Крывічы (Зарэцкі)

Крывічы
Раман
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929
Крыніца: Полымя. — Красавік 1929. — №4. — С. 3—24
няскончаны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫВІЧЫ

Роман

Міхась Зарэцкі

Пролёг

СЬМЕРЦЬ АНДРЭЯ БЕРАЗОЎСКАГА

17 жніўня 192… году ў невялічкім, па-мяшчанску прытульным дамку на Пярэсьпе памёр галоўны герой гэтага роману Андрэй Іванавіч Бера­зоўскі.

Гэта была спакойная ціхая сьмерць, якая зьявілася законным і зусім спадзяваным канцом маруднага — на працягу цэлага году — згасаньня. Але не ўважаючы на гэта, нямала людзкіх сэрцаў аблілося крывёй, калі па сталіцы разьнеслася вестка аб яго сьмерці.

Астатнія хвіліны нябожчыка былі атулены сьветлай ласкай і цепла­той. У гэты дзень было надзвычайна прыгожае надвор‘е, і доктар дазво­ліў адчыніць у пакоі хворага вокны, якія выходзілі ў маленькі дзікі садок. Адтуль шырокай патакай лілася ў пакой густая слодыч квяціс­тага дня, нямотна застылага ў млявым жнівеньскім сонцы. Адтуль ці­хенька, спадкрадня ўляцела была кволая павучынка і, нікім не заўва­жаная, лягла на чало Беразоўскаму першым надлобным вянком.

Пах сьвежых яблыкаў дзівосна сплятаўся з бяздушным пахам ля­карства.

У гэты дзень з самага ранку ля хворага неадступна знаходзілася дачка яго Зена і тры блізкія яму чалавекі: Мікола Аржановіч, Сьляпень і Саўка Малахавіч. Яшчэ ўчора ўвечары хворы страшэнна аслаб, і док­тар зусім выразна намякнуў на блізкі канец.

Зена ўвесь час з трагічным неўразуменьнем глядзела на бацькаў твар — сухі, нярухомы, з ледзьве прыметным сьледам жыцьця. Яна была хваравіта бледная, вочы ў яе глыбока запалі і пацямнелі — яна выгля­дала цяпер намнога старэйшай за свае дзевятнаццаць год. Праз цэлы дзень яна амаль-што не сказала ні слова, быццам не заўважала нікога, хто быў каля яе, на ўсіх забылася, аддаўшыся свайму ўпартаму маўклі­ваму сузіраньню. Часамі да яе падыходзіў Саўка Малахавіч — любы сівенькі дзядок, — абнімаў за плечы і пяшчотна гладзіў яе залацістыя валасы. Потым з раптоўнай хаплівасьцю цалаваў яе ў галаву, недалужна крывіўся, усхліпваў і скоранька адбягаў на сваё месца — каля расчыне­нага вакна.

Сьляпень з Аржановічам былі ў суседнім пакоі. Аржановіч панура сядзеў у кутку, узьлёгчыся локцем на край шахматнага століка. Яго прыгожы твар сьвіціўся глыбокай ціхай журбой. А Сьляпень, як і зазвычай, бясконца хадзіў па пакою, поўны рэзкай нэрвовай энэргіі.

Гадзіне а чацьвёртай спаўдня на хворага сышла хвіліна апошняга прасьвятленьня. Яго застылы твар раптам сагрэўся променем яснай сьвядомасьці, ён некалькі раз плюснуў вачмі, нібы адганяючы сон, і зрабіў усім целам кароткі напружны рух, каб павярнуцца ў той бок, дзе сядзела дачка. Зена ў радасным парываньні кінулася прад ім на калены і сударгава прыціснулася да яго рукі. Вусны хворага слаба зашавяліліся і ён ледзь чутна прашаптаў:

— Хто тут… усе…

Зена зрабіла нецярплівы знак Саўку Малахавічу, і той пабег у суседні пакой, каб гукнуць хлопцаў.

Усе падышлі да ложка і ў урачыста-глыбокім маўчаньні чакалі, што скажа хворы. Андрэй Беразоўскі шырока расплюшчыў вочы і абвёў усіх марудным, цяжкім, але зусім ясным поглядам. Потым, нібы заспакоены гэтым абглядам, ён зноў устроміў некуды ў столь свае згаслыя вочы і, хвіліну перабыўшы ў ранейшай нярухомасьці, з патугай загаварыў:

— Добра ўсё… Жыць… трэба жыць… працаваць… Вы ўсе… разам… Вы… добрыя… Зена… Зена…

Раптам нешта падобнае на ўсьмешку прамільгнула на яго тонкіх усохлых вуснах.

— Я… пісаў там… так… нешта… не друкаваць… не… чытайце… пра­ чытайце… пра бацькаўшчыну…

Гэта было яго апошняе слова. Ен змоўк і ўжо, мабыць, нічога ня чуў з таго, што рабілася каля яго ложка. На твары ў яго закамянеў апошні выраз — бязуважна-халоднага спакою.

Зена не магла ўжо стрымліваць у нутры сваё гора, сваю бязьмежную роспач. Яна горка, па-дзіцячаму плакала, цалавала бацькавы рукі і ўсё паўтарала, як няпрытомная:

— Тата… татачка… Ты не памрэш… не памрэш… не, ня трэба… Я адна… Татачка, я-ж адна… адна…

Аржановіч глядзеў на яе гарачымі, поўнымі балючай мукі, вачмі. Ён, пэўна, ня менш, як яна, перажываў і яе гора, і сваё, але сабраў усе сілы і стараўся быць спакойным.

Сьляпень стаяў перад расчыненым вакном, залажыўшы рукі ў кішэні, і з упартай мэтадычнасьцю гоўтаўся на абсацах. Саўка Малахавіч перш недалужна, па-старчаму румзаў, уткнуўшыся тварам у сьценку, а потым падбег да Зены і, не перастаючы хліпаць, пачаў сунімаць яе, угаварваць. Яму ледзьве ўдалося адарваць яе ад хворага і пасадзіць на крэсла. Пасьля гэтага яна заціхла і зноў удалася ў сваю тупую трагічную нярухомасьць.

Канец прышоў ужо надвячоркам. Разам з тым, як паміраў Андрэй Беразоўскі, памірала і мяккае жнівеньскае сонца. Ціхія марудлівыя праменьні доўга поўзалі па пакою, разглядалі з спакойнай цікавасьцю хатнія рэчы і раз-по-раз зазіралі ў закамянелае аблічча хворага, нібы правяраючы, ці зрабіла ўжо сьмерць сваю справу.

А сёмай гадзіне прышоў доктар і ў мімавольным замяшаньні аб‘явіў, што Андрэя Беразоўскага ўжо няма. Пакуль ён з нэрвовай пасьпешнасьцю завінаўся каля Зены, стараючыся ачуліць яе, мужчыны стаялі зводдаль, прыбітыя гэтым прадбачаным, але ўсёроўна жудасным фактам, і ня ведалі, што цяпер трэба рабіць, што трэба гаварыць і ці трэба гаварыць наогул. Аржановіч чамусьці ў гэты момант успомніў Пражаню і гэта дало яму выхад з цяжкога адзервяненьня.

— Трэба тэлеграфаваць Пражэню.

Саўка Малахавіч — добры сівенькі дзядок — адразу заклапаціўся.

— Пражэня на вёсцы… Ён нічога ня ведае… Ён можа і ня думае, што такое няшчасьце… Трэба тэлеграму… хутчэй…

І ў гэты першы прахон палілася адразу ўся іхная, зацятая на момант, сьвядомасьць. З хвіліну здавалася, быццам уся справа якраз толькі ў тым, каб хутчэй паведаміць Пражэню.

Потым пашло ўсё звычайным парадкам…

…На траці дзень было пахаваньне. Нямала народу праводзіла нябожчыка ў гэтым апошнім яго падарожжы і нямала хто плакаў па ім цёплымі шчырымі сьлязьмі.

Так памёр Андрэй Іванавіч Беразоўскі.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Сьмерць Андрэя Беразоўскага ёсьць дата, ад якой пачынаецца ўся гісторыя, апісаная ў гэтым романе. Беразоўскі не рэальны герой роману, ня жывы пэрсонаж — ён пройдзе праз усе раскрытыя тут сытуацыі толькі сваімі думкамі, сваёй філëзофіяй і, найгалаўней, сваім пачуцьцём — палкім, як жар, і неабсяжным, як мора.

Частка першая

I

Пасажырны поезд Маладэчна—Вільня з вясёлым грукатам скаціўся ў залітую сівым туманам лагчыну, спрытна перасігнуў праз маленькі, але надта гырклівы масток і пачаў старанна глабацца па крутому ўздыму, залазячы ў чорныя нетры густога лесу. Перад канцом уздыму ён так замарыўся, так засопся, што ледзьве цягнуў свой жалезны хвост і, здавалася, во-во гатоў быў спыніцца зусім.

У гэты момант з дзьвярэй аднаго вагона, у якім вязьлі арыштантаў, выкінуўся чалавек і кумільгам пакаціўся па схону высокай чыгуначнай наспы. Прагрымелі адзін за адным некалькі стрэлаў, поезд, скарыстаўшы зручны выпадак, ураз спыніўся і пачаў цяжка аддыхвацца; па лесе замі­тусіліся кволыя аганькі ліхтароў.

