Крытычныя мамэнты ў жыцьці купалы і коласа — паводле іх твораў
Крытычныя мамэнты ў жыцьці Купалы і Коласа — паводле іх твораў Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1932-1934 Крыніца: Novaja Varta, 1932, № 2; 1934, № 3 |
У жыцьці кожнага чалавека бываюць мамэнты або і даўжэйшыя пэрыяды, якія прынята назваць крытычнымі. Гэтыя мамэнты часта маюць характар духовага пералому, пасьля якога ў душы чалавека пачынаецца нешта зусім новае, або прадстаўляюць сабой толькі надлом, часовы духовы разброд, і пасьля яго чалавек ізноў варочаецца да старое раўнавагі.
Ясна, што кожнае такое перажываньне мусіць мець нейкія аб’ектыўныя прычыны, каторыя яго выклікаюць. І чым мацней дзеець пэўная прычына, тым больш рэзкім, больш глыбокім бывае і той духовы пералом або надлом, які чалавек перажывае.
А тое, што зьяўляецца зусім зразумелым і нармальным у звычайных людзей, тое тым балей будзе зразумелым у людзей з асабліва чуткай, уражлівай — так сказаць, не нармальнай, не звычайнай душой. І мо найбольш яркія формы маюць гэтыя крытычныя мамэнты ці пэрыяды ў паэтаў, а біяграфіі песьняроў усіх народаў і ўсіх часоў найлепш пацьвярджаюць гэты тэзіс.
Сягоньня мы зьвернемся да нашае беларускае паэзіі ў асобах найвыдатнейшых прадстаўнікоў яе, якімі бясспрэчна трэба лічыць Купалу і Коласа. Іх творчасьць найлепей раскажа нам, што і яны мелі такія крытычныя мамэнты, калі важыўся лёс усяго іх далейшага жыцьця і паэтыцкае працы.
А тое, што акурат сёлета абодва яны канчаюць 50-ты год свайго жыцьця, робіць нашыя разважаньні аб іх асабліва актуальнымі.
Пачнем з Купалы.
Купала — сын вёскі, сын хлебароба-безьзямельніка, які ўсё сваё жыцьцё працаваў на зямлі — на чужой зямлі. Вузкое было тое кола спраў і інтарэсаў, у якім зачынялася жыцьцё сям’і Купалы. Шырэйшы прамень сьвятла — з «другога сьвету» — пранікае ў жыцьцё песьняровае ў той пэрыяд, калі ён жыве ў Бясядах і мае доступ да бібліятэкі былага паўстанца-катаржаніна і рэвалюцыянэра, старога Чаховіча. «Другі сьвет» вабіць Купалу да сябе, прымушае летуцець аб іншым жыцьці, родзіць думкі аб славе. І родзіць бунт проці таго буднага, штодзённага жыцьця безьзямельнікаў, якія прымушаны пакорна цярпець ўсялякія зьдзекі і крыўды з боку земляўласьнікаў, на зямлі каторых ім давялося працаваць. І рвецца з грудзей Купалавых скарга ў неба, яго жалейка бярэ сумныя тоны, якія толькі ад часу да часу ажыўляе даволі горкая іронія. Мала новага ўнесла ў душу паэты і ягоная праца на становішчы работніка-практыканта на панскіх браварох. Мо толькі пашырылася пачуцьцё сацыяльнае крыўды — зь сялян на рабочых.
У 1908 годзе рэдакцыя «Нашае Нівы» выклікае Купалу на працу ў Вільню. Тут ён і стыкаецца першы раз бліжэй з тым «другім сьветам», аб якім даведаўшыся толькі з кніжак (— бо ж з даўнейшых адведзінаў Менску лічыць нельга: лішне яны былі мімалётныя і рабіліся у зусім іншых варунках). А цераз год зь Вільні Купала перабіраецца ў Пецярбург. І яшчэ ярчэй бачыць ён тое нязьведанае, але прывабліваючае жыцьцё, аб якім на вёсцы толькі мог летуцець. — Якое ж уражаньне робіць гэтае новае жыцьцё на песьняровую душу?
