Ленін (Паляшчук/Купала)
Ленін Паэма Аўтар: Валяр’ян Паляшчук 1923 Пераклад: Янка Купала Крыніца: https://knihi.com/Valarjan_Palascuk/Lenin_Paema.html |
Калі загудзе мілагучна гудок па-над местам
— Малая фабрыка,
Калі зараве летучы ўсё вышэй і вышэй
Аж да рыку атласнага, басам
— Ліцейны завод,
Калі завярэшчыць трыма галасамі
Медны боль паравоза, зарэзанага на вакзале,
І коміны па небе кучаравыя раскінуць хвасты,—
Тады работнікі масаю, гуртам
Ідуць на работу,—
Што яны думаюць? — хто іх разбярэ...
Але калі гудок гнеўна хапае паветра,
То захлынаецца хрыпам, як схоплены раптам за горла,
Калі перарыўчасты і заўзяты роў яго,
Маўляў, разрываюцца лёгкія ў грудзях,
То падымаецца, то апускаецца, як той крылаты
агромністы грыф,
А потым уніз адкідае хвасты
Цяжарністых зыкаў,
Што недзе губляюцца ў полі
Ці ў ночнае цемры,—
О, тады работнікі зрываюцца па сваіх каморках са сну,
Выбягаюць з баракаў, з пасёлкаў
І лятуць, як мага, у завод:
«Нешта сталася!..»
Тады іх не спыняць ні стрэлы гарматаў,
Ні зык болю зубнага куляў варожых.
Яны арганізована ў адзін ўсе сціскаюцца жмут
Пад жалезнымі жэбрамі гмаху-завода,
Што налягае асветленай шкляна-бетоннай засновай
На ночную цьму,—
О, тады хрыпла крычаць аратары,
Падчас злавешча шэптамі асцерагаюць,
А часам выпускаюць галасы
Пад рыштаваную столь чайкамі,
Тэнаровымі чайкамі, чайкамі лятаць.
Клічуць работнікаў:
«Прыйшоў час»,
Час выступаці ўраз
Проці царату,
Проці ворагаў працоўнага люду,
Юнкераў, бандытаў і узурпатараў.
Гэй, дый павыганялі ж усіх,
Што павукамі былі зачаіліся
Пад апекаю згодніцкага ўраду,
А кастрычнікаўскае чырвонае лісце асін
Шапнула рабочым параду,
Аж само затраслося,
Спужалася,
Паляцела, як галовы з плеч.
Ой, пілі ж віно дый чырвоны сок!
Нічога, што заводы зялом зараслі,
Стаў аблог,
Але дух паўстанчы, дух перамог.
І вось
Патроху
Пачалі прачынацца гудкі,
Зноў склікаці да працы.
Там адзін,
Там праз тыдзень другі,
Трэці цераз месяц аж вунь дзе азваўся —
Усе прачнуліся...
А хлопцы надзею гадуюць:
— Ды яно як так пойдзе,
То хутка задыміць і домна.
Эге, кажуць, жывём:
Трубны падняўся...
Але ж, ды яно й Ганка таго...
А наш цераз месяц і без буржуяў пойдзе.
Так, пасуваецца гаспадарка Леніна.
Як места ў вострых комінах усё
Ў тумане варыцца халодным,
Як вежы на царквах галодных
Ў сабе хаваюць сонца адбіццё,
Калі ў дасветнай коміны пары,
Як шчупаковы зубы велізарны,
Хапаюць неба угары,
А паміж іх раздутыя веж пухіры
Блішчаць, наліты гніллю марнай;
Калі гудкі пераказалі
Свой ранічны ўжо «войча наш».
І йдуць работнікі ў жалезну залу
Да чыгуновых чаш,
Дзе варыва клякочыцца агнёвае,
Нам праракуючы ўсім жыццё новае,—
Тады скрозь бегаюць па месту хлапчаняты,
Разлепльваюць газеты й тэлеграмы.
На ўступе: супынілася адна вайна праклятая,
Але йшчэ соткі горшых перад намі:
Йшчэ Дон гартуе шаблю,
Йшчэ йдуць чэхаславакі,
Але гарачае работніцкае сэрца
Не стане больш драмаць...
Бібула рыжая на сценах,
А літары, як вераб’і,
Крычаць рабочаму у вочы,
Што сіла ўся ў яго руцэ.
Каля завода на дасках таксама —
Заклікі «Правды», што патрэба йсці
Да новых светавых пажараў
Аж да камуны, як сусветнай людскай мэты.
А побач
На сівым замурзаным шматку
Крывулямі накручана зялёнымі,
Што сёння а гадзіне сёмай
У Аляксандраўскім народным доме
Даклад таварыша Леніна.