Поезд ня мог затрымацца больш, як на дзесяць хвілін, і таму аганькі скора павыбеглі з лесу і, засароміўшыся, схаваліся ў вагонах. Паравік, троху спачыўшы, з сьвежым задорам крыкнуў і пабег наганяць страча­ныя хвіліны.

У глухой непралазнай гушчыні хваёвага парасьніку, забіўшыся ў ней­кую яміну і сударгава ўткнуўшы твар у сухія калючкі, ляжаў чалавек. Ён нічога ня чуў і ня бачыў — ён быў працяты страшным сьмяротным здраньцьвеньнем, з якога не маглі вывесьці яго ні стрэлы, ні блізкія галасы варожых людзей, ні разьвітальны крык паравіка. Ён ляжаў так можа гадзіну ці больш—час ішоў цяпер міма яго, як ішло міма яго ўсё жыцьцё — і толькі напружны шум новага поезда вярнуў яго да прытом­насьці. Ён яшчэ глыбей убіўся ў сваё калючае логава і ўсе сілы свае істоты злучыў у адно пачуцьцё востра-напятага слуху.

Адгрымеў і заціх у далечы поезд, і з усіх бакоў насунулася прагавіта-ўедлівая цішыня. Гэта раптоўная цішыня здалася чалавеку поўнай ліхога падступства, і ён яшчэ доўга яе правяраў, з упартай настойнасьцю захоўваючы сваю нярухомасьць. Адылі час браў сваё — памалу слух яго траціў першапачатковую вострасьць, даючы месца іншым па­чуцьцям, і тады з раптоўнай рэзкасьцю ён адчуў агнёвую боль ва ўсім целе. У яго зьявілася думка аб тым, што ён сябе пакалечыў, і без­надзейная роспач тупым цяжарам узьлягла на яго слабую сьвядомасьць. Ён зноў апынуўся на мяжы таго цяжкога здраньцьвеньня, з якога толькі-што вышаў.

Але так было адзін момант. Ён сабраў усе сілы і, перамагаючы боль, пачаў правяраць свае члены: сьціху паварушыў аднэй рукой, потым другой, перасунуў у бок адну за аднэй свае ногі, папрабаваў узьняць угару ацежалелае тулава. Ня было, здавалася, такога месца на целе, дзе-б не гарэў гэты нязносна-пякучы боль. Але ўсе члены рухаліся спраўна і ў нутры ня чулася асаблівай завады. Значыць, ён не пакалечыў сябе, толькі моцна пабіўся, коцячыся па крутому шурпатаму схону.

І вось толькі цяпер, пераканаўшыся ў сваёй зусім выпадковай цэ­ласьці, чалавек у поўнай меры адчуў усю нявымоўна-глыбокую слодыч збавеньня. Навокал нікога няма, ніхто ня сочыць за ім, ён адзін, зусім адзін, ён можа рабіць цяпер, што захоча. Калі захоча, будзе ляжаць тут, у цёплым прытульным зацішку—тут надзвычайна добра адпачываць! — калі не захоча, устане і пойдзе, будзе цягацца па лесе і ніхто яму гэта не забароніць. А пакуль-што ён, як дзіця, стуляецца клубочкам, точыцца глыбей у сваю выпадковую схову і ціхенька шчасьліва сьмяецца.

Якую моцную радасьць дае чалавеку воля!

Раптам усю істоту яго страсае пачуцьцё вострай трывогі: тут-жа самае небясьпечнае месца — тут могуць шукаць яго, могуць падумаць, што ён разьбіўся і ня мог адсюль уцячы. Трэба як мага далей. Трэба бегчы…

Ён парываецца ўскочыць на ногі, але з немым стогнам валіцца назад, на зямлю. Ен цяпер толькі ўспомніў, што рукі яго закуты ў кайданы. Ён так да іх прызвычаіўся, што лічыў іх за неадменную частку свайго цела, і толькі цяпер, калі жалеза жорстка спыніла яго парываньне, ён пачуў сябе зьвязаным і бясьсільным.

Ён нявольны. Ён зусім нявольны. Ён нідзе ня знойдзе сабе пры­тулку, яго ўсюды пазнаюць і забяруць. І як ён ня ўздумаў пра гэта перад тым, як кідацца з поезда? Нашто было толькі рызыкаваць сваім жыцьцём? Але гэта выпіла неяк раптам, неспадзявана. Ён ні аб чым ня думаў тады. Ён убачыў блізка каля сябе расчыненыя дзьверы і заўва­жыў, што поезд ідзе зусім ціха. Нейкая сіла штурхнула яго, і ён кінуўся. А цяпер…

Няўжо няма ніякай надзеі? Няўжо перад ім адзін нямінучы канец — глухая турма, якая была ўжо, здавалася яму, такой далёкай і зусім ня­ўтратнай. Няўжо гэта была толькі падманная радасьць, толькі ілюзія?

Пачуцьцё роспачы змагаецца ў нутры чалавека з упартай інстынктыў­най упэўненасьцю ў магчымасьці нейкага невядомага выйсьця. Ён на­пружвае сваю сьвядомасьць, дае поўную волю фантазіі, і адзін за адным перад ім паўстаюць розныя пляны ратунку — усе надзвычайна сьмелыя, усе недарэчныя і ўсе немагчымыя. Разам з гэтым да яго варочаецца ранейшая трывога, і ён, ні да чаго не даўмеўшыся, усё-ткі выпаўзае з свайго гнязда, асьцярожна ўзьнімаецца з долу і паціху сунецца ў чор­ную глыбіню лесу.

Па нядоўгім часе ён выходзіць на край невялічкай паляны. Ён спы­няецца тут і доўга сьвідруе напружным зрокам шэрую муць адкрытага перад ім прахону. Толькі канчаткова ўпэўніўшыся ў тым, што паляна пустая, ён выходзіць на сярэдзіну яе і ўзьнімае погляд у іскрысты ку­пал зорнага неба.

Перад ім вялічна распасьцерлася добра знаёмае сузор‘е Вялікай Мядзьведзіцы. Ён праводзіць вачмі ад яго простую лінію і знаходзіць полярную зорку.

Гэта поўнач… Там, значыць, поўдзень… Тут — усход…

Сюды… На ўсход… Толькі сюды… Хай будзе, што будзе…

І ён зноў удаецца ў цёмныя нетры лесу, напружваючы ўсю сваю ўвагу, каб трымацца ўзятага напрамку. У яго няма яшчэ пэўнае думкі, пэўнага пляну, яго штурхнула ў той бок нейкая інстынктыўная сіла — мабыць дзікі непазбыўны страх перад усім тым бязьлітасна-жорсткім, балючым, што яму давялося зазнаць, што чорнай навалаю ішло адтуль, з варожага захаду.

Глухая ноч замазала ўсё навакол непрагляднай чарнільнай цемрай. На кожным кроку прыходзіцца натыкацца на нявідныя дрэвы, на пні, на калючае кусьце. Скутыя рукі не даюць мажлівасьці цьвёрда кіравацца ў гэтым жудасным беспрасьвецьці—ён хістаецца, як п'яны, падае, сту­каецца аб дрэвы, зашываецца ў непралазныя зарасьлі. Ён часта губляе напрамак ды ідзе куды-пападзя ці проста круціцца на адным месцы, пакуль ня знойдзе якога-небудзь прагалку, адкуль можна разглядзець пуцяводны нябесны ўзор.

Нарэшце апошнія сілы кідаюць яго. Яму здаецца, што на целе ў яго павіс нейкі непамерна цяжкі гнёт, якога ён ніяк не падужае несьці, які з непераможнай сілай цягне яго да зямлі. Ногі ўжо канчаткова страцілі сваю адчувальнасьць — ён перасувае іх, як драўляныя абрубкі, як зусім чужыя, выпадкова прышчэпленыя да яго прадметы. І ўсё ба­ліць, усё ные, усё просіць хоць якога-небудзь, хоць зусім кароценькага адпачынку.

Ён забіваецца ў зарасьлі сухога маліньніку, бясьсільна падае на зямлю і засынае тупым беспрасыпным сном.

…У тое ядранае жнівеньскае раньне сонца ўстала было такое сьвежае і румянае, як толькі-што вымыты ў сьцюдзёнай вадзе твар маладой красуні-дзяўчыны. І не пасьпела яшчэ падняцца добра над небасхілам, не пасьпела прамыць празрыстай расою сваіх аспалых вачэй, як пачало ўжо гарэзваць, пачало кідаць туды ды сюды свае кокетліва-прыжмураныя млявыя погляды. Кінула погляд яно і ў стромкі высокі бор—цікава яму паглядзець, што нарабілася за-нач у тых патаемных сховах! — але нічога ня ўбачыла, апрача маладых падшпаркаў-хвоек, якія загарадзілі сабой усё-чыста ўзьлесьсе. Тады сонца паднялося троху вышэй, зазірнула праз галовы гэтых блазьнят, прасьлізнула ў самы гушчар маўклівага бору, пачало аглядаць кожны кусьцік, кожную травінку.

У густой зарасьлі маліньніку, сярод сухога цыбатага быльля сонца натрапіла на чалавека. Яго зацікавіў нязвычайны выгляд гэтага чалавека, і яно доўга блукала па ім сваймі дрыготнымі плямамі, уважна разгля­даючы ўсю яго постаць.

