Кулі (Лондан)
Кулі Апавяданьне Аўтар: Джэк Лондан 1931 год Арыгінальная назва: The Chinago (1909) |
Джэк Лёндан
КУЛІ
ДЖЭК ЛЁНДАН
КУЛІ
Пераклад з расійскае мовы
БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК—1931
Заказ № 47.
5000 экз.(¾ арк.).
Галоўлітбел № 1122.
Друкарня імя Сталіна.
А-Чо не разумеў францускай мовы. У судовай залі, дзе сядзеў змораны А-Чо, было многа людзей, што гаварылі па-француску. А-Чо лічыў усе іх гутаркі дарэмнай тратай часу. Яго вельмі дзівіла, што гэтыя дурныя французы трацяць гэтулькі часу на тое, каб знайсьці забойцу Чунг-Га. Усе пяцьсот кулі, якія працавалі на плянтацыі, ведалі, што яго забіў А-Сан, а А-Сана нават і не арыштавалі. Ну, і дурні-ж гэтыя французы!
А-Чо нічога дрэннага не зрабіў, і таму нічога не баяўся. Ён зусім ня ўдзельнічаў у забойстве. Праўда, ён быў пры забойстве, і Шэмэр, галоўны прыганяты, увашоўшы ў барак зараз-жа пасьля забойства, убачыў там А-Чо разам з іншымі чатырма-пяцьцю кітайцамі, але-ж гэта глупства. На целе Чун-Га былі дзьве раны. Ясна, што пяць чалавек не маглі зрабіць дзьвюх ран. Найбольш забойцаў было двое. Вось як разважаў А-Чо. Ён не баяўся і быў пэўны, што ўрэшце іх пусьцяць. Яны ўсе былі ў гэтым пераконаны. І сапраўды, хіба-ж можна адсячы галовы пяці людзям за дзьве раны? Апроч таго, ніводзін чужаземны чорт ня быў пры забойстве, але-ж гэтыя французы такія дурныя. Вось у Кітаі было-б зусім іначай. А-Чо ведае, што кітайскі судзьдзя загадаў-бы катаваць усіх падсудных і дайшоў- бы праўды. Такім чынам, можна вельмі хутка даведацца, хто забойца. Але французы ня катуюць. Яны нейкія дурныя людзі. Ну, а ў такім выпадку яны, напэўна, не даведаюцца, хто забіў Чун-Га.
А-Чо ня ўсё разумеў. Адна ангельская кампанія ўладала плянтацыяй. Яна прывезла ў Таіці пяцьсот кулі, хоць гэта ёй і дорага каштавала. Акцыянэры галасілі аб дывідэндах, а кампанія пакуль што яшчэ не плаціла іх. Кампанія вельмі баялася таго, каб рабочыя, якія ёй шмат каштуюць, не пачалі забіваць адзін аднаго. Але французы прымусяць кітайцаў паважаць законы. Трэба было паказаць прыклад раз назаўсёды.
А-Чо не разумеў гэтага. Ён сядзеў у судовай залі і чакаў прысуду, які вызваліць яго і таварышоў. Тады яны вернуцца на плянтацыю і будуць працаваць. Хутка суд абвесьціць сваю пастанову. Разгляд справы зараз скончыцца. Сьведкаў больш ня пытаюць, і французы больш не балбочуць. Францускія чэрці таксама змарыліся і з нецярплівасьцю чакаюць прысуду. І, чакаючы канца, А-Чо пачаў успамінаць усё сваё жыцьцё аж да таго моманту, калі ён падпісаў контракт і на параходзе адплыў у Таіці. Цяжка жылося яму ў роднай вёсцы, — і ён лічыў сябе бяз меры шчасьлівым, калі падпісаў контракт на 5 год з умоваю працаваць каля Паўднёвых мораў, за 50 мэксіканскіх цэнтаў у дзень. Праўда, работа вельмі цяжкая, але затое праз пяць гадоў ён вернецца дадому і ужо больш ня будзе працаваць. Ён будзе багатым чалавекам, у яго будзе свая хата, у яго будзе жонка і дзеці, якія будуць расьці і шанаваць яго. Так, хата... А за хатаю ён выгадуе маленькі сад, месца для разважаньняў і адпачынку... Так, у маленькай сажалцы будуць плаваць залатыя рыбкі, а прыемны ветрык будзе калыхаць галінкі дрэў. Сад ён агародзіць высокаю сьцяною, і ніхто і нішто не пашкодзіць яго адпачынку і развагам.
