Ляту, нясуся ўзвыж, плыву па магкіх хвалях…
Як добра, лёгка мне!
Гдзе я? Чырвонасьць зор, блакіт паднебнай далі
І сонца ясны блеск, і прозрыстасьць крыштальляў
Дрыжыць вакруг мяне.
Ляту, нясуся… Гэй, які абшар шырокі!
Як мгла — душа і грудзь.
Там гдзесьці, ў даліне — чуць-чуць дагледзіць вока —
Ляжыць яна — земля… Так нізка, так далёка!
А тоны ў высь плывуць.
Мяне штось з імі рве, штось цягне страпнай сілай,
Якаясь моц нясе…
Што? — не згадаць ніяк--к жыцьцю ці да магілы…
І ведаць не хачу… Мне добра так, так міла,
Ў высі нямой красе!
Ціха! Во штосьці ўкруг там дзіўна задрыжала,
А сэрцэ ў тон яму
Забілась моцна, так… і біцца, перэстала…
Дух змёр, а штось ў глыбі там глуха ныць пачала,
Штось мчыць у ніз думу.
То болю ціхі стогн прарваўся ў сьветлай песьні
І міма праляцеў,
І сэрца дрыгнула, і дух заныў балесьне,
І згінуў сон… Ізноў ў чароўны край прадвесьні
Мчыць душу дзіўны сьпеў!…
|