Ксенія Красінская

Ксенія Красінская
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1925
Крыніца: Беларуская Доля, 1925. 31 студз

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Праўдзівая веліч душы выяўляецца ня толькі ў вялікіх дзеяньнях, што імя ўчыніўшага іх услаўляюць на ўсенькі сьвет. Веліч душы крыецца ня менш часта ў тых ціхіх, невідочных грамадзкіх працаўнікох, якія, быццам маленечкія колы ў вялізарнай усенароднай машыне, зьяўляюцца абсалютна неабходнымі дзеля руху гэтае машыны.

Да такіх ціхіх, невідочных адзінак, што працай жыцьця свайго выявілі веліч душы, належыць і зышоўшая без пары на 26-ым годзе жыцьця Ксенія Красінская. Сухоты, люты вораг нашае маладое народнае інтэлігенцыі, скасілі і Яе як цэлы рад другіх беларускіх ідэйных працаўнікоў.

Красінскую ведалі добра ўсе нашы мастакі — артысты, якія працавалі разам зь Ёй пры будове нашага тэатру ў Вільні. Яна была аднэй з найбольш жывых работніц Беларускае драматычнае майстроўні, закладзенае братам Яе, Мікалаем. Яна выступала і на сцэне, і працавала неўтаміма — паскольку пазваляла здароўе — у галіне арганізацыі нашага тэатру.

А побач з гэтым, захопленая беларускай ідэяй, яна аддавала нязьлічаныя дробныя, але, нягледзячы на гэта, незвычайна цэнныя ўслугі беларускай грамадзкай і палітычнай рабоце, — услугі, якія ня твораць іменьня, але памагаюць тварыць дзела. І аб гэтых услугах ведалі толькі найбліжэйшыя да Яе.

Ідэалістка па прыродзе, — «не от мира сего», — Яна тым болей адыходзіла ад асабістых, эгаістычных спраў, што вечная пагроза перадчаснае сьмерці забівала ў Ёй радасьць жыцьця, магчымасьці карыстацца гэтым жыцьцём для сябе.

Незвычайна цяжкія матэрыяльныя варункі жыцьця не давалі як сьлед бароцца з хваробай. Урэшце надумалася Яна ў мінулую восень перабрацца за кардон, спадзеючыся папасьці на палудзень — у Крым, каб у тамтэйшым цёплым і мяккім клімаце паправіць здароўе і набрацца новых сіл.

Ды плян гэты ня ўдаўся, Яе вярнулі назад у Вільню, а перажытыя маральныя і фізычныя турботы аканчальна зламалі Яе кволы арганізм. Ёй прыйшлося легчы ў бальніцу — у «Мішмэрэс Хойлім», дзе у ноч з 25 на 26 студня Яна і памерла.

На пахароны Яе сабралася даволі вялікая грамада віленскіх беларускіх дзеячоў, якія і праводзілі Яе на Эўфрасінеўскі магільнік, дзе злажылі цела Яе ў «беларускім кутку» — побач з магілкамі беларускіх вучняў, Калаура і інш.

Хай лёгкая будзе Ёй родна зямелька!