Лесаўчыкі
Урывак з паэмы
Аўтар: Самуэль Твардоўскі
1649 (пераклад 1923)
Арыгінальная назва: урывак з паэмы «Władysław IV, król polski i szwedzki»
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 24-25

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лесаўчыкі
З паэмату „Władysław IV król Polski i Szwedzki“. Leszno 1649.

Лесаўчык ваюе, што пажар бушуе,
Бы вясной паводка ён усё раўнуе.
Чыста скрозь дарога, гасьцінец ім просты,
Не знаюць бо чоўнаў, пераездаў, вёслаў:
Праз вазёры, рэкі, крокаці, затопы,
Мкнуцца пад Лісоўскім, лесавыя копы!
Зьмерыў к Мэатыдзе, крыва Дон плывучы,
А Эўропу з Азьяй, здаўна разьмяжучы,
Ажно ў Кімэрыйскім Босфары упнуўся;
Тут, зноў, маланьнёю назбоч завінуўся
Зьмерыў ён Волгі, шыр даль і глыбежу,
Краёў пазаволжскіх зварушыў буцьвежу.
І далей, наперад, гнаў ў сваім пахопью,
Аж ў краю далёкім, панад рэкай Обью,
Бабу залатую зсочыў ў краю лесным:
Баба, ці пачвара, на гарэ магнэснай,
Супраць сонца сеўшы, сьпёрлася у бокі;—
Трыкрот заклятая, яна, ў сэнс глыбокі,
Вешчыя прароцтвы тым дае народам.
І бязьмер наўкола там відаць ахвяраў,
А на ей каштоўных шмат вісіць цягараў.
І ня толькі зблізка зносяць тыя дары,
Нат краі далёкі шлюць туды ахвяры:
Аж с пад Граналянду, Лаппу, Байкалаю
Мае пілігрымаў. Верныя звычаю,
Ей, з малітвай корнай, цэннасьці прыносяць,
Ды злажыўшы датак аб патрэбах просяць.
А наўкол там поўна гадаў ўкруг сыкучых,
Як валэ на сапні, мух усьцяж равучых:
Кажаноў смуродных па начох лятучых,
Сьлімянёў, вужакаў па зямлі паўзучых.
Цяжкі, на завесах, дзьверы акаваны
Сьцеражэ ў праходзе зьвер зусім незнаны:
Вочы іскры прышчаць, з ляпы полмя пыша,
Серкай і смалою на праходжых дыша.
Разшматаўшы, сьмела, лесоўчык пачвары
ўзяўся перш за Бабу, згодам за ахвяры.
Дзе балван разьбіўшы браў ўсяк злота сіла,
Сколькі іх звычайна лёгкасьць вынасіла:
Лесаўчык зьяўляўся рэдка спадзеваны,
Найчасьцей зьненацна, нават не чуваны,
Перайшоў Лісоўскі землі, тые срога,
На сваім бо шляху не жывіў нікога;
Як свайму хвароба, ці з трудоў зьнямога,
Адставаў ў паходзе, сам сьцінаў такога!
Труп хаваў у гашчу, здаля ад прасмыка,
Зьведням таезёмным каб не даць языка.
І такім паходам, гэткімі спасобы,
Ен вайной лютою самай дасьціг Обы,
Пры яе ўпаданьні ў моры ледавітым
Усьціем шырокім, крыгамі пакрытым.
Зтуль, ізноў, як бура, рушыў шляхам новым
Праз усю Маскоўю к вогнішчам дамовым:
Курыць край той дымам, гарады пылаюць,—
То з далёкіх бітваў Лесаўцы вяртаюць,
З тых руін маскоўскіх пад Смаленск памкнуўся
І дамоў, шчасьліва, з славою вярнуўся.

Пераклаў Л.

Лесаўчыкі — названьне лёгкай беларускай кавалерыі-казацтва, якое у адрожненьне ад Украінскага, нізавога казацтва („Нізаўчыкоў“), насіла названьне — „Лесаўчыкі“. Польскія гісторыкі выводзяць названьне гэтай кавалерыі ад імяні аднаго з голасных у пачатках XVII ст. атаманаў Лесаўчыкоў, беларускага, шляхціца Александра-Язэпа Лісоўскага-Яновіча. У часе бунту Зэбржыдоўскага Лесаўчыкі стаялі супроць караля Жыгімонта III, за што яны, разам са сваім атаманам Лісоўскім, былі засуджаны на выгнаньне. У часе першага самазванца Лесаўчыкі ігралі выдатную ролю у тагочасных падзеях у Масковіі. Пасьля сьмерці Лісоўскага (1616 г.) Лесаўчыкі абралі атаманам Станіслава Чаплінскага, а з 1618 г.—Валентына Рагоўскага: пры іх Лесаўчыкі вярнуліся з Масковіі дамоў, дзе вялі змаганьне з магнатамі, як тады казалі — самаупраўствам і гвалтам. Калі Фэрдынанд імпэратар Аўстрыяцкі папрасіў у Жыгімонта III дапамогі супроць Вэнграў і Чэхаў, Лесаўчыкі былі пасланы да імпэратара ў ліку 10.000 чал. Лесаўчыкі выбралі атаманам Яраша Клячкоўскага і разьдзяліліся на некалькі асобных рот, з якіх кождая вяла вайну асобна. У 1621 г. Лесаўчыкі прыймалі удзел у хоцімскай бітве, пазьней біліся у Вэнэцыі, Ломбардыі і Голяндыі. Апошняй дзейнасьцю Лесаўчыкоў была перамога над Французамі пад Івры, пасьля чаго яны вярнуліся у Беларусь. У літэратуры і малярстве папулярны абраз лесаўчыка на легкім каню, з шабляй пры боку і „рушніцай“ за плячыма, работы вядомага голяндзкага мастака Рэмбранда. Монаграфію Лесаўчыкоў напісаў: M. Dzieduszycki „Krótki rys dziejów i spraw Lisowczyków“ (Львоў 1843). У 1620 г. вышла, невядомага аўтара: „Pieśń na pamiątkę nieśmiertelną pułkownika esc. J. A. Lisowskiego“. K. Wojcicki „Obrazy starodawne“ Варшава 1845, I.