Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы

Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1927
Крыніца: Полымя, 1927, №16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Проф. М. М. Піотуховіч.

Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы.

("Жалейка", "Гусьляр").

Першы верш Янкі Купалы "Мужык" быў надрукаваны ў Менскай газэце "Северо-Западный Край" 15 мая 1905 г. Дваццацігодні юбілей літаратурнай дзейнасьці беларускага песьняра, гэткім чынам, супаў з дваццацілецьцем першай рэвалюцыі, і ў гэтым супадзеньні ёсьць свой глыбокі сэнс; яно не выпадковы факт, а выраз гістарычнай дынамікі ў яе законамернасьці.

Буралом першай рэвалюцыі глыбока ўскалыхнуў і ўзварушыў народнае беларускае мора; з глыбінь гэтага мора на шырокую паверхню жыцьця гістарычным працэсам выклікана было шмат талентаў самародкаў. Сярод іх першае мейсца належыць, бязумоўна, Янку Купале. Неспасрэдна ад сахі і плугу, з самых гушчаў працоўнага люду пераходзіць ён да літаратурнай чыннасьці.

Першы зборнік лірычных вершаў поэты "Жалейка" зьявіўся ў 1908 г. У дадзеным зборніку мы ўжо знаходзім эмбрыон галоўных мотываў творчасьці Янкі Купалы, тут ужо досыць выразна вызначаецца мастацкая постаць песьняра. Вось чаму для навуковага дасьледваньня поэзіі Купалы "Жалейка“, калі шукаць аналёгііі ў іншых літаратурах, мае такое-ж вялікае значэньне, як, напрыклад, ліцэйскія вершы Пушкіна.

У „Жалейцы" пераважаюць об'ектыўныя мотывы лірыкі. Янка Купала выступае тут, галоўным чынам, як назіральнік наўкольнага жыцьця. Герой зборніка—беларускі селянін; толькі адзін верш „Шавец" прысьвечаны тут дробнаму рамесьніку. Спыняючыся пераважна на вясковым жыцьці, поэта асабліва падрабязна распрацоўвае тэму сялянскай беднасьці, соцыяльныя злыдні беларускага селяніна абхоплены ім усебакова. Вось, напрыклад, якія сумныя песьні мужыка падслухаў ён:

Няма хлеба, няма солі,
Чужому рабі;
Няма шчасьця, няма долі.
Вот тут і жыві;
Вот зіма—мароз вялікі,—
Дровы ў Менск цягні;
Дзеткі зьмерзьлі, енкі, крыкі,—
Вот тут і жыві.
("З песьняў мужыцкіх").

У другім мейсцы ад асобы селяніна поэта гавора:

Я мужык беларус,—
Пан сахі і касы;
Цёмны сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.
Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў;
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.
Хоць пагарду цярплю,
Мушу быць глух і нем,
Хоць сьвет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем.

На гэтай тэме сялянскай беднасьці поэта спыняецца некалькі разоў і ў іншых вершах. Ён, напр., яскрава малюе нам вясковую хату; яна і старая і крывая, зьлепленая з аднаго гнільля з зялёным мохам на страсе, у ваконцы ўсяго дзьве шыбы і тыя з лучын, падлога выбіта з друзу, столь з драніц ("Мая хатка"). У вершы "Спрасоньня" перад намі зноў разгарнаецца малюнак сялянскага гора:

Пярун у хатку б'е крывую,
Пасевы нішча суш і град,
Авечку воўк задраў старую,
Скрыпіць ня мазан панарад,
Худзее жонка ў сьлёзах працы,
Трасе дзюравым каптаном.

Як-бы абагульняючы гэтыя малюнкі, поэта зазначае:

Жыцьцё нашае, нас бедных
Бяспрытомных мужыкоў,
Горш за ўсякага стварэньня,
За сабак і чарвякоў.

Гуманнае сэрца поэты, відаць, асабліва хваравіта адчувала беспрасьветную беднасьць, гэтую адвечную крыўду народнага жыцьця.

Але пясьняр ня толькі канстатуе факты беднасьці, ён паказвае нам прычыны ненармальнага соцыяльнага становішча беларускага селяніна. У дадзеных адносінах часам Янка Купала выяўляе востры аналіз ня столькі поэты, колькі палітэканамістага. Ён, напр., маляўніча рысуе нам, як выбіваюць з селяніна дадатковую вартасьць.

Пан за тваю працу
Нібы то й заплаце—
Знай плату з палацу;
Зьбярэш з ёй багацьця—
За гадзін семнаццаць
Трудоў у дзень нязьменных
Выйдзе грошай дваццаць
Або й таго меней.

Эксплёатацыя, такім чынам, галоўная прычына сялянскай беднасьці; адзін за другім праходзяць перад намі малюнкі соцыяльнага ўціску. Вось, напр, верш "Гоніш мяне, панічок"; гэта эмбрыон будучага "Раскіданага гнязда": тут поэта малюе нам, як пан выганяе селяніна з яго сялібы. Другі верш „Град" рысуе нам, як пан імкнецца скарыстаць нават няшчасьце мужыка... Селянін любуецца сваей нівай, яго цешыць надзея на добры ўраджай, выабражэньню рысуецца радасная пэрспэктыва дастатку і добрабыту, але стыхійныя сілы прыроды разбурваюць гэтыя надзеі—град і навальніца зьніштажаюць пасевы, гаспадар у няшчасьці ідзе да пана з просьбай пазычыць яму хлеба, але пан застаецца глухім да сялянскага гора, ён толькі за грошы згаджаецца на пазыку.

Як-бы вывад з гэтага апавяданьня прадстаўляе сабой прадасьцярога "Ня рвіся к багатым": багацьце робіць чалавека жорсткім і нячулым, "ня найдзеш сэрц братніх, дзе толькі багацьце".

Апроч земляўласьніка зарысоўваюцца ў "Жалейцы" і іншыя вобразы эксплёататараў вёскі ў старыя часы: пан з гандляроў, ліхвяр, эксплёататар з інтэлігенцыі, ксёндз, аконам, шляхціц усе гэтыя здані мінулага праходзяць перад намі ў куплетах "І як тут не сьмяяцца".

Ад зоркага вока поэты не захавалася прасякненьне капіталу на вёску і руйнаваньне ім шляхецкай гаспадаркі, на вёсцы зьяўляецца новы пан, "parvenu", выскачка з нізоў:

Вот мчыцца пан на парцэ,
Упражка зіхаціць.
І конікі абмыты
І панскі лоб блішчыць.
На цэлы сьвет з пагардай
Дзікім глядзіць казлом.—
А быў-жа ён нядаўна
Авечак гандляром.

Шляхта затое галее, але яна ня траціць сваёй пыхі і пагарды ў адносінах да працоўных:

Вот шляхціц, нэндзны шэршэнь,
Той выскачак адзін,
Заціркай душу мучэ,
Ужо ён гаспадзін.
Бяднейшаму ўжо брату
Рукі не падае,
Хоць сам часнок, цыбулю
На рынку прадае.

