Крыўскі вар’янт быліны аб Ільлі Мурамцы

Новагорадзкая аўтокефальная мітраполія Крыўскі вар’янт быліны аб Ільлі Мурамцы
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 27-31

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. Л.

Крыўскі вар’янт быліны аб Ільлі Мурамцы.

Гэтым вар’янтам быліны зьяўляецца вядомы перапеў аб зьвязку Ільлі з бабай Латыгоркай і бітве яго з сынам.

Баба Латыгорка прыналежыць да ліку жанок-волатаў. Пры сустрэчы з Ільkёй паміж імі завязуецца бой, яны абоя утоптуюцца ў зямлю па калені, але Ільля перамагае Латыгорку і ўрэшце збліжаецца з ей. На трэйці дзень Ільля разстаецца з бабай ідае ёй персьцень, кажучы,—што калі родзіцца сын, — каб яна аддала яму гэты персьцень.

Калі сыну скончылася 17 гадоў, ён папрасіўся ў маці „ў чыстае поле“. Маці, выпраўляючы засьцерагае, каб ён са старым харобрам, які „на каню сядзіць—ківаецца, бела галава яго прыкланяецца, сіва барада раздваяецца“, ня біўся, бо — „то будзе родны бацька табе“. Сын выехаў ў старану тэй заставы, дзе Ільля з шасьцю іншымі харобрамі стаяў. Раз, раніцай, Ільля выходзіць на раку мыцца і бачыць добрага маладца: „пад ім конь, як люты зьвер, сам маладзец, як ясны сокал“. Добра пасадка маладзецкая, гожа зброя ваяцкая. Вяртаецца Ільля ў шатро і апавядаючы выклікае, каб той, хто ўсіх сьмялейшы, ў каго конь нуднейшы, паехаў ў дагон за ім і выпытаў яго аб дзедзіне і айчыне. Вызваўся Алёша Паповіч і паехаў за маладцом. Едзе дзень, другі, а на трэйці даганяе і крычыць зычным голасам: „Ты пастой, пастой, добры маладзец! Ці ты рускі багатыр, ці засельшчына-вяскоўшчына; ты ці каня украў, ці мужыка забіў ды сюды заехаў, чванішся, чужым імем называешся?“

Маладзец, учуўшы гэты словы, павяртае каня свайго лютага, бярэ Алёшу за белыя рукі, зьнімае з каня яго, бярэ сваю пугу („шелепугу“) падорожную, сьцябае Алёшу, садзіць яго ізноў на каня і адпушчае. Едзе Алёша назад, як п’яны: „ківаецца, на сядловы лук прысланяецца“. Убачыўшы гэта Ільля, кажа яму: „Казаў я табе, Алёша, наказываў: ня пій зялёна віна, ня еш салодкіх страваў“. Але Алёша адпавядае: „Напаіў мяне добры маладзец дапьяна, накарміў ён мяне дасыта пугай падарожнаю“. Ільля зара сам садзіцца на каня і едзе ў дагон. На другі дзень, на сьвітаньні, дагнаў яго. Ударыліся харобры паліцамі баявымі, — паліцы паламаліся, Скочылі з добрых коні і сталі біцца „на кулачны хват“. Зьбіў маладзец Ільлю на сыру зямлю, садзіцца яму на белыя грудзі і кажа: „Ты, базыга стары, зачым ты на малога хлапца накідаешся!“ Тут Ільля памаліўся, — яму сіл прыбыло, і падабраў пад сябе маладзёна. Але, убачыўшы на руцэ пярсьцёнак, спазнаў, што гэта сын, адпусьціў яго, кажучы кляняцца матцы і прыязджаць біцца, калі яму будзе 30 гадоў. Сын ад’ехаў, але пасьля раздумаўся: дома будуць з яго насьміхацца. Вяртаецца і нападае на сьпячага Ільлю з нажом. Нож трапляе ў сяміпудовы крыж на грудзёх Ільлі, — і ён, абудзіўшыся, забівае сына.

