Лукішкі (1929)/За кратай мінаюць вясновыя дні…

О, дні вясны маёй… ⁂ За кратай мінаюць вясновыя дні…
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
З новым годам (1928)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

За кратай мінаюць вясновыя дні,
Таюць і гаснуць, як сьвечак агні,
Глытае іх цемра нямая.

За мурам далёка бурліць барацьба
За новую праўду людзкога жыцьця,
За сонца агністага мая.

Мне хочацца вырвацца з лапаў турмы
Да сонца, прастору, да сьветлай вясны,
Да віру жыцьця і змаганьня.

Парваць, здрузгатаць на кавалкі ланцуг,
Народны хацеў-бы я выклікаць рух
Па волю, красу і каханьне,

Хацеў-бы уліць я у сэрца людзей
Агністую ляву уласных надзей,
Ў працоўную моц, перамогу.

Хацеў-бы разьвеяць няволі імглу,
Хацеў-бы даць волю прасьвеце, дабру —
Бунтарскаму руху дарогу.

Хацеў-бы я зьнішчыць і краты зямлі,
Што сеткай густою над краям ляглі,
Як стогн хаўтуроў, пахаваньня.

Пабачыць хацеў-бы шчасьлівым народ,
Пабачыць хацеў-бы народны паход
Па волю і сьветлае раньне.

З народам хацеў-бы памерці ў баю,
За волю агульную, волю сваю.
За шчасьце сялян-пролетараў.

Быць сьведкай хацеў-бы вялікага дня —
І чуць, што удзел прыймаю і я.
У змаганьні, на хвалях пажараў.

Пабачыць хацеў-бы ўсясьветны віхор,
Што дыбам паставіць бязьмежны прастор
І кіне на панства грамады.

Пабачыць хацеў-бы вялікі расьсьвет,
Калі ўзварухнецца абуджаны сьвет
І стане на шлях барыкадаў.

З зорак хацеў-бы я сплесьці вянок,
З сонца хацеў-бы зачэрпнуць паток
І масам працоўным аддаць.

Каб вечна крыніцай бруіла жыцьцё,
Каб вечна крыштальным было пачуцьцё,
Жыцьцё каб умелі кахаць.

Ахвяры памёршых за волю ў баю
Хацеў бы уплесьці у песьню сваю
Для дзетак другіх пакаленьняў.

І песьняй хацеў-бы іх сэрцам сказаць,
Як трэба за волю змагацца, ўміраць
І колькі патрэбна цярпеньня.

Лукішкі.
26-XII 1927 г.