Трэба сказаць, што жыцьцё ў вялікіх местах сьпярша як бы аглушыла Купалу. У месьце ён прачувае быццам нешта чужое — варожае. І зусім не прыпадковым трэба лічыць той факт, што аб месьце Купала ня піша нічога. Места, аб якім летуцеў наш пясьняр на вёсцы, і места, зь якім спаткаўся на дзеле, — гэта дзьве розныя рэчы. У чужой, варожай стыхіі Купала зачыняецца ў сабе, як той сьлімак у сваей шалупіне, і жыве нейкім асаблівым — замкнёным жыцьцём, адгароджаны ад бурлівага ходу мястовага жыцьця. Сумна яму на душы, — але гэта ўжо ня толькі той сум пакрыўджанага сацыяльнай несправядлівасьцяй селяніна-безьзямельніка, каторы жаліўся на свой горкі лёс і пагражаў помстай крыўдзіцелям у вершах «Жалейкі»: гэта ўжо нешта больш шырокае, гэта так званы Weltschmerzt — сум сусьветны, навеяны думкай аб нясталасьці ўсяго на сьвеце, аб няўхільным лёсе ўсяго жывога — сьмерці, аб немінучым канцы і ўсяго ведамага нам сусьвету. Купалу мучаць так званыя «глыбінныя пытаньні». Ён адрываецца ад нашае зямлі і імкнецца некуды ў падзорную даль, да сонца, да бязьмежных прастораў. І ўсё гэта вылівае ў вершах, якія піша на мястовым бруку і якія займаюць асаблівае месца ў ягоным зборніку пад назовам «Huslar» (Пецярбург, 1910 г.).
«Сумна мне, Божа», паўтарае Купала за Славацкім. Сумна, што шчасьця ў гэтым новым сваім жыцьці на бруку вялікіх мест ён ня бачыць, што наагул ня знаў шчасьця ніколі. І ня верыць паэта, каб для яго «ўзышло калі сонца». Песімізм пануе ў ягонай душы, — песімізм, бо ня толькі над ім самым «ня льсьняць зоры шчасьця, зоры славы», але і ў жыцьці ўсяго чалавецтва больш гора, чым радасьці. «За годам год, за родам род» ідзе ўсё тым жа адвечным шляхам, на якім сьмех ператвараецца ў стогн, быт — у скон, на якім «імгла з усіх старон», на якім у канцы чакае — звод. І ў Купалы
Плача сонца маладое
Над плянэтай, над старою....
Што ня тымі пуцінамі
хадзяць леты за лятамі...
што
Безнайдзейна, бестрывожна
Ціха, зважна, асьцярожна
Хаас гнёзды ўе свае,
Вара зельле-калатуху,
Пое, зводзе Князя-Духа,
Перадыху не дае.
Цемра вабе згубным дном...
І рысуюцца Купале тыя далёкія ад нашага пакаленьня часы,
...як нам зоркі загаснуць,
Месяц ня зьменіцца болей.
Дык ня дзіва, што ад гэтай сумнай, паміраючай старой нашай плянэты хоча Купала ўцячы: калі б меў ён крыльлі саколія, дык
Як сокал, і я б мкнуў да зор:
Там сонца, раздольле, прастор;
Бяз жалю б пакінуў зямлю,
І хатку, і долю сваю.
(«І вецер, і сокал, і я...»)
У вершу «К зорам» заклікае паэта ўсіх да ўзьлётаў па-над зямлю зь яе адвечным сумам:
К зорам агністым, к прывольлю нябеснаму,
Вырваўшы зь ціны жыцьцёвай душу,
Мчыся, ня дайся цярпеньню балеснаму,
Горда пакінь земляную глушу!
Каб на яго долю выпала шчасьце вольна выбраць свой жыцьцёвы шлях, дык ён
Вокам начніцы прагледзіста
Ў тайнаў сягнуў бы заставы,
Быў бы сам даляй надзьвезьдзістай,
Даляй свабоды і славы.
(«Шчасьлівасьць»)
Так, пад уплывам апанаваўшых Купалу на мястовым грунце настрояў, паэта наш уцякае ад зямлі і ўсіх яе спраў. Але кожын, хто пазнаёміўся з пазьнейшай творчасьцяй Купалы («Шляхам жыцьця», «Спадчына», асабліва ж «Безназоўнае»), ведае, што Купала ад зямлі ня ўцёк: ён астаўся верным сынам яе і, калі шыбае думкай «да сонца!», «да зор!», дык не затым, каб расстацца зь зямлёй назаўсёды, а каб у гэты наш сьвет зямны прынесьці яснату сонца:
Час сонца схапіці і сонцам ірдзеці
— каб пакіраваць чалавецтва, пакіраваць народ беларускі
на шляхі пад сьцягі красы і свабоды,
як кажа ён у адным зь вершаў свайго найнавейшага зборніку «Безназоўнае». Што вырвала Купалу з таго духовага стану, у якім ён апынуўся ў першыя гады свайго мястовага жыцьця? Што вярнула яго — да зямлі?