Ведама 28 запісаў гэтай быліны. Перайшоўшы ў вусных пераказах некалькі пакаленьняў, і, ўрэшце, апынуўшыся на далёкай поўначы і ўсходзе (ў Сібіры), быліна гэта, саўсім натуральна, немаль у кождым запісу мае іншыя імёны. Дзеля гэтага, як адгалосак XVII ст. часамі сам Ільля называецца данскім казакам; сын Ільлі: Падсакольнік, Сакольнік, Жыдавін, а па імю Барыс, Барыс Збут (у Кіршы), Петр, Кузьма, Васілі, Апалонішча Дадаровіч і інш.

Імёны бабы: Латыгорка, Златагорка, Сямігорка.

Мейсца дзейнасьці: на „Латынскай дарозе“, „пры літоўскіх заставах“ (Гільф. № 246, 250 і 260).

Змаганьне бацькі з сынам прыналежыць да вельмі пашыраных тэм сярэднявечных і старавечных эпосаў. Гэты матыў ўзьнік і разьвіўся на грунце старадаўных племянных і матрыархальных стасункаў. Адно племя стыкаецца з другім і перамагае яго; павадыр-пераможнік заваладзевае жонкай або дачкой забітага кіраўніка пераможанага племя, або, калі на чале паняволенага племя стаяла жанчына, — што ў даўнасьці часта бывала, — паступае з ей па праву вайны, г. зн., ўступае з ей ў часовую сувязь, прымусовую ці непрымусовую, — залежала ад акалічнасьцяў. Плодам гэткай прыпадковай сувязі зьяўляецца сын, які вырастае на мсьцежніка зьнявагі сваей маці. Рана-позна сын сустрачаецца з бацькам, і паміж імі завязуецца бой.

Адна легенда, запісаная Гэродотам, кідае цікавае сьвятло на гэткія легендарныя матывы. У часе сваіх падарожаў грэцкі герой Гэракл трапіў раз у Скіфію, якая тады ня была яшчэ заселеным краям. Калі ён аднаго разу заснуў, прапалі яго коні. Гэракл, прабудзіўшыся, абшукаў увесь край і не знайшоў коні. Урэшце ён прыйшоў у зямлю, якая называлася Гілеей (Лесавой). У аднэй ямязе тут ён знайшоў істоту, каторая напалавіну была дзяўчынай, а напалавіну — зьмяёй. Гэта дзяўчына-зьмяя і забрала Гэраклавы коні. Гэракл зыйшоўся з дзяўчынай і, пакідаючы яе, аставіў свой лук і паяс. З гэтай зьвязі радзіліся тры хлапцы, бацькі трох народаў: Агатырсаў, Гелонаў і Скіфаў.

Вышэй пададзеныя прыклады паказуюць, што ва ўласных імёнах нашага вар’янту быліны трэба шукаць канкрэтных назоў плямён народаў.

Баба Латыгорка, гэта—ня што іншае, як летапісная Латыгола, Лотыгола, Латыгора, Латигола, пад якімі найменьнямі ў летапісах выступае народ Летгола (Латышы). Другое імя, даванае быліннай мацяры сына Ільлі,— Земігорка, Семігорка, — пакрывае сабой імя літоўскага племя Земігола, Зімгола. Імя гэтае упамінаецца ў Пачатным Летапісу пад 1106 годам (у 1106 годзе Земігола разьбіла сыноў Усяслава Полацкага), а пазьней яно зусім зыходзіць з балонак летапісаў. У лацінскіх актах і кроніках XIII—XIV ст. пішацца: Semigalia, terra Semgalla, Semgalli, Semigalensis. У нашай пісьменасьці: „Жеймігола, Жемгалла, Жемігалла, Жемойть“.

Латыгола, сустрачаная пад 1200, 1228, 1242, 1264, 1981 г.г. зыходзіць з балонак летапісаў ў XV ст.