Ну, вось, тры гады з пяці ён ужо адпрацаваў. Землякі ўжо лічылі яго "багатыром". Яму заставалася толькі два гады папрацаваць на баваўнянай плянтацыі, а потым родная старонка і адпачынак. Але якраз цяпер ён растрачваў грошы і толькі таму, што быў пры забойстве Чун-Га. Ён ужо тры тыдні прабыў у астрозе і кожны дзень траціў па 50 цэнтаў. Але цяпер вырашэньне суду амаль што гатова, і ён вернецца на работу. А-Чо было 22 гады. Гэта быў добры, жыцьцярады чалавек з вясёлым, круглым, як месяц, тварам. Добры характар меў А-Чо. Ён ніколі нікому не рабіў крыўды і ні з кім ня лаяўся. Гуляць ён ня любіў і здавальняўся маленькімі радасьцямі. Вялікае здавальненьне і супакой адчуваў ён увечары пасьля гарачага дню у полі. Раззажаючы аб таямніцах жыцьця, ён мог шмат гадзін сядзець і пазіраць на самотную кветку. Блакітная чапля на пясчаным беразе, плюхаценьне рыб, прыгожы захад сонца рабілі на яго такое моцнае ўражаньне, што ён забываў цяжкую працу і бізун Шэмэра.
Шэмэр, Кароль Шэмэр быў зьвер, ад усіх зьвяроў зьвер. Але ён добра выконваў сваю службу, і за гэта яму добра плацілі. З 500 нявольнікаў ён выціскаў усю сілу, усю працаздольнасьць, на якую яны былі здольны. Так пад канец тэрміну контракту яны ўсе былі нявольнікамі. Шэмэр шмат працаваў для таго, каб выціснуць усю сілу з гэтых 500 потных цел. Такому бязьлітаснаму абыходжаньню, галоўным чынам, спрыяла яго ўладная, жорсткая натура.
Адзін раз, гадоў тры таму назад, Шэмэр адным махам кулака забіў кулі. Ён не расьціснуў галавы кітайца, бы яйцо, — але так моцна выцяў, што ўсё нутро кітайца пераблыталася, і ён праз тыдзень памёр. Але кітайцы не паскардзіліся францускім чарцям, што панавалі ў Таіці. Яны павінны таксама сьцерагчыся гневу Шэмэра, як сьцерагуцца тысячаножак, што ціхенька шапацяць у траве і ў дажджлівыя ночы ўпаўзаюць і ў іх памяшканьні. Чынаго — так іх звалі гультаі- тубыльцы, — уважліва сачылі за тым, каб не рабіць няпрыемнасьці Шэмэру. Гэта значыла — даць яму поўную меру вытворчай працы. Забойства Шэмэрам кулі зрабіла сваю карысную справу, дало шмат тысяч даляраў кампаніі, — і ніякіх няпрыемнасьцяй з-за яго ня было.
Французы, пазбаўленыя інстынкту колёнізацыі, былі надзвычайна здаволены вялізарнымі посьпехамі ангельскай кампаніі. Не вялікая бяда, калі там Шэмэр распраўляецца кулакамі з кулі. Не вялікая бяда, калі памрэ адзін з чынаго. Бо нарэшце-ж ён толькі чынаго...
