Куток для спорту. Аб нямецкай гімнастычнай сыстэме

Куток для спорту. Аб нямецкай гімнастычнай сыстэме.
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1930 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 4 (14), красавік 1930 г., б. 11-12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Аб нямецкай гімнастычнай сыстэме.

Тварцом нямецкай гімнастычнай сыстэмы ёсьць Фрыдрык Людвік Яан (Jahan), які жыў ад 1778—1852 года. Змалку ён ахвотна гімнастыкаваўся. Быў вялікім патрыётам і лятуцеў аб злучэньні ўсяе Нямеччыны, падзелянай тады яшчэ на шмат малых гаспадарстваў. Дзеля гэтае мэты ён яшчэ за сваіх студэнскіх часаў гуртаваў усю студэнскую моладзь у гэтак званыя „Burschenschafty“ (буршэншафты).

Мэтай гэтых арганізацыяў было разбуджэньне і паднясеньне патрыятызму праз аднаўленьне бацькаўскіх ідэалаў і традыцыяў, праз працу і сумленнасьць.

У 1811 годзе закупіў Яан пад Бэрлінам першую ў той час на сьвеце гімнастычную плошчу, на каторай сам энэргічна кіраваў гімнастыкаваньнямі моладзі. Усю гімнастыку ён плянова пасартаваў, творачы сваю ўласную сыстэму, каторую называе тукукундэ (Turukunde).

Галоўнай мэтай пры тварэньні гімнастычных таварыстваў у яго была: утварэньне на скорую руку аддзелаў — асвабадзіцеляў бацькаўшчыны. Дзеля гэтага сыстэма Яана ня ёсьць усестаронняя. Яна мае мэту зрабіць з гімнастыка сілача; нахіляе ўжо сваю ўвагу на ччастку мускалаў, мала рупячыся аб цэлым арганізме.

Нямецкая гімнастычная сыстэма Яана складаецца з цэлага раду гімнастыкаваньняў, прытарновуючых цела да трох галоўных прыладаў: жэрдзі, дзеравяннае кабылы і парэнчаў. Раіць таксама гімнастыку гірамі.

Сыстэма Яана агульнаму арганізму ня ёсьць карыснай, нават можа быць шкоднай: гімнастыка гірамі, ці наагул паднашэньне якіх-небудзь цяжараў, вырабляе толькі рукі, шкодна ўплываючы не аддыханьне. Апрача гэтага ад паднашэньня цяжараў на руках, галаве і шыі раздымаюцца жылы. Гімнастыка на парэнчах мае падобны ўплыў, да гэтага яшчэ жаходзіць тое, што ў даўна гімнастыкуючых на парэнчах робіцца не нармальнае падняцьце плечаў з апушчэньнем уніз тулава, ад чаго часта паўстае звужэньне грудзей.

Ува ўсіх гімнастычных вучэньнях нямецкае сыстэмы няма практычнае гімнастыкі, маючай прытарнаваньне ў штодзенным жыцьці чалавека.

Маральны ўплыў гэтай сыстэмы ёсьць таксама незадавальняючы, дзеля таго, што вучань пераважна не задавальняецца з рэзультатаў свае гімнастыкі і мае цягу да розных каркаломных штучкаў. Гэта спрыяе разьвіцьцю пустаты і вынашэньня над другімі.

Ня гледзячы на ўсё гэта, нямецкая сыстэма Яана запанавала ў той час ува ўсіх культурных народаў. Гэтаму спрыяла карыснае ў ёй злучэньне патрыятызму з фізычным здароўем і сілай. А яшчэ больш спрыяла гэтаму тое, што немцы перамаглі зьненавіджанага ворага француза; гэта апошняе дадало нямецкай гімн. сыстэме многа разгалосу, тым балей у тых народаў, якія лятуцелі аб сваей незалежнасьці.

Цяпер аднак гімн. сыстэма Яана ўсюды ўступіла месца Швэцкай сыстэме Лінга і яго сына Гіяльмара. Нават самыя Немцы, хаця й называюць Яана бацькай гімнастыкі, у цяперашніх часах прымаюць Швэдзкую сыстэму фізычнага выхаваньня.

Ул. Казлоўшчык.