І йдуць работнікі праз дошкі ў вароты
Туды, дзе пасы і дзе трыбы шыпацяць.
Ляжыць на кожным з іх часцініна работы,
Як рэвалюцыі пячаць.
Зіркае кожны на табліцу,
Успамінае голад той і рэвалюцыю;
А як пасля работы выйдуць ланцугом на брук,
Дык кожны у Нардом захоплена спяшыць,
Каб яркімі навінамі упіцца.
Нядаўна разагналі Устаноўчы Збор
(Быў старшынёй эсэр Чарноў).
Як сала на агні, сквярчэліся пасля таго прамовы
Ў Цэка ПСР:
«Пакажам мы бальшавікам,
Як выдумляць паганую гульню ізноў.
А за народну кроў і за Ўстаноўчы Збор —
Кроў!»
І пастанова:
«Леніна забіць!»
Халодны пот на збеленых ад злосці тварах
І ліхаманка у руках.
Калі мігаюць вогнікамі вочы
І лыпаюць, як пасткі, зрэнкі,
Што, можа, вось-вось і накрыюць —
Не змогуць расплаціцца,
І усяму наступіць крах,
Народная загіне праўда,
Як гром далёкі у гарах.
— Дык Леніну за гэта што? —
Спытаўся правадыр баявікоў.
Усхамянулася тут Іванова —
І праняслося: смерць!
— Хто — за?
Нервова з цішыні
Ўверх падняліся рукі.
Раз, два, тры... Ўсе!
— Ітак, таварышы-баявікі:
Сягоння, першага чысла,
Забіта Леніна.
І далі дырэктывы:
— Найлепей хай заб’е рабочы,
Каб паказаць на цэлы свет,
Што важакоў фальшывых
Не хочуць самі пралетары —
І знішчаюць.
Такая думка Гоца і Цэка —
І я так раю:
Дык на Усова ці Казлова
Кладзецца, думаю, высокі гонар,
Набоі ёсць.
Хто забірае слова?
І злыя вочы, хмурыя крыху
Пад цёмнаю паветкай змкнутых броваў,
Спадлоб’я глянулі, як змеі,
Як быццам шэрай сталяй зварухнулісь.
То выйшаў Усоў,
Як сіла шэра-жоўтая рабочых мас.
На твары маладым
Асеў пясок жыцця —
І стаў зямлісты колер.
На безбародым і бязвусым твары
Мужчыны год мо з дваццаць сем
Упарта выступалі скуліцы,
Што звужваліся кнізу
На востры падбародак.
І вось на гэтым твары
Ад слоў правадыра баявікоў
Пабеглі кроплі поту.
Прайшоў яшчэ уперад.
— Згаджаюся! —
Сказаў.
А потым парасткі куль алавяных,
Што прарастаюць
З насення пораху і дынаміту,
Як маладыя дзе шпарагі,
Надрэзалі, каб атруціць.
Нацыркалі прыправы,
Якая у сабе глыбока затаіла
Смяротную хімічную формулу
На немінучую лютую смерць
Кіраўніку жывому
Саўнаркому.
Усоў прыйшоў ў Нардом.
Было йшчэ рана — ён зайшоўся у буфет,
А там работнікі — размовы, гоман.
І хоць і быў наказ
Ні з кім не гаварыць —
Не вытрываў.
Так цягнецца ўчуццё,
Як той да сонейка сланечнік,
Так колецца самотнасць,
Як калюкі чартапалоху.
Душу ўсю прасціраў да грамады,
Бо разгубіўся сам,
Як ў ночку цёмную на моры
Закінуты матрос.
Застаўся сам, як выстрал між агнямі,
Як зайздрасць да братоў,
Як зерне на асфальце,—
Адна чужая тут яго душа.
А калектыў заўсёды
Паіў душу сытой,
І сілы расцякаліся,
Як мыслі па палях.
Рабочы калектыў і ён вязаліся ў адно
І з думкамі супольнымі,
Як буйны сад, жылі.
А тут — ў вялікі гэты час —
Глухая адзінота,
Што вытрываць яе не змог.
Паварухнуўся камень —
І падышоў Усоў да іх.
Яны яго адразу прынялі
Ад слова аднаго;
Адчулі так,
Як зверы ворага ці друга:
Адным інстынктам,—
І глынулі.
(Салодкая так інтуіцыя
Раней ад нас гаворыць.)
Ён друг — рабочы,—
Дзеля таго і гутарка,
Гарцуючы крыніцай па каменні мысляў,
Пабегла, рвалася, драбнілася бясконца,
То зачаплялася павоем за галіны лозунгаў,
Каб рукі гнеўныя супрэчак
Зноў разрывалі іх на часткі.
А у кішэні браунінг ляжаў,
Як змерзнены лядзяк,
Што таяў ледзяной вадою,
Калі дакратвалась рука
Гарачая, як той праступак.