Ніяк нельга зразумець гэтых белых чарцей. А-Чо сядзеў у судовай залі і, чакаючы прысуду, разважаў. Ніяк нельга сказаць, што зьвязвае іх думку. У сваім жыцьці ён бачыў шмат белых, але ўсе яны аднолькавы: і афіцэры, і матросы на параходзе, і чыноўнікі на зямлі, і прыганятыя ў полі. Таксама і Шэмэр. Нейкія таемныя шляхі ўласьцівы іх думкам. Яны злуюцца без відавочнай прычыны, і гнеў іх заўсёды небясьпечны. У такія моманты яны падобны да дзікіх зьвяроў. Яны хвалююцца з-за глупства, ні ў чым ня ведаюць меры, шмат ядуць і яшчэ больш п'юць. Чынаго ніколі ня можа ведаць, ці будзе здаволены белы яго ўчынкам, ці абурыцца на яго. Адно ім сёньня падабаецца, а заўтра гэта-ж самае выклікае злосьць. За вачыма белых чарцей ёсьць такая заслона, якая хавае іх думкі ад наглядаў чынаго. Якія дзіўныя і незразумелыя гэтыя белыя людзі! Яны бы чэрці. Адно толькі зірні на Шэмэра...
А-Чо не разумеў, чаму так марудзіць суд з прыгаворам. Ні адзін-жа з падсудных не чапаў Чунг-Га. Яго пільнаваў А-Сан. Гэта зрабіў А-Сан, які адной рукой схапіў Чунг-Га за касу, а другою усадзіў нож у яго цела. Два разы ўсадзіў нож. І, заплюшчыўшы вочы, А-Чо зноў убачыў забойства, так як яно і адбылося. Ён пачуў сварку, лаянку і абразу паважаных продкаў, праклёны мінулых пакаленьняў... Бачыў, як скокнуу А-Сан, як ён схапіў Чунг-Га і два разы ўсадзіў у яго цела нож... Потым расчыніліся дзьверы, ускочыў Шэмэр, а А-Сан уцёк. Шэмэр замахнуўся папругаю і стрэліў з рэвольвэра, клікаў сабе дапамогу. А-Чо дрыжаў, успамінаючы і перажываючы ўсё гэта. Шэмэр папругаю расьсек яму твар і крыху зьдзёр скуру. Цяпер Шэмэр, гаворачы аб удзеле ў забойстве А-Чо, зварачаў увагу якраз на тыя рубцы, што былі на яго твары. Так, моцна выцяў яго Шэмэр. Крышку бліжэй — і вока прапала-б. Але пасьля ўсіх гэтых няпрыемнасьцяй А-Чо ўявіў сабе сад разважаньняў і адпачынку, які ён набудзе, як вернецца ў сваю вёску.
Калі судзьдзя чытаў прысуд, твар А-Чо быў зусім спакойны. Таксама выглядалі і яго чатыры таварышы. Ніяк не зьмяніліся яны і пасьля таго, калі ім вытлумачылі, што ўсе пяцёра вінаваты ў забойстве Чунг-Га.
У А-Чоў адсякуць галаву; А-Чо засуджаны на 20 год астрогу у Новай Каледоніі, Ван-Лі на 12 год, а А-Тонг на 10. Вялікі клопат! Ці варта хвалявацца? Нават А-Чоў быў зусім спакойны, як мумія, калі яму сказалі, што ў яго адсякуць галаву.
Усіх пяцёх кітайцаў зноў пасадзілі ў астрог. Але гэта іх ніяк ня зьдзівіла і ня надта засмуціла. Праўда, такога прысуду яны не чакалі, але белыя чэрці толькі і здольны на гэта. Хіба можна спадзявацца ад іх лепшага?
Увесь тыдзень А-Чо часта вельмі ласкава і з цікавасьцю пазіраў на А-Чоў; у полі ужо робяць гільотыну, якою адсякуць у яго галаву; ён не дажыве да старасьці, ня ўгледзіць саду разважаньняў і адпачынку. Як і раней, А-Чо разважаў аб жыцьці і сьмерці. Аб сабе асабліва ён клапаціўся мала. Дваццаць гадоў, усяго толькі дваццаць гадоў! Значыцца, свой сад ён угледзіць праз дваццаць гадоў, вось і ўсё. Ён малады і ад прыроды мае азіяцкую цярплівасьць. Хутка праляцяць гэтыя дваццаць год. За гэты час кроў яго крыху астыне, і ён яшчэ лепш будзе адчуваць сябе ў сваім садзе. Ён назаве свой сад Садам Ранішніх Разважаньняў. Ад гэтай думкі ён быў шчасьлівы цэлы дзень і надумаў нават напісаць апавяданьне аб значэньні цярплівасьці.
