⁂ (Дзень сканаў за гарой…) Звон
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
Ці помніш ты?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Звон (Буйло)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Звон.

Ахвярую Януку Купале.

Ён плыў над палямі з ветранаю хваляй,
У даль пранасіўся, ляцеў,
Там рэхам гулкім над лесамі раздаўся,
То ціх, заміраў, то ізноў калыхаўся
Ў паветры і зычна гудзеў.

Зноў зважна, свабодна ляцеў над палямі,
Над нівамі, сёламі плыў.
А гукі яго дзіўнай нотай дрыжалі
То якбы ў задуме, то якбы у жалі,
То зноў якбы громкі прызыў.

Ён зваў да жыцьця і да лепшае долі
Ўсіх тых, хто йшчэ цьвёрдым сном спаў, —
І сну заклятога апалі аковы,
І ўстаў народ цэлы і ўстаў якбы новы,
Да новаго жыцьця устаў.