Лясьнікова сена (1932)/Віктар Бэнэдыктавіч Вальтар

Віктар Бэнэдыктавіч Вальтар
Публіцыстыка
Аўтар: Кастусь Езавітаў
1932 год
Лясьнікова сена

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Канстантын Езавітаў.


Віктар Бэнэдыктавіч Вальтар.

4-га красавіка 1931 году бязьлітасная сьмерць узяла ад нас яшчэ адну маладую літарацкую сілу. Страшэнная хвароба, гэтак пашыраная сярод недаядаючай беларускай моладзі, сухоты, дачасна зваліла ў магілу яшчэ аднаго паэту „першакрокаўца“ у Дзьвінскай бальніцы Чырвонага Крыжа памёр Віктар Бэнэдыктавіч Вальтар.

З моманту выхаду ў пачатку 1926 году зборніка-альманаха „Першы крок“, што выданы быў гуртком 20 маладых беларускіх паэтаў у Латвіі, прайшло толькі шэсьць год, а мы ўжо страцілі чатырох удзельнікаў гэтага зборніку: Гэлену Іванову, памёршую 25 траўня 1926 году ад сухотаў, Валентыну Палубейка-Эппле, скончыўшую сваё жыцьцё 27 лютага 1926 году у трагічных абставінах разьбітага маладога каханьня, Якуба Воркуля, памёршага 20 чэрвеня 1931 году ад сухотаў у Рыскай бальніцы, і нарэшці Віктара Вальтара, памёршага ўсё ад тых-жа сухотаў.

Цяжкія эканамічныя ўмовы жыцьця нашага беззямельнага і малазямельнага сялянства, хранічнае безпрацоўе і недаяданьне нашых работніцкіх сямеяк па гарадох, робіць тое, што моладзь наша дачасна гіне на парозе жыцьця, часта-густа як раз у такі момант, калі вось-вось здаецца яна ужо становіцца на свае ўласныя ногі і заваёўвае сабе мейсца ў грамадзтве. Над гэтымі афярамі нашае незаможнасьці і сацыяльнае прыгнечанасьці павінна моцна задумацца сьвядомейшая частка нашага грамадзтва і зрабіць усе высілкі, каб ратаваць тых, што яшчэ жывуць, але могуць зьгінуць у нас на вачох.

Віктар Бэнэдыктавіч Вальтар радзіўся ў горадзе Дзьвінску трыццаць год таму назад — 15 (28) ліпеня 1902 году. Бацька яго, па прафэсыі кравец, добра разумеў патрэбу вучаньня і, калі хлапцу споўнілася 9 год, аддаў яго спачатку ў 1-ю мястовую пачатковую школу, а па сканчэньні яе — у Дзьвінскае дзяржаўнае рэальнае вучылішча, дзе здольны хлапец выказваваў добрыя посьпехі. Усясьветная вайна выкінула сямейку Вальтараў, як і большасьць беларускіх сямеяк гораду Дзьвінску, у шэрагі ўцекачоў[1]. Пасьля доўгіх вандраваньняў сямейка асела на Украйне, у горадзе Харкаве, і тутака Віктар Вальтар пачаў адведваць Харкаўскае рэальнае вучылішча. У 1921 годзе Вальтары зьвярнуліся назад у Дзьвінск. Беларускае сярэдняе школы ў Дзьвінску пад той час яшчэ ня было, а таму В. Вальтар паступае ў 10-ю клясу (ці па сучаснаму ў апошнюю 4-ю клясу) Дзьвінскай мястовай расейскай сярэдняй школы, якую на круглых пяцёрках і сканчае ў чэрвені 1922 году. Адначасна, пачынаючы з студзеня 1922 году, ён адведвае Беларускія Дзяржаўныя Аднагадовыя Настаўніцкія курсы ў Дзьвінску, якія і сканчае у жніўню таго ж 1922 году. У тую-ж восень 1922 году В. Вальтар трапляе ў лік беларускіх стыпэндзіятаў у Прагу, дзе паступае на землямерны факультэт Чэскага Вышэйшага Тэхнікуму. Цяжкі клімат Прагі, фабрычны дым, што вісіць над гэтым горадам, а таксама матар‘яльныя недахопы, зрабілі сваю справу — праз тры гады малады студэнт, ня скончыўшы вучэньня, павінен быў зьвярнуцца на Бацькаўшчыну ў Дзьвінск і заняцца лячэньнем, бо набыў у Празе сухоты.

З 1926 году В. Вальтар працуе ў беларускіх школах Латвіі, спачатку у Плейках Пустынскае воласьці, затым у Дзьвінску ў мястовай беларускай школе, потым у Рызе ў дадатковай беларускай вячэрняй школе, якою кіруе некалькі месяцаў у 1930 годзе і, нарэшце, зноў выяжджае на вёску у Келаўскую школу.

За час гэтае працы па школах хвароба рабіла сваю справу і ўсё больш разьвівалася. Цяжка было хвораму настаўніку працаваць у прымітыўных умовах беларускае вясковае школы, маленькае памешканьне, духата, вентыляваць памешканьне можна толькі праз адчыняньне дзьвярэй, а тады прастуджваюцца ногі, дык ня дзіва, што ўжо хутка мы бачым В. Вальтара ў вучыцельскай санаторыі ў Інчукалне. Троху падмацаваўшы сваё здароўе, В. Вальтар перабіраецца на працу ў горад, але тут аказалася працаваць яшчэ цяжэй, асабліва адбілася на ягоным здароў‘і праца ў 1930 годзе у Рыскай вячэрняй дадатковай школе, якая, можна сказаць, і зламіла яго канчаткова. Выезд на вёску ужо не ўратаваў В. Вальтара, і праз некалькі месяцаў яго ня стала.