З работнікамі блізкімі яму
Вузламі логікі й супрэчак
Прыкручываў, як цела да слупа,
Ў сабе сярдзітую гатоўнасць на забойства.
Апошні раз пераканаць сябе хацеў,
Што Ленін — вораг ўсім работнікам,
Што ўсе бальшавікі — праціўнікі свабоды,
Што патакаці годзе
Грабаўшчыкам яго відзенняў
І міражоў зіячых.
Пераканаць сябе — пераканаць другіх:
Папробаваў яшчэ.
Прыдаўліваў абцасамі з’ядлівых слоў
Ён тактыку бальшавікоў
За тое, што Устаноўчы разагналі Збор,
Салонай граззю ў горла кідаў
Староннікам заўзятым
Дыктатуры пралетар’ята.
Работнікі спрачаціся не ўмелі добра,
Але сваё вялі...
А потым:
— Э, браток,
Ты штось не тое!
З табою кашы не зварыць.
Паслухай Леніна ты лепей.
Натоўпіліся, збіліся, панадстаўлялі вушы,
Галовы, вочы — быццам зала, поўная ікры.
Трыбуна і вадзіцы шклянка.
Таварыш Ленін гаварыў:
— У барацьбе крывавай
Вы захапілі ўладу.
За тысячы работніцкіх ахвяр,
Якіх напышненыя генералы
Ў сляпой нянавісці да «шэрае скацінкі»,
Як вераб’ёў,
Расстрэльвалі
На фронтах.
А пасля,
Калі вы узняліся —
Яны пайшлі на Петраград.
Сюды спяшылі з інгушамі
Красновы белыя,
Калі ў сярдзітым спачуцці да іх
Вось тут пасярод нас
Праклёнамі
Званы
Гудзелі
На слаўныя калюмны
Чырвонай гвардыі,
Карнілаў гуртаваў тут войска,
Каб вас прагнаць...
Усоў раптоўна схамянуўся,
Маўляў, штырхнула токам,—
Прыпомніў ён:
— І я тады ішоў, як металіст,
Краснова біць...
Імчыцца наш уночы браняпоезд,
Такі іржавы скрып...
А Ленін далей:
— Гнаілі па астрогах вольных духам,
Каб у ярме трымаці нас.
Нарэшце мы Кастрычнікам Чырвоным
Зняслі іх, як віхор салому,
Перавярнулі вызыску палацы
І пакрышылі краты...
Няўжо цяпер вы будзеце прымаць
Свядома, дабравольна
Заўзятых ворагаў у хату да сябе,
Што будуць вас шпягоўствам гадаваць?
Атрутаю брахні накормяць,
Як пацукоў галодных?
Што здрадаю зайздроснай
Паіць вас будуць кожны час,
Пакуль агонь свядомасці
Да волі не пагас?
І покуль пэўныя вы ў тым,
Што й вы такія ж людзі,
Не уцячэ, як пара
На двор з жывога дому.
І вось цяпер
Вы возьмеце, маўляў, рабы,
Падставіце зноў самі свае плечы
Для ворага буржуя,
Які заўсёды ў сэрцы лютасць чуе
Да кожнага работніка,
Бо адабралі фабрыкі мы ад яго,
Каб вольна працаваць?
Мы возьмем і дапусцім
Памешчыка у двор?..
Вы ведаеце — парабак яму
Быў раб.
Жандары замест платы,—
І вы іх возьмеце ў сваю работніцкую хату,
Каб іх жа гадаваць?
Дапусціце ў рады?
Падзеліцеся сілаю сваёй і ўладай
На глум, на смех?
А хітрасцю,
Маўляў, змяіным звівам,
Яны паволі адбяруць і рэшту ўлады,
Бо іх тады навука, грошы і мараль.
А ваша кроў і спадзяванні,
Як кветка згінуць ранняя...
А Усоў, хаця і спраціўляючысь,
Шоў думкамі за Леніным:
— Яно то так... Крывавая... так... барацьба...
То праўда... Нашы раны і бяда...
Але прычым тут Устаноўчы Збор?
Нашто бальшавікі яго
Зухвала разагналі?
Яны ж народныя паслы...
Какошкін, Шынгароў...
Што іх забіта, можа, так і трэба;
Яны папраўдзе ворагі для нас,
А можа, гэта для таго,
Каб крытыкі не мець?
Дарваліся да ўлады...
О тыраны!..
А Ленін далей:
— Калі ж адкрыта іх дурман
Свядомыя работнікі
Не стануць піць адразу,
То тысячы сацыял-здраднікаў
Вужамі падпаўзуць
Ў лакейскім поспеху буржуям дагадзіць
дапамогуць вас падступна ашукаць
І на забой ізноў
Ў жывёлавых вагонах
На славу капіталу,
Як быдла, павязуць, пагоняць.
