Куток для спорту. Була

Куток для спорту. Була.
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1931 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 1 (24), студзень 1931 г., б. 14

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Б у л а.

Гэта ёсьць беларуская народная зімовая ігра, якая вельмі прыпамінае англійскую ігру на лёдзе г.зв. „hockei“.

Була сваім зьместам і яе карысьцяй ня ўступае найлепшым зімовым іграм іншых народаў, хаця-б высока стаяўшым спартова. Гэтая ігра ўсестаронна гімнастыкуе мускулы, і з боку выхаваўчага і грамадзкага ёсьць аднэй з найкарысьнейшых.

Яна адбываецца на непакрытым сьнегам лёдзе ракі, або возера і выконваецца гэтак: іграючыя робяць дзеравянную галку, аяо замест гэтага бяруць на скорую руку кароткае круглае палена, што называюць „булай“.

Кожны мае галку, на канцы загнутую, якая называецца „качарэжкай“. Учасьнікі выбіраюць матку. Пасьля падыходзяць да яе парамі з выдуманымі імёнамі. Кожная пара чародна кажа: „маці, маці! што табе даці: ці сьнегу, ці лёду?“ — „Лёду!“

Той, хто „лёдам,“ астаецца пры „матцы“, а „сьнег“ адыходзіць у другую партыю. Наступныя пары кажуць: „маці, маці!“ што табе даці: ці зіму, ці лета? ці дзень, ці ноч? ці сасну, ці бярозу? і г. п., аж пакуль кожная пара надойдзе да маткі.

Разьдзяліўшыся гэткім спосабам на дзьве партыі партыя маткі застаецца на месцы, дзе праводзіцца лінія „гораду“, другая партыя ідзе „ў поле“.

Матка з усей сілы б‘е па буле качарэжкай: гоніць у поле. Дзеці маткі падганяюць качарэжкамі сунуўшуюся па лёдзе булу, каб падагнаць яе якнайдалей. Праціўная партыя стараецца затрымаць качарэжкамі булу і адбіць яе назад у горад.

Пры гэтым бывае вялікая заўзятасьць між ігракамі. Да булы найчасьцей падбягае двох, па аднаму з кожнай партыі.

Адзін размахіваецца сваей качарэжкай, каб удэрыць у булу і прагнаць яе ў праціўны бок, другі лоўка падстаўляе сваю качарэжку, каб адбіць булу ў бок ворага; далей яе падхватывае другая пара і г. д.

Калі-б дадаць да гэтай ігры учасьнікам канькі і ўстанавіць пэўныя, больш акрэсьленыя правілы ігры, як-жа яна была-б вельмі прыгожай нашай народнай зімовай ігрой спартовай.

Ул. Казлоўшчык.