Ёсьць у «Huslary» верш, у якім Купала сам выясьняе нам гэтую псыхалягічную загадку. Гэта — «Сон».
Як Дантэ ў сваей «Боскай камэдыі» блукаўся ў сымбалічным цёмным лесе, так і ў сваім «Сьне» заблудзіўся Купала:
Я лесам шоў; якаясь змора
Вяла па ім мой сьпячы дух,
А лес быў цёмны, як дно мора,
Як мора дно, быў нем і глух.
Ня цяжка здагадацца, што ў Купалы сымбалізуе гэты «цёмны лес»: гэта — усе тыя блуканьні ў сусьветных пытаньнях, разьвязкі якіх Купала шукаў, але знайсьці ня мог. І вось, змораны бясплодным шуканьнем, паэта — у сьне, як і на яве, — чыста змогся і ўжо думаў, што адзіным выхадам для яго будзе — сьмерць.
Я заблудзіў, і страшна стала
Мне ў гэтай цемры аднаму;
Ды бурай неба рагатала...
І ўздумаў я: памру вазьму!
У яго ўжо «надзея зь вераю нямелі...»
У гэтым стане зьнямогі і страху сьмяротнага прыйшло, аднак, к Купале выбаўленьне:
Тады як зь неба, ці зь зямлі,
Якаясь цень падходзе ў белі,
Такая, быццам знаў калі,
І кажа мне: «Чаго сын міра,
Упаў так сэрцам і душой?
Я — песьня, а во — мая ліра!
Бяры нас! хочам быць з табой!
І страх жыцьця цябе аставе,
І бор пачне шумець жыцьцём;
Мы сьлед праложым табе к славе,
Чаго жадаў, мы ўсё дадзём!»
І дзіва! блуд і страх мой зломан:
Лес прасьвятлеў, загаманіў,
Мне стаў паняцен пушчы гоман...
Песьня вывела Купалу з блуднага лесу — з блуднага кола беадказных пытаньняў, адвечных, неразьвязаных праблем. Песьня — творчасьць паэтыцкая, сілу і значэньне якое ўсьведаміў сабе Купала якраз у гэтыя гады духовага разброду на мястовым бруку. А ўсьведамленьне гэтае, як і папярэднія мукі блуканьня, дало ўсё тое ж места: бо тут Купала падпаў пад дзеяньне культурных уплываў і з боку «нашаніўскай» сям’і працаўнікоў на ніве нацыянальнага адраджэньня, і з боку чужых літаратур, і ўрэшце — з боку жывых прадстаўнікоў гэтых літаратур (В. Брусаў, Бальмонт і інш.), зь якімі наш паэта стыкаўся ў Вільні, а пасьля і ў Пецярбурзе. Сьлімак вылез із сваей шалупіны, і сьпярша сонечнае сьвятло асьляпіла яго; але пасьля тыя ж жыцьцядайныя праменьні Сонца — Культуры раскрылі перад ім усю красу сусьвету і паказалі шлях, па якім наш паэта і пайшоў у далейшым жыцьці — радасны, сьветлы, сонечны, творачы — па выражэньню Славацкага — новы сьвет — сьвет «мысьлі і духа».
Тут мінуў у Купалы яго крытычны мамэнт, які гэтак ярка адбіўся ў ягоных творах. Перажыўшы гэты мамэнт, Купала выйшаў зь яго толькі дужэйшым, чым быў раней, бо сьвядомым сваей творчай сілы і зьвязанага зь ёй абавязку быць Будзіцелем-Прарокам свайго Народу.
У іншых варунках і дзеля іншых прычын перажыў свой крытычны мамэнт Колас.