Чалавек быў ня дужа высокага росту, але і не малы, пропорцыянальна і шчытна складзены, з буйной галавой, з сьветлымі курчавымі вала­самі. Ён быў, напэўна, зусім малады, бо тая цьмяная поўсьць, якая роілам кудлычылася на яго барадзе, мела абсолютна нясталы выгляд, здавалася нечым дачасным і недаразьвітым.

Твар чалавека цяжка было разгледзець, бо ён быў увесь падрапаны і запэцканы ў кроў. Адылі можна было заўважыць, што рысы гэтага твару занадта мяккія і акруглыя, што ў яго троху целепаваты нос і зусім дзіцячы рот — вялікі, з буйнымі капрызна-выпятымі вуснамі.

Чалавек ляжаў на сьпіне, выпрастаўшыся ва ўсю даўжыню свайго цела. Яго рукі, скутыя ланцугом, былі закінуты за галаву — жалеза разь­ела на іх страшныя раны, і яны жудасна чарнелі засохлай крывёй. На сонным твары ў яго ляжаў хмуры сярдзіты выраз, быццам чакаў ён, што нехта прыдзе яго будзіць і загадзя ладзіўся злосна агрызнуцца:

— Ня рушце мяне… Я хачу спаць.

Але сонца гэтага не збаялася. Яно гарэзьліва ўскочыла чалавеку на твар і пачало яго казытаць. Чалавек сьперш нездаволена моршчыўся, але-ткі ня вытрымаў: шырока-шырока ўсьміхнуўся і млява расплюшчыў свае шэрыя вочы. З хвіліну ён так і ляжаў, усьміхаючыся цягучай сан­лівай усьмешкай. Потым чамусьці нэрвова ўздрыгнуў, усхапіўся, вытыр­кнуў з зарасьляў галаву, пачаў напружна азірацца.

Ён, відаць, зусім не чакаў, што апыніцца на краю лесу. Заўважыўшы нездалёк ад сябе падазроныя прасьветы паміж дрэў, ён раптам ускочыў на ногі і пабег, апанаваны сьмяротным страхам, у лясную гушчэчу.

Глухая ціша, якой поўніўся лес, памалу вярнула яму спакой. Ён спыніўся, абапёрся плячмі аб дрэва і пачаў шумна аддыхвацца. Разам з тым, як мінаўся гэты мімавольны спалох, у нутры ў яго вырастала цьвёрдая, зусім сьвядомая пастанова.

Ён стаяў так яшчэ колькі хвілін, пакуль канчаткова не сунялося ўзрушанае шалёнай бягнёй сэрца, потым агледзеў сам сябе руплівым вокам, паправіў расхрыстанае адзеньне, зірнуў скрозь густое вецьце на сонца і пасігаў буйнымі рашучымі крокамі.

На ўсход… Толькі на ўсход. Або дайсьці, або памерці…

…Гэта было бязьмерна цяжкое і небясьпечнае падарожжа. Дзікім за­ гнаным зьверам туляўся ён па глухіх куткох, дзе можна было ўнікнуць сустрэчы з людзьмі. Ён адчуваў да людзей нейкі тупы органічны страх, які няможна было разьвеяць ніякімі развагамі, які не падлягаў звычай­ным законам лёгікі. Яму было ўсёроўна, ці гэта пан, ці селянін, ці ра­ботнік — яму здавалася, што ўсе-чыста, увесь сьвет узброіўся супроць яго, кожны рад яго затрымаць і аддаць у рукі жорсткага ката. Толькі там, толькі на чароўным усходзе будзе чалавек яму таварыш і брат.

Колькі раз востры нясьцерпны голад прыводзіў яго да якой-небудзь вёскі — ён падпаўзаў да самых будынкаў, знаходзіў спадзейны патаемны куток і сядзеў там, з ваўчынай прагавітасьцю ўглядаючыся ў спакойны рух сялянскага жыцьця. Часам зусім блізка ад яго праходзіў хто-небудзь з сялян, і ён гатоў быў кінуцца да яго, паказаць страшныя раскрывяненыя рукі свае, расказаць ўсё-чыста і папрасіць у яго хоць маленькі ка­валачак хлеба. Але думка пра гэта адразу ўзбуджала ў ім магутны віхор таго зьвярынага страху — ён нецярпліва чакаў, пакуль пройдзе чалавек, і бег адтуль, як няпрытомны, забіваўся ў дзікую глуш, далей ад людзей, далей ад ворагаў, далей ад усяго сьвету.

Або дайсьці, або памерці… Іншага выйсьця няма.

Ён ішоў больш уначы. Толькі вялікія густыя лясы, калі яны трапля­ліся па дарозе, давалі магчымасьць і ўдзень з напружнай сьцеражлівасьцю пасувацца наперад. Звычайна ён з ранку выбіраў сабе бясьпечнае логава і адлежваўся ў ім цэлы дзень, з балючай чуласьцю прыслухваючыся да жорсткіх прыступаў голаду.

Так мінула тры дні і тры ночы. На чацьверты дзень ён пачуў, што далей ня можа ісьці, што голад і змора канчаткова яго зламілі. Ён ледзьве стаяў на нагах, праз кожныя дзесяць-пятнаццаць крокаў яму прыходзі­лася спыняцца і спачываць. У яго хворай сьвядомасьці з упартай назольлівасьцю білася думка аб сьмерці, і чым далей, тым мацней ахапляла істоту п‘янае жаданьне кінуцца долу і больш не ўставаць, акунуцца навек у бяздоннае забыцьцё.

Ён млява цягнуўся па рэдкаму ўзьлесьсю, ад якога адыходзілі пажоў­клыя шнуры ярыны. Сям-там жанчыны яшчэ дажыналі авёс — відаць было, як з павольнай аднамернасьцю ўзьнімаюцца і апускаюцца іхныя сьпіны. Ён ня ішоў да іх, але і не сьпяшаўся ўцякаць—хай сабе ўбачаць, яму ўсёроўна цяпер, які будзе канец.

Каля самага лесу нейкі стары селянін накладае на воз снапы. Яго шаўлюжка з бясьпечным спакоем поркаецца ў рудым аўсянішчы, выбірае нейкую травіну і гучна хрускае зубамі, і ў самога селяніна — у зморшча­ным твары яго, у мяккай сівой барадзе — роўны спакой, дабрадушная млявасьць.

Няўжо і гэта вораг?

На сухіх счарнелых вуснах бадзякі зьяўляецца пустая бязуважная ўсьмешка. Бяз усякага разважаньня, неяк мімаволі, аўтаматычна ён зва­рочвае ў бок, выходзіць з лесу і падаецца проста да селяніна. Той за­ўважыў яго і стаіць, утароплены, ня ведае, ці яму ўцякаць, ці зваць на ратунак, ці моўчкі чакаць, пакуль не падыйдзе гэты дзіўны незнаёмы чалавек.

Што яму трэба? Ці ён п‘яны, што так хістаецца ідучы? Чаму ён выставіў перад сабой свае рукі?

Незнаёмы падышоў і з крывой усьмешкай патрос сваім страшным акрываўленым ланцугом. Потым цяжка, як мяшок, асеў на зямлю і пра­ шаптаў:

— Я чатыры дні нічога ня еў.

Селянін чамусьці вінавата ўсьміхнуўся і з штучнай вясёласьцью запытаў:

— Ці здалёку ідзеш?

— Я ўцёк… Выскачыў з поезда. Мяне везьлі ў турму. Бачыш?

Ён зноў страсянуў сваім ланцугом. Селянін адвярнуўся, каб ня бачыць гэтага страшнога жалеза, і маўчаў, ня ведаючы, аб чым далей гава­рыць. Незнаёмы ўлічыў гэта за варожую халоднасьць і раптам пыхнуў астатнім рэзкім агнём, які яшчэ захаваўся ў яго істоце.

— За вас я, за ўсіх… Не за сябе… За мужыкоў, за хлопаў. Разу­мееш ты, га?

Селянін зьдзіўлена паглязеў на яго.

- За нас… за мужыкоў… А куды-ж ты ўцякаеш цяпер?

Незнаёмы слаба матнуў рукамі на ўсход.

— Туды… Папрабую перайсьці цераз кардон.

Селянін зусім асалапеў. Але зараз-жа ў яго вачох бліснула здагад­ка, і ён ні з таго, ні з сяго заліўся нястрымана-вясёлым сіпучым сьмехам.

— Ха-ха-ха!.. Цераз кардон… ха-ха!.. Ты-ж дзесяць вёрст, як мінуў гэты кардон… Ах ты малец, ты малец… Ну і пацеха з табой…

І стары ніяк ня мог суняць свайго прыязна-вясёлага сьмеху-сіпеньня.

А з незнаёмым дзеялася нешта дзівоснае. Ён кінуўся ніц на зямлю, убіў свой твар у сухое аўсянішча і плакаў, сапраўды плакаў, румзаў, як дзіцянё. Потым ускочыў, бліснуў вачмі і закрычаў, як няпрытомны:

— Праклятыя! Каты! Зьвяры!.. Чакайце!.. Чакайце!..

І ён доўга ў дзікім шалёным гневе гразіў туды, на далёкі захад, сваймі скутымі акрываўленымі рукамі.