Крушо быў жандар. Ён дваццаць гадоў служыў у Францускіх колёніях — ад Нігеру і Сэнэгаліі аж да Паўднёвых Мораў, але за гэтыя дваццаць год ён аніяк не паразумнеў. Як быў некалі ў юнацкія гады яшчэ ў Францыі, так і цяпер ён застаўся дурным. Ён прызнаваў дысцыпліну і аўторытэт, і перад начальствам быў надзвычайна пакорлівым.
І вось якраз гэтаму Крушо па загаду павінны былі выдаць з астрогу засуджанага А-Чоў. Але здарылася так, што галоўны судзьдзя напярэдадні наладжваў абед з капітанам і афіцэрамі Францускага броня-карабля. Калі ён пісаў загад, дык рука яго дрыжала, а ад бяссоннай ночы так балелі вочы, што ён на загад і ня зірнуў. Ды ці варта нават турбавацца з-за нейкага кітайца? І ён не заўважыў, што ў імені А-Чоў ня было апошняй літары... У загадзе было напісана "А-Чо", і, выконваючы загад начальства, службоўцы перадалі Крушо асобу А-Чо. Крушо пасадзіў гэту асобу побач з сабою на воз, запрэжаны парай валоў, і паехаў.
А-Чо быў здаволены, што выйшаў на сонца. Ён сядзеў побач з жандарам і быў вельмі вясёлы. Яшчэ лепш ён адчуў сябе, калі заўважыў, што яго вязуць на поўдзень, у кірунку на Атымаоно. Ясна, што Шэмэр паслаў па яго, каб вярнуць на работу. Шэмэр хоча, каб ён працаваў. Добра, ён будзе працаваць, ён будзе вельмі добра працаваць. У Шэмэра больш ня будзе прычын скардзіцца на яго.
Быў гарачы дзень. Мулы пацелі, Крушо пацеў і А-Чо пацеў. Але гэтай гарачыні А-Чо не надаваў асаблівай увагі. Ён прызвычаіўся да яе, працуючы на плянтацыі ўжо тры гады. Твар у яго быў такі вясёлы, што прыцягнуў да сябе ўвагу Крушо, які пачаў нават разважаць сваім дурным розумам пра гэта.
— Ты вельмі дзіўны, — сказаў ён урэшце. А-Чо кіўнуў галавою і павесялеў яшчэ больш. Крушо гаварыў з ім на канакскай мове, якую А-Чо разумеў.
— Ты вельмі многа сьмяешся, — з дакорам сказаў Крушо, — табе цяпер трэба плакаць!
— Я здаволен, што выйшаў з астрогу.
— І гэта ўсё? — зьдзіўлена запытаў жандар.
— Хіба гэтага мала? — быў адказ.
— Значыцца, ты здаволены, што ў цябе адсякуць галаву?
А-Чо раптам зірнуў на яго зьдзіўлена і запытаў:
— А хіба ты мяне не вязеш у Атымаоно, дзе я буду працаваць на плянтацыі?
Крушо задумліва пагладзіў свае доўгія вусы.
— Вось як, — сказаў ён нарэшце, выцяўшы пугаю мула. — Значыцца, ты ня ведаеш?
— Што ня ведаю? — І А-Чо пачаў адчуваць трывогу. — Хіба я ня буду больш працаваць на Шэмэра?
— А ўжо, бадай, пасьля сёнешняга дню больш ня будзеш! — І Крушо моцна і шчыра засьмяяўся. Яму спадабаўся ўласны жарт. — Бачыш, пасьля сёнешняга дню ты наўрад ці зможаш працаваць. Чалавек без галавы ня можа працаваць. Як ты думаеш? — ён штурхнуу кітайца у бок і ўсьміхнуўся.
А-Чо маўчаў на працягу добрай мілі. Затым ён сказаў:
— Хіба Шэмэр зьбіраецца адсячы маю галаву?
Крушо ўсьміхнуўся і кіўнуў галавою.
— Гэта памылка, — сур'ёзна сказаў А-Чо. — Я — ня той кітаец, у якога трэба адсячы галаву. Я-А-Чо. Паважаны судзьдзя ўхваліў, што я буду дваццаць год на Новай Каледоніі.