І Колас перацярпеў змалку лет ўсе нягоды гаротнага жыцьця мужыка-безьзямельніка. І ў яго першыя словы, зь якімі ён выйшаў на паэтыцкую ніву, гэта былі словы абурэньня і пратэсту проці панаваньня сацыяльнае крыўды, проці тых, хто беспасрэдна зьяўляецца вінавайцам мужыцкае нядолі (верш «Ворагам»). Больш таго: у той самы час, як Купала пракладаў сабе шлях да пазьнейшае славы, жывучы на волі, — Колас у працягу трох доўгіх гадоў мучыцца ў сьценах менскага вастрогу, засуджаны на гэткую жорсткую кару за арганізацыю нелегальнага беларускага вучыцельскага саюзу. Колас ня словам толькі служыць свайму народу, але і дзелам, а за гэта мусіць прымаць удары ад «паноў палажэньня». І ён прымае іх зь незвычайнай стойкасьцяй. У працягу трохгадовага вастрожнага жыцьця паэта, зусім натуральна, сумуе па волі і гэты сум вылівае ў сваіх вершах, якія і складаюць галоўную частку першага зборніку твораў яго пад назовам «Песьні жальбы» (Вільня, 1910 г.). Але нідзе, ні ў вадным вершу мы ня знойдзем выяўленьня духовага ўпадку ў Коласа: духяго крэпкі, воля к барацьбе — нязломная, раўнавага духовая — непарушная. Ані вастрог, ані пазьнейшыя цяжкія перажываньні безработнага вучыцеля, ані ўрэшце доўгія гады жыцьця на чужыне (у Курскай губэрні) ня здолелі сагнуць яго гордага карку, ня здолелі скрывіць ягонага пясьнярскага шляху. І ажно да таго шчасьлівага для Коласа дня, калі ён — пасьля Вялікае Рэвалюцыі — вярнуўся з чужыны на Бацькаўшчыну як трыюмфатар, мы ня бачым, ані ў ягоным жыцьці, ані ў ягонай творчасьці ніякіх знакаў крызісу, пералому.
Крытычны мамэнт для Коласа прыпадае на час яго жыцьця ўжо на Бацькаўшчыне — пасьля Рэвалюцыі. А спарадзілі яго тыя глыбокія зьмены, каторыя Колас знайшоў, вярнуўшыся, у роднай вёсцы.
Што ж тамака сталася?
На першы пагляд, нічога такога, што магло балюча ўдэрыць на чулых нэрвах песьняра. Ваенныя і рэвалюцыйныя падзеі асталіся ўжо ззаду. Вёска здабыла ўжо зямлю, аб якой летуцела, за якую для яе змагаўся некалі й сам Колас як сябра Грамады. Руіны пачалі адбудоўвацца. Заняпалы дабрабыт — узнаўляецца. «Забраны Край» — Беларусь — здабыў волю, пачаў будаваць сваю, хоць абмежаную, дзяржаўнасьць як сябра Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Дык у чым жа справа? Што ж так балюча ўзварушыла, уразіла душу Коласа?
Пэўне, кожнаму даводзілася перажываць у жыцьці сваім мамэнт нейкага глыбокага, балючага расчараваньня, калі — праз доўгія гады адсутнасьці — чалавек варочаецца да месца, дзе правёў свае дзіцячыя гады. Душа гэтак рвецца туды, гэтак зачаравана ўспамінамі аб даўных-даўных радасных, бесклапотных перажываньнях, ахутаных нейкай рожавай дымкай-туманам. І перад вачыма так ярка, здаецца, паўстаюць абразы родных, мілых сэрцу месц, што чалавек мог бы точна апісаць, як выглядае кожын куточак. Але вось — мы прыехалі. Хата — нібы тая, але ня тая: неяк змалела, уехала ў зямлю, — і ўсё ў ёй змалела. Выбягаеш у садок, на поле, у лясок, дзе, здаецца, кожнае дрэўца, кожны кусьцік табе знаёмы, — і тут ня тое, нейкае іншае, хоць падобнае, нейкае чужое, далёкае. І вось мінулае ў вадзін мамэнт памёрла. Памёрла, бо тады мы іншымі — дзіцячымі вачыма ўзіраліся на ўсё, бо іншы настрой панаваў у душы, іншай меркай мерылі ўсё, — а цяпер і пагляд на ўсё новы, і настрой ужо ня той, і мерка да мераньня — іншая. Дык і ўсё іншым здаецца, усё мае іншы, ня той стары, воблік, іншае выражэньне. І старое ўжо — счэзла: яго няма, бо тое, што было ў нашых лятунках, разьбіта жорсткай рэальнасьцяй — іншай.
Калі кожнаму ведамы падобныя перажываньні, калі кожын мог пачуць боль ад зьмены вобліку, выразу даўно-даўно ня бачаных родных месц, дык і пагатоў таго мусіў яшчэ ярчэй перажываць гэта Колас. Бо ж якраз воблік, выраз роднае вёскі за час нябытнасьці ў ёй Коласа, за час вайны і рэвалюцыі — рэзка зьмяніўся. І дух Коласа, які не паддаваўся ўплывам глыбокім зьмен, што ставаліся навокал яго ў працягу дзясяткаў гадоў, якога не маглі сагнуць жорсткія ўдары асабістага лёсу, — пад уплывам гэтай ледзь ухопнай зьмены выразу роднай вёскі неспадзеўкі захістаўся. І, як сэйсмограф запісвае на паперы найменшыя ўстрасеньні на зямной кулі, так запісала гэты мамэнт духовага разброду Коласа — творчасьць яго.