II

Зена прытулілася да вакна і глядзела ў халодны, растрывожаны нягодаю сад. Там азьвярэла кідаўся жорсткі, зусім восенскі вецер і бязьлітасна шкуматаў панурыя расьліны. Рэдкія буйныя кроплі дажджу з разгону стукаліся аб вакно і распаўзаліся па шклу касымі сьлізкімі плямамі.

Здавалася, што ніколі ня будзе канца гэтаму шэраму зьмярканьню — з халоднай паклычанай муцьцю за вакном, з злосным скогатам ветру, з беспараднай сумятнёй зьбянтэжаных дрэў. І да-веку астанецца ў душы гэта трывожная разгубленасьць, гэта непакойнае пачуцьцё бяспрытульнасьці.

Чаму не цямнее, не надыходзіць вечар? Чаму так доўга няма Аржановіча?

Зена нярухома глядзіць у затуманены змрокам сад і ў яе памалу пераліваецца ўсё тое беспрасьветна-дзікае мятушэньне. Сэрца ў яе даўка сьціскаецца, хочацца плакаць, хочацца шкадаваць аб нечым добрым-добрым, прыгожым. З балючай яснасьцю ўспамінаюцца нядаўныя дні, поўныя ласкі і радасьці, і трагічная неўзваротнасьць іх давіць сьвядо­масьць тупым цяжарам.

Яна глядзіць у вакно, але ўжо нічога ня бачыць, нічога не прымячае. З вачэй яе сыпяцца сьлёзы, а вусны дрыжаць, імкнуцца скласьціся ў безнадзейна-горкую міну.

Чаму ня ідзе гэты нядобры марудлівы Аржановіч?

Але ўжо чуваць на ганку нечыя крокі. Гэта ён—яна заўсёды пазнае яго па тым, як ён адчыняе і зачыняе дзьверы.

Аржановіч увайшоў у пакой і запаліў электрычнасьць. За вакном ураз пахавалася ўсё ў драпежна-старожкую цемру. Зена адварочваецца ад вакна і з адкрытай радасьцю глядзіць на Аржановіча.

Які ён прыгожы! Высокі, зграбны, з мяккім пяшчотным тварам, з пышнымі, папялястага колеру, валасамі. Які ён добры і чулы! Яна гля­дзіць на яго, як на роднага, як на брата. Яна надзвычайна здаволена, што ён прыходзіць да яе кожны дзень і шчыра перажывае разам з ёй яе гора.

Аржановіч вітаецца і цалуе ёй у руку. Гэта ёй троху не падабаецца. Гэта зусім лішняе, непатрэбнае. Але ён так ласкава і аддана глядзіць ёй у вочы, што можна яму дараваць гэту маленькую няпрыемнасьць.

— Ты зноў плакала, Зена? Ты абяцала мне ўчора, што больш ня будзеш.

Яна замест адказу жаліцца аднатонна-цягучым, як у пакрыўджанага дзіцяці, голасам:

— Чаму цябе доўга так ня было? Я сядзела-сядзела, чакала. На дварэ так няпрытульна, сьцюдзёна—вецер вые, як зьвер... Мне дужа сумна было, здавалася, што ўсе мяне кінулі, што я адна, адна...

Ён нічога ёй не гаворыць, толькі пяшчотна глядзіць на яе і ўсьмі­ хаецца, лашчыць яе сваймі цёмнымі аксамітнымі вачмі. Пад гэтым погля­дам яна адчувае сябе зусім спакойнай і бясьпечнай, быццам ён затуліў яе ад усіх жыцьцёвых нягод, ад усякага няшчасьця. І, у падзяку за гэта, яна робіць яго ўдзельнікам таго інтымнага і таемнага, да чаго яна ўвесь час рыхтавалася і чаму надавала асабліва вялікае значэньне. Яна раптам прымае строгі, амаль-што набожны выраз і шэпча яму:

— Мы пойдзем сёньня да таты. Я яшчэ ні разу ня была там. Я не хацела адна. Мы з табой, Мікола, толькі з табой... больш нікога...

Яна выняла з кішэні ключ і паціху падышла да дзьвярэй бацькавага габінэту. Аржановіч быў каля яе. Яго таксама глыбока працяў урачысты строгі настрой, быццам ён меўся пераступіць цераз парог нейкага таемна-сьвятога месца.

Зена спынілася каля дзьвярэй і як раней, шэптам сказала яму:

— Мне часта здаецца, што тата сядзіць тут... як звычайна... як та­ды... Я выразна чую, як ён кашляе... Мне зусім нястрашна... я люблю гэта... Я наўмысьля падманьваю сябе і некалькі хвілін думаю, што ўсё так, як і тады, што нічога зусім ня было... Ты разумееш, Мікола?

І яна ўпарта глядзела на яго шырокімі вачмі, у якіх разам з шчы­рай, яшчэ зусім дзіцячай наіўнасьцю, цямнела нейкая жорсткая фана­тычная сіла.

Аржановіч маўчаў. Яму здавалася, што цяпер кожнае слова, якое-б ён ні сказаў, няпрыемна парушыць яе напружна-сконцэнтраваны на­строй.

Зена адамкнула дзьверы, і яны ўвайшлі ў габінэт Беразоўскага. Бледна-сіняе сьвятло настольнае лямпы рэдкай патакай разьлілося па гэтаму ціхаму халоднаму пакою. Па куткох прытаіўся дрыготны на­пуджаны змрок.

Тут усё было так, быццам толькі-што вышаў адсюль чалавек, пакінуўшы на стале няскончаную работу, пакінуўшы на ўсім адзнаку сьвежага, пра­сякнутага жыцьцёвым рухам, бязладзьдзя. На стале ляжалі груды кніг і паперы—большасьць кніг былі разгорнутыя, а на аркушох паперы відаць былі зробленыя пасьпешнай рукой запісы і нататкі. Крэсла было на­ўскось адсунута ад стала (так адсунуў яго сам Беразоўскі, як апошні раз уставаў ад свае працы), і гэта асабліва жыва напамінала аб нядаўнай прысутнасьці тут чалавека.

Зена ціха падышла да стала, схілілася прад ім на калены і паклала сваю галаву на ручку бацькавага крэсла. Так стаяла яна хвілін пяць, і ў пакоі ўсё глыбей і глыбей раскрывалася пустая бяздонная цішыня. Аржановічу здавалася, што гэта цішыня паглынае ў сябе цячэньне часу, што ўсё жыцьцё спыняецца, застывае ў аднэй напружна-сьціслай хвіліне.

Потым Зена ўзьняла галаву і абвяла ўвесь пакой цяжкім марудным поглядам. Яна закранула гэтым поглядам і Аржановіча, але ня спыні­лася на ім, быццам не заўважыла яго, не пазнала. Яе вочы былі сухія — яна ня плакала, яна была закамянеўшы ў нейкім халодным драўляным адчуваньні свайго гора.

Аржановіч ціха гукнуў яе—яна здрыганулася і зьдзіўлена паглядзела на яго. Потым успомніла, мусіць, чаго яны прышлі сюды, і ледзь чутна шапнула:

— Ты, Мікола… паглядзі… там…

А сама зноў прытулілася да крэсла і заціхла.

Аржановіч падышоў да стала і дрыжачымі рукамі стаў перабіраць паперы. Гэта былі ўсё паасобныя чарнавыя нататкі—выпраўленыя, пе­ракрэсьленыя розным чарнілам — на іх няможна было разабраць нівод­нага слова. На стале ня было таго, што ён шукаў. Ён з хвіліну пастаяў у развазе і потым асьцярожна выцягнуў верхнюю шуфляду. Там ляжаў вялізны сшытак, апраўлены ў сінюю паперу. На вокладцы ня было ніякага надпісу, але Аржановіч адразу дагадаўся, што гэта той рукапіс, аб якім гаварыў Беразоўскі.

„Пра бацькаўшчыну“…

Ён стаў, як скамянелы, і, забыўшыся на ўсё, моўчкі глядзеў на гэту цьмяную паперу, на гэты таемны тэстамэнт незабыўна-дарагога настаўніка. Прад ім, як жывы, паўстаў вобраз яго — добрага, чулага, бязьмежна адданага сваёй справе, на ахвяру якой паклаў ён жыцьцё.

Аржановіча ахапіла непераможнае жаданьне пачуць з гэтых маўклівых вуснаў мёртвай паперы хоць колькі слоў—жывых, вечных слоў настаўніка. Ён хацеў быў ужо разгарнуць рукапіс, але яго спыніла маленькая халодная рука Зены.

— Не цяпер… не… Пасьля… разам… усе…

Аржановіч згадзіўся. Так, трэба ўсім разам, пасьля. Ен будзе чакаць. Толькі цяжка, надзвычайна цяжка яму стрымаць цяпер сваё захапленьне — яно выбіваецца з грудзей, штурхае на нейкі гарачы, ад сэрца ўчынак.

Ён распаленымі вачмі глядзіць на Зену. У яе таксама на твары глыбокае захапленьню. Яны абодва цяпер як п'яныя, як непрытомныя. І вось ён кладзе руку на рукапіс Беразоўскага, урачыста і горда ўзьнімае сваю прыгожую галаву і гаворыць дрыжачым ад узрушэньня голасам:

— Зена… Ты самы блізкі мне чалавек… Ты мне — сястра… Будзь сьведкай… адна ты… толькі ты…

Ён на момант сьціхае, і ў пакоі зноў бяздонна раскрываецца тая жудасна-пустая цішыня. І потым у гэтай цішыні таемным заклінаньнем гучыць напружна-цьвёрды голас Аржановіча:

— Я прысягаю, што ўсе свае сілы, усё жыцьцё ахвярую на тую справу, якую рабіў мой настаўнік, мой бацька Андрэй Беразоўскі...

