Лучынка (часопіс)/4/Варона

З вясной Варона
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
На ўсходзі сонца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Варона (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Варона.

На шырокім і даўгім пазадворку было весела і крыкліва.

Найважнейшым па чыне лічыў сябе, разумеецца, індык. Зважна, хоць і ня без страху азіраючыся ва ўсе бакі, пад‘ежджаў ён, нашупырыўшыся, час ад часу на скрыдлах, а з вялікай натугі бледнаватые гузакі на галаве яго то чырванелі, то ажно рабіліся сінімі, ўрэшце белымі, але за тое, калі, бывало, гукане — вылае, як і прыстало на важны чын, на той момант ціхлі, прыслухаліся і дзівіліся ўсе; але толькі на момант.

Гусі — страшэнные плёткаркі — доўга вытрываць моўчкі не маглі і адзываліся, сьпешаючыся адна перад другой як мага больш нагагатаць, першымі.

Чырвоны з вялізарнымі косамі пявун, маючы пад сваім загадам не мала хоць і слабейшага роду падданых, так сама не надта быў падатны уступаць хоць бы і самому індыку: ляпаў сябе па бакох скрыдламі, дзёрся на ўсё горла, ды скрывіўшы на бок галаву, доўга потым прыслухаўся да рэхвы свайго, як яму здавалося, вельмі пекнага голасу, а на астатак — для форсу — хоць на адным скрыдле — пад‘ежджаў і ён.

Качкі, ня могучы утрымаць на сваіх кароткіх ножках раскормленае цела сваё, перэміналіся з нагі на нагу і, як больш спакойные, бо здаволеные с свайго жыцьця, нізка ўсім кланяючыся, паттаківалі ўсім.

Толькі галубы, ды павы ні на што не зьверталі ўвагі, нічога быццам не бачылі, ня чулі; не да таго ім было: адны былі заняты толькі любоўю, другіе — толькі сваімі зікратымі хвастамі.

Рэшта ўселякая дробезь, якая круцілася і на пазадворку і па бліжэйшых, сумежных кустох і дрэвах, пішчэла, крычала, сьвістала, і трудна было разабрацца, ці каторые с паміж іх адзываліся да старшых с пашанай, ці з лаянкай, ці мо зусім с кпінамі.

Але гоман быў страшэнны. Страшэнны тым больш, што час быў веснавы, кожная з асобку грамада выбірала сабе лепшае, выгаднейшае мейсцэ; ішлі звадкі, бывалі бойкі; мелі свае клопаты, мелі і радасьці; рыхтаваліся да новага жыцьця, спадзеючыся прыбытку сям‘і…

Рупнейшые — ўжо прыждалі гэтай сабе пацехі; іншые — з дня на дзень чэкалі і, як на гэтых, так асабліва на першых спагледалі ўсе з заздрасьцю і пашанай.

З заздрасьцю, але без пашаны спагледала на гэта ўсё адна толькі варона.

Скуль гэта варона тут ўбілася, якім парадкам трапіла ажно сюды — ніхто добра ня ведаў, а ешчэ менш ведала аб гэтым яна сама.

Хадзілі толькі чуткі, што — як гэта варона сядзела ешчэ у гнязьдзе разам са сваімі братамі і сёстрамі — наляцеў каршун. На кліч бацькоў зляцеліся цэлые хмары вараньня; завязалася бітва з ворагам страшэнная, але раз‘юшаны каршун да гнезда такі дабраўся, некаторых там пакалечыў, адну штуку выцягнуў, а наша варона, хоць добра лётаць ешчэ ня ўмела, але ткі першая выскачыла з гнезда. Сасна была высокая, дык, шлёпнуўшыся вобзямлю, пабілася моцна. Хоць боль браў вялікі, але страх быў ешчэ большы, і вось яна то бокам, то скокам уцекала ад гэтага страшнога мейсца наўгад — абы што найдалей, ажно покуль ня прыбілася да таго мейсца, дзе быў птушнік.

