Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасьце,
Сьлязу нядолі праліла,
Люблю народ наш беларускі,
Іх хаты ў зелені садоў,
Залочэные збожэм нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў.
Люблю рэку, што свае воды
Імчыць ў няведамую даль,
І жоўтасьць берагаў песчаных,
І яснасьць чыстых яе хваль.
Люблю вясну, што ў кветкі, ў зелень
Прыстроіць цэлую зямлю;
На гнёздах буслаў клекатаньне
І сьпеў жаўроначка люблю.
Люблю гарачу сьпёку лета
І буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
Маланка зігаціць агнём.
І восень сумную люблю я
І першы звон сярпоў і кос
Як выйдуць жнеі збожа жаці,
А касары — на сенакос.
Люблю зіму з яе марозам,
Што вокны прыбярэ ў вузор, І белы сьнег, што ўсё пакрыўшы,
Ірдзіцца блескам ясных зор.
Люблю ў пагодную я ночку
Да позна на дварэ сядзець,
Сьлядзіць за зорачак дрыжаньнем,
На месяц залаты глядзець.
Люблю, як сонейка заходзіць
І берэг хмаркі залаціць,
Вячорнаго як голас звону
К нам з ветру хваляю ляціць.
І песьню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Перэліваюцца—плывуць.
Усё ў краю тым сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе с шчасьцем першым я спазналась
І з гора першаю сьлязой.
|