Зена ў раптоўным парываньні кідаецца яму на грудзі і плача нэрво­вым надрыўным плачам.

У гэты момант чуваць ад уваходу званок. Аржановіч яе супакойвае:

— Я дзьверы замкнуў. Зараз пайду пагляджу, хто там такі.

Гэта прышоў Сьляпень. Пакуль яны з Аржановічам увайшлі ў ква­тэру, Зена ўправілася ўжо замкнуць габінэт і сядзела ў кутку — дзе менш сьвету — на выгляд зусім спакойная, з ціхім смуткам на твары.

Сьляпень сваёй вялікай энэргічна-рухлівай фігурай унёс у пакой цэлы віхор рэзкай сумятні. Яго вусны крывіла едкая саркастычная ўсьмешка — ён меўся, як і звычайна, гаварыць нешта няпрыемнае. Аржановіч, каб паскорыць выбух, запытаў:

— Што новага?

Сьляпень спыніўся прад ім і глыбокадумна ўпяў у яго свае зіркатыя вочы.

— „Уся справа ў бабе“, як сказаў мой прыяцель—вядомы вам Галакцёнак. „От нее все качества“…

Зена бязуважна азвалася з свайго кутка.

— Вы, Сьляпень, зноў у паход супроць жанчын?..

Сьляпень крута да яе абярнуўся.

— Я? Супроць жанчын? Золатка! Родненькая! Я жанчын люблю больш за табаку… Асабліва, калі з „натурай". „Натура“ — перш за ўсё…

Ён некалькі раз прайшоўся па пакою, потым раптам спыніўся і, сабраўшы ўвесь запас свайго сарказму, працягнуў:

— А ці ведаеце вы, чаму ня прыехаў на пахаваньне Беразоўскага Пражэня?

Яны, зразумела, ня ведалі.

— Я меў вялікі гонар толькі-што бачыць яго вельмішаноўную дру­жыну. Пражэня быў хворы. Зусім сур‘ёзна быў захварэў, цягаючыся з вёскі на вёску. І вельмішаноўная дружына, ведаючы гэта, ня толькі не паехала да яго, а нават не паведаміла нас… Чулі?.. А жанчын я, золатка, люблю, ня турбуйцеся. Асабліва, калі з „натурай“…

Зена памкнулася абараняць Пражэневу жонку.

— Можа ёй ня было часу, можа яна была чым-небудзь занята?

— Занята? Гэта абмежаваная сваім жаночым родам жанчына нічым ня можа больш займацца, апрача штодзеньненькіх камарыных романчыкаў.

— Вы, Сьляпень, надзвычайны пляткар…

Сьляпень падышоў да Зены, стаў перад ёй, заклаўшы рукі ў кішэні, і заківаў галавой.

— Я — пляткар… Ну, вядома! Хіба вы гэтага раней ня ведалі? Я-ж толькі і раблю, што бегаю ды зьбіраю розныя плёткі. Я і сам сачыняю… да­ душы адчыняю… Што-ж нам, маленькім нікчэмным людзёнкам, больш рабіць? Куды нам лезьці з сьвінячым рылам?

Ён гатоў быў бясконца цягнуць сваю злосна-гіронічную тыраду, але Аржановіч перапыніў яго спакойнай заўвагай:

— Трэба сказаць, што Пражэня сапраўды ажаніўся неяк… няпра­вільна…

Сьляпень жвава ўхапіўся за гэтыя словы.

— Ха-ха-ха!.. Гэта цудоўна сказана… Няправільна… Ха-ха!.. Гэта чысты хлеб для нашага брата… Я разьнясу гэтыя словы па ўсяму Менску… так і так таварыш Аржановіч сказаў пра таварыша Пражэню… ха-ха-ха!..

Адсьмяяўшыся, ён зноў некаторы час хадзіў па пакою, пакуль ня ўсплыла на яго новая неспакойная думка.

— Зіновія Андрэеўна! (Ён важна ўкланіўся Зене). Каб апраўдаць сваю пачэсную профэсію, дазволю сабе пацешыць вас яшчэ аднэй пікантненькай плёткай… Установа, у якой я маю гонар займаць адну з найвіднейшых пасад, з сёнешняга дня пераходзіць на беларускую мову. Кіраўнік канцылярыі замест звычайнага „драсьці“ даў мне сёньня з усьмешкай „дабрыдзень“, а машыністачка страшэнна пачырванела, калі я прапанаваў ёй крэсла. Бачыце, крэсла „па-беларуску“ абазначаецца няпрыстойным словам…

Ён зрабіў выразьлівую паўзу і гаварыў далей, усё больш і больш распаляючыся:

— Анэкдоцікі! Жарцікі!.. Беларрусізацыя!.. Дзяржаўнасьць будуем… Узрываем пласты гісторыі, адраджаем мінулае… вольнасьць Полацку, бляск залатога веку Літвы… чарадзейную сілу Усяслава… гордую не­пакорнасьць Рагнеды… Ха-ха-ха!.. Ужо ўецца высока ў хмарах магутная постаць „Пагоні“… Крэкча бабулька Крывія, узьнімаецца, лезе на свой старадаўны пасад… ха-ха-ха!.. Замест „стула“ ўжо — няпрыстойнасьць… Мужычы лапаць на дываны на пэрсыцкія… Жарцікі… ха-ха-ха!.. Анэк­доцікі…

Сьляпень крычаў, як няпрытомны. З сваёй горка скрыўленай фізыономіяй, з сваймі хваравіта-бліскучымі вачмі—ён здаваўся цяпер жывым увасабленьнем нейкага дзікага дэмонічнага скептыцызму. Ён так разь­лютаваўся, што не зьвяртаў ужо ніякае ўвагі на сваіх размоўцаў. Ён не заўважыў нават, з якім нявымоўна-радасным захапленьнем глядзела на яго ў гэты момант Зена.

Дачка Андрэя Беразоўскага ў яго парываньні бачыла неспакойны дух свайго нябожчыка-бацькі, і шчасьлівая гордасьць поўніла яе сэрца. У гэты момант яна шчыра любіла гэтага разьюшанага злосьцю чалавека, яна гатова была, як і там, з Аржановічам, кінуцца на грудзі яму і плакаць — ад гора і шчасьця.

Сьляпень ужо змоўк і загнаным зьверам кідаўся па пакою. Зена з пяшчотнай мяккасьцю гукнула яго:

— Сьляпень! Досыць ужо лютаваць. Хадзіце, сядзьце тут, каля мяне, я нешта вам раскажу.

Яна расказала пра знойдзены рукапіс, а потым, захапіўшыся, пачала апавядаць пра бацьку, успамінаць яго апошнія дні. Сьляпень ураз сьціха­мірыўся і ўважна слухаў, панура схіліўшы сваю кудлатую галаву. Зда­валася, што ён чамусьці адчувае сябе вінаватым.

III

У сярэдзіне верасьня была першая па леце вечарына ў Саўкі Малахавіча. Гэтыя традыцыйныя вечарыны, прасякнутыя таварыскай цеплатой і бязрупатнай весялосьцю, заўсёды зьяўляліся прытулкам, дзе можна было знайсьці поўны спакой і адпачынак. Саўка Малахавіч—любы сівенькі дзядок — умеў быць бязьмежна ветлым, уважлівым гаспадаром, умеў са­грэць усіх сваёй шчырай ласкай, зьвязаць усіх пачуцьцём дружнай еднасьці і аднадумства.

Адылі гэтая вечарына ня зусім удалася. Два прыкрыя інцыдэнты па­рушылі яе зладную плынь: Сьляпень зноў рэзка палаяўся з Пражэневай жонкай, а гарэза Кухцік (можа і няўмысьля?) пакрыўдзіў Саўку Малахавіча.

Зена прышле на вечарыну разам з Аржановічам. Ужо было сабраў­шыся троху народу. У габінэце гаспадара мужчыны гулялі ў прэфэранс (сярод іх быў і Сьляпень), рэшта ў суседнім пакоі, згрупаваўшыся невялічкімі купкамі, вялі стрымана-вясёлую гутарку.

У кутку, ля грубкі, у кампаніі двух хлапцоў (адзін з іх — Кухцік, малады поэта) стаяла Тацяна, Пражэнева жонка. Зена заўважыла яе і адразу да яе падышла.

Тацяну часта называлі прыгожай, але ў прыгостве яе было больш пікантнасьці, чымся дасканалай правільнасьці форм і ліній. Яна была троху вышэй сярэдняга росту, стройная, з тонкай, амаль-што хлапецкай фігурай. Твар яе быў абсолютна няправільны (шыракаваты нос, нізка навіслыя бровы), але разам з гэтым было ў ім нешта няўлоўна-прыгожае, што надавала яму вострую жывую прывабнасьць. Яшчэ вочы яе маглі падабацца — чорныя, аксамітныя, з неразгадна-таемнай глыбінёй. У яе была прывычка — насупіць бровы і сярдзіта павесьці вачмі. Тады, гле­дзячы на яе, цяжка ўстрымацца было, каб не засьмяяцца.