Крытычны мамэнт у жыцьці і творчасьці Коласа прыпадае на 1921 г. Яшчэ гады за два да гэтага — у 1919 годзе — Колас у Куршчыне тужыў па родным краю, летуцеў аб павароце да яго:
Час праходзіць, жыцьце гіне
Ў талачэчы на чужыне
За кавалак хлеба;
А куды яшчэ закіне
Доля-гора ў злой часіне?
Адкажы ты, неба!
Адказаць яно ня хоча,
Толькі вецер зарагоча
І зарве жалобна;
Ды ўсё гоніць хмар валокны
І бубніць, бубніць у вокны
Дождж халодны, дробны.
(«На чужыне», 22/Х. 1919)
І вось — канец яго туляньню на чужой зямлі! Ён — «у палёх Беларусі». Ён горача вітае родну зямліцу:
Дзень добры вам, лясы і далі,
Прасторы ціхія зямлі!
Я зноў срэдзь вас, пагоркі-хвалі,
Палоскі цьмянае ральлі!
А першае ўражаньне ад усяго, што адкрывалася перад вачыма паэты, — радаснае, здаволенае:
Куды ні гляне маё вока, —
Ўсё поўна згоды, дабраты...
Ты маеш выгляды прарока,
Наш край пакуты, край сьвяты!
(«У палёх Беларусі», 1921)
Але гэта — толькі напачатку. Гэта йшчэ тое, што Колас сабе прадстаўляў, як павінна быць. Запраўднасьць — пасьля глыбейшага пазнаньня яе — аказваецца нейкай іншай... І ў тым жа 1921 годзе — 20 жніўня — Колас дае такія «Родныя малюнкі»:
...ляглі над краем
Хмары-навальніцы,
Рубяжоў няма ім,
Ім няма граніцы!
Выйдзеш ты ў дарогу,
Даль цябе жахае
І малітвы Богу
Ў сэрцы выклікае.
................................
Наплывуць туманы
Горкае нядолі,
І куюць кайданы
Цяжкае няволі.
Ты ідзеш скрозь церні,
Ўперадзе — каменьні,
Сееш праўды зоркі,
Разьбіваеш зьвеньні
Ланцуга ліхога,
Скаванага злымі.
Цяжкая дарога:
Ты апутан імі!
Радасьць ты пачуеш,
Як ланцуг парвецца,
Ды ты зноў гаруеш —
Зноў зьвяно ўпляцецца
Ў шнур агідлы гора,
Што канца ня мае,
І цяпер, як ўчора,
Сэрца смутак знае.
Кавалі другія,
А ланцуг той самы —
Песьні ўсё старыя
Неаджытай гамы.
Ланцуг — той самы, толькі скаваны другімі кавалямі — дагледзіла чуткая душа Коласа ў беларускай вёсцы, на зямлі беларускай. Як жа гэта пярэчыць першаму ўражаньню, якое бачыла, што «ўсё поўна згоды, дабраты»! І нейкая трывога родзіцца ў сэрцы Коласа: дзіўныя мэлёдыі вызваняюць яму ў начы шыбіны хаты і заснуць не даюць.
Ў хаце ціха, нават жудка.
Ловіць зыкі вуха пудка:
Звоніць шыбка штось жалобна —
Дррон-дррон! ціха бразгаціць.
Чуць счакаўшы, новы звонам,
Нізшым тонам
Такжа нудна, такжа дробна
Шыбка новая зьвініць.
Няма ветру, ўсюды ціха;
Шыбы ж звоняць — што за ліха?
Хто ў іх стукнуў? Хто чапае?
Ці то знак хто хоча даць,
Што згубілі мы дарогу,
Б’е трывогу,
Ходзіць, ўсіх прасьцярагае
І накладвае пячаць
На шляхі, дарогі тыя,
Дзе крыжы згнілі старыя,
Ці зумыслу пазьнімалі,
Як аджыўшыя свой час.
Хто такі ён? Невядомы,
Незнаёмы,
А мо дзе і сустракалі,
Мо зь ім бачылісь ня раз.
І сьцішна, і смутна робіцца ў душы Коласа. Нейкая новая сіла — мо якраз тыя «кавалі другія», што куюць «стары ланцуг», — запанавала над палямі беларускімі. Трывогу сеець яна між людзьмі, бо зьмяняе воблік вёскі: зьнімае на ростанях крыжы старыя «як аджыўшыя свой час», будзіць — замест супакою і пэўнасьці сябе — нейкі трывожны настрой. І ў песьні шыбаў чуецца Коласу ні то жалоба, ні то гнеў...