Куды? Нашто?
Каб меці мытніцу на Дарданелах,
А над Канстантынопалем выснёныя крыжы
На нашу згубу, на знявагу?
Усоў бліжэй шчэ падышоў,
Грудзьмі стаў проць грудзей.
Трасліся рукі і пачуцці.
Як мухі з ліпкае паперы —
Так вырываліся, ўспаўзалі думкі,
Хацелі выбрацца на волю.
Чаго бліжэй ён стаў —
Забіць ці слухаць?
Усоў так думаў і пытаў:
«Няўжо ніхто яго і не адважыцца забіць?
А я?
О, хоць бы злосці падкаціла!»
Каб пераверыць сілу,
Сябе ён раззлашчаў:
«Тыран» —
А выйшла неяк
Недарэчна і смяшліва.
І ў той жа час
Ласкава людскі погляд
Дакрануўся Усова.
Ільіч як быццам падмаргнуў
Так цёпла, цёпла.
Казаў вачыма: «Думаш — не ведаю?
Работнік ты — і я, брат, для цябе».
А сам — шырокі твар і зморшчкі каля носу,
Вырэзбеныя разаком упартасці і часу,
У розныя бакі праменні сеюць.
А вочы чорныя і з аганьком,
Маленькія і цёплыя,
А іншы раз хітрэнькія
Пад мудрым шышкаватым лбом.
За цвёрдасцю вачэй
Глыбока прытаіўся смех —
Якісь і добры, і суровы.
Чагосьці у натоўпе перакінулісь славамі —
Увага, рэпліка, ці што...
Цікава Ленін трохі вока прыжмурыў,
Адной брывёю ўверх стральнуў:
Ён прыслухаецца.
Так проста і па-людску выявіў цікавасць.
Не адчуваў таго, што Ленін ён.
Здавалася, і не дагадываўся ён,
Што ён ёсць Ленін.
А голас поўны і наліты сілаю жыцця,
Як яблыка аліўнае,
У душу пэўнасць лье.
І словы ўсе звычайныя,
А раскусіць — арэшак у сярэдзіне.
І вось Усоў як быццам прабудзіўся —
Ударылі зноў словы:
— То хітрасці буржуазіі.
Яны не кідаюць надзеі
Перамагчы.
А як гавораць — мёд у вуснах.
І выбары агульныя для ўсіх,
І раўнапраўны голас для работнікаў.
(Падзякуйце панам:
Ваш голас мае сілу з іхняй нараўне!
Шануйце —
Нарэшце дапусцілі!).
А мы гаворым ім:
Не трэба Учрадзілкі,
Не трэба курава снатворнага для нас.
Прыйшоў апошні час
Падняць чырвоны сцяг.
Пралетаром на свеце сіла і улада
Ім органам іх дыктатуры,
Ўся ўлада — Радам.
І хай жа пасягнуць — гарматы і набоі
Наперад, гэй, таварышы, да усясветнай волі! —
І грохатам разбушаваных хваль
У зале прабурліла згода.
Як лівень, воплескі шугнулі:
«За ўладу Рад — ура!
Няхай жыве наш Ленін — наш жа правадыр,
Савецкая улада на ўвесь мір!
Прэч Учрадзілку!»
Усова сэрца білася,—
Так білася, як рыба ў сетцы.
Што ён казаў?
Дык значыць — здраднікі?
Хіба я здраднік?
Эсэры за народ!
Няўжо ж то мой пракляты рот
Не закрычыць:
«Няпраўда гэта!»
А ў галаве туман...
Вось Ленін ўжо з трыбуны
Паволі сходзіць...
Угаварыліся, што тут...
Рука слізнула і дрыжыць —
Дакратваецца ўжо да сталі...
А маса люду, як табун,
Гуртуецца, каб выйсці —
Шугнула й стала
Запынка
У дзвярах;
Цяпер пара!..
Але адразу цёплая імлявасць,
Як малако, па целе разлілася,
І мякка стала так —
Знядужаў
Цэлы,
Ўвесь.
А дзесь
Зашалясцела:
«Не трэба!»
І скрозь туман пранеслася,
Як вецер лёгкавейны:
«Я сам,
Сярод усяе масы — сам».
А Ленін пазірае,
Ступае звольна,
Работнікі здзіўлена разважаюць:
— Усё, што б ён ні гаварыў,
Яны і самі гэта знаюць,
Хоць часам і няясна,
Але не ўмеюць выказаць.
Дзеля таго на Леніна ўзіраюцца з любосцяй,
Як меншы брат на брата.
«Не, не магу, не смею!»
Яшчэ крапінку заяснеў
І стаў як бы у сне.