У "Жалейцы" Янка Купала ня толькі дае нам агульны вобраз сялянскага жыцьця, поўнага беднасьці ўціску і эксплёатацыі. Гэты вобраз разьбіваецца часам на паасобныя малюнкі малюнкі працоўнага побыту вёскі. Але ва ўмовах эксплёатацыі праца, якая звычайна нясе з сабой шчасьце і радасьць, проклята: над ёй вісіць пракляцьце паднявольнасьці, яна цяжкая пакута. Вось, напр., перад намі малюнак жніва. Мы бачым гэтых жней з пахіленымі, худымі каркамі, мы чуем іх смутныя песьні:

Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан дабрадзей.
А над усімі злы аконам
Стаіць, ганяець жаць барджэй.

Нават думка аб дажынках не радуе гэтых пакутніц:

Пан справіць гучныя дажынкі,
За пот, кроў, сьлёзы водкі дасьць;
Мы будзем піць, як гора п'ем,
Паноў хваліць
І дружна ім
Скрозь сьлёзы песьню прапяём.
("Песьня жнеяў").

Толькі два малюнкі працы ў Купалы агорнуты поэзіяй вясковага жыцьця: "Касьба" і „Пры скаціне". Гэтыя малюнкі як-бы падкрэсьліваюць думку, што сама па сабе праца дае шчасьце чалавеку, проклятай робяць яе ненармальныя варункі жыцьця. Нагародай за працу ў вясковых умовах зьяўляецца торба жабрацтва; адсюль увага песьняра некалькі разоў спыняецца на сумных вобразах старцоў.

Гэткім чынам ужо ў першым сваім зборніку Янка Купала грунтоўна абхапляе эканамічнае становішча беларускага сялянства: вясковая беднасьць, клясавыя супярэчнасьці зарысоўваюцца ім у сакавітых фарбах.

Адначасна поэта зачэплівае і іншыя бакі сялянскага жыцьця; ім закрануты, напр., сялянскі побыт; сваім чульлівым сэрцам пясьняр прасякае у трагедыю вясковай жанчыны. У вершы „Сватаная" ён абхапляе ўсю долю гаротніцы, пачынаючы ад моманта сватаньня і канчаючы раньняй старасьцю, калі ў пакутніцы, "патухнуць ад сьлёз ясны вочы, збляднее, паморшчыцца твар".

Сумна жыцьцё селяніна, нерадасны і канец яго. Вобраз нябожчыка, сумны, за душу хапаючы малюпак вясковых хаўтураў гэтак сама не абмінуты ў першых вершах поэты. Поп з крапідлам, які "чакае на ўзятку", нудныя сьпевы дзяка, аднастайны звон, жабрацкая труна, вузкая магіла "локцяў тры без мала", насып, вылажаны дзёрнам, крыж з з каменьняў,—уся гэтая абстаноўка вясковага пахаваньня мастацкі абмалявана ў вершы "Нябожчык". Не пазабыты поэтай і ціхія вясковыя могілкі, дзе знаходзяць сабе апошні і адвечны прытулак сярмяжныя горапашнікі; да іх поэта зварачаецца з словамі шчырага астатняга "даруй".

Сьпіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Сьпіце, бяздольныя,
Горам забітыя...

Абмалёўваючы сялянскую долю з яе беднасьцю, уціскам і сумам, поэта, зразумела, не застаецца раўнадушным: ён узвышаецца да caпраўднага абурэньня супроць ненармальных умоў жыцьця. У вочы наном, гэтым адвечным прыгнятальнікам селяніна, ён кідае свой верш, абліты гораччу і помстай:

Гэй, растлумач атродзьдзе ўражжа,
Трутні, зладзеі пчольных прац,
Чаму, дзе труд крывавы ляжа,
Цьвяце загон, стаіць палац.
Чаму я сею, а другія
З сяўбы маёй зьбіраюць плен.
("Спрасоньня").

Прадбачыць поэта і пямінучую разьвязку гэтых соцыяльных супярэчнасьцяй—наступленьне рэволюцыі, калі ў крыві помсты загіне адвечная народная крыўда:

На сьвет многа прыдзе бяды,
Бо за крыўду сваю адамсьціць.
Сьвіньням будзе крыві не пабраць.
Адамсьціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць.
("Пажалей мужыка").

У пацьвярджэньне выказанай думкі аб нязьбежнасьці крывавай рэволюцыі поэта прыводзіць гістарычную даведку; зварачаючыся да паноў, ён кажа:

Эх, каб не спаткала вас доля Нэрона.
Рым моцных шаленства к упадку зьвялі,

Апроч соцыяльна-клясавых супярэчнасьцяй вёскі, другая тэма першых вершаў Янкі Купалы—Беларусь. Спачатку тут выказваецца сумны погляд на прыроду айчыны. Вядомы гэты мінорны верш Янкі Купалы:

Невясёлая старонка
Наша Беларусь.
Людзі: Янка ды Сымонка,
Птушкі: дразды, гусь.
Поле: горы ды каменьні,
Потам зьліта ўсё,
Сенажаць―адны карэньні,
Сівец, ды куп'ё.

Потым адзін за другім пералічаюцца і іншыя недахопы: благі ўраджай, адсутнасьць садоў, люд убогі, народная цемра. Як вывад усяго, жаласьлівае прызнаньне поэты:

Так ня міла, як магілай,
Неяк выдае.
Беларусь, мая старонка,
Но люблю-ж яе!
Я калі-б з ёй разлучыўся,
Плакаў-б з усіх сіл.

Гэта сузнаньне органічнай сувязі з айчынай параджае ў Янкі Купалы нейкую дысгармонію, дваістасьць у яго адносінах да Беларусі. З аднаго боку, поэта, як мы бачым, накідвае сумны колер на яе прыроду, з другога боку, ён захапляецца поэзіяй яе зялёных садочкаў, фантастыкай народнай творчасьці, мінулым роднага краю, ён сузнае, што Беларусь хавае ў сябе вялікія потэнцыяльныя сілы, у гуках радзімай прыроды чуюцца яму крыкі аб жыцьці краіны:

І вот, як не любіць гэтае поле і бор,
І зялёны садок і крыклівую гусь...
А што часам тут страшна заенча віхор...
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь.

У гэтым соцыяльна-нацыянальным патосе заключаецца творчая домінанта першага зборніку беларускага песьняра. Матывы так званага, "чыстага мастацтва" амаль што зусім адсутнічаюць тут. Нават малюнкі прыроды большаю часткаю ўплятаюцца тут у вершы з соцыяльным зьместам. Восень, напрыклад, гэта толькі той мрачны фон, на якім яшчэ больш рэльефна акрэсьліваецца ўся трагедыя сялянскага жыцьця; навальніца і град—гэтыя стыхійных няшчасьці яшчэ больш выяўляюць эксплуатацыю селяніна панам. Можна сказаць, такім чынам, што прырода, як асобная крыніца натхненьня, не займае выдатнага мейсца ў „Жалейцы".