Латыгола і Жэмгола мелі закалоты толькі з Крывічамі, гэтым і тлумачыцца тое, што, акром Пачатнага Летапісу, імя Жэмголы іншыя рускія летапісы не падаюць: у іх ня было стычнасьці з гэтым літоўскім племям, якое жыло на левым беразе Дзьвіны, ніжэй цяперашняга Дзьвінска.

„Латынскай“ дарогай называўся даўней шлях па Дзьвіне да Полацка і Смаленска, па якім прыбывалі ў Крыўскую зямлю госьці з Захаду. У тарговых Смаленскіх умовах з Немцамі з 1229 і 1265 г.г. „Лацінскімі гасьцямі“ і „лацінскім языком“ названы нямецкія купцы. У „Софійскім Временніку“, пад 1271 і 1272 г. „паганай лацінай“ называюцца крыжакі, а ў Пскоўскім летапісу — Швэды.

Слова „застава“ ужывалася даўней ў значэньні вайсковай дружыны, якая вартавала граніц дзяржавы. Акрэсьленьне „літоўская“ паказуе, што гэта застава стаяла на Дзьвіне для абароны Полацка ад двох суседніх народаў: Латыголы і Жэмголы.

Гэтыя номэнклятурныя данныя пазваляюць устанавіць, дзе была зложана быліна: тэй тэрыторыяй была полацкая зямля. Можна устанавіць так-жа, на аснове гістарычных данных, не пазьней якога часу гэта быліна была зложана. У пачатках XIII ст. Полацкая зямля ўходзіць у сувязь з Літвой, а знача быліна магла быць зложана толькі раней XIII ст.

Харобр Ільля сымволізуе сабой заваёўнікаў-Варагаў, якія галоўнае гняздо мелі ў Кіяве, дзе ім рана ўдалося згнясьці найслабейшае з паміж ўсходна-славянскіх плямён — Палянаў. Эпітэт Ільлі „Мурамец“ навейшага паходжаньня. Філён Кміта Чарнабыльскі (XVI ст.), аршанскі стараста, ў сваіх лістах да Астафія Валовіча, Троцкага ваяводы, раўняючы сваю пагранічную службу са службой Ільлі на „заставах“, называе яго „Муровленіном“; іншыя пісьменьнікі XVI і XVII ст. называюць: Моровлін, Муровіч, Muravitz, Murovitza, гэта — ня што іншае, як перакручанае першапачатковае: Мурманін, Урманін, што значыла: Норман, Норманскі. І так, Ільля Мурамец азначае — Ільля Нарман, Нарманец. Што гэтак называлі Варагаў-заваёўнікаў, сьведчыць т. зв. Іоакімаўскі летапіс, дзе вядомы заваёўнік Кіява, Алег, названы князям „Урманскім“.

Імя сына Латыгоркі і Ільлі ў некатарых одпісах—,„Барыс“, „Барыс Збут.“ Гэтае імя сына зыйходзіцца з імёнамі некалькіх полацкіх князёў, ў гэтым ліку—і таго полацкага князя Барыса, якога гранічныя камяні, датаваныя 1171 годам, дагэтуль ляжаць па Дзьвіне ніжэй Полацка.

Аснова быліны гэтай зусім сходна такжа з легендай, запісанай у кіяўскіх летапісах аб жаніцьбе Валадзімера Кіяўскага з Полацкай князёўнай Рагнедай, плодам якога зьвязку быў сын Ізяслаў, протапляста дынастыі крыўска-полацкіх князёў. Крыўскія землі, як ведама, ніколі ня былі ўласнасьцю кіяўскай дынастыі і ня ўходзілі ў удзельную сыстэму гэнага княжага роду. Станавілі яны саўсім асобную дзяржаўна-палітычную адзінку. Самі палацкія князі хоць па веры сябе называлі „русамі“, але, побач гэтага, мянаваліся „крыўскімі“. Гэта, ўсё ўзятае разам, дало права аўтару ці аўтарам быліны асоціязаваць патомкаў Ізяслава, — а па іх і ўсё крыўскае племя, — як мяшанцаў норманскай крыві з невядомым мясцовым племям. З гэтай прычыны пад сынам Латыгоркі і Ільлі сымволізаваўся Крыўскі народ. Мог тут заблутацца і яшчэ адзін гістарычны момант: Полацкі князь Барыс Гінвілавіч меў жану, па імю Баба, і дачку Софію, якую выдаў за нямецкага Рыцара Дзітрыха (Narbut III. 479).

