Крывічанскія дзяды
Крывічанскія дзяды Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926/1927 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 12, ліпень 1926-сакавік 1927 г., б. 66-69 |
ПАГАШЧАНІН.
Не глядзя на шырокі розгалас, які надаў крывічанскаму культу продкаў слаўны наш пабратым Адам Міцкевіч, увёўшы сцэну „дзядоў“ у сваю паэму,—ўсё-такі гэты абрадак належна ня высьветлены ў фольклёрыстычнай пісьменнасьці, і, дзеля гэтага, думаю, што ня будзе лішнім калі да істнуючых ужо апісаньняў дадаць гэты нарысы, пачэрпнутыя з успамінаў двох пакаленьняў, г. зн. з маіх уласных успамінаў і пераказаў чутых мной ад маіх бацькоў, якія, як і іх прадзяды, сяліліся ў дзісенскім павеце.
Год крывіча заключаў у даўныя часы пяць урочыстых сьвят.
1. Красьнік, які абходзіўся 2 лютага. У гэты дзень сучылі сьвечкі, а вечарам, пры сьвятле сьвечак, адбываўся абрад „жанідзьбы коміна“, які бялілі, абвешывалі зеленьню, кідалі ў нанова „выкрэсаны“ і распалены агонь скваркі і косьці ад вячэры.
Слова „красьнік“ мае ў сваей аснове карэнь „крэс“ г. зн. руб, канец. Мы ведаем, што раней, здаецца да 1700 году, год у Масковіі пачынаўся з 1-го марца, магчыма, што ў нас калісь год пачынаўся з Красьніка, г. зн. з другога лютага, дык тады Красьнік, быў крэсам, канцом або пачаткам году, сьвятам, якое пасьвячалася сонцу.
2. Вялікдзень, паводле агульных прымет, гэтак сама сьвята сонца, але разам з тым і сьвята сяўбы. На апошняе паказуюць два моманты, якія неразлучна зьвязаны з Вялікаднём. Першы, гэта хадзьба „валачоўнікаў“, якія, пераходзячы ад хаты да хаты, пяюць „валачобныя“ песьні, ў каторых мова аб гадавой працы гаспадара каля зямлі; другі—стаўляньне на стол засеянага ў якой колечы судзіне збожжавай руні.
3. Купальле, сьвята сонца, але адначасна і дзень ачышчэньня. Абрадкі зьвязяныя з Купальлем прыпісывалі ачышчэньне агнём і вадой,—акунацца ў вадзе і пераскаківаць цераз агонь.
4. Каляды, так сама сьвята сонца, але пераважна, сьвята пасьвячонае „каледзі“, г. зн. сьцюжы, зіме, калі ўсё кругом мерзьне, калее, замірае
5. Дзяды, сьвята продкаў, не зьвязанае з сонечным культам, прыпадала на восень, а ласьне на першае лістапада. Дзісенскія крывічы ўрочыста абходзяць двое Дзядоў: веснавыя „Наўскі вялікдзень“ і восенныя „Вялікія дзяды“. Царква ў мэтах фіскальных падтрымлівала ў народзе культ продкаў, але адначасна старалася заціраць паганскія традыціі заводзячы „памінальныя дні“ пасьля кождага важнейшага сьвята. Гэта апошняе парадзіла „Троіцкія дзяды“, „Масьляніцкія дзяды“ і інш., якія з традыційна-паганскім культам продкаў не зьвязаны. „Наўскі вялікдзень“, веснавыя дзяды, пасьвячаюцца толькі „наўцам“, г. зн. новапамершым (бацькам, братам, сёстрам, дзецям), а „Вялікія дзяды“ пасьвячаюцца цэламу роду, як толькі можа сягнуць памяць людзкая і ў гэтым ёсьць істотная рожніца паміж веснавымі і восенскімі дзядамі.