Больш увагі адводзіцца тут асабістым перажываньням поэты але гэта лірыка індывідуальных думак і эмоцыяў афарбована пераважна ў мрачны колер. Разлад паміж марамі і дзейснасьцю, раньняе расчараваньне ў жыцьці і людзях, дарэмныя парывы да нейкіх сьветлых сноў, нуда, адзіноцтва—вось звычайныя тэмы сумных, меланхолічных перажываньняў поэты. І толькі зрэдку сьветлыя праменьні прарэзваюць гэту густую цемру смутку. На момант поэта адпачывае душой у пяшчотным пачуцьці каханьня, але і сюды, у гэты інтымны куток суб'ектыўных перажываньняў, прасякаюць знадворку дыстармонічныя адчуваньні: жаночыя здрады, зьвязаныя з імі мукі рэўнасьці і асабліва соцыяльна-клясавыя супярэчнасьці разбурваюць і гэтую сьветлую поэзію. У абстаноўцы соцыяльнай няроўнасьці каханьне вельмі часта траціць свой пяшчотны ідылічны характар; перад сузнаньнем поэты яно прадстае як змрочная і грозная сіла, якая на момант руйнуе нават клясавыя загародкі, можа злучыць і шляхцянку з вясковым парабкам, але потым прыводзіць к трагічнай катастрофе. ("Адплата каханьня").

Другі промень, які прарэзвае часам густую цемру меланхоліі поэты, гэта поэзія, мастацкая творчасьць. У Янкі Купалы мы знаходзім тут чыста романтычную концентыю мастацтва. Песьні―гэта найвышэйшае ў жыцьці чалавска, гэта божы дар ("Песьня а песьнях"). Сам поэта творыць стыхійна, песьні не даюць яму супакою, яны не адчэпна прасьледуюць яго:

Хацеў-бы вас, песьні,
Зрачыся, пакінуць,
Сілачкі-ж мне мала,
Буду ўжо так гінуць.
Выплакаў вам сэрцам,
Высьніў вас душою,
Вальчучы з нядоляй,
Вальчучы з бядою,
І цяпер за мною
Ходзіце вы ўсюдых,
І вясной па траўцы,
І ўвосень па грудах,
Па загонах летам.
("Я не поэта").

Алс разам з гэткай стыхійнай патрэбай творчасьці ў Купалы, у першым зборніку яшчэ мала ўпэўненасьці ў сваіх сілах. Мы знаходзім тут надзвычайна скромнае прызнаньне:

Я не поэта, о крый мяне, божа!
Ня рвуся я к славе гэткай ні мала.
Хоць песенку-думку і высную можа,
Завуся я толькі Янка Купала.

У другім мейсцы поэта з яшчэ вялікшай скромнасьцю зазначае:

Я ня сокал зоркавокі,
Не арол адважны,
Што так думна за аблокі
Узносіцца з іх кажны.
Нават я не салавейка,
Што пяе так слаўна,
А я толькі верабейка,
Узрошчаны пад Гайнай.
(З "Maіх думак").

Пясьняр сумняваецца нават у каштоўнасьці сваіх твораў; яму прадстаўляецца часам, што "душы яго тварэньня" будуць марнець у нязнаньні, зробяцца здабычай пацукоў, але калі "нейкі вучоны моль з прыпадку натрапе" на іх, то ён знойдзе там толькі матэрыялы для этнографіі людзей на Беларусі. ("Каму?").

Поэта жорстка памыліўся ў ацэнцы сваей творчасьці; нават яго першы зборнік "Жалейка", ня кажучы ужо аб пазьнейшых, мае далëка не этнографічнае значэньне, а ўяўляе сабой глыбока ідэёвую каштоўнасьць, паколькі ў ім ускрыты соцыяльны і нацыянальны ўціск, які цягацеў над Беларусьсю ў часы царызму.

Па галоўных мотывах, якія пануюць у "Жалейцы", Янка Купала прыбліжаецца да народнікаў: пераважным об'ектам яго творчасьці зьяўляецца веска, народ. Але паміж ім і народнікамі ранейшага часу ёсьць значная розьніца. Як вядома, для народнікаў характэрнай зьяўляецца іх вера ў інтэлігенцыю. На падставе тэорыі крытычна мысьлячай асобы Лаўрова яны лічылі, што інтэлігэнцыя - гэта галоўны фактар культуры і прогрэсу, гэта соль зямлі. Беларускі пясьняр, вышаўшы з гушч працоўных мас, перажыўшы рэволюцыю 1905 году, далёкі ад гэтай ілюзыі. У яго вершы „Песенька для некаторых маладых людзей" выразна выяўляюцца крытычныя адносіны да інтэлігенцыі; тут выступаюць тыпы інтэлігэнтаў, так сказаць, высокай кваліфікацыі - доктар, адвакат, інжынэр, судзьдзя. Для ўсіх іх характерна тое, што яны, па думцы поэты, рана губляюць свой юнацкі ідэалізм і хутка зацягваюцца жыцьцёвым брудам пошласьці, павялічваючы сабой толькі кадры дармаедаў, якія эксплуатуюць працоўны люд. Поэта гаворыць:

Людзей маладых у нас дужа вучоных
Цяпер надта шмат разьвялося,
Праўд нейкіх шукаюць на сьвеце нясьнёных,
Над бедным з іх кожны галосе,
Да працы да роўнай, да волі шырокай
Ахвочы крычаці, ўзываці.

Але гэты юнацкі парыў увысь ідэалу, рысуе поэта, адцьвітае, не пасьпеўшы расквеціцца: доктар бярэ з беднякоў рублі і паўрублёўкі, інжынэр будуе турму, вастрогі, судзьдзя асуджае на катаргу галодных людзей і г. д.

Гэтак у "Жалейцы" Янка Купала выступае як народнік, але народнік suі generіs, пазбаўлены некаторых ілюзій народніцтва. І адначасна беларускі пясьняр перажывае трагедыю ўсіх народнікаў; яго вабіць да сябе цэльнасьць сялянскай душы, прастата і нескладанасьць вясковага жыцьця, у абмежаванасьці патрэбаў ён імкнецца знайсьці задавальненьне. Некалькі разоў поэта малюе нам просты ідэал сялянскага жыцьця, які зводзіцца к сытасьці і матар'яльнаму дабрабыту:

Трэба нам, трэба, як ласкі з неба,
Лепшы даўжэйшы зямелькі шнурок,
Сытай скацінкі, новай хацінкі,
Каб красаваўся пры хатцы садок.
На сьвята скварку, часам і чарку.
Булкі і сыра гасьцей частаваць,
Цэлы адзетак, ксёнжак для дзетак.
("Чаго нам трэба").