Жандар засьмяяўся. — Вясёлы хлапец гэты кітаец, які думае ашукаць гільотыну.
Мулы прайшлі пальмавы лес і з паўмілі беглі ўздоўж морскага берагу.
Мора зьяла. А-Чо зноў сказаў:
— Кажу табе, што я не А-Чоў. Паважаны судзьдзя не сказаў, што ў мяне трэба адсячы галаву.
— Не палохайся, — сказаў Крушо з добрым намерам зрабіць лягчэйшымі апошнія хвіліны жыцьця свайго нявольніка, — такім спосабам лёгка памерці. — Ён пстрыкнуў пальцамі, — гэта робіцца хутка. Вось так. Гэта ня тое, што вісець на вяроўцы, дрыгаць нагамі і ў працягу пяці хвілін мяняцца ў твары. Гэта хутчэй падобна на тое, як у куранят адсякаюць галовы. Адсякуць у цябе галаву — і канец. Праўда, можа быць, нож паласкоча трохі, — хто яго ведае. Ніхто з памерлых так і не вярнуўся, каб расказаць, як гэта было.
Апошнія словы здаліся яму надзвычайна разумнымі, і з паўхвіліны ён аж заходзіўся ад сьмеху.
— Але-ж я кажу табе, што я — не А-Чоў! — сказаў кітаец. — Я ня хочу, каб у мяне адсеклі галаву.
Крушо пачаў злаваць. Дурны кітаец надта многа сабе дазваляе.
— Я-не А-Чоў… — пачаў А-Чо.
— Ну, досыць, — спыніў яго жандар. Ён надзьмуўся і зрабіў злоснае аблічча.
— Ды кажу-ж табе, што я не… — зноў пачаў гаварыць А-Чо.
— Маўчаць! — зароў Крушо.
Пасьля гэтага яны ехалі моўчкі. Ад Папіто да Атымаоно было дваццаць міль. Яны ўжо з палавіну праехалі. Кітаец асьмеліўся і сказаў:
— Я бачыў цябе ў судовай залі. Ты памятаеш, што А-Чоў, у якога трэба адсячы галаву, быў высокі. А зірні на мяне. раптам устаў, і Крушо заўважыў, што ён малога росту.
Крушо раптам уявіў сабе А-Чоў. Так, ён быў высокі. У вачох жандара ўсе чынаго здаваліся аднастойнымі. Адзін твар быў падобен да другога. Але розьніца паміж вялікім і малым была відавочная, і ён зразумеў, што не таго чалавека вязе на кару. Ён так моцна спыніў мулаў, што над імі падняўся дышаль.
— Цяпер ты бачыш, што гэта памылка, — прыемна ўсьміхаючыся, сказаў А-Чо.
Крушо задумаўся і ўжо шкадаваў, што спыніўся. Ён ня мог зразумець памылкі галоўнага судзьдзі, але добра ведаў, што не таго, каго трэба, вязе на кару. Але-ж ён павінен прывезьці ў Атымаоно таго, каго яму выдалі ў астрозе. Не вялікая бяда, калі ў гэтага адсякуць галаву. Урэшце-ж ён толькі чынаго. Ён ня можа ведаць пра думкі начальніка, — ды і хто ён такі, каб ведаць гэта?