Зена запытала Тацяну пра мужа. Тая мэханічна, не задумаўшыся, адказала:

— Скора прыедзе.

І зноў занялася сваёй пустой балбатнёй з хлапцамі. Зена пытала далей:

— Ці праўда, што ён быў хворы?

— Хто? Пражэня?

У яе вачох зьявілася ледзь прыкметнае замяшаньне.

— Ён быў хворы. Але ён напісаў мне толькі тады, як палепшаў. У яго заўсёды так…

Зена больш не распытвала. Яна ўбачыла свайго (як і кожнай жан­чыны) прысяжнага абажальніка Галакцёнка — прыземістага, камлюкаватага кавалера гадоў пад сорак — і ахвотна пашла слухаць яго грубавата-адкрытыя, але часам спрытныя комплімэнты.

Саўка Малахавіч сёньня наладзіў поўнае баляваньне. На вячэру былі селядцы, гарачая сопкая бульба, цудоўная верашчака з блінамі і шмат чаго іншага. Было троху і віна—якраз столькі, колькі патрэбна было для таго, каб канчаткова сьцерці тую сьцеражлівую стрыманасьць, якая магла яшчэ быць паміж некаторых гасьцей.

Ужо за вячэрай пачуўся раптам званок, і Саўка Малахавіч пасьпешна пабег сустракаць познага госьця. Праз хвіліну ён увёў у пакой маладога хлопца і з вясёлай урачыстасьцю агаласіў:

— Дазвольце пазнаёміць усіх… Лявон Камяга, эмігрант з Заходняй Беларусі…

Усе зьвярнулі пільную ўвагу на новага чалавека. Ён стаяў у парозе і ўсьміхаўся — троху сарамліва, троху самаздаволена. Саўка Малахавіч падвёў яго да стала, і ён пачаў абхадзіць усіх—з кожным вітаўся за руку і кожнаму з коміннай выразнасьцю паўтараў:

— Камяга… Камяга… Камяга…

Тацяна ня вытрымала і проста ў твар яму засьмяялася. Ён зьдзіўлена зірнуў на яе, адылі ўбачыў яе вясёлы шальмавата-гарэзьлівы твар і за­сьмяяўся сам.

Госьця пасадзілі поплеч з Зенай, і ёй гэта ўпадабалася. На яе адразу добрае ўражаньне зрабіў надворны выгляд гэтага чалавека. У яго былі сьветлыя кучаравыя валасы, буйны адкрыты твар, з мяккімі прыемнымі рысамі, з троху целепаватым носам і вялікім дзіцячым ротам. У ім было бязьмеры многа прастаты і непасрэднасьці — гэта адразу выявілася ў іхнай гутарцы. Ён запытаў у яе, хто яна такая, і, калі даведаўся, што яна дачка нябожчыка Беразоўскага, бесцырамонна ўпяў у яе свой погляд, поўны вострай цікавасьці і захапленьня.

— Як добра… я і ня ведаў зусім… Я дужа рад, што вас убачыў… Якая вы прыгожая, да-душы… Я і думаў, што вы такая…

Потым ён мусіць успомніў, што трэба выказаць ёй спачуваньне і памкнуўся гэта зрабіць — сказаў з нейкім капрызным нездаволеньнем:

— Чаму гэта памёр ваш бацька? Я так хацеў быў пабачыць яго. Як бег сюды, я часта яго ўспамінаў… Нават тады, перад сьмерцю… (Ён засьмяяўся з свае няўмыснае памылкі). Кажу—перад сьмерцю… Як пагра­жала сьмерць… з голаду…

Пры гэтых словах ён машынальна зірнуў на свае рукі. Зена таксама паглядзела на іх і заўважыла, што яны абедзьве перавязаны.

— Што гэта?

Ён з шчасьлівай давольнасьцю выставіў свае рукі.

— Гэта — ад кайданаў. Здорава парэзалі, яшчэ дасюль раны не за­гаіліся. Я пакажу потым, калі хочаце. Мусіць, знакі астануцца назаўсёды…

У Зены зашчымела сэрца ад жалю. Яна пасьпешна зьмяніла гаворку:

— Вы хіба зналі тату?

— У нас усе яго зналі… Любілі яго. Ён-жа тады яшчэ, за царом, змагаўся за Беларусь… у турме колькі сядзеў… пакутваў… Цяжка было тады… як цяпер там, у нас…

Ён памаўчаў хвіліну і з хітраватай усьмешкай пахваліўся:

— Я і яшчэ шмат каго знаю. Я і тут некаторых магу адгадаць.

І ён, таемна нахіліўшыся да яе, пачаў называць прозьвішчы сваіх суседзяў. У большасьці ён памыляўся, і гэта абоіх іх дужа сьмяшыла.

За сталом узьнялося шумлівае ажыўленьне. Усе наперабой гаварылі, сьмяяліся, агалашалі гучныя тосты, хоць даўно ўжо ўсё было выпіта. На адным канцы стала сядзела Тацяна і жвава лапатала аб нечым з сваймі хлопцамі. Там-жа прыцёрся і Галакцёнак. Тацяна, як і звы­чайна ў такіх выпадках, перайшла на расійскую мову. Сьляпень заўва­жыў гэта і зьвярнуўся да свае суседкі, але так, што чуваць было на ўвесь стол:

— Ёсьць такія тонкія рэчы, якія ніяк ня выкажаш грубой беларускай мовай.

Тацяна пачула і зразумела, але наўмысьля не зьвярнула ўвагі і ла­патала далей. Сьляпень троху счакаў, потым устаў і папрасіў слова для тосту.

— За велікій прэкрасный русскій язык, ісключыцельно прэдназначэнный для выражэнія благородных чувств чэловека!

Тацяна ня вытрымала і ў тон яму адказала:

— За велікадушных самаахвярных людзей, якія не шкадуюць часу, каб бясконца блытацца ў чужыя справы!

— Асабліва, калі справы цёмныя…

Тацяна ўся загарэлася і крыкнула рэзкім задорным голасам:

— Што вы хочаце гэтым сказаць?

Сьляпень скрывіўся ў цынічнай усьмешцы.

— Тое, аб чым ня шкодзіць пагаварыць з вамі вашаму мужу...

Гэта было занадта груба — Сьляпень бязумоўна адчуваў гэта і сам; ён можа наўмысьля і выбраў такі няпрыгожы агідны спосаб, каб валь­ней дадзець, каб самай формай — ня толькі, што зьместам нанесьці абразу. Але і Тацяна зрабіла зусім па-дзівацку: яна схапіла са стала скарынку і злосна шпульнула яе ў твар непрыяцелю. Потым густа па­чырванела і з сьлязьмі на вачох уцякла ў суседні пакой.

На колькі хвілін настала агульнае замяшаньне. Саўка Малахавіч пасьпешна выскачыў з застольля і пабег за Тацянай. Сьляпень, утуліўшы галаву, злосна бліскаў сваймі распаленымі вачмі. Усе маўчалі, ня ведаючы, як рэагаваць на гэта здарэньне.

Хмару разьвеялі хлопцы, што сядзелі разам з Тацянай. Адзін з іх ціхенька пырснуў, другі адкрыта засьмяяўся, да іх далучыўся Галакцёнак. І тады ўжо пашло: хто выдумляў які жарт, хто сьмяяўся — адылі так, каб ня чуваць было ў суседнім пакоі.

Тацяна выпіла тады, як скончылася вячэра. Яна зноў была вясёлая, гаваркая, быццам нічога і ня было, — толькі ўпарта ня ўзьнімала вачэй на Сьляпня ды сьцеражліва абыходзіла тое месца, дзе ён знаходзіўся.

Пасьля вячэры частка мужчын заселі зноў за прэфэранс, іншыя завялі політычную гутарку, а Саўка Малахавіч сабраў вакол сябе купку моладзі і закамандаваў сьпяваць беларускія песьні. Ён сьпяваў і сам — ціхенька, каб ніхто не пачуў, — а калі няўпрыцям заводзіў троху мацней, дык рабіў страшэнна спалоханыя вочы і пасьпешна затыкаў рот рукамі.

Галасоў добрых ня было амаль-што ні ў кога. Але ў кожнага было пачуцьцё, замілаваньне да роднае песьні, кожны ўкладаў у сьпевы ўсё сваё сэрца. І выходзіла зусім прыгожа. Памалу каля сьпевакоў сышліся бадай-што ўсе, хто быў у хаце. А Саўка Малахавіч так расхадзіўся, што адважыўся прадэклямаваць аблюбёны свой верш—„Маладая Беларусь“. Усе ня раз ужо чулі з яго вуснаў гэты прыгожы купалаўскі верш, але адназгодна выказалі жаданьне слухаць яго і цяпер.

Стары дэклямаваў з захапленьнем. Яго тонкі сіпаваты голас набываў вострую патэтычную напружанасьць і дрыжэў ад наплыву пачуцьця. У найбольш моцных мясцох ён зусім перарываўся, і тады старому прыходзілася з рэзкай патугай выкрыкваць паасобныя словы. А заключ­ныя радкі ён прачытаў амаль-што са сьлязьмі на вачох:

Падымайся з нізін, сакаліна сям‘я.
Над крыжамі бацькоў, над курганамі!
Занімай, Беларусь, маладая мая.
Свой пачэсны пасад між славянамі!