Той-жа ідэал сялянскага жыцьця малюецца ў вершы "Як пайду я, пайду" і ў творы "Адплата каханьня" (сон Янкі). У дадзеных выпадках Купала як-бы зьліваецца з народнай душой, імкнецца паглядзець на жыцьцё вачыма селяніна; гэта свайго рода апрашчэньне ў думках; але яно не ўдаецца поэту. Сам ён далёка адышоў ад беспасяреднага сялянскага жыцьця, сам ён страціў цэльнасьць народнага сьветаадчуваньня, захоплены глыбокім і цяжкім задумленьнем, рэфлексыяй. Гэта рэфлексыя далёка адводзіць яго ад сялянскага прымітыву і тады ён кажа:

І шчасьце дым, і праўда дым.

Вельмі часта поэта аглядае жыцьцёвыя ідэалы sub specіe aeternіtatіs. У вершы "Сьцёпка Жук" ускрыта трагедыя жыцьця наогул: багацьце, сямейнае шчасьце, задавальненьне—усё гэта нішто, няпрыкметна падкрадваецца старасьць, а разам з ёю і магіла. У сьвятле смутных развагаў робіць поэта агляд розных эгоістычных мэтаў чалавечага жыцьця:

Мы гонімся часта за марай уладнай,
Каторая шчасьцем завецца.
Но трудна яе нам злавіці, ой трудна,
Хоць блізка тут, блізка здаецца...
Адным мара-шчасьцем завецца багацьце,
Што сьвеціцца грошай машонкай;
Другімі―парадак і згода у хаце,
Інымі―харошая жонка,
Той рвецца да славы, шырокай, вялікай,
Той―жыці нязнатна, як дзеці;
Той―песьняй азвацца нясвойскай і дзікай,
Той―родную думку запеці...
І роім у мысьлях так цэлымі днямі,
Но шчасьце ня роіцца ройна...
("Шчасьце").

Гэтая рэфлексыя накідвае мрачны флер пэсымізму на думкі поэты.

Можа не арыгінальны асабліва гэтыя думкі, якія выказвае Янка Купала ў "Жалейцы", але за тое зборнік падкупляе нас сваей шчырасьцю і беспасярэднасьцю; тут ня чуецца ніводнага фальшывага гуку, усе словы ідуць ад сэрца поэты; тут ён раскрывае ўласныя раны сваёй душы, раны і балячкі свайго народу. У зборніку заўважваецца поўная адсутнасьць рыторыкі, фальшывай позы, гукі поэты чаруюць нас і вабяць сваёй прастатой і эмоцыянальнасьцю.

Пячатка той-жа беспасярэднасьці ляжыць і на форме зборніка. Верш Купалы ня дзівіць нас тут сваёй асаблівай бліскучасьцю і мілагучнасьцю, як у пазьнейшых зборніках. Але і тут ужо адчуваецца рука будучага майстра верша; Янка Купала прабуе тут усе клясычныя разьмеры мэтрыкі, але асабліва ўлюблёнымі яго мэтрамі зьяўляюцца харэй і ямб, што адпавядае разгаворнаму і напеўнаму характару яго мэлёдыкі.

Стылістычныя прыёмы гэтак сама не вызначаюцца асаблівай разнастайнасьцю. Маляўнічыя эпітэты трапляюцца рэдка, большаю часткаю яны носяць характар клішэ (чорная зямля, ясная зара, сохі-крывулі, курганы—сьведкі бітваў і г. д.). Сустракаюцца паасобныя прыклады кумуляцыі эмоцыяльных эпітэтаў („Над могілкамі"). Зрэдку сустракаюцца мэтафоры (зоркі ўсьміхаюцца, хмары ішлі і стагналі), абронены і паасобныя прыклады гіпэрбалы:

1) Як я з сошкай пайду,
Увесь сьвет накармлю; (5)[1]
2) Запейма хоць трошкі,
Каб сьвет аж затросься. (14).

Больш багатымі зьяўляюцца ў Янкі Купалы параўнаньні, - пераважна роўнаступянёвыя і конкрэтныя:

1) Бярозкі, як тычкі, стаяць. (3)
2) Сьвеце месяц, сьвеце,
Як дзюрка ў сярмязе. (25)

3) Стог стаіць, як пац
4) Сьвеце месяц, сьвеце,
Як лысіна ў пана (26)
5) Мароз, як кат бязжаласны,
У лед рэчкі скаваў. (34)
6) Сэрца, як лісьцік на грушцы,
Трасецца... (77).
7) Стара-старая ліпа
Паважная, як свацьця. (81)
8) Як увойдзеш, - пры парозі
З гліны печ стаіць,
На ўсю хату, як ураднік,
З падылба глядзіць. (17).

Так у Янкі Купалы заўжды конкрэтнае раўняецца з конкрэтным; мы знайшлі толькі адзін прыклад параўнаньня нісходзячага, калі абстрактнае раўняецца з конкрэтным:

Так горшыя думы адна за другою
Снуюцца ў тырана, як стада зімою
Ваўкоў згаладалых, нясытых ніколі,
Шукаючы жыру, валочуцца ў полі. (145)

Асабліва пашыранымі прыёмамі зьяўляюцца ў Янкі Купалы паралелізмы; яны сустракаюцца ў вялікай колькасьці; мы дамо толькі некаторыя прыклады іх:

1) Шумныя бярозы
Пабяліў мароз,—
Хацеў-бы я плакаць
Ды ня маю сьлёз. (7)
2) Сьвеце месяц, сьвеце,
З вечара да рана,
Арэ мужык поле
Не свае, а пана. (22)
3) Верабейку стужа змора,
Альбо ястраб хваце,
Мяне-ж зломе мае гора,
У зямлю укіне спаці (64)
4) Жутка стогнуць рэкі
Узбураны вясною;
Плачуць мае песьні,
Галосяць са мною. (42).
5) Ня гудзі так восень,
Непагодай дзікай,
Ня крываўся, сэрца,
З нядолі вялікай. (33)

Заўважваецца ў песьняра гэтак сама і некаторы нахіл да алегорыі і сымболікі. Асабліва багата сымболікай абмалёўка рэвалюцыі і зьявіўшайся на зьмену ёй рэакцыі. Рэвалюцыя малюецца ў вобразе вясны:

Вясна, сонце узыходзе,
Сьвеце на зямлі;
Дух збудзіўся у народзе,—
Усталі, пашлі...
Няхай тыя уставаюць
Рана да зары,
Што свабодачку кахаюць,—
А ты, браце, сьпі...
("А ты, браце, сьпі").

Другім сымболем рэвалюцыі зьяўляецца ў поэты касьба:

Дружна ідзі, бедны люд, калі сонца к касьбе
Заве з неба, ды голадам мучышся ты.
Рэж траву, дабывай долю сілай сабе.
("Касьба").

Наадварот, зіма бярэцца, як сымбаль уціску і прыгнечаньня:

Цярпі, зямелька родная,
Німа жыцьця, німа.
Цярпі, старонка родная,
Мучэньня пій да дна,
Міне зіма нягодная,
І ўскрэсьне зноў вясна.
("Зіма").

Вобразы народнай фантастыкі пад пяром Янкі Купалы набываюць значэньне соцыяльных злыдняў:

Ведзьмы, чэрці з таго сьвету,
Пан, чыноўнік, ваўкалакі,
Усе навыперадкі пруцца,
Гікам, сьмехам чартоўскім
Заліліся і нясуцца.
("З песьняў аб мужыцкім горы").