Тут, забіўшыся ў куст, сядзела бедная варона покуль голад ня прымусіў яе вылясьці. Праціснуўшыся праз дзірачку у плоце, яна з зламаным скрыдлам, з выкручанай нагой, скокнула колькі разоў наперад, прысела, ўцягнула шыю, задзерла крыху галаву і моўчкі разінулася.

Пазадворкавае птаства, занятое кожнае сваімі асабістымі справамі, толькі цяпер агледзіліся і спанатрылі чужынца.

Аб вароньнім родзе чулі ўсе, некаторые, як напрыклад куры, качкі — не адну справу ўжо мелі з варонамі, але каб гэта варона сама адна, аднюсенька адважылася залесьці сярод усей гэткай грамады свойскага птаства — проста дзіва!

Тым часам гусі усьпелі столькі ўжо ўсяго наплясьці, што ўсіх агарнуў страх.

— Тут нешта будзе, будзе, будзе! адазваўся індык, і нават на скрыдлах пад‘ехаць не адважыўся.

— Клопат, клопат, прарочыла квактуха.

— Пад-вох! пад-вох! дзёрся певень.

— Так, так, так! кланяючыся на ўсе бакі, з усімі згоджываліся качкі.

— Сься, сься! усьцішываў асьцярожны качар.

Усе круціліся ўвокал вароны, каторая, быццам уросшы ў зямлю, ані краталася з мейсца, а толькі галаву паварочывала ў той бок, дзе большы паднімаўся крык і час-ад-часу зачыняючы дзюбу, каб перэмачыць слінай засохшае горла, зноў яе шырока разяўляла, угледаючыся на ўсіх ні то са страхам, ні то с хітрасьцю сваімі бліскучымі чорнымі вочкамі.

Грамада птаства пільна прыгледалася да крывой, адстаўленай у бок, нагі; да апушчанага зламанага левага скрыдла, цікаўна загледалі ў раскрытае чырвонае, шырокае горла і судзілі на ўсе лады, а што гэта была ешчэ раніца — час не зусім прыдатны на даўгую палітыку — трэ было заняцца важнейшымі справамі: напхаць пустые валякі, дык, ні чым ня скончыўшы, памаленьку ўсе разышліся.

Застаўшыся аднэй, устрапянулася сьперша варона, паправіла пёркі, а пасьля, агледзіўшыся ўвокал, падскакала да карыта каля каторага, як яна ўжо ўсьпела прыкмеціць, найбольш завіхалося рознага птаства, заглянула туды і ажно усьцешылася: яды, хоць мала знанай, было паўнюсенька. Дзёўбалі ўсе; праціснуўшыся незначна, дзеўбанула і варона раз і другі — нішто: есьці можна. Накоўтаўшыся як мае быць, паскакала варона зноў у кусты і забілася там, каб не мазоліць дарэмна вочаў другім і аттуль квапна прыгледалася да ўсяго як бы хацела спазнаць тутэйшые парадкі і жыцьцё…

І спазнала… С таго часу дзень ада дня вароне жылося што раз лепей: набралася пэўнасьці, сьмеласьці. Разумеецца ня без таго, каб ёй часам не пападала, асабліва спачатку: ня той, то другі — а таўкане, скубяне, але да ўсяго можна прывыкнуць — прывыкла і варона, а часам нават сама не раз слабейшага, бывала, дзяўбане, ушчыкне; ды ешчэ закруце, а пасьля і з роўнымі цягацца стала.

