Гляджу на паблекшые рожы лісткі,
Што зьвяўшы лежаць прада мной,
І сэрцэ сьціскае боль нейкі цяжкі,
Туманяцца вочы сьлязой…
Ёсьць дзіўная сіла у гэтых лістках:
Чуць толькі я гляну на іх —
Мне прошласьць яны ўспамінаюць на міг,
І тону ў чароўных я снах.
І сумна мне вельмі, што гэтые сны
Так скора прасьніла ўсе я,
Што болей ня верніцца зноў да мяне
Сьветляная прошласьць мая.
Тагды йшчэ ў душы маей вера жыла,
Было шмат у сэрцы надзей;
Свабодная сьветлаю думкай маей,
Высока шыбаць я магла,
Сягоньня… Сягоньня таго ўжо німа,
Сягоньня я с смутнай душой,
Як тая, пакрытая слоем дзерна,
Магіла с сваею труной…
Хоць траўкай вясною адзенецца зноў,
Хоць кветкі красуюць на ёй, —
Мы-ж знаем, што ў нутры шмат толькі чарвей,
Што трупа скрыў пекны пакроў,
А я у магілу схавала сваю
Вялікі гроб вечны — душу;
У ём пахавала ўсю прошласьць маю —
Ўсё гэта ў сабе я нашу.
Сягоньня хоць сьмех мне на вуснах дрыжыць,
Хоць гляну патчас весялей, —
То ўсё толькі кветкі магілы маей,
Што хочуць нутро ў ёй прыкрыць.
|