І вось тут якраз трэба было вытыркнуцца гэтаму пракудніку Кухціку. Ён прапанаваў таксама прачытаць адзін свой верш і, атрымаўшы шумлівае запрашэньне, стаў у адпаведную постаць.

— Загаловак майго новага вершу—„Дырдом“.

Нехта нясьмела спытаўся:

— Што гэта „дырдом“?

Кухцік крыва зірнуў на яго.

— Дагары нагамі.

І пачаў чытаць. Верш быў напісан гладка і звонка—нават з залішнім рытмічным бляскам, — але сапраўды ўсё ў ім было дырдом. Ашалелыя вобразы лезьлі адзін на аднаго, куляліся, перакідаліся, рабілі самыя дзівосныя сарто-мортале. Палкія эпітэты спляталіся з гарэзьлівымі параў­наньнямі ў нейкім дзікім экзотычным танцы. І над усім гэтым — гром жудасных алітэрацыі маланкі нечакана-сьмелых рыфм і асонансаў, сіпеньне, сьвісьценьне, гудзеньне і г. д.

У іншых абставінах гэты верш бясспрэчна мог зрабіць уражаньне сваім сьвежым задорам, сьмеласьцю форм, сваёй рэзкай дынамічнасьцю. Але тут, пасьля глыбока-прачулага інтымнага дэклямаваньня Саўкі Малаканіна, ён здаўся пародыяй. Таму, калі аўтар кончыў чытаць і, зірнуўшы на публіку гордым поглядам пераможца, змыўся некуды ў дальні куток, — зноў, як і там, за сталом, апанавала ўсіх прыкрае замяшаньне. Небарака Саўка Малахавіч няўцямна лыпаў вачмі і гатоў быў заплакаць. Ён улі­чыў гэта выступленьне за абразу лепшым сваім пачуцьцям і канчаткова ня ведаў, што яму цяпер рабіць. Але, не ўважаючы ні на што, ён астаўся далікатным, ветлым гаспадаром: ён сабраў колькі было ў яго сілы і скрозь сьлёзы пахваліў Кухцікаў верш:

— Прыемны верш… Складны такі, мілагучны…

Казалі потым, што гэта Кухцік наўмысьля пакрыўдзіў Саўку Малахавіча. Але Галакцёнку давялося падгледзець, як ён, змыўшыся з пярэд­няга пляну, зусім сьвядома і выразна засьмяяўся ў кулак.

Але хто іх там разьбярэ…

Так скончылася гэта ня зусім удалая вечарына ў Саўкі Малахавіча. Адзіны, каго абсолютна не кранулі гэтыя няпрыемнасьці, хто дастаў сабе поўнае здаволеньне і асалоду, гэта быў Лявон Камяга. Ён вяртаўся да хаты з ружовым хмелем у галаве, з радасным узрушэньнем ва ўсёй сваёй істоце. У вушшу зьвінелі адгалоскі вясёлае гутаркі, сьмеху, шчымліва-салодкіх беларускіх мэлёдый, а ў ваччу плаваў прыгожы вобраз Зены Беразоўскай.

Ідучы, ён кожную хвіліну з здаволеньнем сам сабе напамінаў, што Зена запрашала яго абавязкова прыйсьці да яе на кватэру.

IV

Першыя дні свае ў Менску Лявон Камяга перабыў у тлумным вадзе бясконца-яскравых уражаньняў, якія падсьцерагалі яго ўсюды, куды-б ён ні паткнуўся. Гэта быў для яго новы сьвет, зусім не падобны на тое чорнае беспрасьветнае царства, з якога яму нейкім дзівам пашчасьціла выбрацца.

Спачатку яго ашаламіў быў такі рэзкі пералом, такая парадоксальная зьмена надворных абставін і моральных норм: тое, што там лічылася ўзорам пахвальнае дабрачыннасьці, што станавіла адзнаку шляхетнага гонару, тое тут сустракала ганьбу і пагарду; і, наадварот, тое, што раз­глядалася там, як злачыннасьць, тут абуджала ва ўсіх павагу і спачуваньне. Ён і сам—злосны небясьпечны злачынец, якога, закутага ў кайданы, перавазілі з турмы ў турму, выбіраючы яму найбольш глухую і надзейную схову, — ён тут знайшоў так многа ласкі, так многа шчырай прыязнасьці, ён стаў тут пачэсным грамадзянінам, амаль-што героем. Гэта было настолькі дзіўна і нязвычайна, што былі хвіліны, калі ён траціў звычайнае адчуваньне жыцьця і пачынаў глядзець на ўсё — у тым ліку і на сябе — неяк збоку, як на цікавую кінематографічную карціну.

З ранку да вечара Лявон, ня чуючы зморы, бязупынку хадзіў па гораду. Ён з дзіцячай цікавасьцю разглядаў незнаёмыя будынкі, спыняўся перад табліцамі і па некалькі раз іх перачытваў. Як сьвежа, як неабыкла выглядалі на гэтых важных рознакалёрных надпісах простыя мужыцкія словы!

Ён пільна прыслухваўся да гутаркі сустрэчных людзей, стараўся ўлавіць кожнае слова і ўсё пачутае зьвязваў у адзін пярэста-шумлівы сказ вуліцы. І колькі новага, незнаёмага яму было ў гэтым сказе! Калі-ж даводзілася яму пачуць беларускую гутарку, ён спыняўся сярод дарогі, быццам убачыўшы раптам свайго добрага знаёмага, і ўпарта глядзеў на размоўцаў, пакуль яны ня зьнікалі з вачэй.

Часам у яго ў самога зьяўлялася прагнае жаданьне пагаварыць. Тады ён уваходзіў у першую па дарозе ўстанову, выдумляў сабе справу і заводзіў станавітую гутарку з якім-небудзь дзелаводам. Адно слова „таварыш“ давала яму цэлае здаволеньне, і ён устаўляў яго ўсюды, дзе толькі была магчымасьць. Канчалася гэта звычайна на тым, што дзелавод далікатна яму намякаў, каб ён не перашкаджаў працаваць. Але ён ня крыўдзіўся, ані-ні! Ён дабрадушна ўсьміхаўся і ішоў далей рабіць свае бясконцыя назіраньні. Ён не заўважаў нават таго, што дзелавод праводзіў яго зьдзіўленым падазроным поглядам.

На другі дзень пасьля вечарыны ў Саўкі Малахавіча Лявон, як і звычайна, вышаў пацягацца па гораду. Толькі ўзышоў ён на адну з цэнтральных вуліц, як раптам, адкуль быўшы, на яго наляцела цэлая зграя моладзі. Сярод іх быў Кухцік і той другі, што разам з ім завіхаўся каля Тацяны. Хлопцы абкружылі яго шчытным шумлівым колам.

— Во ён… Той самы, што скінуўся з поезда…

— Лявон Камяга!

— Здароў, братка! Здароў…

Яны — зусім яму незнаёмыя — адзін перад адным сьпяшаліся з ім прывітацца і моцна, па-маладому, ціснулі яго рукі. Ён ледзьве спраўляўся сказаць кожнаму сваё прозьвішча.

Гэта былі ўсё падлеткі гадоў па семнаццаць па восемнаццаць, а можа яшчэ і маладзей. У першы момант яны здаліся Лявону дужа падобнымі адзін на аднаго, і ён нават блытаўся ў гутарцы, забываўся, хто зрабіў яму тое ці іншае запытаньне, каму ён павінен адказваць. Але ўсе яны былі шчырыя, простыя і надзвычайна вясёлыя хлопцы, — ён адразу пачуў сябе сярод іх сваім чалавекам, быццам з усімі знаўся ўжо не адзін год.

Яны зараз-жа пацягнулі яго з сабой. Ён абсолютна ня ведаў, куды яны ідуць, і ня быў упэўнены, што яны самі ведаюць гэта—у іх усё рабілася на-хаду: на-хаду ўзьнікалі пропозыцыі, на-хаду прымаліся і нахаду касаваліся. Адно было ясна, што з палону іхнага вырвацца будзе нялёгка.

Так яно і выiла. Увесь той дзень Лявон не разлучаўся з хлопцамі, і гэта дало магчымасьць яму больш-менш дакладна пазнаёміцца з імі. Большая частка з іх былі поэты. Але, па-праўдзе кажучы, ня дужа лёгка было ў іх азначыць, дзе канчаецца поэта і пачынаецца звычайны чалавек. Былі сярод іх такія, што напісалі адзін ці два вершы, былі і такія, што ня пісалі зусім, — гэта, аднак, не перашкаджала ўсім ім мець агульныя інтарэсы і клапаціцца аб агульных справах. Адны з іх працавалі ў рэдакцыях беларускіх газэт і часопісаў, другія служылі ў іншых мясцох, трэція вучыліся, але ўся іхная праца, дзе б яна ні праводзілася, нейкім дзіўным парадкам злучалася ў адно суцэльнае. Кожнага ў роўнай меры цікавіла як тое, што робіць ён сам, так і тое, што робяць яго таварышы.