Ён сьцебануў мулаў і паехаў далей. Зірнуў на свой гадзіньнік. Найменш ён спозьніцца на паўгадзіны, і сэржант будзе лаяцца. Ён хутчэй пагнаў мулаў. Ён добра ведаў, што вязе не таго чалавека. Настрой яго зусім сапсаваўся. Пасьля таго, калі жандар выцяў А-Чо пугаю і голасна загадаў маўчаць, таму нічога іншага не заставалася рабіць, як маўчаць. Усю дарогу яны маўчалі. А-Чо разважаў аб дзіўных учынках белых чарцей. Іх ніяк нельга зразумець. Іх учынак з ім зьяўляецца тыповым узорам усіх іх учынкаў. Спачатку яны засудзілі 5 нявінных людзей, а потым адсякаюць галаву ў таго, каго самі-ж засудзілі толькі на дваццаць год катаргі. Што ён можа рабіць? Ён павінен толькі сядзець і спакойна чакаць вырашэньня свайго лёсу тымі, хто над ім мае поўную ўладу. Жудасна зрабілася яму, і на ўсім целе выступіў халодны пот, але ён перамог гэта. Ён імкнуўся падначаліцца свайму лёсу і пачаў успамінаць і паўтараць вядомыя радкі з „Іін-Чы-Уэн" (Дзялянка мірнага шляху), але заместа гэтага бачыў сваю неадступную мару: Сад ранішніх разважаньняў, месца спакою і адпачынку. Нарэшце ён аддаўся сваёй мары, расьсеўся ў сваім садзе і стаў прыслухоўвацца да срэбнага шэпту ветру ў дрэвах. І толькі цяпер ён успомніў строфы з „Іін-Чы-Уэну".
Такім чынам амаль што няпрыкметна і прыемна праходзіў час, аж пакуль яны дабраліся да Атымаоно, і мулы падбеглі да эшафоту, у цені якога стаяў сэржант з выра заю нецярплівасьці на твары. А-Чо хуценька ўзьлез па ўсходах на эшафот. Унізе, з левага боку, ён убачыў усіх кулі. Убачыўшы А-Чо, яны хутка і ціха пачалі паміж сабою гаварыць. Яны заўважылі памылку, але не паказалі гэтага. Пэўна, што белыя чэрці зноў зьмянілі сваю пастанову. Заместа таго, каб узяць жыцьцё аднаго нявіннага чалавека, яны бяруць жыцьцё другога нявіннага чалавека. Хіба для іх ня ўсёроўна хто — А-Чо ці А-Чоў?
Шэмэр сам зрабіў гільотыну. Ён быў вельмі спрытны і, хоць сам ніколі ня бачыў гільотыны, усё-такі зрабіў яе па загаду французаў. Дзякуючы яму, кару парашылі выканаць не ў Папіце, а ў Атымаоно, дзе ўсе кулі маглі быць сьведкамі. Шэмэр сам згадзіўся быць катам і цяпер аглядаў зроблены ім інструмент. Перш за ўсё ён палажыў пад нож гільотыны бананавае дрэва, таўшчынёю і цьвёрдасьцю падобнае на чалавечую шыю. А-Чо увесь час пазіраў на гэта. Немец пакруціў ручку, падняў нож угору, потым пацягнуў тоўсты кавалак вяроўкі і нож апусьціўся і, бліснуўшы на сонцы, зусім разрэзаў дрэва.
— Ну, як, ці добра? — папытаўся сэржант, узышоўшы на эшафот.
— Надзвычайна! — з радасьцю адказаў Шэмэр. — Калі ласка, глядзеце. — Ён зноў пакруціў ручку, рвануў вяроўка і з трэскам апусьціў нож на мяккае дрэва, якое цяпер ня было зусім расьсечана, а толькі на дзьве траціны.
Сэржант ня быў здаволены.
— Гэта кепска, — сказаў ён. Шэмэр выцер пот на твары. — Трэба пакласьці што-небудзь цяжкае наверх, — сказаў ён, і, падышоўшы да эшафоту, загадаў кавалю падаць кавалак жалеза.
У гэты час А-Чо зірнуў на сэржанта і зразумеў, што цяпер ёсьць магчымасьць пагутарыць:
— Паважны судзьдзя сказаў, што галаву адсякуць у А-Чоў, — пачаў ён.
Сэржант кіўнуў галавою. Ён думаў аб тым, як ён сёньня ўгледзіць Бэрту, прыгожую дачку аднаго гандляра пэрламі — Ляпэра.
— Але-ж я — не А-Чоў, я — А-Чо. У астрозе памыліліся. А-Чоў высокі, а я, як бачыш, маленькі.
Сэржант зірнуў на яго і зараз-жа заўважыў памылку. Ён моцна загадаў Шэмэру:
— Калі ласка, ідзеце сюды.
Немец буркануў і не адышоў ад гільотыны датуль, пакуль не прымацаваў на ёй дваццаці- фунтовага кавалка жалеза.
