Ляпей жабрачы лёс…

(Пасля перасылкі з Ляпей жабрачы лёс...)
Ляпей жабрачы лёс…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1923
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *

Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і леры корба;

Ляпей чужыны золь,
Сцякаць ад чорнай працы потам;
Ляпей, не змогшы боль,
Сканаць самотнаму пад плотам, —

Але не лёс раба
З бязволля ўласнага й бяссілля;
Не гэтая жальба,
Не скутыя рабамі крыллі.

Хто волю верна сніць,
Працят лятункам аб вялікім,
Таго не спакусіць
Ні ўладай, ні дабром бязлікім.

І хай прысуд гняце
І нікнуць вербалозы ніца, —
Душы аб пекнаце
Непераможна-думных сніцца.

(1923)