А ў наступным вершу з таго ж часу, напісаным 25 верасьня 1921 году і зьмешчаным разам з папярэднімі ў зборніку «Водгульле» (Менск, 1922), Колас ужо больш выразна бачыць, як нейкія «цені-страхі» шнуруюць па родных палетках:
Вечар блізка, жар спадае.
Зь цёмных шчылін хтось нязнаны
Цені-страхі выклікае,
Штось ім шэпча, штось ківае,
Ды таемна, неўчытана...
Сьмех вясёлы зьбег няждана
З таго лесу і пагорку,
З тых лагчынак і з кургану,
Смуткам поле чуць заткана,
Смутак ходзіць панадворку.
Пуцявінкай праз разорку
Скача мышка палахліва
І шукае сваю норку
На мяжы каля аторку
І зьнікае дзесь маўкліва.
Я іду, гляджу і — дзіва,
Ці раней таго ня бачыў?
Усюды стала нейк пужліва
І трывожна-баязьліва!
Зьмену гэту я зазначыў.
Хто ж выраз той перайначыў?
Дарэмна на апошняе пытаньне шукае Колас адказу ў усіх, каго ні спатыкае:
— Чапля! чапля! стой! — гукаю:
Ты ня ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхі шукаю,
Сам іх вобразы ствараю
Ці тым страхам ўсе спавіты?
Але ані чапля, ані спатыканыя вароны, ані старцы, што насустрач дыбаюць, — ня могуць або ня хочуць нічога адказаць... І ў выбаражэньні паэты
Цені сталі больш густыя,
Мнагалучны, несчысьлёны,
Мнагазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.
Усё хавае свой «выразны твар», усё як быццам расплываецца, губляе свае абрысы. І ў гэтай невыразнасьці — асаблівая жахлівасьць.
Цені-страхі выпаўзаюць.
Іх ня бачыш, прачуваеш,
Штось чаруюць, заклінаюць
І таемна пагражаюць, —
Чым? Ў тым сіла, што ня знаеш.
Гэтак духовы стан паэты адбіўся ў ягоных вершах, пісаных у крытычны мамэнт. Але ня быў бы Колас старым рэвалюцыянэрам, загартаваным у шэрагах Беларускае Грамады, калі б паддаўся гэтаму дзіўнаму, хварабліва-нэрвоваму настрою, выкліканым «новым выразам» вёскі. І Колас яму не паддаецца: навакол бурліць жыцьцё, навакол будуецца нешта новае, — будуецца зь вялізарным творчым хам! Дык сілай сваей гартоўнай волі адкідае пясьняр усе сумлівы, усю трывогу, усю няпэўнасьць.
Вы чуеце хваляў жывых набяганьне?
Прыгледзьцеся: новыя дні
На вас пазіраюць у іскрах сьвітаньня,
І сьвецяць другія агні.
(«Покліч»)
Праўда, гэты верш напісаны перад паданымі вышэй, бо 11.VІ 1921 году, але зьмешчаны ў зборніку «Водгульле» пасьля іх. А далей канчае зборнік незвычайны ў Коласа па сваей кіпучай сіле верш «Беларускаму люду» — з новым лёзунгам-клічам:
Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты,
Заварушыўся наш край!
Люд беларускі! Рві свае путы!
Новую песьню сьпявай!
«Новай песьняй» замыкаецца ў Коласа яго крытычны мамэнт. І з даўнейшым супакоем, поўны тэй гармоніі духовай, якую сам раўнаваў калісь да «песьні хораў», малюе Колас шырокія палотнішчы, апрацоўваючы і заканчваючы свае цудоўныя паэмы «Новая зямля» і «Сымон Музыка». Але — на старыя, даваенныя тэмы, як старымі зьяўляюцца і матывы ягонае трылёгіі «У палескай глушы».
Так закончыўся крызіс у Коласа.
Апошнія гады і Купала, і Колас ня шмат далі новага. Зь існуючай рэальнасьцяй зжыліся. Але найнавейшыя падзеі ў БССР ізноў ускаламуцілі іхнае жыцьцё.
