Ля сцен Карфагена (1934)/I
Прадмова Публіцыстыка Аўтар: Аляксандр Левашоў 1934 год |
II. Ля сцен Карфагена → |
ПРАДМОВА
Падзеі, аб якіх апавядаецца ў кнізе «Ля сцен Карфагена», не выдуманыя, — яны сапраўды адбыліся звыш двух тысяч год назад (дакладней у 241—237 гг. да пачатку нашага часалічэння).
Ашуканае ўрадоўцамі Карфагена, наёмнае войска паўстала супроць рэспублікі і, на працягу амаль чатырох год, вяло з ёю заўзятую, бязлітасную барацьбу, якая кончылася іх поўным паражэннем і знішчэннем.
Трэба было ўладаць надзвычайным умельствам, талентам, каб узнавіць перад намі падзеі і людзей, якія жылі ў такія далёкія ад нас часы, і так расказаць пра іх, што мы не можам не верыць апавядальніку і мімавольна хвалюемся і мучымся за яго герояў, нібы гэта ўсё адбывалася або з намі самымі, або ў вельмі блізкія нам часы.
Аўтар гэтай кніжкі быў славуты французскі пісменнік Густаў Флобер, які нарадзіўся ў 1821 і памёр у 1880 г. Некалькі яго твораў стварылі яму неўміручую славу і пакінулі глыбокі след у гісторыі літаратуры; яны лічацца ўзорнымі па хараству і выразнасці стылю.
Але, апрача таленту, Флобер выявіў яшчэ і велізарныя веды. Ён шмат год аддаў на ўпартую працу па вывучэнні ўсяго, што было вядома пра тыя часы, аб якіх ён пісаў. Ён нават асабіста пабываў там, дзе адбываліся падзеі яго апавядання, і старанна аб’ездзіў і агледзеў месца, дзе быў калісці Карфаген. Як вядома, шмат вякоў таму назад вялікі горад Карфаген быў зусім зруйнаваны рымлянамі, і на месцы яго засталіся адны, напалову засыпаныя гарачымі пяскамі Афрыкі, руіны.
Перанясемся-ж, следам за Флоберам, у тыя далёкія часы і паглядзім, што тады дзеялася на зямлі.
Перад намі Міжземнае мора. Яно даўгой, звілістай, зрэзванаю шматлікімі поўастравамі паласою ўразаецца паміж трыма матэрыкамі — Еўропай, Азіяй і Афрыкай. Берагі яго ўжо перад тым на працягу доўгага раду вякоў служылі і потым яшчэ будуць служыць месцам, дзе працякае жыццё і сутыкаюцца інтарэсы самых развітых, культурных народаў.
Гэта якраз і ёсць месца дзеяння. А час: мы ўжо сказалі — 2170 год назад. Але каб зразумець добра, што адбывалася ў тыя часы, нам трэба перавандраваць памяццю ў яшчэ больш старажытныя часы — за чатыры тысячы год назад… Што-ж мы бачым?
Ні адна з цяперашніх дзяржаў і нацый тады не існавала. Але былі затое іншыя, якім суджана было ў пазнейшыя часы зусім знікнуць з зямлі.
На ўсходзе, ва ўраджайнай даліне, утворанай зліццём двух вялікіх рэк — Тыгра і Эўфрата, — Месапатаміі (што значыць Міжрэчча) дасягае сваёй найвышэйшай магутнасці славутае Вавілонскае царства.
У паўднёва-ўсходнім куце Міжземнага мора, усцяж плыні аднэй з найвялікшых рэк свету — усцяж Ніла, распрасцёрся старажытны Егіпет.
