Курганная кветка (1914)/Русалкі

⁂ (Гдзе Вілья у Нёман ліе свае хвалі…) Русалкі
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
Курган
Іншыя публікацыі гэтага твора: Русалкі (Буйло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Русалкі.

Месяц. Ноч. У нізкіх долах туманы зямлю пакрылі,
А над возерам так ціха-ціха дрэўцы шэлесьцяць,
Ўсё заснула, спачывае ў халадочку летняй ночы,
Зоркі ў небі так спакойна і таёмна так дрыжаць,

Не ўздрыгне, не скалыхнецца возера гладзь люстраная;
Месяц, зоркі залатые прыгледаюцца у ёй…
Із падводнаго палацу пагуляць на сонных хвалях,
Ў блеску месяца купацца выляцеў русалак рой.

Мглой сярэбранай адзеты; косы — бытцам залатые;
Вочы сініе, як неба, якбы зорачкі блішчаць.
Ўсе вясёлы, на лісточках водных лілій паседалі
І на месяц пазіраюць і штось ціха штэпацяць.

Адна толькі невясёла, — твар рукою закрывае;
Стогн жальбы із набалелых вырываецца грудзей:
— Дзе-ж, о дзе ты, дарагі мой?! Ці-ж ня лепей тут са мною,
На дне возера жыць вечна, як на сьвеці між людзей?

Ці ня лепей тут чуць зоры; на шырокім вод абшары
Вечна толькі весяліцца і бяз гора вечна жыць, —
Як на сьвеці праз век цэлы бытцам рыба аб лёд біцца,
Праз век цэлы працаваці, ў недастатку вечна быць? —

О, прыйдзі, прыйдзі! С табою ў дзень на водных траў пасьцелі
Аж да вечара дзень кожны будзем мы спакойна, спаць, —
А, чуць месяц зноў засьвеціць, па люстранай вод раўніне
Будзем лёгка пранасіцца і купацца і гуляць!…

Да русалак даляцела жальба сплаканай русалкі,
І, сарваўшыся ўсе роем да яе яны бягуць,
А с-пад ног іх, у брылянты прамяністы пазменяны,
С шумам брызгі вадзяные паднімаюцца лятуць.

І, пабраўшыся за рукі, ўсе русалкі лёгкім колам
Каля сплаканай русалкі сталі весела гуляць, —
Да сябе яе прасілі і сьмеяліся, круцілісь,
Ўрэшці ціхім стройным хорам пачалі яны пеяць:

— «О, не плач! Не плач, сястрыца, што твой мілы не прыходзіць.
«Прыкажы, і, што ты хочэш, мы усё табе дадзім!
«Толькі ты аб ім ня думай! Во, глядзі: схаваўся месяц.
«Хадзі! Разам у палац мы наш падводны паляцім».

І зе за рукі ўзялі, — лёгка-лёгка, у тахт песьні,
Закруцілісь і прапалі у халоднай глыбіне.
Сьціхла ўсё… І толькі ў далі сьпеў русалчын раздаваўся.
І па сонных вод раўніне данасіўся да мяне…