Усім ведама, якая цяжкая для сьведамых беларусаў атмасфэра запанавала ў апошнія гады ў Савецкай Беларусі. У гэтай атмасфэры, поўнай глухога недаверыя і варожасьці да беларускае інтэлігенцыі — нават камуністычнае — з боку маскоўскіх дыктатараў, пачалі вельмі блага сябе пачуваць старыя працаўнікі на ніве беларускага адраджэньня. Ужо ад 1928 году — па сігналу, дадзенаму з Масквы, — пачалася «чыстка» Камуністычнае Партыі Беларусі ад «нацыянал-дэмакратызму». «Чысьцілі» перадусім тых, хто сваім жыцьцём і сваёй працай «да Кастрычніка» сьцьвярджаў бясспрэчную фальшывасьць бальшавіцкага тэзісу, быццам так званы «адраджанізм» беларускі — пачынаючы ад Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады (1903 году) і «Нашае Долі» — гэта была буржуазная, панская выдумка, ня меўшая нічога супольнага зь беларускімі працоўнымі масамі, а запраўдны беларускі народны рух пачынаецца толькі ад «Кастрычніка». Ад такіх старых дзеячоў, самым фактам свайго існаваньня пярэчыўшых «казённай» гісторыі беларускага руху, пачалі «ачышчаць» беларускія культурныя ўстановы, абяскроўліваючы іх гэтак і фактычна засуджаючы на сьмерць. Першы ўдар быў зроблены Цішцы Гартнаму — закладчыку Кам. Партыі Беларусі і першаму галаве ўраду Савецкае Беларусі. Агідным цкаваньнем, паднятым у масах агентамі ГПУ гэтага чалавека прымусілі «пакаяцца» і прызнаць за сабой усе грахі, якіх ён ніколі не зрабіў. За ім пайшоў рад іншых, — і здавалася, што гэтымі ахвярамі ўжо зусім здаволіўся чырвоны маскоўскі нацыяналізм. Але гэта быў толькі ўступ да далейшае трагедыі, перажытае беларускім народам. ГПУ — расставіўшы сетку правакацыі — улавіла ў яе каля 200 беларускіх інтэлігентаў, актыўных працаўнікоў у галіне культурнае творчасьці, абвінаваціўшы іх ужо ня толькі ў «нацыянал-дэмакратызьме» (хоць пераважалі сярод іх старыя партыйныя камуністы!), але і ў падгатоўцы незалежніцкага выступленьня. У выніку гэтага аказаліся аканчальна дабітымі ўсе беларускія культурныя ўстановы, пазбаўленыя працаўнікоў, павысыланых у 1930 г. у глыб Расеі.
Лёгка зразумець, што мусілі перажываць пры гэтым найбольш чуткія адзінкі — перад усім нашы паэты, так уражлівыя на кожын гвалт, зьдзек, крыўду. А чырвоная Масква якраз на іх і зьвярнула асаблівую ўвагу, як на свайго роду сумленьне народу. Іх трэба было забіць маральна, прымусіць на нечага бруднага, агіднага, а пасьля зьнішчыць і фізычна. Мацнейшыя зь іх доўга ўпіраліся, адмаўляючыся падпісваць усялякія недарэчныя «пакаяньні» і асуджэньні беларускіх культурных працаўнікоў, папаўшых у лёхі ГПУ. Але няўпыннае цкаваньне, бруджаньне і ўсялякае іншае перасьледаваньне зрабіла сваё: ня хочучы астацца вонках беларускага жыцьця, падпісаў урэшце «пакаянную» і такі цьвёрды баец за беларускую справу, як праф. Ігнатоўскі, і — усімі прызнаны Прарок-Павадыр Беларускага Народу Янка Купала... Аднак гэтая капітуляцыя не зьмяніла адносінаў да іх з боку крамлёўскіх дыктатараў: зламаўшы маральна, ГПУ заарыштавала гэтых апошніх «праціўленцаў» — на падставе прызнаньня іх у «пакаянных» да ўсіх «грахоў» проці работніцка-сялянскае ўлады, якія ім прыпісвала Масква. Да мук маральных, выкліканых сьвядомасьцяй недастойнасьці капітуляцыі перад грубай сілай далучыліся мукі фізычныя. І вось праф. Ігнатоўскі і Купала, ня бачучы ніякага выхаду з таго пекла, у якое іх загнала ГПУ, пастанавілі даць доказ, што вольны дух пад ціскам грубае сілы можа на мамэнт пахіснуцца, але і кайданы ня здолеюць яго скрышыць: яны наважылі пакончыць з сабой. Першы зрабіў гэта Ігнатоўскі — з «памысным» вынікам; Купале самагубства не ўдалося: ён толькі параніў сябе несьмяротна і быў адратаваны.
