць
і трупянее крок —
і жылы сінія
брыняюць.
Мужыцкі ловіць зрок,
як дні
сьлязу крыві раняюць —
на чысты,
жоўценькі пясочак,
дзе хвоі
шыгальлём шумяць,
дзе стрэльбы вечарам ляскочуць
і чэрві куль
кішаць-кішмя,
дзе пан
страляе партызанаў —
сыноў найлепшых, дарагіх.
Што робіцца сягоньня з намі?
Плывуць
крывавыя кругі.
Плывуць,
расходзяцца над краем, —
ў іх захлыніцца
вораг наш;
яму хаўтуры
тут мы справім
пад свой мужыцкі марш!

Над псінаю
яго магілай
ня ўзойдуць зоры,
сонца
век.
Пад крыжам
даўніх дзён пахілых
ня будзе больш
маліцца чалавек.
Зару ён
новую сустрэне —
вялікай радасьці людзкой;
душы суровай
не застрэміць
адчай
расстрэленых бацькоў.

Сірот
па-бацькаўску прытулім,
сагрэем
ласкай цёплых слоў;
мы будзем
роднай ім, матуляй,
і сядзем разам з імі
на услон.
Прыгорнем
да грудзей гарачых,
зачэшам
русыя галоўкі;
уцеху у вачох пабачым
і сьмех цяплом авее лёгкім.
Ён закране
ўсю глыбіню нутра;
успомнім
згінутых у бойцы,
і мы,
як родны брат,
сястра,
сірот прытулім
моцна,
моцна.

Чакаюць нас лясы,
дубровы
і вязьні
з-за турэмных крат.
Браты!
Бярыся ўсе за зброю,
ратуй
абрабаваны край!
Ідзі ў паўстанцы,
партызаны —
на фронт
рассыпаных атак.
Пачуюць нас
аж да Пазнані,
Пачуюць нас
аж да Карпат!

Паноў вяльможных
страсянем,
бы навальніца з громам
дрэвы.
Пабачаць нас яны і ў сьне,
Пабачаць нас
і ў Бэльвэдэры!
Па сходах
мармуровых пліт
мы пад канвоем іх зьвядзем.
Плыве наш
пераможны плыт,
усё шпарчэй плыве штодзень.

Распалім
вогнішчы паўстаньняў, —
ўсю ноч
няхай гараць агні.
У раніцу свайго сьвітаньня
палушчыма паноў,
як гнід.

III

ДРЫЖАЦЬ ПАЛАЦЫ

На целе —
бізуноў прызнаньні,
а прад вачмі
наган.
Ішлі хлапцы
у партызаны,
ішлі ў зялёны
гай.
Крышыліся
масты і скалы
і войкалі
паны-паліпы.
Пра гэта
песьню людзі склалі, —
сьпяваюць
кожны год
у ліпень.

ПЕСЬНЯ ДВАЦЦАТАГА ГОДУ

Ужо стары
зламаўся рубель,
і перадні
парваў пятлю.
Паўзе гадзюка
па падрубе
зашыцца у траву-мятлюг.
Гадзюка
сыкае на сонца, —
укусам хоча атруціць.
Ў яе вачох
мігценьняў процьма,
нібы чарвей
на дне руцін.

Гарыць крупінак
жыхкі прысак
і выгінаецца
сьпіна;
скруцілася ў клубок,
каб пырснуць,
струною сьвіснуць,
засьпяваць.

Сябе самую
сьлюзла смокча,
нібы у муках сьмерць раджае;
прыплюшчыла
сьляпыя вочкі,
каб упусьціць
атруты джала.

Мы сьціснулі
кляшнёй жалезнай
пад шчэлепы
гадзюку дзён;
вантробы
цёгкай пенай лезьлі
і расквіталася
з жыцьцём.


Запал
крывавага змаганьня
ускалыхнуў.
сыноў зямлі;
яны пад сумятлівым гаем
сьляды, дарогі
замялі.
Калоцяцца,

дрыжаць палацы
і славяць песьню
дзірваны.
— Паны пазнаюць нашы лапці,
ірзаньне
коняй вараных!
Лясы,
шумлівыя лясы
сьпяваюць сёньня
нашы гімны.
У дні вялікае вясны
бясслаўнай сьмерцю
не загінем!

— Браты,
навокал вогнішча сядай, —
свой плян
дакладна абмяркуем.
Ня трапіць вораг наш
сюда
і не прасьвішчуць залпам кулі.

— Мы ведаем —
страляюць нашых
паны перад сваім канцом.
Палохае наш цень
і страшыць уланаў —
панскіх малайцоў.

Мы ведаем —
рабуюць нашы хаты,
братоў вядуць у катавальні.
Мы прыдзема
на баль багатых
у дзень апошні,
разьвітальны!

— Агідны чэрай
размажджэрым
і пацякуць
плюгавыя мазгі.
Ў сваіх мы
жакятонках шэрых
сьпяём паном
апошні гімн.