Вось гэтак то і плыло вароне жыцьцё; плыло год, другі. Прыждала варона і трэцьцяй вясны, калі то прышла ёй у галаву новая і сьмелая думка: а што, каб то завесьці сваю сямейку? а? Завесьці-то завесьці, справа добрая — ані слова, але як? Доўга думала над гэтым варона, але відаць такі нешта надумалася, бо, забіўшыся ў найгусьцейшые кусты, звіла сабе гняздо. І вось с таго часу стала яна пільнаваць, калі сядухі злётывалі з гнезда есьці; тады асьцярожненька, ціханька падкрадывалася, выкрадала аттуль яйкі і закачывала іх да свайго гнезда. Гэтак рабіла варона с сільнейшымі ад сябе птушкамі; с слабейшымі — справа была саўсім лёгкая: прыдзе да сядухі, гаўзане, калі тая сьпіраецца, ў галаву і бярэ што трэба.

Гэткім парадкам, праз нейкі час, сабраўшы больш дзесяці розных коляроў і велічы яек, варона села.

Прайшло неколькі часу; Выгаладаўшаяся, высахшая, як шчэпка, вылезла ўрэшце варона с кустоў, а за ёй сыпалася пісклівая на ўселякіе тоны грамадка рознай дробязі.

Дзівіліся і цікавіліся ўсе, як гэта варона ўхітрылася завесьціся гэткай сям‘ёй?

А і ганарыстай жэ стала варона: курам, качкам — ані прыступіся; пеўню бараду і грэбень акрывавіла; самому індыку чуць вочы ня выдзерла!

— За сваіх родных дзетак жыцьцё аддам, а не папушчуся! крычэла варона.

Але і дзяцей сваіх варона трымала востра — ў послуху: абы каторае, ня тым голасам запішчыць, як падабаецца вароне — куксу, ды такую куксу, што малое толькі нагамі задрыгае ў паветры і гатово. Хоць, праўду кажучы, і любіць — любіла іх варона: курэняткаў са двое з вялікай любоўі нават глынула — такіе прыгожэнькіе былі!

Залеталі і заглядываліся на ўсе гэта дзіва сваяшніцы вароны, перад каторымі наша варона пахвалялася сваімі дзяцьмі; але тые, доўга моўчкі угледаючыся, адлеталі с крыкам: кра, кра, кра!

Гусі, добра, відаць, не дачуўшы, зараз-жэ ўсім разнесьлі, што нават вароны пазналіся на моладзі сваяшніцы і кажуць, што яна іх крала. Як толькі разышлася гэта вестка, варона зразу страціла ўсю тую прыхільнасьць, якую зазвычай маюць маткі.

— Прыблуда, прыблуда, прыблуда! артачыўся індык.

— Гнаць вон! гнаць вон! крычэў у адзін дух певень.

— Так, так, так! кланяючыся, паттаківалі качкі.

Пасьля гэтага вароне жыцьця ня было: адусюль гналі, ўсе таўклі. А тым часам і моладзь падкачалася, і як не старалася утрымаць яе ў послуху варона, як не муштравала, ня біла ўсіх сваіх дзяцей — нічога не памагала: мест гарнуцца да маткі — сталі распаўзацца куды каторае: курэняты прылучыліся да кур, качэняты — да качак і т. д., словам, покуль падыйшла восень — пры вароне ўжо нікога не асталося.

Цяпер толькі агледзілася, спазнала ўсю сваю абмылку варона; зразумела яна ўрэшце, што нават слабейшымі за сябе птушкамі, як напрыклад галубкамі — камандаваць яна ніколі не здалее. А што ж гаварыць а роўных па сіле?

І хоць жаль было выгоднага мейсца, жаль гатовага, дармовага корму, але хоцькі ня хоцькі выбралася ткі варона у свой лес.

Час мінаў незначна. Скрыдла ў вароны саўсім зраслося, толькі нага так і засталася крывой.

Пролетаючы неяк адной восені с цэлай хмарай сваіх сваяшніц над добра сабе знаным пазадворкам, дзе круцілася і завіхалася каля яды цэлая грамада рознага птаства, наша варона, паказываючы на птушнік, адазвалася.

— А ведаеце, сястрычкі, што? Гэта-ж усё мае родные дзеткі.

Ядвігін Ш.