Як разышліся ўсе, ўцякаў за места,
А там пайшоў у лес.
Стаяў і меркаваў аб Леніне:
— Няўжо ён творыць новы свет
І вучыць дзеля сваёй славы?
Няўжо дзеля таго працуе ён,
Каб ззянне гоману і подзіву плыло
Ва ўсе куткі зямное кулі,
Як цёплае дыханне —
Адно аб ім.
Шукаючы бяссмерця?
Няўжо дзеля таго працуе ён і думае,
Каб у вяках танулі думкі
І павуцінаю плялісь легенды,
Што звязаны з іменнем Леніна?
А можа, ён для чалавецтва усяго,
Ў якім пагруз,
Як рот ці рупар для вякоў?
Выкідвае намовы,
Што сталі словам
Для ўсіх працаўнікоў?
Аж запыхаецца у сіле.
А можа, зноў гіганцкая будоўля тая,
Што крыецца пад чэрапам упарта-шышкаватым,
Паўстала тут, каб задаволенне сваё каваці
З асалоды ў працы?
А мо глухая тут энергія,
Якая у лянівасці паноў-бацькоў драмала,
Збудзілася да творчае работы,
Што раптам, выпадкова,
Прарвалася у прорвіну палітыкі і веды?
А можа, помстаю — за брата?
А можа, й так сабе?
Прыпамінаў, які жа ён?
Намаляваў, як Ленін,
Паклаўшы рукі у кішэні,
Спакойна выкладаў, падчыркваючы думку,
Што ўжо жыла няясна
У голавах мільёнаў,
А зараз праяўляецца, як здымак,
У тысячы адкрытых слухачоў.
— Тады ахвяра чалавецтва ён,—
Казаў Усоў атарапелы.
І гідасна было, калі тут выпадкова
Зноў дакранаўся
Абслізлы браунінг да пальцаў,
Як гадзіна абкормлена
Атручанаю стравай,
Што аж не лезе ў ляпу.
«Ах, так!? Ты йшчэ?»...
Паспешна выцягнуў з кішэні
І шпыргануў ў карчы,
А далей думаў:
— Тады, выходзіць, Леніна нямаш ткі для сябе?
А ён ахвяра цэлых пралетарскіх пакаленняў,
Якім нясе і розум, і навуку,
Пачуцці й ясныя навекі дні,
Што дзесь хаваюцца і тлеюць
Ў нянавісці на дне.
І вось яна, ахвяра гэта, там,
Дзе блузы шэрыя з рукамі у мазуце.
Яны імкнуцца праглынуць ахвяру гэту,
І, сілаю яго упіўшыся,
Пайсці ў бітву за будучыну лепшую,
А Леніна самога,
Быць можа, і забыць.
О, значыць, ён не для сябе.
О, не!
Громакіпучыя распырсківае сілы
Ў агні прарочым,
Не думаючы аб сабе,
Бо толькі б захацеў —
І кінецца буржуазія
Яму грашыма й працаю служыць,
Каб закупіць яго запал,
І, подкупам уціхамірыўшы,
Заткнуці рот
Ядою смачнаю на фоне шкла і злата.
А потым усіх пралетараў,
Абдураных за дзікі гнеў
Да пана
Пад бойню сілы падвясці
І замарочыць дух,
Каб масамі павесці пад абух
На помсту войнаў...
Усоў прыпомніў,
Як дакрануўся Ленін да вачэй
Такімі добрымі, хітрэнькімі вачыма,
Што той заціхнуў, як дзіця,
І слухаці пачаў
Без межаў часу.
— Не, ён не думае аб касце камуністых,
Не спіць начамі, піша і сачыць
Для нас саміх.
Яшчэ і вечна на старожы,
Бо прытаілась смерць...
Не, не магу я
Развеяці свой грэх,
Не магу!..
Вялікі сорам, як віна,
Прыціснуў і шпырнуў набок Усова,
Як брудную і мокрую анучу.
Так на душы яго было.
— Не йсці да іх
(Эсэраў).
Чаго б туды ісці?
Наказу й слова не стрымаў,
Яшчэ і здрадзіў іх.
Звіхнулась думка.
Што ёсць між намі спольнага цяпер?
За мной грымнулі каменныя дзверы,
Калі ў карчах зашастаў браўнінг.
Я не адважыўся —
Не страх жа гэта,
А скажуць — трус.
Я не баюсь,—
А неяк непрыемна.
Ну, як цяпер?
І дзе схілюся?
А хочацца так расказаць...
Ды хто ўсё зразумее?
Да іх пайсці (бальшавікоў),
Што іх страляў нядаўна?
Хіба павераць?
А можа, я падосланы з эсэраў правакатар!
Тады ўцякаць...
Ад іх і ад сябе ўцякаць!..