Яны жылі і працавалі ў розных канцох гораду, але, не ўважаючы на гэта, рэдка каму траплялася ўбачыць каго-небудзь з іх аднаго: яны заўсёды хадзілі шумлівай вяткай. Заўсёды ў іх былі нейкія свае клопаты — нешта яны меркавалі, абгаварвалі нейкія пляны, бегалі па ўстановах, здабывалі сродкі. Ні на хвіліну не пакідаў іх бурлівы запал і ня было меры іх маладой задорнай энэргіі.

Гэта быў малады атрад беларускага „Sturm und Drang‘а“ , гэта былі гарэзныя дзеці нядаўнае рэволюцыйнае завірухі.

На вялікае дзіва, сярод гэтае моладзі Лявон сустрэў аднаго зусім сталага чалавека — гадоў у трыццаць ці больш — з цьмяным, нібы паліналым тварам, з маленькімі рухавымі вочкамі, з загранічным пэнснэ на носе. Гэты чалавек назваў сябе доктарам Хамялевічам і пахваліўся, што ён зусім нядаўна прыехаў з Бразыліі, дзе жыў бяз малага дзесяць гадоў. Ён ня мог там больш аставацца, калі даведаўся пра ўтварэньне Беларускай рэспублікі, і з вялікімі цяжкасьцямі перабраўся сюды.

Хамялевіч браў актыўны ўдзел ва ўсіх клопатах моладзі, хаця асаблівага аўторытэту — як старэйшы сярод малодшых—ня меў. Калі да яго хто зьвяртаўся, ён з комічнай пасьпешнасьцю выцягваў шыю, стараючыся як мага бліжэй падставіць левае вуха (на правае ён, пэўна, ня чуў), а, выслухаўшы, з інтымным падміргваньнем ківаў галавой (— мы адзін аднаго разумеем! —) і сьмяяўся нейкім ні то дужа шчырым, ні то ўгодлі­вым сьмехам.

Гэты чалавек адразу зацікавіў Лявона, і ён рашыў бліжэй да яго прыгледзецца. Магчымасьць гэтага знайшлася ў той самы вечар.

Яшчэ ў часе полудня (палуднавалі ўсе разам у нейкай бруднай сталоўцы) была праведзена падрыхтоўка да літаратурнага выступленьня, якое мелася быць сёньня ўвечары ў адным з гарадзкіх клюбаў. Быў вылучаны дакладчык, прызначана, каму што чытаць. Аб тым, што Лявон павінен ісьці разам з усімі, не магло быць нават і гутаркі. І Лявон ня каяўся, што пашоў: гэты вечар зрабіў на яго надзвычайна моцнае ўражаньне.

У клюбе было поўна народу — пераважна моладзі. Поэтаў сустрэлі вясёлым прыязным шумам, у якім блыталіся звонкія аплёдысмэнты з сяброўскім сьмехам, з жартамі. Поэты гужам прайшлі цераз залю, нясучы на сваіх тварах урачыста-напятую важнасьць. Бліжэйшыя бесцырамонна паказвалі на іх пальцамі і называлі адзін аднаму іхныя прозьвішчы. Адылі гэта поэтаў амаль-што не турбавала.

Вечар пачаў Вітушка — невялічкі белабрысы хлапец, у рудой, фарсіста зьбітай на патыліцу, кепцы. Не пасьпеў ён сказаць некалькі слоў, як аднекуль з кутка пачуўся грубы нахабны голас:

— Гаварыце па-руску!

Нехта памкнуўся яго падтрымаць, але на іх дружна ўсе сыкнулі і яны змоўклі. Вітушка пачуў спрыяючае паветра і з езуіцкай пакорлівасьцю зьвярнуўся да публікі:

— Калі ўсе хочаце, каб па-расійскую. Толькі мне дужа цяжка будзе гаварыць…

Яму адказалі дружнымі крыкамі:

— Па-беларуску! Па-беларуску!.. Хто гэта там? Ня хочаш—ня слухай. Можаш вымятацца адсюль!

Вітушка абярнуўся ў той бок, дзе сядзеў аматар расійскай мовы, і з той-жа беспараднай пакорлівасьцю разьвёў рукамі, быццам хацеў сказаць яму:

— Што-ж, нічога, брат, не парадзіш, раз усе так жадаюць…

Ох, і хітры-ж хлапец гэты Вітушка!

Ён пачаў свой даклад пра беларускую літаратуру. І што гэта толькі быў за даклад! Ён гаварыў аб усім-чыста, апрача літаратуры: гаварыў аб даўнейшай незалежнасьці Беларускай дзяржавы, аб стагодзьдзях нацыянальнага ўціску пад Польшчай і царскай Расіяй, аб політычным, экономічным бяспраўі сялян і рабочых за панаваньнем буржуазіі, аб жудасным прыгнечаньні, аб зьдзеках; гаварыў аб тым, як вызваліла працоўных Кастрычнікаўская рэволюцыя, як разьвязала яна нацыянальнае пытаньне, як дала магчымасьць і беларусам разьвіваць родную сваю культуру.

Ён гаварыў зусім ня так, як гавораць зазвычай прамоўцы. Ён ня ўмеў гаварыць, і ў гэтым была галоўная прычына яго ўдачы. Ён сьпяшаўся, блытаўся, паўтараў па некалькі раз адну думку, махаў бязладна рукамі, зьвяртаўся да публікі з запытаньням або прасіў у яе дапамогі, калі ніяк не знаходзілася патрэбнае слова. Гэта надавала яго прамове характар гутаркі і завязвала інтымную блізкасьць паміж ім і слухачамі.

Цэлая бура аплёдысмэнтаў пакрыла канец яго дакладу. Частым дажджом пасыпаліся запіскі — ён сам зьбіраў іх па сцэне, прачытваў і даваў спрытныя жартліва-вясёлыя адказы. Запытаньні былі прыблізна такія:

„Калі была Беларусь незалежнай дзяржавай?“
„Які самы лепшы беларускі поэта?“
„Колькі насельнасьці ў БССР?“
„Ці добра быць поэтам?“
„Ці жанаты т. Вітушка?“
„Хто выдумаў беларускую мову?“
„Вы мне дужа ўпадабаліся“…
І г. д.

Адказы на запытаньні канчаткова ўстанавілі паміж поэтамі і слуха­ чамі самыя шчырыя прыяцельскія адносіны. Чытаньне вершаў сустра­ кала такое бурнае захапленьне, што гэта ў значнай меры зьдзіўляла самых поэтаў. Але найцікавейшы быў канчатак. Ен быў нечаканы для ўсіх і асабліва для Лявона. Калі ўсе поэты перачыталі сваю творчасьць, Вітушка выступіў і ўрачыста агаласіў:

— Тут, сярод нас, знаходзіцца эмігрант з Заходняе Беларусі Лявон Камяга. Ён быў засуджаны польскімі катамі на... сьмяротную кару, але ратаваўся, выскачыўшы на ўсім хаду з кур'ерскага поезда… Два тыдні ён галодны блукаў па лясох, потым пад стрэламі польскіх жандараў перайшоў праз мяжу і з кайданамі на руках прышоў сюды, да нас... Слова мае т. Камяга...

Што было рабіць? У залі грымелі воплескі, скрозь іх прабіваліся нэрвова-ўзьнятыя галасы — просім, просім! — а Лявон сядзеў, нібы прыстыўшы да крэсла, і ня мог зварухнуцца, ня мог прыдумаць, што-б такое зрабіць, каб выбрацца з гэтае нечаканае пасткі. Яго падхапіў падпашкі нехта з хлапцоў і выпіхнуў на сцэну. Шум у залі падвоіўся, некаторыя паўскакалі з крэслаў, і ў асалапелага Лявона ўпілося некалькі соцень вачэй. Тады здарылася з ім нешта нязвычайнае. Гэтыя сотні гарачых напружных поглядаў улілі ў яго нейкі цудоўны агонь, ад якога ў нутры ў яго ўсё закіпела, забурліла віхурай палкага пачуцьця. І ён закрычаў, перамагаючы шум, — няскладна, абрыўчата, як няпрытомны:

— Таварышы! Браты!.. Там мучаць нас… забіваюць… жыць не даюць… Каты! Зьвяры!

Ён сударгава выцягнуў перад сабой свае рукі.

— Таварышы! Вось, глядзеце… яшчэ цяпер раны на іх… ад кайданаў… Але гэтыя рукі яшчэ возьмуць стрэльбу… Я кажу… я прысягаю… За нашых братоў!.. За волю!.. За вольную Беларусь!..

Усё, што потым было, прайшло для Лявона, як нейкі няясны блытаны сон. Ён не заўважыў зусім, як апынуўся раптам у залі, як моладзь гоўтала яго на руках, як усе нешта пелі, нешта крычалі, некуды парываліся. Трохі ачуліўся ён толькі тады, як вышаў з клюбу, як разьвітаўся з усімі хлопцамі і, яшчэ поўны нэрвовага ўзрушэньня, шпарка пасігаў па змрочнай вуліцы ў той бок, дзе быў яго часовы прытулак.

Адышоўшыся на добрыя гоні ад клюбу, Лявон раптам пачуў за сабой фамільярна-грубаваты голас:

— Во разагнаўся… Ніяк не дагнаць…

Ён здрыгануўся ад нечаканасьці і азірнуўся. За ім сьледам ішоў доктар Хамялевіч і, ласкава ўсьміхаючыся, ківаў яму галавой.


Працяг будзе.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.