— Браты,
мацней трымайце зброю,
багнэты
гневам адвастрыце!
Смуглявай ліпеньскай зарою
пад ногі
зваліцца нам рыцар.

— Ужо даўно
грымяць гарматы
з пяшчаных берагоў Бярозы.
Ўжо хутка
выламім мы краты
сваёю сілаю пагрознай.
Паны,
як вошы,
папаўзуць
сваім паходам
крыжавым;
страшэнную узьнімуць жудзь
за мёртвых і жывых.

— Іх шлях
на захад апантаны
мы тут павінны перасеч;
хай болей
чорныя сутаны
не замяняюць
крыж на меч.
Усыпім
добрага ім перцу, —
дзесятаму закажуць аж;
іх без аглядкі
будзем перці
пад партызанскі гучны марш.

— Са штабу
ўчора перадалі,
што нашы
ў наступ перайшлі;
знарады —
разрываюць далі
і насыпы
бляндажных шліфт;
пад імі
бегаюць уланы,
трымаючы рукамі порткі.
Якія-ж будуць
нашы пляны,
каб ім усыпаць

добрай пёркі?

ПЕРШЫ ПАРТЫЗАН

Таварышы!
Надходзіць дзень вялікі
і зарывам
палае ноч.
Паны ад страху
будуць ікаць,
на кожны
спатыкацца корч.
Сьвярбяць далоні мазалёў,
сьціскаюць,
векапомна стрэльбу.
Дзірван крывёю мы зальлём,
палічым
костачкі і рэбры!

ДРУГІ ПАРТЫЗАН

Папром паноў
па нагавіцы ў Варшаву
і там
прыкрыюць сорам свой.
На нашых даланёх шаршавых
павыступала
крыўды соль.
Мы хутка рушым
у паход, —
паном
гарматы маршы граюць.
У слаўны наш
дваццаты год
ачысьцім край
ад белай зграі!

ТРЭЦІ ПАРТЫЗАН

Таварышы!
Хай чуласьць
скамянее наша,
няхай
жалезным будзе кожны;
ніякім спосабам інакшым
ня выламім мы крат
вастрожных.
З нас кожны
адзічэў у лесе, —
гатоў сябе
у бойку рынуць;
настрой пакорлівы
заплесьнеў
і не папросім ласкі
пад дзьвярыма.
Правы рабочых
і сялян
адно у клясавым змаганьні;
наш найвялікшы сёньня плян
схаваны
ў стрэльбе і нагане.

УСЕ

Няхай жыве!
Ты праўду кажаш;
мы адваюем з імі волю.
Не пераможа
сіла ўража,
не пераможа нас ніколі!

ПРАВАДЫР АТРАДУ

Таварышы!
Калі паны
папросяць піць,
бо куля нашых
добра дапякла, —
тады мы штаб
павінны захапіць
2-га ўланскага палка.

Калі ракетная зара
успыхне
па-над лесам цёмным
тады павінны
рэйкі разабраць
на перагоне 27-ым.

Калі трывожны ўчуем звон
над берагам
крутой ракі, —
тады павінны пад адхон
спусьціць
іх два бранявікі.

Калі-ж дадуць
улататы
і пыл закурыцца слупамі, —
тады,
за дзьве адсюль вярсты,
павінны быць мы — пад мастамі.
Там шлях павінны перацяць,
загнаць каб у казіны рог.
Ў раку няхай
даюць нырца, —
ня будзе болей ім дарог.

УСЕ

З тваім, таварыш,
згодны плянам, —
папомняць нас
вяльможныя паны!
Ўжо хутка выйдзем на паляны
вітаць
свайго змаганьня дні.
Мы іх —
адвагаю уславім, —
агідны сполах,
чорным птахам згінь!
Перад паходам гэтым слаўным
свой партызанскі прасьпяваем гімн.

ПАРТЫЗАНСКІ ГІМН

Пан катуе сялян на стайні,
Па вёсках бедных ходзіць мор;
Шугае полымя паўстаньняў
Пад водбліскі чырвоных зор.
Мужай, красуй над сьветам,
Рэспубліка Саветаў!

Ад панскіх гвалтаў дух ня зойме,
Галоў не разаб‘ем аб мур;
Мы ўсе пайшлі у партызаны,
Ўзарваць нявольніцтва турму.
Мужай, красуй над сьветам,
Рэспубліка Саветаў!

Братоў страляюць штодзень нашых
На сплаканых вачох матуль;
Жалобныя іграюць маршы
Пад посьвісты крывавых куль.
Мужай, красуй над сьветам,
Рэспубліка Саветаў!

Агідны пан зямлю спаганіў
І выкапаў магільны роў;
Мы прысягнулі ўсе змаганьню
У дуброве тут перад зарой.
Мужай, красуй над сьветам,
Рэспубліка Саветаў!

Мы зьнішчым панскія законы
У слаўны, пераможны год;
Мы пойдзем з арміяй чырвонай
У векапомны свой паход.
Мужай, красуй над сьветам,
Рэспубліка Саветаў!

Май 1930 г.

ЦАНА 20 КАП.