Сустракаем вельмі часта і вобразы, узятыя з абстаноўкі вясковага побыту: лапаць—сымбаль беднасьці, хата, у якую заходзіць падарожнік—Беларусь, статак—полк, сявец—грамадзкі і культурны дзеяч.

Часам у поэты алегорычнасьць набывае характар эзопаўскай мовы. Гэтак, напр., у вельмі захованых вобразах-найменьнях малюе Купала разбушаваўшуюся стыхію рэакцыі:

Мяцеліцы нашу айчызну зглушылі;
Найлепшых авечак уносяць зьвяры;
Жыцьцё тут заціхшы, як сон у магіле.
(Беларускай выдаўніцкай суполцы
"Загляне сонца і ў наша ваконца“).

Зроблены намі кароткі аналіз стылістычных прыёмаў Янкі Купалы ў яго першым зборніку дае нам вельмі каштоўныя вывады псыхолëгічнага і соцыялёгічнага характару.

У Янкі Купалы пераважае конкрэтнае мышленьне, палёт фантазыі пакуль што яшчэ ня высокі; знадворны сьвет беларускі поэта ўспрымае галоўным чынам як сьвет ліній і фарбаў; вобразы яго маюць конкрэтна ашчуповы характар; большаю часткаю гэтыя вобразы вытрыманы ў стылю і духу народнае творчасьці (паралелізмы, сымболіка), крыніцамі іх зьяўляюцца абстаноўка вясковага побыту. Гэткім чынам у "Жалейцы" адчыняецца цесная сувязь тэматыкі і поэтыкі: Янка Купала выступае тут перажна, як сялянскі поэта, пясьняр беларускай вёскі.

Другая плынь, якая бярэ свой пачатак у вытоках лірыкі Янкі Купалы, гэта зборнік „Гусьляр". Усяго два гады аддзяляе гэты зборнік ад першага (1908-1910), але за гэты кароткі пэрыод утварыліся некаторыя зьмены ў перажываньнях поэты і ў кірунку яго творчасьці. У "Жалейцы" пераважае момант об'ектыўны. Патос гэтага зборніку соцыяльны. Мы бачылі, як грунтоўна і шырока імкнецца там поэта абхапіць стан сялянства: тэма соцыяльнага ўціску і нацыянальнага прыгнечаньня чырвонаю пасмаю праходзіць праз увесь зборнік; вельмі частае спыненьне на гэтай тэме робіць нават уражаньне некаторай аднастайнасьці. У „Гусьляры" на першы плян высоўваецца момант суб'ектыўны; тут паглыбляюцца ўласныя перажываньні поэты, ён імкнецца глыбей асазнаць сваё "я" і дае нам з гэтай прычыны песьні лірычныя, ва ўласным сэнсе гэтага слова.

Досыць багата прадстаўлена тут лірыка эмоцыяльная. Смутак, як і раней, уяўляе сабою агульны фон перажываньняў поэты; з грудзёў яго вырываецца хваравіты енк:

Смутна мне, божа. ― Куды я ня гляну,
Куды ня мчуся з маркотнай душою,
Бачу, што шчасьця зары не дастану,
Бачу, што вечна ня знаць мне спакою.
("Смутна мне, божа").

Зноў усплываюць тут матыў адзіноцтва і матыў каханьня, якое часам асьвятляе гэтую цемру адзіноцтва; ня новымі зьяўляюцца тут і настрой разлада паміж ідэалам і дзейснасьцю.

Неяк нясьмела, палахліва прасякаюць тут у лірыку Янкі Купалы мотывы анакрзонтычныя,―заклік да пацехі і забавы. Ужо у „Жалейцы" мы знаходзім прызнаньне поэты:

І шчасьце―дым, і праўда―дым,
А клëк―гульня, пахмельле.

Гэтае прызнаньне больш падрабязна разгарнаецца ў вершы "Бяседа", дзе мы сустракаем такі заклік:

Годзі маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты.
Дружна падходзьце к сталу, во сюды.
Будзем гуляці; шынкар наш багаты
Дасьць чым пацешыцца, дасьць, як вады.

Але гэта не радасны заклік да вясельля і забавы радзі самога вясельля і забавы, якія мы знаходзім у Анакрэона, Горацыя, у застольных песьнях Пушкіна, Бацюшкава і інш. Прыпомнім, напр., як Бацюшкаў выражае свой жыцьцё радасны, навеяны аптычнасьцю ідэал жыцьця:

Когда жизнь наша скоротечна,
Когда и радость здесь не вечна,
То лучше в жизни петь, плясать
И мудрость с шутками мешать.

Янка Купала далёкі ад гэтага супакойнага ідэалу антычнасьці. У закліках беларускага песьняра да забавы адчуваецца хваравіты надрыў Івана Карамазава з яго замілаваньнем да клейскіх лісточкаў веснавых і пякельным разладам у сэрцы. Вясельле і забава для поэты толькі сродак пазбыцца жыцьцёвай пакуты. Анэкрэонтычны заклік да вясельля пераходзіць у яго ў сумцы матыў аб чарцы, у якой заліваюць гора. Пясьняр, заклікаючы да забавы, дадае:

Сэрцы дрыжаць нашы кроўю абліты,
Грудзі пылаюць змучэньня агнём,
Рукі змазолены, дух наш прыбіты;
Гэй-жа! Усё гэта атрутай зальём.
("Бяседа").

Гэта знаёмы нам ужо з "Жалейкі" матыў аб гарэлцы, які разгорнут у вершы "З гора ды з бяды".

Эмоцыянальная лірыка індывідуальных перажываньняў не дае нам, такім чынам, у "Гусьляры" вовых у параўнаньні з "Жалейкай" матываў.

Агульны фон яе, як і раней, застаецца сумны, сатканы з мзланхоліяй, з ціхага задумленыя аўтара над сваёй адзінокай доляй.

Больш цікава тут разумовая, філёзофская лірыка „Гусьляра".

Элемэнты філёзофскай рэфлексыі мы знаходзілі і ў "Жалейцы", але там гэта паасобныя штрыхі пэсымізму, якія не даюць нам цэльнага прадстаўленьня аб сьветапоглядзе поэты. У „Гусьляры" зауважваецца спроба шчыльна падыйсьці да разьвязваньня розных, гэтак званых, праклятых пытаньняў. Поэта зазначае свой асаблівы нахіл да задумленьня. Ён кажа:

Мае думкі, быццам кумкі,
Назаляцца любяць мне,
То стыдліва, то пужліва,
Тая ў яве, тая ў сьне.
Тая плачэ, тая скачэ,
Тая песенькі пяе;
Як зазюлькі, аздабулькі,
Думкі родныя мае.
(„Мае думкі").

