Лабірынты (Ластоўскі)

Лабірынты
Аповесьць
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2, ліпень 1923 г., б. 9-13; Часопіс «Крывіч», № 2, ліпень 1923 г., б. 13-16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад некалькіх гадоў, стала ў мяне звычаем выяжджаць, на тыдзень-два, ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасьвеччыны. Мяне даўно маніў к сабе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, сягаючым у легендарныя часы і, гэтага году, я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў, правясьці ў Полацку. На маю пастанову астаточна заважыў ліст атрыманы з Полацка, ад тамтэйшага аматара—архэолёга Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся кружок любіцеляў старасьвеччыны з мясцовых жыхароў. „У нашых вячорніх вольных бясёдах запраўды ажываюць мінулыя векі ў казках, легендах і фантазыях“… пісаў ён мне ў сваім лісьце.

Лягатып Вікіпэдыі
Лягатып Вікіпэдыі
На Вікіпедыі
Лабірынты (Ластоўскі) (акадэмічная)
Лябірынты (Ластоўскі) (клясычная)
I

Вечарам, таго ж дня, я сеў у вагон у Вільні, а на другі дзень раніцай ужо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памяшчэння ў гасьцінніцах.

Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і мэталёвыя бляшкі, паходзячыя з раскопак у даўнай княжай сялібе—Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двумя ўчасьнікамі, як яны называлі, „Архэжлёгічнай Вольнай Контэрфратэрніі“. Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры напісанай ім, калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай карьеры русыфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давясьці, што па расійску трэба пісаць названьне гораду не „Полоцк“, а „Полотск“ і што бытцам у гэтым пераменаваньні прастарой назовы крыўся сам цэнтр „абрусення краю“. Вынікам яго брашуры сталася тое, што ў расійскай мясцовай пісоўні завёўся хаос, бо некаторыя пачалі, сапраўды, пісаць „Полотск“, „полотскій“ і т. д., а іншыя, пайшлі яшчэ далей і пісалі—„Полотеск“, кансэрватары-ж і мясцовыя жыхары асталіся пры старой назове.

Пры цяперашняй, асабістай з ім знаёмасьці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў зьбірае матэрьялы і дакуманты да гісторыі краёвай, што ў яго два пакоі бітком набіты гэтымі матэрьяламі, сярод якіх маюцца неашацаванай вартасьці рэчы.

Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, разпрадаў зямлю, і, цяпер, жыў у Полацку, у сваім ўласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да Васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэмоналёгіяй, кабалістыкай і г. п. Меў, як зарэкамандаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе „чорнакніжную бібліатэку“, якой нікому не паказываў і ня даваў чытаць. Знаў ён гэбрайскую мову і любіў, час ад часу, пайсьці ў жыдоўскую сынагогу падыскутаваць.

Мы ўмовіліся сустрэцца, разам з іншымі яшчэ ўчасьнікамі „Вольнай Контэрфратэрніі“ на кватэры у Івана Іванавіча.

Вечарам прыбыло яшчэ двое. Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор N., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі пабеларуску, а часам прытвараўся, што неразумее некаторых слоў па расійску і па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускае, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамандавалі пад найменьнем „Падземны Чалавек“, спэцыяльнасьцю яго было знаньне розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам, але на заканчэньне заўсёды дадаваў: „так пераказуюць, а хто-ж ведае, ці ёсьць у гэтым хоць кропля праўды“.

І, ўрэшце, апошнім учаснікам „Контэрфратэрніі“ быў сярэдніх гадоў вучыцель гарадзкой школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцьця хрысьціянства Крывічамі.

Перазнаёміўшыся, разселіся мы за сталом на выгодных т. зв. „клубных крэслах“, глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар, і красавалася бутэлька, запарушаная пылам і плесьню, з водкай-старкай. На талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцэсона, каўбасы, якія ня маюць роўных сабе ў сьвеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасьвецкіх рэцэптаў рукамі беларускіх гаспадарных кабет.

Пасля другой-трэцяй чаркі „Падземны Чалавек“ пахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні Замак,—насыпная. Што першапачаткава гэта была толькі магіла знамянітага валадара ўсей пабалтыцкай „ратайскай“ Скіфіі, а пазьней яе дасыпалі, і на ёй стаяла бажніца, пасьвячоная Дзеве Сонцу, якую чцілі тут ў постаці агністага птаха з дзявочай галавой. Пры гэтым ён сягнуў у кішэнь і падаў мне бронзавы мэдаль са стылізаваным рысункам, характэрнага вельмі, але не бачанага мной дагэтуль стылю. На аднэй старане мэдалю быў зьмяявік, а на другой—Дзева—Сонца, ў постаці птаха з людзкой галавой, акружанай аўрэоляй.