Даўней восенскія „Вялікія дзяды“ абходзілі не паасобнымі семьямі, а родамі. Аб такіх радавых памінках апавядаў мой бацька, за якога яшчэ памяці, ў 1840-х, 1850-х годах, спраўлялі гэткія памінкі ў дзісеншчыне: Вангіны, Сарокі, Шышкі, Рублеўскія, Рымшы, Дзямідовічы і інш. На гэткія „Вялікія Дзяды“ зьбіраліся зазвычай у дом найбагацейшай з роду сямьі ўсе ўзрослыя „родзічы“ ад найбяднейшага да найбагатшага, кожды са сваімі прыпасамі, і, за агульным сталом, спраўлялі вячэру. Вячэра пачыналася агульнымі малітвамі і сьпевамі за памершых, якія прыпісывала царква. Скончыўшы малітвы, найстарэйшы з роду першы ішоў за стол і запаліўшы абрадовую сьвечку, якая дагэтуль стаяла ўткнутая ў карцы напоўненым збожжам, гаварыў стаючы: „Сьвятыя дзяды, просім за пачэсны стол!“ Пасьля гэтага забіралі па старшэнству мейсцы за сталом усе прытым бытныя. Абрадовыя на дзяды стравы—гэта „юшнік“, з крыві, вараны з мясам, каўбаса і аладкі. Размова за сталом вялася выключна аб памершых „дзядах“: г. зн. продках роду. Пачынаў яе найстаршы ў родзе пасьля першай чаркі, якая ішла ў кругавую, простай заявай, што першага прашчура роду нашага было імя—такое-то, жыў ён там то, вызначаўся тым-то, і г. п. Далей гаварылі аб бліжэйшых продках, аж да апошніх. Пасьля вячэры размова цягнулася да „трэціх пеўняў“, апавядаліся прыгоды, характары продкаў, радавыя і зьвязаныя з родам успаміны і легенды.
Падобна павыжшым дробна-шляхэцкім дзядам абходзіліся, „дзяды“ і ў сялянскіх родах, толькі з большай прымешкай паганскіх перажыткаў. Гэтак расчынялі наконадні дзядоў хлеб і пяклі яго абавязкова на сухіх лістох; калолі парсюка на дзень „дзядоў“, і, ўрэшце, вечар пасьвячаўся гутаркам аб дзеях продкаў.
Побач з гэтым чуў я ў свае дзіцячыя годы пераказы, як ад сваіх бацькоў, так і ад другіх старых людзей, аб іншага роду сьвяткаваньні дзядоў і трагічным іх канцы.
Было гэта ў Рэчках, касьцельным фальварку, які ляжыць на дарозе з Новага-Пагосту ў Гарманавічы, ў вярстах 11-19-ці ад Новага-Пагосту. У гэтых Рэчках была, пад лесам з дрэва пабудаваная, закінутая, каплічка. Здавён-даўна вялося, што ў гэтай каплічцы ў ноч дзядоў, зьбіраліся старыя сяляне, прывадзілі з сабой казла, або барана, разнечывалі на сьвінтары агонь, рэзалі казла, варылі яго і ў каплічцы, устраівалі з абрадовымі песьнямі памінальную вячэру. У 1860-х ці 1870-х годах, па ініціятыве прысланага для русыфікаціі краю Новапагоскага папа, (якога прозьвішча цяпер не памятаю) і гэрманаўскага ксяндза Плушчэўскага, які ў тыя часы дадатковае набажэнства адпраўляў у расійскай мове, а дзеля гэтага знаходзіўся ў вялікай пашане ў адміністраціі, ў ноч дзядоў была акружана капліца войскам ці паліціяй і арэштавана да 70-ці чалавек, сьвяткаваўшых там сялян. У выніку было сьледства, суд, і прыгавар суда, які 30-40 чалавек засудзіў на пасяленьне ў Сібір, за „сьвятотатство“. Заарэштаваныя сяляне паходзілі з розных акалічных вёсак, і, дзеля гэтага, мне здаецца, што гэта ня было радавое памінаньне дзядоў, што ў аснову гэтага тыпу дзядоў, між іншым узятых тэмай і Адамам Міцкевічам, быў паложаны нейкі іншы абрадовы прынцып.
