Людвік Абрамовіч: Замест xaўтypнae прамовы

Людвік Абрамовіч: Замест xaўтypнae прамовы
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




9 сакавіка с. г. памёр на 60-ым годзе жыцьця ведамы ў шырокіх колах беларускага грамадзянства рэдактар польскага часапісу «Przegl№d Wіleсskі» Людвік Абрамовіч.

Побач зь нячысьленай групай польскіх дэмакратаў, побач з прадстаўнікамі літвінаў, праводзілі нябожчыка на месца вечнага адпачынку на Росе1 прадстаўнікі ўсяго беларускага грамадзянства — бяз розьніцы груп і кірункаў. Бо ж сьв. п. Людвік Абрамовіч пакінуў сярод беларусаў добрую памяць аб сабе.

Абрамовіч — віленскі старажыл. Як публіцыст ведамы ўжо ад 1906 году, калі пачаў супрацоўнічаць у польскай дэмакратычнай газэце «Gazeta Wіleсska»2. Гарачы польскі патрыёт, ён летуцеў аб ускрашэньні Польшчы і змагаўся, як мог, за правы польскага народу пад уладай Расеі. Але адначасна пачуваў сябе грамадзянінам і нашага краю, думаў аб ускрашэньні колішняга Вялікага Княства Літоўскага, аб’яднанага фэдэрацыйнымі сувязямі з Польшчай, і культурнай мінуўшчыне гэтага краю прысьвяціў дзьве навукова-дасьледчыя працы[1]. З поўнай пашанай адносіўся да адраджэнска-вызвольных імкненьняў беларусаў і літвінаў, хоць і з аднымі, і з другімі разыходзіўся ў палітычных ідэалах.

У тыя далёкія перадваенныя часы дэмакраты ўсіх нацыянальнасьцяў Расеі мелі шмат супольнага. Злучала іх перадусім супольная ідэалёгія і неабходнасьць змагацца з супольным ворагам — царскай уладай, каторая роўна няволіла і так званых «інародцаў», і народ расейскі. Усе імкнуліся да волі, усе бачылі ў другіх нацыянальнасьцях натуральных саюзьнікаў, усе мелі супольны язык. Лёгка тады было згаварыцца з усімі і польскім дэмакратам, а на землях беларуска-літоўскіх яны ў пэўныя мамэнты нават маглі супрацоўнічаць і зь беларусамі, і зь літвінамі. Пасьля ўскрашэньня Польшчы гэтае супрацоўніцтва спынілася, гэты супольны язык — счэз. Паміж «пануючай нацыяй», нават паміж яе дэмакратычнымі групамі з аднаго боку і нацыянальнымі «меншасьцямі» з другога стварылася непераступная прорва. І толькі рэдкія адзінкі спасярод даваеннае польскае краёвае дэмакратычнае інтэлігенцыі захавалі старыя сувязі зь беларусамі і літвінамі, зьбераглі і колішні супольны язык зь імі. Да гэткіх адзінак, лічба каторых з году ў год усьцяж беспаваротна зьмяншаецца, належaў і Людвік Абрамовіч.

У даваенныя часы на грунце разыходжаньня ў палітычных ідэалах паміж Абрамовічам і беларусамі ўзьнімаліся і спрэчкі, і сваркі — нават даволі вострыя. Але было гэта тады, калі ўсе споркі аставаліся йшчэ ў сфэры тэарэтычных разважаньняў, калі словы йшчэ не ператвараліся ў дзела. Збліжэньне паміж Абрамовічам і беларусамі адбылося шмат пазьней — ужо пасьля ўскрашэньня Польшчы, калі ўчарашнія летуценьнікі пачалі рэалізаваць свае тэорыі ў жыцьці. І як жа далёка адышліся яны ад вызнаваных перад вайной ідэалаў!..