Цяпер астаецца устанавіць час, у які кіяўскія Норманы-Русь маглі трымаць заставу супроць Латыголы і Земіголы: Гэткі момант быў адзіны раз, між 1129 і 1132 годам. У 1129 годзе крыжовым паходам усіх князёў-рурыкавічаў была заваявана крыўская зямля, князе яе ўзяты ў палон і сасланы да іх сваяка Візантыйскага імпэратара ў Грэцію. Мсціслаў кіяўскі пасадзіў у Полацку свайго сына Ізяслава, ведама ж, з варажскай дружынай. Гэта дружына і стаяла на заставах крывічанскіх да 1132 году, калі іх паўстаўлы народ прагнаў.

Цікава адзначыць яшчэ адзін сымволічны эпізод быліны. Калі сын Ільлі варочаецца, каб напаўшы забіць бацьку (магчыма намёк на паўстаньне), то нож сына трапляе ў крыж, які ратуе жыцьцё Ільлі. Гэты эпізод саўсім згаджаецца з гісторыяй: кіяўскія Нарманы-Русь былі афіціяльнымі „апосталамі“ хрысціянства, і, калі сілы праціўнікаў у змаганьні былі і роўныя, то ўсё-ж на старане норманаў была яшчэ адна грамадная сіла — прадстаўніцтва хрысьціянства, зцэнтралізаванага каля Кіява.

І так, быліна Аб Ільлі Норманцу, бабе Латыгорцы і сыне іх Барысе была уложана на тэрыторыі полацкай зямлі норманскімі дружынікамі між 1129 і 1200 годам. Сымволізуе яна стасункі паміж Норманамі, Крывічамі і Літоўска-Латыскімі плямёнамі. Быліна гэта ў XVI ст. была добра ведама і ў нас, як гэта відаць з ліста Кміты Чарнабыльскага да Валовіча.

Да заходнага, не мяйсцовага, паходжаньня Ільлі Мурманіна даюць вельмі цікавыя данныя старасьвецкія сьпіскі сьвятых. Як ведама, Ільля, праз сваю папулярнасьць ў народзе, быў палічаны манахамі ў лік сьвятых. У кіяўскім Пячэрскім манастыры паказывалі нават ў XVII ст. яго мошчы. Вось-жа у „сьвятцох“ Ільля Мурамец заўсёды фігуруе ў ліку сьвятых „левай“ стараны, гэта знача, — заходнай (бо „правай“ звалася усходная старана, затым ішлі староны: „южная“ і „сҍверная“), А ў адным сьпіску сьвятцоў (падае Буслаев у „Др. Русск. народ. поэз.“ СПБ. 1861, 356) ён пастаўлены побач з Сьв. Ульяніяй, княгіняй Альшанскай. Гэта яшчэ адзін лішні дакумант, які кажа, што ў старасьвеччыну ніхто ня думаў гэту мітычную асобу, сымволізуючую Норманаў-Русь, залічаць да хоць-бы мітычных дзеячоў мяйсцовага кіяўскага, ці суздальска-маскоўскага паходжаньня. Цэрква, якая ішла рука ў руку з Русамі, добра ведала, што яны не мясцовага, а заходнага паходжаньня, і гэта зафіксавала, выкарыстуючы „сьвятасьць“ мітычнага „Мурманца“.

Пададзеныя тут вывады, разумеецца, не выключаюць таго, што на Мурманца былі перанесены тытанічныя азнакі, ўзятыя з паганскага Пяруна; гэтае пытаньне тут не разбіралася, як ня ўходзячае ў закрэс гэтага нарысу.