За маей памяці, ў 1880-х 1890-х годах, ужо ў дзісеншчыне не сьвяткавалі дзядоў родамі, а толькі семьямі. У маей сямьі гэта адбывалася такім парадкам. На конадні дзядоў, з самай раніцы, жанкі прыймаліся за капітальную чыстку хаты і ўсіх гаспадарскіх статкаў. Вечарам уносілі дзяжу, ставілі яе на „крыжох“, сярод хаты, пакрывалі чыстым абрусом і садзіліся за стол вячэрыць. У часе вячэры лічылі „дзядоў“, г. зн. прыпаміналі ўсіх памершых продкаў. У нас налічалі іх да 30-ці. Па вячэры расчынялі „дзядоўскі хлеб“ і на другі дзень пяклі столькі бахонкаў, сколькі налічылі дзядоў. Раніцай ехалі ў царкву і там раздавалі бахонкі убогім, кождаму па аднаму. Вялічыня бахонкаў залежала ад заможнасьці сямьі: семьі багатыя пяклі вялікія бахонкі, а бедныя агранічаліся „бондачкамі“ з кулак вялічынёй. На вечар бывалі спрошаны бедныя з суседзтва, чалавек да 10-ці, і пачыналася за агульным сталом вячэра. На вячэру прыгатаўлялі „юшнік“ з крыві, а ўгоды калі не калолі на „дзяды“ падсьвінка, то клёцкі з „душамі“, г. зн. з завернутымі ў цеста скваркамі і аладкі з верашчакай, аб, замест аладкаў, каўбасы з сырой капустай і на закончаньне „саламатка“ г. зн. сушаныя яблакі, грушы і ягады вараныя на мёдзе, або, замест „саламаткі“, аўсяны кісель з мядовай сытой. Варылі на вячэру больш чым было трэба і рэшткі мяса, аладкаў і інш. дзялілі паміж беднымі: кожды вяртаўся дамоў з клункам у якім заўсёды, акром усяго іншага, была пара каўбас.
Перад вячэрай маліліся з малітвеннікаў за памершых, а па вячэры, пасядзеўшы і пагутарыўшы на тэмы пахвальныя для продкаў сямьі, разыходзіліся. Адліваньня ложкі стравы пад стол ніхто з нашай сямьі не практыкаваў, хоць з запрошаных гасьцей некаторыя гэта рабілі. Садзячыся за стол „дзядоў“ не прызывалі. Але ніякага начыньня пасьля вячэры са стала не зьбіралі і рэштак страў, астаўшыхся ў місах, не прыймалі са стала.
З пераказаў майго бацькі, чуных ад дзеда і старых людзей яго пакаленьня, з днём дзядоў зьвязывалі яшчэ адзін цікавы абрадак, гэта ўпісываньне і выпісываньне з сямейнай кронікі членаў сямьі. Нованароджаных ўпісывалі, а памершых выпісывалі. Кронікі гэты вяліся на бэльках хаты ў „пачэсным“ куце. У сваей дзісеншчыне я ўжо нідзе не бачыў гэткіх запісаў, але давялося мне іх пабачыць, вясной у 1914-м годзе, ў Бельскім павеце, ў сяле Кленіках (заходная часьць горадзеншчыны). У старых хатах „пачэсны“ кут тут, зазвычай заняты глыбокімі вырэзамі ў яго бэльках, тэкстам славянскім, прыкладам, гэткага зьместу: „Рдся. рб. Бж. Микола л. 1881. 20 іюл.+1900. 5 мрт.“, або скарочана: Антон. 1830. 10 мая+1870+9 авг.“ Яшчэ жывых сямянінаў на сьцяне маюцца імёны і даты нарадзін і на супроць іх пакінута мейсца для ўпісаньня даты сьмерці. Вось-жа, ў дзень дзядоў, паводле апавяданьняў, прыводзілі ў хату грамацея, які падобныя запісы вырэзаў на „пачэсным“ куце, нотуючы народжаных, або памершых асоб за мінуўшы год у данай сямьі. Праўдападобна гэты абычай, вясьці сямейныя кронікі, пашыраўся па ўсей крывічанскай тэрыторыі, бо сьляды яго, паводле пераказаў, сустрачаюцца і ў вяліжскім павеце, але поўнасьцю ён захаваўся яшчэ адзіна толькі ў бельшчыне.
Калі ўзяць пад увагу, што народныя абычаі, як і вопратка ёсьць перажытак абычаяў і вопратак, якія, калісь, у глыбокай старадаўнасьці, былі пашыраны ва ўсіх клясах данага народу, то павыжшыя насьценныя запісы трэба прызнаць найпершай крыніцай пазьнейшых летапісаў і кронік.