— Гэткія мэдалі даўней знаходзілі часта каля гары, а гэты—я сам выкапаў у пясочку.

У нашу размову ўмяшаўся вучыцель, які сказаў:

— Я бачу, што вас застанаўляе закончаны стыль рысунка. І я пэвен, што вы думаеце— вот сабе грубы прымітыў! Людзі імкнуліся нешта адтварыць, але нямаглі перабароць тэхнікі, а дзеля гэтага зрабілі бытцам цень падобнасьці да рэальных зьмеяў. Вось, акурат, у гэтым крыецца наша самае грубае неразуменьне старасьвеччыны. Пасьлядзіце за разьвіцьцём мастацтва ў Грэцыі: там пасьля груба рэалістычных скульптураў Фідзія і яго сучасьнікаў, пасьля вульгарнага клясыцызму, настае пэрыод, пазьнейшы—Візантыйскі. Стыль Візантыйскі, гэта ня ёсьць упадак мастацтва, а яго вышэйшая ступень. Першы пэрыод належыць, як і ў разьвіцьці рэлігіі, да богатвораньня прыроды, другі—да тварэньня прыроды па свайму замыслу і хаценьню. У першым пэрыодзе чалавек ня пэўны сваіх духовых сіл і яму здаецца, што зьвер ня толькі фізычна, але і духова сільнейшы за яго, яму імпануе зьверачы сьвет, і ён пачынае яго багоміць. А таму ахвотна прыбірае сваю галаву бычачымі рагамі, цела акрывае мядзьведжымі скурамі, або размалеўвае на ім падабізны імпануючых яму зьвярат і гадаў. Калі-ж, ходам разьвіцьця культуры, чалавек даходзіць да пазнаньня самога сябе, да ацэны сваіх духовых сіл, ён разам з бычачымі рагамі, ськідае з сябе і багомленьне рэальных форм ў мастацтве. Пачынае сам тварыць неістнуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва. Візантыйскае мастацтва гэта ёсьць мастацтва вышэйшай фармацыі чым грэцкі клясыцызм, бо гэта ёсьць мастацтва не натуралістычнае, а канонічнае. Тое, што мы бачым у Грэцыі, паўтараецца ўсюды, дзе толькі цывілізацыя людзкая даходзіла да вышэйшыхъ ступеняў: і ў Асірыі, і ў Вавілоніі, і ў Егіпце, і ў Індыі, у Кітаі і Японіі…

„Гэты мэдаль сьведчыць нам, што і мы, на гэтай зямлі, у гэтым краю праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула, якой астанкі, вельмі рэдкія, зьяўляюцца, пакуль што, для нас таёмнымі крыптонімамі даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў бы, пасьвячоным людзям. Нашае няшчасьце, ў тым, што край наш не абладае ні годным да будовы камянем, ні капальнямі мінэралаў, а з гэтай прычыны адзіным, годным да будовы матэрьялам было дрэва, нашы мастацкія будоўлі былі драўляныя, малатрывалыя. Нашы пісаныя памятнікі не на камянях высякаліся, але на бяроставых пластках, былі крэсьляны, якія лёгка запаляліся і гнілі. Скажыце, каб у Егіпце, Індыі, Вавілоне была драўляная культура, то ці ведалі-б мы сягоньня што-колечы аб ей? Не.

— Маеце слушнасьць,—сказаў памешчык. Нашы продкі перажылі стадзію высокай культуры. Як довад магу прывясьці, што дагэтуль, сярод нашага простага народа, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, дагэтуль маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў. Напрыклад, гвязду Вэнэру дасягоньня сяляне называюць „Чагір“. Пад найменнем „Чагір“ фігуруе Вэнэра ў Супрасльскім календары ХVІІІ ст., дзе аб ёй гаворыцца: „Гвезда Чагір між ўсімі гвездамі 10 месц у кождым месяцы мае, а па трыкрот прыходзіць на кождае месца кожнага месяца“. Вялікую Мядзьведзіцу называюць „Стажарамі“; Плеяды—„Сітцом“, або „Вуціным Гняздом; Орыонаў пояс—Кігачамі; тры гвязды каля Млечнай Дарогі называюць „Прахамі“, або „Жалезны Абруч“; ў галаве Млечнай Дарогі знаюць „Касьбітоў“, а саму Млечную Дарогу называюць „Вайсковым Станам“. Назоў гэтых захавалася многа. А што гэта знача? Гэта знача, што быў калісь час, калі ў нас працьвітала астралёгія, глыбокае знаньне якой зьяўлялася прывілеям клясы вучоных, але была адначасна, мабыць, ведай, даступнай для ўсіх станаў.

