Куток аб уніі
Аўтар: Казімір Сваяк
1921
Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кніга збор, 2010. — 472 с. - с. 296-297

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Унія — гэта аб’яднанне Усходу з Захадам пад узглядам рэлігійным, іначай кажучы: адна вера ў розных абрадах. Найважнейшай прычынай разладу між грэцкімі і лацінскімі народамі была шведская палітыка, каторая ўжывала справу веры дзеля сваіх заборчых мэтаў. Чым болей свабоды мае рэлігійная супольнасць у справе веры, тым бліжэйшая яна да аб’яднання. Царква рымская (лацінская) была ў гэтым пад першымі варункамі. Мы бачым, як яна з удачай змагалася і змагаецца за сваю незалежнасць у справах веры. Падчас калі Царква грэцкая (славянская) падпадала цэлымі вякамі пад урад царскі, губляючы сваю моц у лішняй службітасці для цароў, каторыя нават асмельваліся браць на сябе духоўнае верхавенства. Але вось русіны (назавём так беларусаў і ўкраінцаў) былі той злучняй, каторая вязала Усход з Захадам у нашай старане. Мы бачым на працягу сваёй гісторыі цікаўнае з’явішча. Русін у сваім рэлігійным светаглядзе неахвотна паддаецца перамозе Усходу ці Захаду, ён лучыць стройны абрад усходні з глыбейшым догматам Захаду. Ён змагаецца за еднасць. Асновай гэтага змагання была старонка, паложаная ў самай сярэдзіне Еўропы — Беларусь, а найбольш выдатным фактам змагання быў сабор беларуска- ўкраінскі ў Берасці 1595 года. Думка Уніі, умацаваная ў Берасці, быстра развівалася, спалучыўшы народ абодвух абрадаў: аж пыха польскага шляхецтва, з аднаго боку, а маскоўскі цэнтралізм, з другога, спынілі яго рэлігійнае, а пачасці і нацыянальнае развіццё. Сталася вялікая бяда. Творчасць мыслі рэлігійнай беларусаў затрымалася на доўгі час.

Але думкі вышэйшыя мацней лучаць людзей, як кайданы пераможцы. Праз русінаў пала шляхецкая Польшча, праз русінаў развалілася царская Расея. На тым развале аджыла і Беларусь да новага жыцця. З сільным разгонам ідзе яна да тварэння роднай культуры, да будавання новага святлейшага жыцця. Рэлігія як адна галіна культуры агульнай не стане назадзе. Беларусы пачуліся братамі без рознасці на абрады. А гэта найпершы шаг да Уніі. Думка адной Бацькаўшчыны-Беларусі злучае народ цэлым! Унія злучае душу народа. Няхай жа вольная, самабытная Беларусь мацуе свой дух, лучачы брата праваслаўнага і каталіка ў адзін народ веры ў Бога адной, Царквы Хрыстовай адной, дзе ўсе роўнымі братамі звацца будуць.

  • * *

Якую карысць дасць нам Унія? А вось якую. возьмем хоць бы нашае новае пісьменства. Маем шляхоцка-нороднае пісьменства Баршчэўскага і Марцінкевіча, маем дэмакратычна-ідэйную літаратуру найнавейшых пісьменнікаў, але з творамі рэлігійнай мыслі лепш нам схаваціся. Народ наш, праўду кажучы, не мог вытварыць ані песні рэлігійнай, ані легенды, бо чужацкая заборчасць, адбіраючы ад яго родныя формы, скруціла лёт яго фантазіі. У касцёлах і цэрквах Беларусі пануе чужая мова. І за тое народ наш не творыць, але толькі бяздушна паўтарае, бо тварыць можна толькі ў мове, каторай дзіця шчабеча на каленках сваёй маці. У нас паэзія рэлігійная не існуе і не зродзіцца, пакуль мы не пачнём маліціся па-беларуску. Змаганне за рэлігійнае аб’яднанне Беларусі дасць нам цэлую галузіну літаратуры. Тады пратрэ вочы наш брат, пазнаўшы сілу маральную праўдзівае веры. Дасць ён тады новае мастацтва рэлігійнае мыслі, а чужацкая «культура» не будзе ўжо тузаць бедную нявольніцу: «Ты мая! Ты мая!» Беларус тады выявіць свой адвечны здаровы містыцызм, творачы ў славянскім абрадзе рэлігію волі і чыну для дабра чалавека, у жыцці па гэтай і па той старане гробу.