Лев Толстой у памяці мужыкоў беларусоў

Лев Толстой у памяці мужыкоў беларусоў
Артыкул
Аўтар: Цішка Гартны
1910
Крыніца: Наша Ніва, 1910, №52

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лев Толстой у памяці мужыкоу беларусоу.

Як ведама ўвесь культурны сьвет падаў на калені перед магілай вялікаго вучыцеля зямлі Расейскай, перад барцом за праўду і шчасьце на зямлі, якім быў Лев Толстой.

Многа для каго яго навука сталася зоркай праводнай у жыцьці. Усе культурные людзі, хто чым і як можа, умацовываюць яго памяць у народзі. А як атклікнуліся на сьмерць Толстого мужыкі, гэты цёмны і забіты, але вялікі і магучы сьвет? Як спаткаў гэты сьвет сьмерць таго, хто аб ім гаварыў усё жыцьцё, хто яму аддаваў усе свае сілы і аб ім думаў перед самай сьмерцьцю, кажучы да ўсіх тых, хто быў пры ім: „Вы ўсё каля мяне, а таго ня помніце, што там — мільёны.... Ды ці знаў жэ мужык глухой вёскі што-нібудзь аб ім? О, гэта запытаньне лішняе! Хоць не чытаючы яго твороў, нават ні бачучы іх, але нейкім пачуцьцем, па цёмных чутках, усюды — у самых глухіх куткох аграмаднай Раceі — імя Толстога вядома і выгаварываецца з вялікай пашанай. З газэт мы чулі, што мужыкі нясьлі яго дамавіну і вянок свой убогі паперадзі ўсіх; нават іншые з далёк прыежджалі на яго магілу, пасылалі з вёсак спагадлівые тэлеграмы. Але большая частка мужыкоў ня ведае ешчэ, што памёр той, аб кім не раз дзівы даводзілося чуць. Ім газэта нічога ні скажа: для іх Толстой так як-бы не радзіўся, не ўміраў і не памёр. Яны — гэтые цёмные мільёны — пазналі яго с казак і, колькі маглі абезсьмерцілі яго. Чуткая душа мужыка сплела с казак квяцісты, дзіўны, незвядаючы вянок на галаву вялікаго ваякі за праўду. Усё жыцьцё "добраго Толстога" адбіваецца ў гэтым вянку, як у люстры, хаця у розных мейсцах ён розны..

Я хачу падзяліцца адным такім малюнкам Толстога, які злажылі мужыкі беларусы майго павету (Слуцкаго). Гэта — сьветлы, ясны памятнік, і вос як змалевала яго думка нашаго селяніна.

Было гэта так. Калі распусьцілі першую Гас. Думу і сабралі другую, колькі дэпутатоў, выбраных у другую Думу, паехалі к Толстому у госьці. Ён іх прыняў шчыра, пасадзіў за стол і пачаў частаваць. Яды было уселякай многа і ўсе пілі і елі, весяліліся. Раптам Толстой устаў з-за стала і пайшоў і прынёс дзьве міскі: адну — с перцам, другую — з макам, ды сказаў, каб новые дэпутаты пакаштавалі таго і другога. Дэпутаты папробавалі маку, а пасьля і перцу. Ад перцу у ўсіх пацяклі сьлёзы і ўсе пачалі плевацца.. Гледзючы на гэта, Толстой весела разсьмеяўся і сказaў: заў: „Вось, бачыце, як горка і праціўна. А мак смачны, нябось? — Так і жыцьцё мужыкоў — горкае, як перэц, а ваша і другіх паноў — салодкае, як мак... Дык трэба, мае паночкі, як засядзеце ў Думе, старацца за мужыкоў, каб іх жыцьцё зраўняць з макам".

„Депутаты маўчалі і думалі... Потым паехалі ў Думу і пачалі бараніць мужыкоў. Яны так баранілі іх, так баранілі, што Думу распусьцілі"...

Так расказываюць сабе нашы мужыкі аб Толстым, а побоч гэтай казкі легенды ідуць многіе другіе. Ціж гэто не найдаражэйшы памятнік — вянок на магілу вялікаго ваякі за праўду? Ці не перажыве ён другіх памятнікоў — с каменя і гліны? Не, што творыць народ, за гэта німа мацнейшаго!

Так беларускіе мужыкі абезсьмерцілі памяць вялікаго расейскаго пісьменніка.

Цішка Гартны.