Тут яго перапыніў стары чыноўнік, кажучы:

— Сярод маіх сабраньняў меў я карціны кніг пісаных на бяросьце незразумелымі знакамі, падобнымі да рунічнага пісьма. Я маю данныя цьвердзіць, што т. зв. Ятвягі ня былі асобным племем, як памылкова ўтрымліваюць, а гэта ёсьць названьне клясы сьвятароў паганскіх часаў. Тых зорнікаў і зораведаў, а па-цяперашняму астраномаў, якія адначасна былі і клясай сьвятароў, духоўнікаў. Прашу зьвярнуць увагу на падобнасьць паняцьця, уложанага ў словы „ятвяг“ і „жрэц“. Там і тут да ўтварэньня слова ўзята паняцьце яды—жорці, есьці. Выйдзеце з гэтага пакою на рынак і спытайце, дзе прадаюць ядомыя рэчы? Усякі вам адкажа:—ў ятках. У старапольскай мове жэртва называецца „objata“, ізноў такі тое самае паняцце яды ўложана ў слова. Наш селянін дагэтуль кажа на страву „ятво“, славянскае—яство, яства. Па польску пішацца „jadźwingowie“, дык і тут ёсьць карэнь „яд“, „яда“…

Ў даўныя часы паміж словамі: „ятвяг“ і „жрэц“ была акурат такая рожніца, як у цяперашнім нашым разуменьні паміж словамі „сьвятар“ і „жрэц“. Для ваюючага і нішчачага ўсё паганскае, хрысціянізму, ўсе старой веры і сьвятары, і грубыя шаманы, і варажбіты—былі агульна пагарджанымі жрэцамі. Гэта стараверная, з высокай культурай, інтэлігенцыя, брыдзілася змагацца забойствамі з новай верай і эмігравала ў глухія пушчы на паграніча старавернай і аднавернай з імі Літвы. Як іх там тропілі і нішчылі, немаль штогод, палячы будоўлі і выразаючы людзей, сьведчаць ужо расійскія і польскія летапісцы. Разам з тым, калі загінулі ятвягі, загінула і старая дахрысьціянская наша культура.

Тут ізноў узяў слова „Падземны Чалавек“:

— Я там ня ведаю, якое названьне насілі сьвятары дахрысьціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй—гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш,—зьвярнуўся да мяне,—Богінскае возера? Цікавы закутак! Ўся ваколіца поўна старога жыцьця. На возеры ёсьць паўвостраў „Богіна“, а таму „Богіна“, што там былі знамянітыя бажніцы. Ў канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пяшчыстым урочышчы; гэта месца—жалю, смутку, па нашаму—могілкі—носіць найменьне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасаваньня паншчыны, трымаўся высокі капец, ў сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ў сярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстаньня, думаючы, што гэта нейкая крэпасьць. Там, ў Богіне, ёсьць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім Замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто-ж ведае, ці ёсьць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім Замкам, за магілай невядомага валадара, ёсьць склады з багацьцямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсьць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі. Часьцю пісаны яны на дасочках, часьцю на бяроставых пластках. Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, ў сярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец… Толькі дужа страшна ісьці там.

Голас яго абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсьле, а вочы застыглі, бытцам угледжаныя ў няведамую даль.

На момант спынілася размова, а, пазьней, памалу, перайшла на знамянітую полацкую бібліятэку, якой здабываючы Полацак у 1572 гаду, шукаў Іван Грозны і не знайшоў. Якую даручаў папа Грыгор ХІІ Пассэвіну знайсьці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліатэка гэта была тады добра схавана і, сягоньня, ёсьць недзе ў падземныхъ полацкіх лёхах. Іван Іванавіч расказаў, што ўласнымі вачамі чытаў, у старых мэтрычных кнігах , у архіве вітабскай лютаранскай кірхі, запісь на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў ўніз Дзьвіны каб захаваць усё гэта ў падзямельлях Верхняга Замку. Старык чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліатэцы.—А найперш ёсьць там, казаў ён, летапіс Полацкага князтва, пісаная рукой св. Еўфрасініі, праўдзівы экзэмпляр „Повесьці временных лет“, бо дахаваўшыяся да нашых дзён копіі, пераблутаны і далёкі ад арыгіналу, далей—ўласнаручныя пісаньні братоў Кірыла і Міфодзія, Візантыйскія хранографы і г. п.—Памешчык сказаў: —васільяне ведалі, дзе захавана бібліатэка, але, баючыся, каб яе не забралі езуіты і ня зьнішчылі, хавалі месца яе знаходжаньня ў сэкраце.

Гутарка зацягнулася да познай ночы.

Разьвітаўшыся, мы разышліся кожны ў свой бок.