У сваіх думках поэта выяўляе імкненьне абхапіць увесь космос, ён жадае па скрыдлах сваёй мысьлі падняцца высока над зямлёй і прасякнуць у жыцьцё пават нябесных сфэр; поэта кажа:

Птушкай-бы ляцеў, ляцеў
Весела разгонна,
Па-над хатку, па над хлеў,
Па-над бор зялёны.
Эх, ляцеў-бы глянуць, чуць
Неба сіне мора,
Як гуляюць, як жывуць
Сонца, месяц, зоры.
("Думка").

У такіх імкненьнях вызначаецца напружаная праца мысьлі, жаданьне разабрацца ў розных філёзофскіх проблемах. Часткаю поэта знаёміць нас з вынікамі працы, з тымі адказамі, якія даваліся ім на філёзофскія пытаньні. У "Гусьляры", напрыклад, выразна выяўляецца пэсымістычная філёзофія агностыцызма; поэта зазначае:

Нязнанай сілай праве сьветам
Пачатак, бытнасьць і канец.

Для поэты ўвесь сьвет―гэта толькі бязьмежная арэна нараджэньня, існаваньня і сьмерці; сіла, якая кіруе гэтым процэсам, нязнана.

Побач з некаторымі адзнакамі агностыцызма ў Янкі Купалы выяуляецца ідэя хаоса, як сутнасьці рэчаў, і ідэя колазварота.

Ідэя хаоса выразна выступае ў вершы "Зьнямога", дзе поэта гавора:

Безнадзейна, бястрывожна,
Ціха, зважна, асьцярожна
Хаос гнёзды ўе свае,
Варэ зельля-калуту,
Пос, зводзе князя-духа,
Перадыху не дае.

Для поэты, такім чынам, разгул хаоса, стыхійных сіл уяўляе caбой падставу космоса; князь-дух, разумны прынцып, ён сам на паваду ў хаоса, у стыхіі.

Думкі Янкі Купалы здалёка нагадуюць вядомыя мотывы поэзіі Цютчэва, які зьяўляецца пераважна песьняром хаоса, які, напрыклад, зварачаецца да ветра з такімі словамі:

О, страшных песен сих не пой
Про древний хаос, про родимый!
Как жадно мир души ночной
Внимает повести любимой!
Из смертной рвется он груди
И с беспредельным жаждет слиться.
О, бурь заснувших не буди,―
Под ними хаос шевелится.

Ідэя колазвароту рэчаў выяўлена ў Купалы ў вершы "За годам год", дзе зазначаецца:

За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што песьні вод,
Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход
За родам род, за годам год.
На ўсход, на сход ідзе-брыдзе.
У чарах-снах, у злыбядзе...
Канца ні ў чом, канца нідзе,
На ўсход, на сход брыдзе-ідзе.

Гэта ідэя колазварота рэчаў пашыраецца поэтай і на гісторыю; у гістарычнай дзейснасьці ён ня бачыць паступовасьці, а заўважае толькі кругаварот; у вершы пад тэй-жа назвай поэта кажа:

Нічога вечнага на сьвеце
Німа для сумнага жыцьця,
Здарэньня, многія сталецьця,
Ідуць пад века забыцьця.
Устае рой новых пакаленьняў;
Старыя сходзяць на той сьвет;
Нягодны ўнуку ўжо тварэньня,
Якія меў на ўслугах дзед.
Марнеюць сільныя народы;
Бяруць слабейшыя гару;
Ненавісьць, бітвы, непагоды
Туманяць радасьці зару.

Калі сьвет і гісторыя ― арэна зьніштажэньня, то сьмерць, значыць, адвечны ўладар жыцья. Думка поэты некалькі разоў зварачаецца да гэтай сумнай тэмы. У "Жалейцы" сьмерць рысуецца ў пэўнай соцыяльнай абстаноўцы, у "Гусьляры" яна пераважна бярэцца, як об'ект філезофскіх развагаў. Поэта з вялікім смуткам зазначае:

О, сьмерць, хто дзе цябе асіліў?
Ня ішоў, ня зьлёг пад курганом?
Ідуць усе, і я за ўсімі
Сыйду з нудой, бялой сваей.
Так цяжка жыць паміж жывымі!
У магіле будзе, мо' лягчэй.
(„На могілках").

Нават з каханьнем злучаецца ў поэты думка аб сьмерці, і сваёй

дзяўчынцы ён гавора:

Ціха ў пасьцелі ляжам жвіровай;
Крыж нам пастаўлюць белы, яловы,
Насып абложуць дзярнінкай;
Буры жыцьця мне слоў не скупілі;
Гэткі-ж спакой у цёмнай магіле,
Ды і з табою дзяўчынка!
("Дзяўчынцы").

Перад тварам сьмерці, перад гэтым жудасным малюнкам разбурэньня і зьніштажэньня поэта шукае паратунку ў мастацтве. У творах, дзе выяўляецца творчая самасьвядомасьць аўтара, заўважваецца больш бадзёры настрой.

У „Жалейцы" пераважна падкрэсьліваецца стыхійны характар творчасьці, у "Гусьляры" выяўляецца імкненьне філёзофскі асмысьліць задачы і мэты творчасьці. Поэзія прадстае перад Янкай Купалай, як вялікая калектыўная сіла. У вялікім захапленьні ад сузнаньня гэтай сілы поэта зазначае:

Моц сваю сьвету пакажам...
Зьдзіўляюцца старцы і дзеці:
Што знача песьня і сіла!
Што знача вельмі хацеці!
("Песьня і сіла").

Але песьня мае моц пры ўмове выразу ў ёй пэўнага ідэалу; поэта напружана шукае гэтага ідэалу; ён праясьняе свае задачы мастака; ён разьвязвае філёзофскія проблемы аб сутнасьці дзейснасьці і аб сэнсе гісторыі. Як-бы падводзячы агульны сынтэз гэтаму шуканьню ідэала, поэта гавора:

Сьцежку хутчэй ідэалу!
Квецься, палай, хараство
Куйся, зарнічная хвала,
Вечная радасьць, дабро.
("Жальцеся, жалкія струны")

Акрылены гэткім парывам да ідэалу, поэта адчувае сваю моц. Гэта ўжо не верабейка з-пад Гайны; выступаюць ужо іншыя вобразы, у якіх зазначаецца сутнасьць поэтычнага вобліку песьняра. Поэта, напрыклад, раўняе сябе з ветрам і сокалам, кажучы:

І вецер, і сокал, і я―
Сыны аднэй долі, жыцьця,
Наводзім маркотныя мы
І думы, песьні адны.
("І вецер, і сокал, і я").

Толькі ў імкненьні да сонца і зораў поэта знаходзіць сваё прызваньне. Прасякнутая вышэйшым ідэалам, песьня для яго прадстаўляе самае каштоўнае ў жыцьці; яна выводзіць поэту з жыцьцёвай тхлані („Сон“), песьня для яго вышэйшая ўцеха; яна, нарэшце, ня ўмірушча („Памяці Шаўчэнкі").

„Гусьляр“, такім чынам―пераважна філёзофскі зборнік. Тут вызначаецца спроба разабрацца ў розных пытаньнях чалавечага жыцьця, выяўляецца імкненьне асмысьліць задачы і мэты мастацтва.

