Лугам-лугам зеляненькім
Лугам-лугам зеляненькім верш Аўтар: Змітрок Бядуля Крыніца: http://biadulia.ru/stories/187.htm |
Лугам-лугам зеляненькім
Пайду-пайду каля гаю.
Дзе саколік мой міленькі,
Я касцоў там запытаю.
Жытам-жытам залацістым
Палячу я матылёчкам.
Песняй-песняй серабрыстай
Буду клікаць галубочка.
Шляхам-шляхам бескапечным
Я пушчуся з усёй сілы.
Там устрэчны-папярэчны
Мне раскажа, дзе мой мілы.
Рэчкай-рэчкай паплыву я
За далёкі акіяны.
Сваё шчасце там знайду я,
Я знайду, дзе мой каханы.