З творчасьцьцю В. Вальтара беларускае грамадзтва знаёма мала, бо спыненьне Рыскай беларускай газеты „Голас Беларуса“, у якой ён пачаў друкавацца з 1925 году, не давала яму магчымасьці выпускаць свае творы ў Латвіі, а Заходня-беларускія выдавецтвы заваленыя працамі сваіх пісьменьнікаў і дужа абмяжованыя ў сваіх грашовых магчымасьцях, не маглі зьвярнуць належнае ўвагі на маладога беларускага пісьменьніка з Латвіі. Таму большасьць ягоных твораў асталіся ненадрукаванымі аж да гэтага часу.

Пісаў В. Вальтар вершы, апавяданьні і нават пакінуў нідзе яшчэ не друкаваны вялікі раман — „Роджаныя пад Сатурнам“, у якім апісвае жыцьцё беларускае эміграцыі і студэнцтва у Празе. Творы ягоныя зьяўляліся ня толькі пад ягоным уласным прозьвішчам, але і пад псэўданімам „Янка Палын“.

Ня гледзячы на хворасьць, не ухіляўся В. Вальтар і ад грамадзкае працы, прыймаючы чынны ўдзел у шэрагу беларускіх культурна-асьветных і грамадзкіх арганізацый, а таксама бяручы ўдзел у працы беларускіх газэт: „Голас Беларуса“ (у Рызе) і „Наша Доля“ (у Дзьвінску).

Насколькі аддана ставіўся В. Вальтар да сваей працы, як вучыцель, найлепш сьведчаць яго апошнія дні, аб якіх нам піша вучыцель А. Барткевіч з Дзьвінску наступнае:

„У 1931 годзе 20 сакавіка ён (В. Вальтар) захварэў на запаленьне нырак. Ня гледзячы на цяжкую хваробу, ён ня кідаў працы ў школе. У працягу трох дзён ён ня мог зьняць боты, бо распухлі ногі, аднак у школу хадзіць ён ня кінуў, і толькі 2-га красавіка адважыўся ён выехаць са школы ў Дзьвінск, дзе зараз-жа адвязьлі яго ў бальніцу Чырвонага Крыжа“.

Якога моцнага духу і характару быў В. Вальтар, як чалавек, і наколькі адважна і спакойна глядзеў ён у вочы набліжаўшайся сьмерці, сьведчыць нам другі яго калега з Дзьвіншчыны вучыцель А. Махноўскі. А. Махноўскі спаткаў 3 красавіка В. Вальтара, калі апошняга вязьлі ў бальніцу.

„Падышоўшы да В. Вальтара, я прывітаўся, — апавядае А. Махноўскі, — і запытаў:

— Як адчуваеш сябе, братка?

— А Віктар мне і адказвае: „Ты гутарыш ужо ня з Вальтарам, а — з трупам!“

На другі дзень, 4 красавіка 1931 году В. Вальтар ужо памёр.

7 красавіка беларускае грамадзтва прадстаўнікі беларускага вучыцельства, з вянкамі і прамовамі, правадзілі свайго маладога паэту на каталіцкія могілкі ў Дзьвінску.

Тут трэба адзначыць характэрную дэталь, аб якой паведамляе гр. А. Барткевіч: Р„элігійныя бацькі нябошчыка В. Вальтара зажадалі, каб на могілкі труну з іх сынам праводзіў каталіцкі ксёндз. Аднак, ніводзін ксёндз з Дзьвінску, як іх бацькі не запрашалі, ня згодзіўся прыняць удзелу ў пахаваньні, спасылаючыся на тое, што нябошчык ня быў рэлігійным і не хадзіў да споведзі“.

Беларускае выдавецтва ў Латвіі, выпускаючы гэтую караценькую біографію Віктара Вальтара і адно з ягоных апавяданьняў, напісаных за час побыту у санаторыі, ставіць сабе мэтай паінфармаваць беларускае грамадзтва аб спадчыне па нябожчыку, узьняць цікавасьць да ягонае творчасьці і пракласьці дарогу да выхаду у сьвет іншых твораў, а ў першую чаргу вышэйўспамінанага яго раману „Роджаныя пад Сатурнам“.

Усіх грамадзян, у каго захаваліся лісты, фатаграфіі, або творы гр. В. Вальтара, Беларускае выдавецтва просіць надаслаць іх на адрас Выдавецтва, або ў Рэдакцыю штомесячніка „Беларуская Школа ў Латвіі“ (Latvijā, Rigā, Elija ielā 20, dz. 25). Усё надасланае будзе з уздзячнасьцьцю выкарыстоўвацца пры наступных выданьнях твораў нябошчыка. Дужа патрэбны Выдавецтву і весткі аб тых творах В. Вальтара, якія ўжо трапілі ў свой час у беларускі, або чэскі друк.

К. Езавітаў.

Рыга, 5 лістападу 1932 году.


  1. У Дзьвінску перад вайной было 110.000 жыхароў, а пасьля вайны у 1919-20 годзе ледзь-ледзь налічвалася 30.000 чалавек. Такім чынам 80.000 чалавек, або 72% усяго жыхарства гораду, апынуліся на чужыне, у якасьці уцекачоў, самахоць ці пад прымусам расейскае улады высяленых з Дзьвінску.