Леў Талстой
Аўтар: Кузьма Чорны
1928
Крыніца: https://knihi.com/Kuzma_Corny/Leu_Talstoj_zbor8.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Споўнілася сто год з дня нараджэння вялікага пісьменніка Льва Талстога. Леў Талстой не толькі расійскі пісьменнік, ён пісьменнік усясветны. Яго творы перакладзены на надзвычайна шмат моваў, і культурныя народы свету чытаюць яго. Стагоддзе з дня яго нараджэння святкуе ўвесь свет.

Талстой пакінуў нам, як пісьменнік, вялікую мастацкую спадчыну і шмат мастацкіх «дакументаў», якія моцна білі па капіталістычным ладзе жыцця. Яго творы адыгрывалі вялікую ролю ў справе змагання з царызмам. Але ў той жа самы час Талстой нічога не зразумеў у тых спосабах змагання супроць капіталізму, якімі карысталіся і карыстаюцца рабочыя і рэвалюцыйнае сялянства. Усе крытыкі-марксісты згаджаюцца, што Талстой, будучы панам (графам), не мог ніяк пазбавіцца ад пачаткаў светапогляду свайго класа.

Талстой быў панам. Але тым панам, які бачыў грахі панства, разумеў усю няпраўду жыцця, што аснована на панаванні адных і пакутнай працы другіх. І вось, у вялікіх мастацкіх творах Талстога гаворыць сумленне, які ўбачыў сябе ў роскашы, створанай на беднасці працоўнага люду. У творах яго мы бачым «пакуты гэтага сумлення».

Талстой не бачыў ролі горада ў развіцці культуры чалавечага жыцця, ён адмаўляў гэтую ролю. Гарадская культура для яго была чужою. Ён не прыняў пад увагу тую ролю, якую павінен быў адыграць горад у лёсе чалавецтва. Пан, які пакаяўся, Талстой быў сынам земляробскае вёскі, а горад лічыў дармаедам, які сядзіць на карку сялянства. І вядома — Талстой, дзякуючы свайму сацыяльнаму паходжанню, спатыкаўся ў горадзе з гарадскім панствам і не заўважаў рабочых. Талстой падышоў блізка да сялянства. Гэта было бліжэй да яго, бо ўсё сваё жыццё ён непасрэдна бачыў, як абшарнікі жылі ў маёнтках, побач з галоднымі сялянамі ў вёсках.

І якім жа чынам Талстой думаў палепшыць жыццё людзей на зямлі? Ён вучыў, што кожнаму чалавеку трэба палепшыць самога сябе, «нравственно усовершенствоваться», кожнаму быць добрым і дапамагаць усім. І ён адмаўляў рэвалюцыйнае змаганне, гэтакае, як яго разумелі мы. А фактычна гэта была новая рэлігія, якую Талстой ствараў, безупынна пратэстуючы супроць дзяржаўнай царквы, усімі сіламі змагаючыся з ёю. «Непротивление злу» — вось асноўная думка пропаведзі Талстога-філосафа. Гэта значыць — не працівіцца дрэннаму, усе крыўды прымай з ціхаю пакораю, і ўсё дрэннае патроху згіне на свеце. Жыццё само, практыка рэвалюцыі — адвергла гэтую пропаведзь.

Чаму ж мы так урачыста адзначаем стагоддзе з дня нараджэння Талстога? Мы шануем Талстога, бо ён найвялікшы пісьменнік, які сваімі творамі прымушаў дрыжаць царскі лад. Выкрываючы няпраўды жыцця пры капіталізме, бязлітасна крытыкуючы буржуазію, ён, такім чынам, з’яўляецца нашым саюзнікам. Ён памыляўся, вырашаючы пытанне арганізацыі радаснага чалавечага жыцця, але ён безупынна шукаў праўды, ён імкнуўся да яе.

Мастацкія творы Талстога — вялікая культурная спадчына, якую мы цэнім і прымаем. Калі царкоўнае кіраўніцтва б. царскае Расіі (свяцейшы сінод) адлучыла Талстога ад царквы, Ленін пісаў: «Святы сінод адлучыў Л. Талстога ад царквы. Тым лепш. Гэта залічыцца яму ў час народнае расправы з чыноўнікамі ў расах, з жандарамі ў імя Хрыста, з цёмнымі катамі, якія падтрымлівалі яўрэйскія пагромы і іншыя ўчынкі чарнасоценнай царскае шайкі». Ленін даў найлепшую ацэнку Талстога, калі гаварыў аб процілегласцях у творчасці Талстога, аб тым, што ён ненавідзеў буржуазію і царызм, а з другога боку быў панам, які гаварыў — я гадкі, але я палепшваю сябе, я не ем мяса, бо забіваць нават жывёлу грэх — і прапаведваў не працівіцца злу.

Гэта быў найвялікшы мастак. Як прапаведніка мы яго не прымаем, але яго мастацкія творы, як кажа Ленін, заўсёды будуць цаніцца масамі, заўсёды будуць чытацца. Асабліва тады, калі працоўныя масы сваім змаганнем і будаўніцтвам створаць сабе чалавечыя ўмовы жыцця.

Леў Талстой — пісьменнік усясветны, яго мастацкія вобразы перавысілі нацыянальнае, расійскае. І таму Талстой быў адным з тых «великих писателей земли русской», якія ўзводзілі расійскі народ да агульначалавечай культуры, укладаючы ў яе сваё нацыянальнае багацце.

На творах Талстога вучацца і будуць вучыцца пісьменнікі, як пісаць, бо гэта найвялікшае літаратурнае мастацтва.