Купала астаўся далей жыць. Але якое гэтае жыцьцё, пры панаваньні таго ж процібеларускана курсу, каторы загнаў лепшых сыноў беларускага народу ў пятлю, а ў мінулым годзе прынёс Маскве новую гэкатомбу з паўцякаўшых з Польшчы ў Менск грамадаўцаў і змаганцаў. Дык нядзіва, што тая «іскра Божая», якая так цудоўна зьзяла ў душы Паэты, тухне з дня на дзень, і Купала ўжо нічога новага ня творыць. Ён замоўк, бо таго, што крыецца ў глыбіні ягонае душы, у Саветах голасна гаварыць нельга, а «казённым» пяўцом паэта стацца ня хоча й ня можа...
Як жа ўсё гэта адбілася на творчасьці Коласа? Ведаем, што і яго прымусілі «каяцца» і ён быў змушчаны асудзіць, як Купала, усю сваю творчасьць, абвяшчаючы яе «дробнабуржуазнай», «нацыянал-дэмакратычнай» і — дзеля гэтага шкоднай для беларускіх сялян і работнікаў. І гэты найярчэйшы ідэоляг беларускага сялянства зь яго векавечнай цягай да ўласнае зямлі піша цяпер апавяданьні, асуджаючыя гэтае імкненьне беларускага селяніна да самастойнага варштату працы — сваёй зямлі, а затое ўслаўляе «калгасы», шляхам гвалтаў і тэрору накіненыя нашай вёсцы. Ці такі пераварот — нет ведама, наколькі шчыры! — не заб’ець і ў Коласа яго творчае здольнасьці? Ці здолее паэта стварыць у сваёй душы такі ж яркі і красачны «новы сьвет», як гэны «стары», што адбіўся ў «Новай зямлі»? Вось пытаньне, на якое адказ можа даць толькі будучыня.
А тым часам гараскопы беларускае паэзіі ў БССР наагул невясёлыя. Яна перажывае вельмі цяжкі крызіс. Гэтак, нават «Полымя» ў 4-ай кніжцы 1931 году — пасьля першае «чысткі» і выкараненьня беларускага «нацыянал-дэмакратызму» — вуснамі нейкага Ул. Сядуры сьцьвярджала факт адставаньня паэзіі ад тэмпаў сацыялістычнага будаўніцтва. Беларуская паэзія ніяк ня можа захапіцца сучаснай рэальнасьцяй савецкага жыцьця ў Беларусі, дык і адбіваць гэтае жыцьцё ў мастацкіх абразох — ня ў сілах. Няма пабудзіцеляў да творчага ўзварушэньня! «Возьмем сабе — кажа Сядура — хоць бы гэткія, хвалюючыя мільёны будаўнікоў сацыялізму, пытаньні сёньняшняга дню, як барацьба за тэмпы, прамфінплян, сацыялістычнае спаборніцтва, ударніцтва і г. д., барацьба за новы быт, новыя формы працы і новыя адносіны да працы, як да «справы гонару, справы славы, справы мужнасьці і геройства», новыя вытворчыя адносіны, нараджэньне новага сацыялістычнага чалавека і выжываньне ў самім сабе старых псыха-ідэалягічных тэндэнцый і г. д., — то бачым, што свайго ўсебаковага мастацкага выражэньня ў паэзіі гэтыя найактуальнейшыя праблемы сёньняшняй рэчаіснасьці не знайшлі». А старая «нацыянал-дэмакратычная» паэзія — разьбітая, раздаўленая ботамі агентаў ГПУ, аплёваная самімі сваімі «каючыміся» тварцамі — паступова замаўкае: «яе галоўныя ідэолягі і творчыя прадстаўнікі — Дубоўка, Пушча, Бабарэка і Ко — зышлі з поля дзеяньня», з трыюмфам заяўляе гэны самы Сядура.
Праўда, Сядура пацяшае, што калі будзе зьнішчана даканца «нацыянал-дэмакратычная хвароба» ў беларускай паэзіі, дык новая паэзія буйна расьцьвіце і пачне захоплівацца тым, чым ня можа захапіцца сягоньня. Тады пачнецца «вялізарны паэтычны ўздым і рост беларускае пралетарскае паэзіі». Можа і пачнецца: чалавек без паэзіі ніяк жыць ня можа і будзе далей тварыць яе, будзе шукаць красы і хараства нават у варунках грубага паняволеньня ягонае індывідуальнасьці і свабоднае творчасьці. Толькі ня так хутка гэта можа настаць: зьявішча адставаньня паэзіі ад жыцьця — кажа Сядура — існуе ня толькі ў беларусаў, але і ў расейцаў, украінцаў і г. д. Цяжкі бот агентаў ГПУ роўна прыдавіў гэту цудоўную краску чалавечае творчасьці на ўсім абшары «дасягаемасьці».