Мой пакой у гасьцініцы быў на другім паверсе, і акно выходзіла ў сад за якім, на мураваным доме, красаваўся агаловак коміну ў кшталце кароны. Полацкія старажылы кажуць, што даўней больш было гэткіх аздобных комінаў у горадзе, з часам яны вывеліся, і я пашкадаваў у душы заміраньню роднай старасьвеччыны. Ў стылю агалоўка было нешта неўхватнае, што напамінала мне стыль нядаўна бачанага мэдалю, які паказываў „Падземны Чалавек“. Ціж-бы рэшткі стылю яшчэ жылі? Я пахінуў галаву на абраменьне акна і задумаўся. Перадамной, ў фантазыі, стаў растці стылёвы горад з аграмаднымі дзіўнымі будоўлямі…

Паводле афіцыйнага правапісу

правіць
I

Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасвеччыны. Мяне даўно маніў к сабе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, сягаючым у легендарныя часы, і гэтага году я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў правесці ў Полацку. На маю пастанову астаточна заважыў ліст, атрыманы з Полацка ад тамтэйшага аматара-археолага Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся кружок любіцеляў старасвеччыны з мясцовых жыхароў. «У нашых вячорніх вольных бяседах сапраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і фантазіях...» — пісаў ён мне ў сваім лісце.

Вечарам таго ж дня я сеў у вагон у Вільні, а на другі дзень раніцай ужо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памяшчэння ў гасцініцах. Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі, паходзячыя з раскопак у даўняй княжай сялібе — Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўчаснікамі, як яны называлі, «Археалагічнай вольнай контэрфратэрніі». Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар'еры русіфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расійску трэба пісаць названне гораду не «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым пераменаванні прастарой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю». Вынікам яго брашуры сталася тое, што ў расійскай мясцовай пісоўні завёўся хаос, бо некаторыя пачалі, сапраўды, пісаць «Полотск», «полотскій» і т.д., а іншыя пайшлі яшчэ далей і пісалі — «Полотеск», кансерватары ж і мясцовыя жыхары асталіся пры старой назове.

Пры цяперашняй, асабістай з ім знаёмасці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў збірае матэрыялы і дакументы да гісторыі краёвай, што ў яго два пакоі бітком набіты гэтымі матэрыяламі, сярод якіх маюцца неашацаванай вартасці рэчы.

Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г.п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён гэбрайскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.

Мы ўмовіліся сустрэцца разам з іншымі яшчэ ўчаснікамі «вольнай контэрфратэрніі» на кватэры ў Івана Іванавіча.

Вечарам прыбыло яшчэ двое. Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамендавалі пад найменнем Падземны чалавек, спецыяльнасцю яго было знанне розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам, але на заканчэнне заўсёды дадаваў: «Так пераказуюць, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды».

І, урэшце, апошнім учаснікам «контэрфратэрніі» быў сярэдніх гадоў вучыцель гарадской школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцця хрысціянства крывічамі.

Перазнаёміўшыся, расселіся мы за сталом на выгодных т.зв. клубных крэслах, глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар, і красавалася бутэлька, запарушаная пылам і плесню, з водкай «старкай». На талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцісона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў рукамі беларускіх гаспадарных кабет.

Пасля другой-трэцяй чаркі Падземны чалавек пахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак, — насыпная. Што першапачаткава гэта была толькі магіла знамянітага валадара ўсёй пабалтыцкай «ратайскай» Скіфіі, а пазней яе дасыпалі, і на ёй стаяла бажніца, пасвячоная Дзеве-Сонцу, якую чцілі тут у постаці агністага птаха з дзявочай галавой. Пры гэтым ён сягнуў у кішэнь і падаў мне бронзавы медаль са стылізаваным рысункам, характэрнага вельмі, але нябачанага мной дагэтуль стылю. На адной старане медалю быў змеявік, а на другой — Дзева-Сонца, у постаці птаха з людской галавой, акружанай аўрэоляй.

— Гэткія медалі даўней знаходзілі часта каля гары, а гэты — я сам выкапаў у пясочку.

У нашу размову ўмяшаўся вучыцель, які сказаў:

