Кім быць? (Маякоўскі/Дзяркач)

Кім быць?
Вершы
Аўтар: Уладзімір Маякоўскі
1928
Арыгінальная назва: Кем быть?
Пераклад: Анатоль Дзяркач
Крыніца: Кім быць / Пер. А. Зіміонкі. - Мн.: БДВ, Б.г. - 18 с.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кім быць?


У мяне растуць гады,
будзе і семнаццаць.
Дзе мне працаваць тады,
чым займацца?

Патрэбныя работнікі –
і сталяры і плотнікі!
Ці стол, ці акно –

трэба 
  ўзяць 
  бярвено 

і пілаваць дошкі
доўгія і плоскія.

Гэтыя дошкі 
  заціснуць у варштат 

і гэбляваць 
  ўсе падрад. 

Ад работы 
  піла 

напалілася дабяла.

З-пад пілкі 
  сыплюцца апілкі. 

Рубанак 
  ў рукі – 

работа другая:
сучкі-закарукі
рубанкам стругаем.
Прыгожыя стружкі –
шаўковыя стужкі.

А калі 
  галку дзіцяці 

вытачыць хочам –
на такарным варштаце
круглае точым.
Рыхтуем патрошку

то скрынку, 
  то ножку. 

Зрабілі вось сколькі
крэслаў і столікаў!

Сталяру добра,

а інжынеру – 
  лепш. 

Будаваць бы я пайшоў –
хай мяне навучаць.

Я 
  спачатку 
  нарысую 

хатку 
  гэту 
  або тую. 

Самае галоўнае,
каб было нарысована

усё  
  бязумоўна 

і ўсё падрыхтована.

Гэта будзе 
  перад, 

называецца фасад.
Разьбярэ кожны,
дзе сквэр,
дзе ванна,
дзе сад.

Плян гатоў –
ня хатка – палац!
на тысячу рук –
сотня прац.
Браньня да раньня
Расьце рыштаваньне.
Дзе цяжка –
ня "божа" –
лябёдка паможа:
калодку ў тры сажні,
як палку цягне,
а цэглу на плечы –
бярэ проста з печы.
Бляха на даху. І вось –
І хата гатова,
і дах ёсьць.
Добрая хата –
навокал кветкі
на чатыры стораны.
Хай жывуць дзеткі –
прасторна і здорава.

Інжэнэру добра,
А доктару –
лепш:
я б дзяцей лячыць пайшоў,
хай мяне навучаць.
Я прыду да Альзбеткі,
Пятруся ці Андрэя.
Добры дзень, мае дзеткі!
Хто ў вас тут хварэе?
Як галоўка,
як жывот?
Расчыняйце, дзеткі, рот:
пакажэце язычок,
грудку, сьпінку і бачок.
Пастаўце гэты градусьнік
Падпаху бяз страху.
І дзеткі ставяць радасна
градусьнік падпаху.
Каб паправіўся
бачок,
праглыніце парашок
і мікстуру лыжачкай
трэба піць
па крышачцы.
У пасьцель. Цяплей
накрыцца
І компрэс –
гадзін на дзьве...
І тады,
пакуль
жаніцца –
загоіцца –
зажыве.

Дактарам добра,
А рабочым –
лепш,
я б ў рабочыя пайшоў,
хай мяне навучаць.
Гудок гудзе:
Уставай, народ!
і мы прыходзім на завод.
Рабочых –
тысячы болей,
але ня цесна.
Чаго адзін ня здолее,
здолеем сумесна.
Можам жалеза
ножнамі рэзаць.
Кранам рабочым –
горы валочым.
Золата, цыну –
топім у хвіліну.
Молат гуляе –
рэйкі згінае.
Патрэбна на сьвеце
Кожная праца –
глядзеце:
Я раблю шайбы,
а ты
для шайбы –
вінты.
І ўсё ідзе
па чарадзе
у агульны мех –
зборачны цэх.
Гэта – з дзіркай,
гэта – з пазам,
гэта – шворан,
гэта – штыль.
А ўсе часткі
зложым разам –
і гатоў
Лёкомобіль!
Там –
дым,
тут –
гром.
Гра-
мім
ўвесь
дом.
І вось
вылазіць
паравоз,
каб вас
і нас
і нёс
і вёз.

На заводзе добра,
А ў трамваі –
лепш,
я б у кандуктары пайшоў,
хай мяне навучаць.

Яму можна ўсюды:
Кайстру надзень
І каці
туды-сюды –
хоць цэлы
дзень.
Старыя і дзеці,
Купляйце білецік,
На кожную лінію –
новыя:
чырвоныя,
сінія
і ружовыя.
Езьдзім ня ўскач мы –
лепш, як на возе.
Сьцеражыся, сабачка –
ня стой
на дарозе.

Кандуктару добра,
А шофэру –
лепш,
я б у шофэры пайшоў,
хай мяне навучаць.
Ляціць машына скорая:
Ні вецер, ні коні,
На гару, ці пад гору я –
Ніхто –
не дагоніць.
Каб толькі ведаў,
куды вам трэба –
бяз рэек
заеду
хоць
на сёмае
неба.
Едзем,
едзем,
ў дудку
граем –
усё
на сьвеце
абмінаем.

Добра быць шофэрам,
А лётнікам –
лепш,
яб у лётнікі пайшоў,
хай мяне навучаць.
Я нальлю у бак бэнзін,
завяду пропэллер.
Гэй, мотор, хутчэй вязі,
каб аж птушкі пелі.
Ні зьверху, ні ззаду –
ні дажджу,
ні граду.
Аблетаю шпарка
усякую хмарку.
Белай чайкаю лячу –
дзе хачу.
Без разгавору
скачу праз гору.
Вязі, мотор,
каб нас давёз
да зьвёзд
адзін твой
сьмелы ўзмах,
хоць шлях
да зьвёзд –
далёкі шлях!

Лётніку добра,
А матросу –
лепш,
яб у матросы пайшоў,
хай мяне навучаць.
У мяне на шапцы стужка,
на матросцы
якары.
І плыву я, так як птушка
у сінь-мора з-за гары.
Дарэмна, хвалі, скачаце
крутой дарожкай:
па рэях і па мачце
я лажу лепш, як кошка.
Здавайся, вецер суровы,
здавайся, бура гнеўная,
адчыню
полюс
паўднёвы,
паўночны –
напэўна я.

Пералістаўшы кніжку,
падумай да ночы,
пасьля – яшчэ крышку
і выберы –
што хочаш!


1928