— Ну як, гатоў ваш кітаец? — крыкнуў ён.
— Паглядзеце на яго, — быў адказ, — гэта-ж ня той кітаец.
Шэмэр быў зьдзіўлены.
— Паслухайце, — сказаў ён урэшце, — мы ніяк ня можам адкласьці гэту справу. Кулі і так змарнавалі цэлых тры гадзіны. Клопат мне вялікі, — той ці ня той кітаец!
Сэржант успомніў, як ён сёньня паедзе конна да дачкі гандляра пэрламі, і некалькі хвілін ня ведаў, што рабіць.
— Калі гэта выявіцца, яны ўскладуць усю віну на Крушо, — угаварваў немец. — Але, наўрад, ці гэта выявіцца: А-Чоў ня скажа.
— У кожным разе, — сказаў сэржант, — вінаваты ня Крушо, а той, хто выдаваў з астрогу.
— У такім разе распачнем справу. Мы-ж ні ў чым не вінаваты. Якая розьніца паміж адным і другім чынаго? Вы зразумейце, што я не могу яшчэ раз адарваць кулі ад работы.
Яны гаварылі па-француску, і А-Чо, хоць нічога не разумеў з іх гаворкі, але ён добра ведаў, што вырашаецца яго лёс.
— Добра, — сказаў сэржант, — пачынайце.
— Я яшчэ раз паспрабую машыну. — І пры гэтых словах Шэмэр падлажыў пад бананавае дрэва.
А-Чо ў гэты час успамінаў словы з "Мірнага шляху". „Ня ідзі супроць зла"... успомніў ён, але зразумеў, што гэта сюды да яго не падыходзіць. "Даруй крыўду..." Але-ж тут няма ніякай крыўды, якую трэба дараваць. Шэмэр і усе іншыя робяць гэта бяз жаднай крыўды. Для іх гэта такая самая работа, як чыстка джунгляў, выкопваньне равоў для вады і догляд бавоўны. А-Чо забыў "Дзялянку мірнага шляху". Нож гільотыны хутка апусьціўся і зноў зусім разрэзаў дрэва.
— Надзвычайна добра, — гукнуў сэржант і не пасьпеў закурыць папяросу, якую трымаў у роце. Шэмэр быў вельмі здаволены.
— Ідзі сюды, А-Чоў, — сказаў ён па-таіцянску.
— Я не А-Чоў… — пачаў А-Чо.
— Маўчаць! — быў адказ. — Маўчы, а то я табе растаўку галаву!
Шэмэр пастрашыў яго кулаком, і ён змоўк. Якая карысьць пярэчыць? Усёроўна гэтыя чэрці зробяць па-свойму. Ён пакорліва даў сябе прывязаць да дошкі, даўжынёю з яго цела. Шэмэр моцна нацягнуў рамяні, так моцна, што яны з страшэнным болем урэзаліся ў цела кітайца. Але ён ня скардзіўся, бо нядоўга будзе балець. Калі дошка павярнулася ў паветры, ён заплюшчыў вочы. І ў гэты момант ён у апошні раз уявіў сабе Сад Разважаньняў і Адпачынку. Яму здалося, што дзьмухае халодны ветрык, і ў садзе чутны вельмі прыемныя гукі. Птушкі прыгожа сьпяваюць. А за высокай сьцяною чутны заглушаныя гукі вясковага жыцьця.
Потым ён адчуў, што дошка спынілася, і па напружаньню мускулаў зразумеў, што ляжыць на сьпіне. Ён расплюшчыў вочы і проста перад сабою ўбачыў нож, які зьзяў на сонцы, убачыў яшчэ прычэпленае цяжкае жалеза. Потым пачуў прарэзьлівы голас сэржанта, які аддаваў загад, — і хуценька заплюшчыў вочы. Ён хацеў бачыць, як апусьціцца нож, але адчуў яго толькі на адзін момант. У гэты момант ён успомніў Крушо і ўсё тое, што Крушо казаў. Але Крушо памыляўся. Нож не ласкатаў. А-Чо даведаўся пра гэта раней, чым страціў сьвядомасьць.
ЦАНА 12 кап.
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |