Ўжо сьвечка пагасла, ўжо ноч за вакном…
Ў пасьцелі мне душна, ня сьпіцца…
О сон! Ты самкні мае вочы скарэй,
Мо мілы сягоньня прысьніцца!
Гадзіны ідуць, я ў пасьцелі ляжу,
І сон не змыкае мне вочы,
А месяц праз вокны лье сьвет залаты,
Малюнкамі сьцены залочэ…
Устану с пасьцелі, вакно-атчыню, —
Мо вецер, што ў полі гуляе,
Мне скажэ, што робіць мой мілы цяпер, —
Мяне як даўней ці кахае?…
У небе спакойна так зоркі дрыжаць,
А ветрык лісточкам шапочэ;
Запеў салавей звонкай трэльлю сваей, —
Заплачэ, то зноў зарагочэ…
І ветрык, і зоркі, і месяца сьвет,
І звонкая трэль салаўіна,
Здаецца, што гэта гукае ўсё мне:
— «Цябе ён кахае, дзяўчына»…
А ночка халодна: ўжо чую, як мне
Дрыжаньне пабегла па целі;
Іду ўжо, лажуся у цёплай маей
І мягкай і белай пасьцелі…
........
Заснула дзяўчына, а месяца сьвет
На вочы і вусны лажыцца.
Праз сон штось сьмяецца дзяўчынка мая:
Відаць, што ўжо мілы ей сьніцца.
|