Пачаў прыпамінаць ізноў:
— А можа, йшчэ хто ёсць...
Казлоў — ён просты, грубы,
Але работнік ён.
Яму сваю падстаўлю рану,
Хай длубяне са злосці
Або загоіць.
Яму скажу.
Бо да Цэка пайсці —
Не зразумеюць там,
Бо нашы душы розныя,
Яны асвечаны, інтэлігенты,
Закачанеўшыя ў змаганні,
Без ваганняў,
А я — работнік-самавучка,
Я йшчэ ўсяго не ведаю дакладна...
Як неабчэсаная каменная брыла,
Казлоў звычайны, так сабе работнік.
Душа яго нязменная й грубая
Дзесь урасла углыб,
Ўся мохам абрасла,
У мясенях заскарупела,
Шуміць, як вербалоза з дзікім ветрам,
І выдзерці яе,
Як чарапаху сплюшчаную, стуль —
Сіл не было,
Ён сам не змог ні разу,
Хоць дакладаў натугі.
І во ў каморцы затхлай,
Дзе на тапчан, як блін, лёг матарац,
Расказаваў Усоў
Сваё жыццё.
Здалёку ён зайшоў,
Як паляўнічы ў полі,
Каб падысці прызнацца.
Баяўся, ды хацеў
Пачуці суд душы няхітрай
Над сабой,
Як ссохшая зямля вады і буры.
А думкі так пякуць,
Як у халяве вугаль.
Баяўся, бо Казлоў быў такжа баявік,
Але той страх цягнуў к сабе, як смерць,
Калі на мосце стаў
І пазіраеш на ваду
Або ў бяздонне з вежы.
І асцярожна намякнуў Усоў:
— Быў ўчора у Народным доме...
Там Ленін мусіў быць...
— Дык што? Не выйшла?
— Ды не...
— Што не?
Маўчанне.
— Я не адважыўся...
І вочы ўпалі ўніз, як сэрца.
Напружаны да муці погляд.
Моцны Казлоў паціснуў чуць плячыма,
І хмурны палагоднеў твар.
Тады яшчэ далей Усоў:
— Я не адважыўся...
І расказаў усё.
— А ведаеш, Усоў,
Ў мінулым тыдні
Я на яго рукі таксама не падняў,
Не змог...
Як Ленін выступаў на біржы —
Помніш?
— Чаму? — задзіўлена спытаў таварыш.
— Бо не мая йшчэ праўда.
— Тады, выходзіць, Леніна —
Так кажаш?
— Не ведаю.
Яна дзесь блізка ўжо.
Вось так бы ўзяць яе...
Эх, праклятая!..
І сціснуў свой кулак.
А на ўсім твары, замест мукі,
Якісь няўдала-спазматычны смех
Без голасу прайшоўся —
То зноў
Бязмернага цярпення пачуццё
Прабіцца не змагло скрозь цела,
Як цяжар пасткі,
Упаў на душу гнёт
Вагой раджэння.
І заматаў ў цянёты цела
Глыбокі і бязмежны дух.
Прыбіў найтоншую часціну чалавека —
Пруткія ногі пачуцця
Дзвярыма чэрапа і мясеняў,
Як ласіцу бліскучую.
— Хай вырываецца — не вырвецца,
Ажно пакуль не акалее.
Але між душамі
Казлова і Усова
Ўжо хвалі забруялі.
Тады ўцякаць рашылі разам,
У поле йсці, на луг ісці,
Душэўных мук згубіць заразу,
Навалу грэху загубіць.
І вось пайшлі ў дзікія сёлы,
Дзе бруд, і пранцы, і вайна,
Дзе ходзіць праца невясёлай,
Маўляў, жахліва навіна.
Але ўжо кінулі пажэжы
Свядомасць сілы ў беднату —
Усе ў палях разрылі межы —
Кулак сагнуўся на слату.
А ўцекачам ад ўласных боляў
Ўжо новай радасці віно:
Ім і таго ужо даволі,
Што лес, і сонца, і цяпло.
Сінее неба, як вялізарны эксцэнтрык,
Дзе сонца вось заехала набок,
Бязмежна шпарка гоніць-кружыць,
Не паспявае ўгнацца галава за ім,
Калі, узроку пальцамі схапіўшыся за край,
Пад кругавідам бегаці пачаць,
І цёпла, як з машыннай топкі.
Жаданне працы мучыла Усова.
Перамяніці, як ваду, абставіны.
Патрэба моцная ісці і штось рабіць
Яму, як промень, зазвінела.
Турботнаю струною выцяглася думка,
Як лінья простая, да самай мэты.
У Армію Чырвоную адкрыта йсці —
У карны б хоць атрад.
О, ўсё адно!
Рашыў, як гром грымнуў.