— Я бачу, што вас застанаўляе закончаны стыль рысунка. І я пэвен, што вы думаеце — вот сабе грубы прымітыў! Людзі імкнуліся нешта адтварыць, але не маглі перабароць тэхнікі, а дзеля гэтага зрабілі быццам цень падобнасці да рэальных змеяў. Вось акурат у гэтым крыецца нашае самае грубае неразуменне старасвеччыны. Паслядзіце за развіццём мастацтва ў Грэцыі: там пасля груба рэалістычных скульптураў Фідзія і яго сучаснікаў, пасля вульгарнага класіцызму настае перыяд пазнейшы — візантыйскі. Стыль візантыйскі — гэта не ёсць упадак мастацтва, а яго вышэйшая ступень. Першы перыяд належыць, як і ў развіцці рэлігіі, да богатворання прыроды, другі — да тварэння прыроды па свайму замыслу і хаценню. У першым перыядзе чалавек няпэўны сваіх духовых сіл, і яму здаецца, што звер не толькі фізычна, але і духова сільнейшы за яго, яму імпануе зверачы свет, і ён пачынае яго багоміць. А таму ахвотна прыбірае сваю галаву бычачымі рагамі, цела акрывае мядзведжымі скурамі або размалёўвае на ім падабізны імпануючых яму звярат і гадаў. Калі ж ходам развіцця культуры чалавек даходзіць да пазнання самога сябе, да ацэны сваіх духовых сіл ён разам з бычачымі рагамі скідае з сябе і багомленне рэальных форм у мастацтве. Пачынае сам тварыць неіснуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва. Візантыйскае мастацтва — гэта ёсць мастацтва вышэйшай фармацыі, чым грэцкі класіцызм, бо гэта ёсць мастацтва не натуралістычнае, а кананічнае. Тое, што мы бачым у Грэцыі, паўтараецца ўсюды, дзе толькі цывілізацыя людская даходзіла да вышэйшых ступеняў: і ў Асірыі, і ў Вавілоніі, і ў Эгіпце, і ў Індыі, у Кітаі і Японіі...

Гэты медаль сведчыць нам, што і мы, на гэтай зямлі, у гэтым краю, праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула, якой астанкі, вельмі рэдкія, з'яўляюцца пакуль што для нас таёмнымі крыптанімамі, даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў бы, пасвячоным людзям. Нашае няшчасце ў тым, што край наш не абладае ні годным да будовы каменнем, ні капальнямі мінералаў, а з гэтай прычыны адзіным, годным да будовы матэрыялам было дрэва, нашы мастацкія будоўлі былі драўляныя, малатрывалыя. Нашыя пісаныя памятнікі не на камянях высякаліся, але на бяроставых пластках былі крэслены, якія лёгка запаляліся і гнілі. Скажыце, каб у Эгіпце, Індыі, Вавілоне была драўляная культура, то ці ведалі б мы сягоння што-колечы аб ёй? Не.

— Маеце слушнасць, — сказаў памешчык. — Нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры. Як довад магу прывесці, што дагэтуль сярод нашага простага народа, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, дагэтуль маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў. Напрыклад, гвязду Венеру дасягоння сяляне называюць Чагір. Пад найменнем Чагір фігуруе Венера ў супрасльскім календары ХVІІІ ст., дзе аб ёй гаворыцца: «Гвезда Чагір між усімі гвездамі 10 месц у кожным месяцы мае, а па трыкрот прыходзіць на кожнае месца кожнага месяца». Вялікую Мядзведзіцу называюць Стажарамі; Плеяды — Сітцом, або Вуціным Гняздом; Арыёнаў пояс — Кігачамі; тры гвязды каля Млечнай Дарогі называюць Праллямі, або Жалезны Абруч; у галаве Млечнай Дарогі знаюць Касьбітоў, а саму Млечную Дарогу называюць Вайсковым Станам. Назоў гэтых захавалася многа. А што гэта знача? Гэта знача, што быў калісь час, калі ў нас працвітала астралогія, глыбокае знанне якой з'яўлялася прывілеем класа вучоных, але была адначасна, мабыць, ведай, даступнай для ўсіх станаў.

Тут яго перапыніў стары чыноўнік, кажучы:

— Сярод маіх сабранняў меў я карціны кніг, пісаных на бяросце незразумелымі знакамі, падобнымі да рунічнага пісьма. Я маю даныя цвердзіць, што т.зв. ятвягі не былі асобным племем, як памылкова ўтрымліваюць, а гэта ёсць названне класа святароў паганскіх часоў. Тых зорнікаў і зораведаў, а па-цяперашняму астраномаў, якія адначасна былі і класам святароў, духоўнікаў. Прашу звярнуць увагу на падобнасць паняцця, уложанага ў словы «ятвяг» і «жрэц». Там і тут да ўтварэння слова ўзята паняцце яды — жорці, есці. Выйдзеце з гэтага пакою на рынак і спытайце, дзе прадаюць ядомыя рэчы? Усякі вам адкажа — у ятках. У старапольскай мове жэртва называецца «objata», ізноў-такі тое самае паняцце яды ўложана ў слова. Наш селянін дагэтуль кажа на страву «ятво», славянскае — яство, яства. Па-польску пішацца «jadzwingowie», дык і тут ёсць карэнь «яд», «яда»...

У даўныя часы паміж словамі «ятвяг» і «жрэц» была акурат такая розніца, як у цяперашнім нашым разуменні паміж словамі «святар» і «жрэц». Для ваюючага і нішчачага ўсё паганскае хрысціянізму, усе старой веры і святары, і грубыя шаманы, і варажбіты — былі агульна пагарджанымі жрацамі. Гэта стараверная, з высокай культурай інтэлігенцыя брыдзілася змагацца забойствамі з новай верай і эмігравала ў глухія пушчы на пагранічча старавернай і аднавернай з імі Літвы. Як іх там тропілі і нішчылі немаль штогод, палячы будоўлі і выразаючы людзей, сведчаць ужо расійскія і польскія летапісцы. Разам з тым, калі загінулі ятвягі, загінула і старая дахрысціянская наша культура.

Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:

— Я там не ведаю, якое названне насілі святары дахрысціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — звярнуўся да мяне, — Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пясчыстым урочышчы; гэта месца — жалю, смутку, па-нашаму — могілкі — носіць найменне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасць. Там, у Богіне, ёсць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі. Часцю пісаны яны на дасочках, часцю на бяроставых пластках. Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, усярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец... Толькі дужа страшна ісці там.

Голас яго абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсле, а вочы застыглі, быццам угледжаныя ў няведамую даль.

На момант спынілася размова, а пазней памалу перайшла на знамянітую полацкую бібліятэку, якой, здабываючы Полацак у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў. Якую даручаў папа Грыгор ХІІ Пасевіну знайсці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэта была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах. Іван Іванавіч расказаў, што ўласнымі вачамі чытаў у старых метрычных кнігах , у архіве віцебскай лютэранскай кірхі запісь на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы.

— А найперш ёсць там, — казаў ён, — летапіс Полацкага княства, пісаная рукой св. Еўфрасініі, праўдзівы экземпляр «Повесці врэменных лет», бо дахаваўшыяся да нашых дзён копіі пераблутаны і далёкі ад арыгінала, далей — уласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, візантыйскія хранографы і г.п.

Памешчык сказаў:

— Васільяне ведалі, дзе захавана бібліятэка, але, баючыся, каб яе не забралі езуіты і не знішчылі, хавалі месца яе знаходжання ў сакрэце. Гутарка зацягнулася да познай ночы.

Развітаўшыся, мы разышліся кожны ў свой бок.

Мой пакой у гасцініцы быў на другім паверсе, і вакно выходзіла ў сад, за якім, на мураваным доме, красаваўся агаловак коміну ў кшталце кароны. Полацкія старажылы кажуць, што даўней больш было гэткіх аздобных комінаў у горадзе, з часам яны вывеліся, і я пашкадаваў у душы заміранню роднай старасвеччыны. У стылю агалоўка было нешта няўхватнае, што напамінала мне стыль нядаўна бачанага медалю, які паказваў Падземны чалавек. Ці ж бы рэшткі стылю яшчэ жылі? Я пахінуў галаву на абраменне вакна і задумаўся. Перада мной, у фантазіі, стаў расці стылёвы горад з аграмаднымі дзіўнымі будоўлямі...

II

Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у акно. Я ўскочыў з ложка і падышоўшы пабачыў ў акне вусатае аблічча „Падземнага Чалавека“. Ен даваў мне знакі рукамі каб адчыніць яму акно, пры чым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак каб я не нарабіў гоману.

Калі акно было адчынена, ён сеў на падаконнік зажыў з сярэбранай табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:

— Я даўно ўжо ведаю ход ў схаваную бібліатэку, але сам ня рухаў яе і нікому не паказываў, маўчаў, баючыся каб незаграбілі у нас і гэта наша апошняе багацьце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой сьвечку, ліхтарню і усё патрэбнае…

Німа што казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу.

Мы сышлі па драбіне ўніз, аднясьлі яе ў старану і паклалі на зямлі, а самі цішком вымкнуліся з брамы і ськіраваліся ў старану Верхняга Замка. Мінут за 20 мы былі на месцы. На гарэ, ў старану Дзьвіны, тад стаялі яшчэ руіны замковых будынкаў, ў якіх да 1839 г. месьціўся васільянскі, уніяцкі манастыр.

Замак быў, як апавядаюць, зруйнаваны ўсяго толькі ў 40-х гадах. Сьпярша па загаду цара Мікалая I, з яго зьнялі медзяны дах і адправілі ў Пецярбург на будову Ісаакіеўскага сабору, а пазьней нехта, ці запарушыў няўмысна, ці мо ўмысна падпаліў будынак. Пасьля пажару—ён больш паўсталецьця пакінут быў на руйнаваньнеся сіламі прыроды. Урэшце руіны, каля 1913 г., прадаў расійскі Урад нейкаму маскалю падрадчыку на цэглу, які, разабраўшы шаноўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу.

Але тады, калі мы ўходзілі ў будынак, часьць яго, а найменна, левы вугал ў ніжнім паверсе, меў яшчэ цэлыя скляпеньні. Мы пацёмку дабраліся да вялікай вуглавйо, ў скляпох, салі, сьцены якой і столь былі пакрыты старымі фрэскамі, месцамі асыпаўшыміся, месцамі сьцертымі і павыдзіранымі. Зправа, між двох атворын ад дзвярэй, была круглая ніша да самага памосту.