Нахіл да філёзофскай рэфлексіі адбіваецца ў дадзеным зборніку і на об'ектыўных мотывах лірыкі песьняра. З аднаго боку, тут выступае яшчэ манера "Жалейкі": зарысоўваюцца паасобныя абразкі і малюнкі жыцьця, часта ўзятыя ў трагічным аспэкце. Але побач з гэтай старой манерай выяўляецца і новая. Янка Купала выражае ў дадзеным зборніку імкненьне абхапіць усё жыцьцё чалавека ў цэлым, агледзіць гэта жыцьцё з вышыні ідэалу. Адсюль узьнікае ў лірыцы Янкі Купалы надзвычайна цікавы прыём схэматызацыі. Жыцьцё як-бы вылушчваецца з пэўных рамак побыту і разглядаецца пераважна, як філёзофская абстракцыя і катэгорыя. Так, напрыклад, у вершы "З песен жыцьця" абмалёўваецца ўсё жыцьцё чалавека ад калыскі да магілы; той-жа прыём мы бачым і ў вершы "Над калыскай“.

У нацыянальных мотывах лірыкі Янкі Купалы гэтак сама заўважваецца некаторы ўплыў рэфлексыі і цяжкога задумленьня. У дадзенай галіне мы часткаю знаходзім абразкі ў стылю і напрамку "Жалейкі": напрыклад, выяўляецца замілаваньне да айчыны, выказваецца пекная рамантыка мінулага, але і тут філёзофскі аналіз разбурвае гэту романтыку, і мінуўшчына Беларусі прадстае тады перад поэтай у сваім смутным выглядзе: Ён кажа:

Мы ня жылі, як жывуць людзі,
Гасьцінцам шчасьця не схадзілі,
Не зналі ўцехі нашы грудзі,
Вянкоў мы славы не насілі.
Мы ў паніжэньні, ў вечным трудзе,
3 днём кожным слабшія па сіле,
Бясцэльна па калючай грудзе
Блудзілі, горасна блудзілі.
(„Наша мінуўшчына").

Эстэтызм зьяўляўся для поэты адзіным кутком, у якім ён шукаў збаўленьня ад сваіх цяжкіх развагаў. Адсюль узьнікае, як мы бачылі вышэй, высокая роля песьні для мастака, адсюль у зборніку "Гусьляр" больш мейсца адводзіцца і прыродзе. У "Жалейцы" прырода пераважна прадстаўляе сабою фон, на якім разгарнаюцца розныя соцыяльныя малюнкі; у "Гусьляры" прырода зьяўляецца ўжо самастойнай крыніцай натхненьня песьняра. Янка Купала мастацкі абрысоувае нам розныя поры году; у гэтых зарысоўках ён узвышаецца да пекнай плястыкі вобразаў. Напрыклад, вясна выступае ў яго ў выглядзе прыгожай дзяўчыны:

У вянку з пралесак,
У сьветлянай шаце
Ходзе борам-лесам,
Полем, сенажацяй.
Сонцу-яснагрэю
Расплятае косы,
Раніцамі сеe,
Як брылянты, росы...
І усюдах гэтак―
Полем, сенажацяй,
У кароне з кветак,
У сьветлянай шаце:

Наогул, у зборніку "Гусьляр" вызначаецца трапная мэтафарычнасьць стылю. Мы сустракаем тут увасабленьні адцягненых павяцьцяў: думкі поэты плачуць, скачуць, сьпяваюць песенкі, год выступае, як жывая істота. Побач з тым у зборніку "Гусьлр“ разгарнаецца пекная сымболіка. Сонца, напрыклад, бярэцца, як шырокі сымболь ідэалу; такое-ж значэньне надаецца і зорам, сокал і вецер―гэта сымболі поэты і яго творчасьці; крыж―сымболь пакуты; хата―сымболь сялянства і ўсёй Беларусі. З дадзенай сымболікай злучаецца прыём алегорыі. Напрыклад, у вершы "Сон" поэта у алегорычнай форме

малюе нам уласны стан душы:

Я лесам шоў; якаясь змора
Вяла па ім мой сьпячы дух,
А лес быў цёмны, як дно мора,
Як мора дно быў нем і глух,
Я заблудзіў і страшна стала
Мне ў гэтай пушчы аднаму;
Ды бурай неба разгатала...
І ўздумаў я: памру вазьму!

І падобна таму, як Данте з цёмнага лесу блуканьняў выводзіць Віргілі, так і беларускага песьняра з яго цёмнага леса сумленьня выводзіць песьня. Настрой поэты істотна зьмяняецца пад уплывам песьні:

І дзіва! блуд і страх мой зломан:
Лес прасьвятлеў, загаманіў,
Мне стаў паняцен пушчы гоман...
Тут я збудзіўся, не дасьніў.

Мы сустракаем у Янкі Купалы і фігуры пераварочаньня. Напрыклад, у вершы "Шчасьлівасьць" поэта выражае такое жаданьне:

Мець-бы мне крыльля саколія,
Мець-бы мне волю зарніцаў,
К нізам не рваўся-б ніколі я,
З высі-б глядзеў на зямліцу.

Эпітэты "Гусьляра" ў параўнаньні з „Жалейкай", наадворот, параўнальна мала ўносяць новага; як і раней, яны вызначаюцца сваёй канкрэтнасьцю: месяц―лежабока (44) сонца―яснагрэйка (47); кусты калматыя (70); загоны шырокія (45); барозны роўныя і г. д.

Параўнаньні гэтак сама вызначаюцца конкрэтнасьцю; гэта пераважна роўнаступянёвыя параўнаньні. Напрыклад:

1) Як звон гусьляў звонкіх,
Як арол на скале,
Голас ваш свабодны,
Голас ваш, як сталь. (24)
2) Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў. (61)
3) Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур. (61)
4) Дажджу каплі, як сьлёзы, льлюцца. (71)
5) Гінем, як крыгі, у разводзьдзе. (73)

Толькі у двох выпадках сустракаем мы адступленьне ад гэтай звычайнай для Купалы сыстэмы роўнаступянёвых параўнаньняў. Мы маем наступнае ўсходзячае параўнаньне:

Шуміць пушча, шуміць важна
На усе староны,
Быццам хоча заглушыці
Ўсе няшчасных стоны;
Быццам хоча сказаць сьвету
Дзерава лясное,
Як ідзе несправядліва
Ў нас жыцьцё людзкое.