Няхай ён — скажуць — кат!
Для пэўнага дасягу
Свядома трэба
Усім цярпець і гараваць.
І можа сілаю павесці несвядомых
Да ясных брам.
Ў пагрозе утапіць сляпы іх гнеў,
Як не спадзе з вачэй дурман.
І любіш іх — і нішчыць трэба іх:
Вось тут найвысшая любоў,
Як быццам забіваеш сам
Смяротна раненага брата.
Каб церабіць у будучыну шлях
Да светлага парогу
Праз поле з церняў і абману,
Умець у тактыцы жыцця
Супроць сваёй прыроды часта йсці,
Не верачы ні ў чорта, ані ў Бога —
Вось тут найвысшае зіянне мэты.
Калі дзе хвораму хірург
Спакойна чэрава жывое порыць —
То там нянавісці і не шукай,
Тут найвышэйшая любоў;
Маўляў, прасвецісты дыямант.
Людзям боль задаваць
І мучыцца духоўна —
Тут найвышэйшага кахання грань,
Грахоўная й святая.
І працу цяжкую,
І вочы братнія
У поглядах затрутых,
Як выстралы ў жывот,
Прыймаць ў сябе
Й не ўпасць.
Нясучы на душы
Цяжэсную кахання краму,—
Такой лютой напасці
І ворагам бы век не пажадаў! —
Усоў сябе нанова гэтак гартаваў,
Каб камуністым стаць.
Усоў прайшоў цераз змагання горан,
Заўзятым камуністым стаў, як мох,
Што урастае ў камень — у жыццё.
Яго не спыніць ані смерць, ні гром,
Што уздымае хмары пачуцця,
Як дзікая й сляпая бура,—
Бы толькі думка ў ім пахмура
Бліснула пад чалом, як шэрая крынічка,
І не зіяннем дыяменту, але сілай сталі.
І скажа проста ён:
«Выходзіць разрахунак, дык — гадзіцца!»
І на разбураны памост
Для новае будовы
Ён ляжа, быццам камень моцны, стопудовы.
Абы разрахунак паднёс,
Бо ён матэр’яліст.
Старая гэта рыса:
То ж нездарма, як быццам Юда,
Ў арганізацыі эсэраў
Ён таварыскую вёў гаспадарку.
У шосты год рэвалюцыйных бур (у 1921),
Калі ўжо громы адлуналі
І мірны дождж пайшоў,
Калі дзесь прытаілася вайна,
Як та пантэра у кустах,
Але не мела смеласці накінуцца адразу
На цела пруткае Рэвалюцыйных Рад,
Ужо гатовых на адпор,—
Тады бліжэйшай і яснейшай мары з’ява
Праменні пасмамі пусціла ў свет.
То на 9-ым з’ездзе Рад
У электрычную зірнулі будучыну.
І усміхнулісь нацыі,
Як бы да сонца дзеці.
Бо цемру жудаснай вайны,
Крыві, атрутных газаў і фугасаў,
Іржання й кашалю картавых танкаў
Да паразверненых нутроў
Набоямі,
Як жыватоў людскіх,
Будынкаў Перакопу,
Руін, як Геркуланума й Пампеі —
Ўсю тую цемру
Прарэзала святлом нязмерным веры,
Бліснула іскрамі, і пацяклі струмені,
Такія мкністыя, глыбокія такія,
Як думы собраных на з’ездзе нацый —
То была мара
Электрыфікацыі.
Спачатку Ленін дакладаў:
— Мы — цёмныя яшчэ,
Бо мы не ведаем святла.
Ўчадзелі нашыя мазгі,
Засыпаліся ў копаці лучын,
І гніль ў кутках заглохлых
Яшчэ пладзіцца й не пужаецца святла.
І вось, калі нам голасам грамохкім
Дынама забасуе ў нізкіх тонах,
Заные, як бы зуб, ад тысяч паваротаў
І камарамі загудуць
Маторы электрычныя у сёлах,
Каб ў рух пайшлі машыны й маслабойкі
Ў суперніцтве гартованых камун,—
Тады для нас вясёлая пара надыдзе.
А як па медных нервах пацячэ
Ў бядацку хату электрычнае святло,—
Тады прыветная гарачая зайграе ўсмешка
На задуменных тварах.
Надходзіць дзень, знікае ноч.
Сядзеў і слухаў ўсё Усоў,
Як яго думкі у крыштальнае аправе
Спакойна выкладаў Ільіч.
Цяпер яго ўжо ён пачуццямі ўладае
І думкі праясняе, і вядзе наперад.
Але прыпомнілася — ён ажно прыўстаў —
Не так даўно
Ён перад Леніным вось так стаяў,
А вокал сэрца вілася змяя,
Як гліст або шпягоўства,
І гатавала смерць правадыроў.