— Во, тут, ход у падзямельле,—сказаў мой павадыр і пачаў рукамі адгартаць насыпаны, на добрага поўаршына груз. Супольным высілкам мы ачысьцлі дно нішы, якое было зроблена з аднэй, ў квадратовы мэтр, камяннай пліты.

— Гэта дзьверы,—сказаў „Падземны Чалавек“ і засунуўшы ў шчалугу, між камяняў, загнуты жалезны прут, с высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула і пліта аднэй стараной, пачала апускацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы, пры слабым сьвятле „сьляпой“ ліхтарні, пачалі зыходзіць ўніз. Калі нашы галовы зраўняліся з канцом павісшай пліты, то пліта сама сабой паднялася ўверхі, зашчоўкнулася, пры помачы прыладжанага да яе мэханізму.

— Акром мяне, з жывых, ніхто ня ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным. Але перш чым увайсьці ў тайныя ходы, ў якіх, нашы празорлівыя прадзеды захавалі ня толькі свае культурныя, але і вялікія матэрьяльныя багацьці, ты павінен даць абяцаньне злажыць прысягу на вечную.—Казаў стары ўрочыстым голасам, з націскам на кождым слове.

Я высказаў сваю згоду і ён рушыў далей. Ішлі мы мінут 10 вузкім, з пачарнеўшымі сьценамі ходамі, маючым многія павароты але ўсьцяж пахіляючымся ўніз. На адным з паваротаў мой павадыр стрымаў мяне кажучы:

— Памятай, пасьля сёмага вугла ёсьць запастка. Перад намі, ўзровень цэглянаму памосту, была, на сажань даўжыні і ва ўсю шырыню ходу, ўпраўлена ў памост дубовая дашка.

— Гэта дашка на вяртугу устроена, хто няведае, ступіць на яе, то і зваліцца ў глыбокі калодзезь, а даска, сама сабой, стане на месца. Пры гэтым, хочучы паказаць як гэта адбываецца, ён націснуў палкай на канец дашкі і тая віхнулася ўніз адкрываючы чорную пропасьць, скрытага пад ёю калодзезя. Праваднік патрымаў гэты рухомы мост, а мне загадаў выцягнуць засунутую за жалезныя скобкі, збоку мураванай студні, дашку, паклаўшы якую на мост, мы перайшлі на другі бок яго і схавалі дашку ізноў, з другой стараны.

Прайшоўшы некалькі кропаў мы знайшлі ў сьцяне нізкія чорныя дзьверцы, за якімі была рухомая сьценка, адсунуўшы которую ўвашлі ў даволі абшырны пакой, з мураванымі лавамі каля сьцен і высокім падмуркам пасярэдзіне, на каторым стаяла старасьвецкая труна, знаная яшчэ данідаўна мейсцамі на Беларусі пад назовай „корсту“. Гэта—тоўстая калода з высечаным ў сярэдзіне дуплом, ў якое клалі нябошчыка; верх закрывалі плашкай ад такойжа калоды. У асабліва важных здарэньнях, хаваючы багатых або заслужаных людзей, корст пакрывалі смалой і „берасьцілі“ г. зн. густа спаясывалі доўгімі паяскамі бяросты ўсю труну, як бандажам, а наверх шчытна акручывалі яшчэ добра прасмоленымі вяроўкамі. Гэтак пргатаваны корст мог соткі гадоў ляжаць, калі адней вясны Дзьвіна падмыла старое магілішча і вада то зносіла ўніз, то прыбівала да берагу іх, а селяне вылаўлівалі, каб нанова закапаць ў зямлю.

— Гэта корст ў якім ляжыць той, хто дабудаваў гэты ходы, сказаў мне праваднік. Тут ты і зложыш прысягу, а на знак датрыманьня слова, пацалуеш ў чало гэты шацоўныя астанкі. Пры гэтым ён запаліў тоўстую, як добрая бэлька, васковую сьвячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот, трашчэў і дыміў, але памалу ўтарэўся і я пабачыў на труне зробленую ў акружнасьці надпісь глаголіцкімі літэрамі. Надпісь гаварыла:

„Я, Ярамір, ходы гэты працай многай ўтварыў і дэманаў пяці, моцай слоў тайных на пільнаваньне давечнае ўвязаў тут. Хай ўнасячага сюды прапусьцяць, а на вынасячым споўніцца слова“.

Мы адкрылі корст і маім вачам паказаўся забальзамаваны нябошчык з густой сівой барадой, адзеты ў злотатканую павалоку. Ляжаў ён крыху на павы бок павернуты, адна рука яго была пад галавой, другая ляжала на пазлацістым паясе; левая нага крыху паднята ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябошчык, а заснуўшый старац з шэра папелястым обліччам.

