Люлі-люлі-люлі, спаць, будзем дзіця калыхаць…
Люлі-люлі-люлі, спаць, будзем дзіця калыхаць… Калыханка Аўтар: народ Крыніца: http://knihi.com/Roznaje/Luli-luli-luli,_spac,_budziem_dzicia_kalychac.html |
Люлі-люлі-люлі, спаць,
Будзем дзіця калыхаць.
Люлі-люлі-люлі
Малую дзятулю.
Люлі-люлі-люлі,
Ўсе дзеткі паснулі.
Адно маё дзіця
Не спіць, не гуляе,
Вочкамі міргае,
З катком размаўляе.
А ты, коця сівы,
Не йдзі ў нашы слівы,
Нашы слівы дарагія —
Па чатыры залатыя.
Люлі-люлі-люлі,
Ўлез каток па дулі.
Памарозіў лапкі,
Скочыў на палаткі.
Недзе катку дзецца —
Прыйдзі да нас грэцца.
Наша хата цяпленькая,
Наша Маня маленькая.
Будзеш ночку начаваць,
Будзеш дзіця калыхаць.
Люлі-люлі, катка два,
Шэранькія абадва.
Пайшоў каток у лясок,
Паясочка не знайшоў,
Сам да хаткі не прыйшоў.
Прыйдзі, прыйдзі, коця,
Маня спаці хоча.
Хоча, хоча, ды не спіць,
Трэба яе прысыпіць.
Хадзіў кот край варот,
Наставіўшы вушы.
— Куды, коця, пойдзеш?
— Пайду да Марысі.
Хадзіў каток па капусце,
Насіў сончык ў рабой хусце.
А ўсім дзеткам прадаваў,
А Марысі дарма даў!
А ты, коця-варкоця,
Наша Маня спаці хоча.
Хоча, хоча, ды не спіць,
Трэба катка дубцом біць.
Баю-баю-баю,
Наб’ю катка, налаю,
Каб ён да нас не хадзіў,
Нашай Мані не будзіў!