Тады было — й цяпер...
— Ну, і за што хацеў цябе забіць я?
За праўду? Нашу? Пралетарскую?
Не зразумеў заслеплены, як блазан —
І шоў, і нёс заразу,
Каб пралетараў укусіць усіх.
Чаму зусім не звар’яцеў тады я
Ад аднаго пагляду,
Ад ненавісці лютай,
Ад гневу чорнага з нябес,
Калі яны дзе ёсць?
Ды іх няма...
І я на брата йшоў свайго...
О, не, то на сваё жыццё,
На сваю веру і любоў да чалавецтва.
Не, я цяпер ніколі
Не адплачуся,
Я ўжо не адплачу за той сярчаны яд
Сваім няўдачлівым каханнем,
Што ўжо халоднай зацягнулася развагай,
Як плесняю зялёнай медзь.
Але цяпер люблю яго
Я над ўсё на свеце.
Мая і кроў, і нервы, і жыццё
Ў яго руках!
Яго хацеў забіць...
Цяпер расколецца мой чэрап, як арэх,
Як сліва, разарвецца сэрца,
Калі ён не даруе.
Мая любоў, маўляў, вар’яцтва,
Павінна выліцца у чын...
Ужо закончыў Ленін,
І Кржыжаноўскі ля твораў сваіх,
Сістэм і планаў,
Яснеючых агнямі,
Як модны Саваоф,
Развеяў творчыя памыслы,
І рух, і словы.
(А сам з сівою доўгай барадой).
І карта Федэрацыі,
Як цвёрдая надзея,
Упёрлася ў сцяну
І марыла ў агнях.
А на яе палях,
Як гранкамі чырвоныя рубіны,
Яркія лампачкі электрыкаю адзначалі
Электрастанцыі у будучыне.
І белым ззяннем моц парогаў
З халоднае вады і рэву ад падзення,
Ператвароную у вольтах
Электрыку шалёна агнявую
Паказывалі цыфрамі
Святлістыя вялізарныя кулі.
А дзе заграюць струнамі антэны
І іскры вераскам ў прасторы заспяваюць,
Там, як шафіры маладыя,
Святлом вадзяна-сінім пазіралі аганькі,
Казалі: «Вось дзе, тут і там».
А Ленін думкаю далёка ўжо лятаў:
— Мы да атомавых віхур,
Як у калодзеж, зазірнулі,
Дзе ў чорным калідоры дно
Адно шарэе, як асенні ранак —
Не то яно, не то і не яно
(Магчыма, што здалося).
А віхры тыя, як у гутняй печы,
Віруюць, гагацяць і выюць, як сірэны,
І сіламі дрыжыць увесь сусвет,
Як велізарністая фабрыка —
Адно йшчэ іх не ловіць слухам
І не нясе ў мазгі душу
Нам зацвярдзелы эпітэлій,
Падобны да зямной кары.
Яго мы йшчэ, ой, разамнём,
Маўляў, ўдубеўшую падошву,
Прыладамі наточым з ведаў,
Ў нервовасць ўзброім апаратаў
І будзем выслухаць, як сэрца,
Як атамы гудуць.
І будзе так:
Не мясені цел чалавечых
Пацягнуць бруд мазуту,
А ў зрэнку шахтара
Не заляціць агонь.
Пыл ядавіты, востры пыл
Са скібаў антрацыту
Ў мільярдах тон
Засне.
І замест скрогату жалеза
Машыны волатавых сіл
З атомных выбухаў лагодна замуркочуць,
Разложацца па залах, як каты,
На супакой
Для працы.
З аздобамі з аканту і мімоз,
Заплеценымі творчымі агнямі,
Заззяюць фарбамі удзень і ўночы,
Каб вочы не гнявіць.
Электрыку забудуцца, як непатрэбны штольні,
Як старае начынне ці як казку нецікаву.
А млявы радый у музей здадуць
За то, што атамаў сваіх расколам вялым
Дзіцятка-чалавецтва навучыў
Ўзрываці вадарод.
І у сімфоніях не першы раз
Абноўлены вясняны свет
Ў машынах заспявае.
Пыліна солі з макавае зерне
Святло рассее матавым туманам,
І дробка цыны,
Маўляў, камфора ў жыле,
Цяпло лагоднае скрозь разнясе
Па мяккай абалоні атмасферы.
І не спужаюцца, што вырвецца тады
Энергія увольненых атомаў.
Яе у камбінацыях надгеніяльных
Каморкі мозгу апануюць,
Каб радасная буйная зямля
Туманнасцяй не стала зноў.
І кругавіды для людзей
Аж да сузор’яў пойдуць
У вежавых прасторах.
Тады вось нас успомняць,—
Як даўнасць даўную, далёкую...
1923