К 15-гадоваму юбілею літаратурнай працы Цішкі Гартнага (1908—1923)

К 15-гадоваму юбілею літаратурнай працы Цішкі Гартнага (1908—1923)
Артыкул
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923
Крыніца: https://knihi.com/Zmitrok_Biadula/K_15-hadovamu_jubileju_litaraturnaj_pracy_Ciski_Hartnaha_1908-1923.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У пятніцу ўвечары 14 снежня ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры Інстытут беларускай культуры ладзіць урачыстасць 15-гадовага юбілею літаратурнай працы першага беларускага пралетарскага паэта і пісьменніка Цішкі Гартнага (Змітра Жылуновіча). Якраз 14 снежна 1908 года выдрукаваўся першы літаратурны твор Гартнага ў першай беларускай часопісі «Наша ніва» ў Вільні.

Цішка Гартны радзіўся ў мястэчку Капылі Слуцкага павета 23 кастрычніка 1887 года. Бацька паэта — чорнарабочы, які зарабляў падзённай работай каля васьмі злотых на тыдзень. Гэтым харчавалася ўся сям’я.

Дзеля таго каб аблягчыць цяжар беднай сям’і, малога Змітра (на 11-м годзе) бацька аддаў улетку за пастушка. Узімку хлопчык вучыўся грамаце ў нейкага «дарэктара», так на Беларусі называлі дамарослых настаўнікаў. У «дарэктара» хлопец паказаў вялікую здольнасць да навукі, але «дарэктар» прагнаў яго за смех на малітве.

Потым ён вучыўся ў Капыльскай школе. Зноў жа ў школе вучыўся ён зімой, а летам служыў за пастуха.

Пасучы стада, будучы беларускі паэт любіў чытаць розныя кніжкі.

У 1904 г. на вялікдзень ён у першы раз папаў на мітынг Капыльскай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі, які адбыўся патаемна ў блізкім лесе.

«З гэтага часу, — як піша сам пясняр у сваіх успамінах, — мяне пацягнула да «дэмакратаў», аб якіх ішлі легенды па мястэчку».

З гэтага ж года Гартны пачаў пісаць вершы, спачатку па-расійску.

У 1906 г. Гартны пайшоў у гарбары. Стаўшы рабочым, ён прайшоў у камітэт Капыльскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў, працуючы сярод капыльскай моладзі. А ў 1908 г. пачаў пісаць у «Нашу ніву». З 1909 г. Гартны пусціўся ў вандроўку па Беларусі. З 1909 па1912 г. ён з дапамогаю рабочых-гарбароў аб’язджаў гарады і мястэчкі бацькаўшчыны. Свае вершы, карэспандэнцыі і апавяданні пісьменнік пісаў у дарозе, вагонах, на вакзалах, у цесных і брудных каморках, у начлежках і г. д.

У 1913 г. Гартны паехаў у Петраград і паступіў на завод. Там ён таксама не пакідаў пісаць па-беларуску вершы і раман «Сокі цаліны».

Пасля пяці месяцаў працы на заводзе быў разлічан. Жыў у горадзе без працы 3 месяцы пры падтрыманні сяброў беларусаў Б. Шыпілы, д-ра Ярэміча і інш., пакуль дастаў службу загадчыка выдавецтва, на якой і захапіла яго рэвалюцыя 1917 г. Яшчэ да рэвалюцыі быў рэдактарам газеты «Дзянніца», потым быў рэдактарам газ. «Савецкая Беларусь». Цяпер стаіць на чале выдавецтва «Савецкая Беларусь» у Мінску.

Пакуль што паасобнымі зборнікамі твораў Гартнага выйшлі «Песні працы і змагання» і першы том рамана «Сокі цаліны», а многа яго вершаў, апавяданняў і артыкулаў рассеяны па розных беларускіх часопісах, пачынаючы ад «Нашай нівы», «Маладой Беларусі» і канчаючы сучасным часопісам «Полымя».

Творчасць Цішкі Гартнага займае ў беларускай літаратуры асаблівае і пачэснае месца. У той час калі ўсе іншыя беларускія паэты пісалі аб сялянах, малявалі настроі бунтарскай сялянскай беднаты, Цішка Гартны ў большасці сваіх вершаў апявае беларускі пралетарыят.

Яго песні аб гарбарах, кавалях, шаўцах і г. д. пранікнуты вялікім натхненнем і выкуты, загартаваны нейкай надзвычайнай бунтарскай сілай.

Шум рабочага станка, шэлест сярпоў на полі, звон касы на лузе чуваць у яго творах.

Цішка Гартны цяпер у поўным росквіце сваёй творчасці. Беларуская літаратура ад яго яшчэ шмат-шмат чакае.