Людвік Абрамовіч захаваў поўнасьцю старыя свае ідэалы. Ня мог маўчаць аб тым, што выклікала ў яго боль і патрэбу пратэсту. Узнавіўшы выдаваны йшчэ перад вайной часапіс свой «Przegl№d Wileсski», ён зь вялікай грамадзкай адвагай выступіў на абарону інтарэсаў беларускае й літоўскае «меншасьцяў» у Польшчы, каторыя на сваей зямлі складаюць большасьць. Ён голасна трэбаваў пашаны для нашых нацыянальных правоў, трэбаваў здаваленьня эканамічна-гаспадарчых патрэбаў нашага краю і інтарэсаў працоўных масаў гэтага краю. Блізка супрацоўнічаў ідэйна зь ведамым віленскім грамадзкім дзеячом адвакатам Тадэвушам Урублеўскім, каторы шчыра бараніў правы беларусаў і літвіноў ды называў сябе «грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага»; пад уплывам апошняга верыў, як і Ўрублеўскі, што цэнная рэч — бацькаўшчына, але яшчэ больш цэнная — воля, воля для ўсіх грамадзян бяз розьніцы нацыі і веры. Часапіс «Przegl№d Wileсski» ў працягу цэлага раду апошніх гадоў быў адзінай трыбунай, зь якое самі беларусы маглі прамаўляць да польскага грамадзянства, інфармуючы яго аб сваіх патрэбах і балячках. Праўда, ня ўсё даходзіла да тых, для каго пісалася: за апошнія два гады часапіс Абрамовіча быў сыстэматычна канфіскаваны і паасобныя нумары траплялі да рук чытачоў часта празь некалькі месяцаў пасьля свайго выхаду, калі суд здымаў канфіскату.

У 1936 годзе Абрамовіч спраўляў 30-летні юбілей сваей публіцыстычнай працы. Пасьля публічнага абходу, на каторым гаварыліся шчырыя дый няшчырыя прамовы аб заслугах Абрамовіча для нашага краю, юбіляр папрасіў да сябе на вячэру некалькі бліжэйшых ідэйна асоб — пару беларусаў, пару літвінаў і некалькі палякаў. І тут былі прамовы — толькі ўжо бясспрэчна зусім шчырыя. Прамовіў і сам юбіляр. Гаворачы аб працы ўсяго свайго жыцьця, ён адзначыў, што ў даваенныя часы — часы няволі для палякаў — ён горача бараніў правы польскага народу і тады пападаў у канфлікты з другімі народамі нашага краю. Шмат хто меў тады падставу крытыкаваць ягонае становішча. Але пасьля ўскрашэньня Польшчы ён лічыць справядлівым, каб «меншасьці» ў Польшчы карысталіся такой самай воляй, якой трэбавалі палякі для сябе ад Расеі. У Польшчы ён мусіў выступіць на змаганьне з польскім нацыяналізмам — у імя сваіх старых дэмакратычных і гуманітарных ідэалаў.

Гэтая «споведзь жыцьця» Абрамовіча канчаткова пагадзіла яго з тымі беларусамі, каторыя з даваенных часоў маглі захаваць у сэрцы нейкі жаль да яго — за мінулае.

Незадоўга да сьмерці сваей Людвік Абрамовіч, зламаны цяжкой хваробай і маральна прыгнечаны безупыннымі канфіскатамі «Przegl. Wіl.», зачыніў свой часапіс. А праз паўгоду — памёр і сам, як быццам сьцьвярджаючы, што ня бачыць карысьці ад сваей працы, што барацьба яго ў сучасных абставінах дарэмная... Прадстаўнікі беларускага грамадзянства, каторыя аддавалі на Росе апошнюю паслугу нябожчыку, з глыбокім жалем і пашанай скланялі галовы над сьвежай магілай гэтага шляхотнага ідэаліста і барацьбіта за адну праўду і адну волю для ўсіх.

Хай жа лёгкай будзе Яму наша зямелька, каторай ён — хоць на свой асаблівы спосаб — шчыра служыў!

Зноскі

правіць
  1. «Рrоblеm Lіtwy podczas wojny śwіatowej. Zbіór dokumentów, uchwał, odezw і t. p.» і «Cztery wіekі drukarstwa w Wіlnіe (1525—1925).