„Падземны Чалавек“ сказаў мне стануць ў нагах, а сам стануў каля галавы на ступеньках падмурку. Ад руху, калі ён праходзіў, закалыхалася полымя сьвечкі і, мне здалося, нябошчык зьмігнуў вачыма.

Сярод неапісанай цішы прагучэлі урочыстыя словы формулы прысягі, якую чытаў мне праваднік з узятага з пад галавы нябошчыка зьвітку пэргаміну.

Словы былі так урочысты, закляцьці так страшныя, акружэньне так незвычайнае і нечаканае, што мне закружылася галава. Мой праваднік, таксама стаўся бледны і ўвесь дрыжэў. Раптам ён, як бытцам аступіўшыся, зваліўся ўніз, адначасна падсьвечнік з грокатам рынуў на памост, гасячы сьвячу. Запанавала непраглядная цемень і ціш. Я пачаў клікаць яго. Глухое маўчаньне ды нягулкое эха былі адзінай адповедзьдзю на мой кліч.

Сьвігавіцай, праз мысьль прабеглі, страшныя абразы з легенд і запрўдных здарэньняў, а такжа той факт, шт опры мне няма серчыкаў. Я чуў, што ў гэтай нямой цішы і чорнай, да болю ў мазгах, цемні, пад ўражаньнем сьвежага страсеньня нэрваў, знаходжуся на самым рубе да ўтраты прытомнасьці. Ў мазгах інстыктыўна і распачліва пачала біцца дана-адзіная думка: трэба быць спакойным, трэба быць спакойный! Я чуў, разумеў, што цяпер адзіны ратунак ў захаваньні спакою. І як люнатык, з працягнутымі наперад рукаў, пашоў, ў старану, шукаючы бачаных мной, пад сьценамі, мураваных лавак.

Я сеў на лаўку і пачаў глыбока ўдыхаць паветра. Ў вушах званіла цішына, пры яуой чаканьне гадзіньніка ў кішані, чулася як рытмічны ход паравой машыны, ды глухое тутненьне крыві ў шыі і вісках. Як доўга я сядзеў—зьмяркаваць нельга, магла эта быць адна мінута, як і цэлая вечнасьць.

Ўрэшце надумаў пайсьці шукаць, майго правадніка і пры ім серчыкаў і ліхтарні. З гэтай мэтай я зсунуўся з лавы і папоўз на руках і каленях к сярэдзіне. Хутка нашчупаў падмуроўку, на якой я нідаўна стаяў і папоўз кругом яе бо нямог зьмяркаваць з якой стараны знаходжуся. За другім паваротам рука натрапіла на нешта мокрае і клейкае. Я падумаў, што гэта кроў; што недзе тут блізка ляжыць мой праваднік і асьцярожна выцягнуў руку наперад, якая наткнулася сьпярша на масыўны мэталічны падсьвечнік, а пасьля на людзкое цела. Я падаўся яшчэ бліжэй, шукаючы рукі. Пульс ня біўся, галава яго была мокрая і сьцюдзёная. Ў бакавым кішані курткі яго я нашчупаў серчыкі і з радасьцю хапіўся паліць іх, але рукі мае былі мокрыя і дрыжэлі, серчыкі ламаліся або толькі даваолі іскры. Перапсаваўшы штук з дзесяць, я схпахапіўся, што іх з скрынцы ня шмат і, сілай волі, стаў пастрымліваць сябе, каб не псаваць болей дарэмна. Высілак над самім сабой даў найлепшыя вынікі; з увагай выняты серчык і пацерты аб скрыначку загарэўся, асьвятляючы страшэнны абраз: перадамной ляжаў наззнач мой праваднік з разьбітай і акрываўленай галавой. Ад правага вока і да вуха зіяла страшэнная крывавая рана. Сернік дагарэў і згас. Цяпер я толькі заўважыў, што, акром сернікаў у мяне больш німа нічога. Куды паставіў праваднік ліхтарню, якую згачіў, пасьля таго як запаліў сьвечку, я не заўважыў. Сернікаў было ўсяго толькі некалькі ў скрыначцы і я пастанавіў ужыткаваць іх з мудрай асьцярожнасьцю. А дзеля гэтага ізноў папоўз па памосьце. Па доўгіх шуканьнях была знайдзена і запалена ліхтарня. Пры сьвятле ліхтарні я сцьвердзіў сумны факт, сьмерці майго правадніка. Ен такі запраўды аступіўся зыходзячы і падаючы ўдарыўся віском аб востры выступ падстаўкі ліхтарні, якую цягаром свайго цела абярнуў.

Паднімаючы цяжкі ліхтар, я заўважыў на ім, ўнізе надпіс: „Обьятопрыімчэ, прыймі другога с чары тайн піўшага“.