Другі прыклад нісходзячага параўнаньня:

Скажыце мне, думкі,
Гора весялушкі,
Чаго вы прыціхлі,
Як у восень птушкі? (23)

Шырока карыстаецца Янка Купала адмоўнымі параўнаньнямі:

1) Не на рэчцы лялее вадзіцца,
І не явар калыша лістком, ―
Гэта кроў маладая бурліцца,
Гэта сэрца пайшло хадуном. (36)
2) Не груган над ахвярай шыбуе,
Несхаваную высачыў косьць,
К праўдзе ўвагі не знае, ня чуе,
Як зьмея, чалавечая злосьць. (37)
3) Не жалейка іграе
Пад ляском за вёскай,
Не вятрок хістае
Беленькай бярозкай;
Дзевачка-нябожа
Уздыхае, плача
Па сваім прыгожым,
Па жыцьці бедачым. (39)
4. Не дубы скрыпяць
Сукам, лісьцямі,―
Два байцы-сьмяльцы
Ненавісьцямі.
І пайшлі ім так
Дні няшчасныя,
Пачалі з сабой
Бойку страшную. (66)

У духу народнай творчасьці рознастайна прадстаўлены ў зборніку "Гусьляр" паралелізмы, напрыклад:

1) Цяжка ў час буры сасонцы хістаціся,
Коласу зімку праводзіці ў полі,
Цяжка са шчасьцейкам быць і растаціся―
Цяжэй-жа шчасьця ня знаці ніколі. (26)
2) Было гэта вясною,
Клаў гняздо верабейка;
На лугу на зялёным
Шчасна іграла жалейка. (39)

Паралелізмы ўжываюцца ў Янкі Купалы ня толькі як стылістычны прыём; часта яны разгарнаюцца ў пэўны прыём композыцыі: цэлыя вершы будуюцца ў Янкі Купалы на падставе паралелізму („Голуб і дзяцюк", "Было гэта" і іншае).

На грунце шырокага карыстаньня адмоўнымі параўнаньнямі і паралелізмамі вырастае ў Янкі Купалы прыём стылізацыі, падробкі пад народныя песьні. Напрыклад, яго верш "Два браты" цалком вытрыманы у духу народнай творчасьці:

Былі два браты,
Два разбойнікі;
Шмат рабілі зла,
Неспакойнікі.

Як пайдуць гуляць,
Расхахолюцца,
Задрыжаць усе,
Уся аколіца.

Ні прайці нідзе,
Ні праехаці;
Б'юць паклоны ім
Людзі нехаця.

Сіла-воля іx
Не ўнімаецца,
Гонар-слава іx
Разрастаецца.

Побач з падробкамі пад стыль старой беларускай песьні, мы сустракаем у Янкі Купалы насьледаваньне і дрындушкам, гэтым народным песьням новай фармацыі. Напрыклад:

1) Плыве рэчачка далінкай,
Рыбак шмат у ёй.
Пакахай мяне дзяўчынка,
Як рыбкі ручэй!
Без вадзіцы-бы ніколі
Рыбкі не жылі;
Без каханьня, шчасьця, долі
Няма на зямлі. (42)
2) Бяжыць шыбка ручаінка
Па жвіровым дне;
Жыве ў вёсацце дзяўчынка,
Ўпадобнае мне.
У ручаінцэ днём і ночай
Вадзіца бурліць;
У дзяўчынкі гараць вочы,
Кроу кіпіць, кіпіць. (43)

Аналіз матываў і фармальных прыёмаў у зборніку „Гусьляр" паказвае бясспрэчную паступовасьць яго на творчым шляху. У параўнаньні з "Жалейкай" у „Гусьляры" заўважваецца больш шырокі дыапазон творчасьці і больш разнастайныя фармальныя прыёмы. Некалькі іншай робіцца тут і эмоцыянальная афарбоўка, заўважваецца, побач з настроямі смутку, і больш бадзёры настрой; мацнее творчая самасьвядомасьць поэты, вырастаюць яго магутныя скрыдлы. Гэта ўжо не верабейка, які скромна чырыкае з-пад Гайны, гэта зоркавокі сокал, песьні якога―вецер і сіла. І мы бачым, як па меры вызваленьня ад стану маральнай дэпрэсыі, робяцца больш размаітымі і фармальныя прыёмы яго творчасьці: фантазія поэты робіцца больш багатай, узьнікае трапная мэтафарычнасьць стылю, зьяўляюцца адмоўныя параўнаньні, стылізацыя і г. д.

Узятыя ў цэлым зборнікі "Жалейка“ і „Гусьляр", гэтыя вытокі творчасьці беларускага песьняра, выяўляюць нам істотныя адзнакі яго музы. Янка Купала прадстае перад намі тут у дваістым пляне: з аднаго бока, гэта народны трыбун, які абуджае соцыяльную і нацыянальную сьвядомасьць роднага народу і, з другога боку, гэта тонкі мастак душэўных дысанансаў і разнастайных суб'ектыўных перажываньняў; у творчасьці Янкі Купалы ўжо ў першых яго зборніках, такім чынам, выяўляюцца дзьве плыні―грамадзкая і індывідуалістычная. Гэтыя дзьве плыні маюць сваёй крыніцай політычна-соцыяльную дзейснасьць, сярод якой жыў і выхоўваўся поэта. Рэволюцыя 1905 г., магутны ўзрух працоўных мас, нашаніўская пара―усё гэта дало Янку Купале асноўныя тэмы, асноўныя грамадзкія настроі яго творчасьці. Некаторы індывідуалізм поэты мае свае карэньні ва ўмовах клясавага пахаджэньня песьняра. Сын дробнага працоўнага арандатара, Купала цесна зьвязан з сялянскай гаспадаркай, усё яго маленства і юнацтва прайшло ў цяжкай працы земляроба. "Сяляне працуюць кожны на сваім палетку, кажа М. М. Пакроўскі, параўнальна рэдка дапамагаюць адзін другому, а калі прадаюць вырабы сваей зямлі, тады ўжо зьяўляюцца супернікамі адзін другому. З гэтай прычыны ў селяніна не магла разьвіцца салідарнасьць".

Апроч соцыяльна-эканамічнага фактора, разьвіцьцё індывідуалістычных настрояў у Купалы выклікалася і політычна-гістарычнымі акалічнасьцямі царскай рэакцыі, у багне якой прышлося выступаць поэце на літаратурнай ніве. Назіраецца агульны-соцыяльны закон, што калі рэчаіснасьць не адпавядае ідэалам мастака, то ён адыходзіць ад яе ў глыб сваіх уласных індывідуальных перажываньняў. Дзейства гэтага закону асабліва выяўляецца на сучасных Янку Купале расійскіх поэтах і пісьменьніках. Так, Андрэй Белы заблытваецца ў непраходнай тхлані містыкі, Бальмант сам сабою "забавляется и развлекается", Фёдар Салагуб будуе сваю тэорыю "творимой легенды", Арцыбашаў і Анатоль Каменскі смакуюць палавую праблему, нават Валеры Брусаў і той аддаў належны падатак часу. У параўнаныні з музай гэтых прадстаўнікоў расійскага Парнасу муза нашага беларускага песьняра зьяўляецца больш здаровай; Янка Купала ніколі не даходзіць да ўскрайняга індывідуалізму, у яго мы хутчэй спатыкаем сінтэз індывідуалізму і грамадзкасьці.


  1. Цытаты прыводзяцца з "Жалейкі", выданьня 1908, у Пецярбурзе.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.