Якое паразлівае падабенства паміж жыццём народаў гэтых краін, не гледзячы на тое, што гэтыя народы нараджаліся і развіваліся амаль незалежна адзін ад аднаго. І Вавілон (ці Хілдэя) і Егіпет — краіны земляробчыя, абкружаныя гарачымі бязводнымі пустынямі. Ураджайнасць, а з ёй і ўвесь дабрабыт іх цалкам залежалі ад штогадовых разліваў рэк, у далінах якіх яны знаходзіліся. Але патрэбна яшчэ ўпартая і натужная праца шматлікіх пакаленняў на тое, каб стварыць і падтрымлінаць у парадку велізарную і складаную сетку каналаў, шлюзаў і ставаў, па якіх размяркоўвалася каштоўная вільгаць па ўсёй краіне. Няспыннай працай народа, заняволенага, паўгалоднага, даведзенага да жабрацтва і поўнага знясілення падаткамі і паборамі памешчыкаў, жрацоў і чыноўнікаў — кіраўнікоў, — стварыліся магутныя дзяржавы і егіпецкіх фараонаў і вавілонскіх цароў, з бязмежнай уладай, якая паважалася за боскую, якую яны дзялілі з колам жрацоў і ўладарамі памесцяў. Народ цаніўся сваімі ўладарамі мала чым вышэй за рабочую жывёлу. На працягу доўгіх вякоў уладары абодвух краін, фараоны і цары, вялі частыя войны з суседнімі народамі і плямёнамі; у выпадку перамогі пераможаных усіх пагалоўна рабілі рабамі і прыганялі ў сваю краіну, каб іх працай ствараць сабе велічныя помнікі, як піраміды ў Егіпце, якія захаваліся аж да нашага часу.
У суседстве з Егіптам і Вавілонам, і з Асірыяй, якая замяніла з часам пераможанае ёю Вавілонскае царства, якраз на шляху паміж гэтымі краінамі, на ўсходнім беразе Міжземнага мора, з’явіўся народ, які потым назвалі фінікіянамі.
Фінікіяне — нешматлікі народ, і краіна іх была вельмі невялікая — гэта вузкая, не шырэй чатырох вёрст калябераговая палоска паміж морам і горнымі ланцугамі Лібана, даўжынёй ўсяго каля чатырыста вёрст. І ўсё-ж фінікіянам давялося адыграць вельмі значную ролю ў гісторыі старажытнага свету.
Фінікіяне ніколі не маглі злучыцца ў адну непадзельную дзяржаву. Вузкая палоска зямлі, перарэзаная адгор’ямі, якія спускаліся да самага мора, і мноствам маленькіх рэчак, — бурных і парожыстых, зусім няздатных для зносін з унутранымі краінамі Сірыі, — толькі больш драбнілі фінікійскае ўзбярэжжа. Адзіным сродкам зносін паміж гэтымі часткамі было мора, але яно не яднала краіну, а наадварот, калола яе на варожыя часткі, бо карыстанне яго дарункамі выклікала бязлітаснае суперніцтва і канкурэнцыю. Гісторыя Фінікіі поўна суперніцтва і спрэчак гарадоў (асабліва галоўных — Тыра і Сідона), узаемна прадаваўшых адзін аднаго ў імя гандлёвых выгод.
Краіна спрыяла развіццю мораплаўства. Ужо з самых старажытных часоў на ўзбярэжжы, часцей за ўсё на астравох, аддзеленых не надта шырокай пратокай ад берага, утварыўся рад паселішчаў, жыхары якіх займаліся ловам рыбы і гандлем. Апошні стаў нарэшце адзіным заняткам тутэйшых жыхароў. За дзве ці паўтары тысячы год да пачатку нашага часалічэння, фінікіяне зрабіліся выключна гандлёвым і мораплаўным народам, галоўным пасярэднікам паміж усімі астатнімі народамі.
Фінікіяне празвалі сябе хананеянамі і складалі адну з галін семітычнага племя. Грэкі, а за імі рымляне, празвалі хананеянаў фінікіянамі; рымляне пісалі і вымаўлялі гэтае слова крыху інакш, чым грэкі, адкуль і ўзнікла назва пунійцаў. Фінікіяне не стварылі сваёй уласнай культуры, як ёгіпцяне і вавілонцы. Усё, што называецца культурай, — г. зн. дасягненні і ўдасканаленні ў грамадскім і прыватным жыцці, у вытворчасці, у рамёствах, у земляробстве, у мастацтве, у будове грамадства, у звычаях і т. д. нават аж да рэлігійных паданняў — усё гэта было запазычана імі ад народаў, з якімі яны знаходзіліся ў зносінах, і, галоўным чынам, ад вавілонцаў. Затое іх укладам у гістарычнае жыццё старажытных народаў было наладжанне гандлёвых зносін паміж самымі далёкімі краінамі і праробленыя імі шматлікія вандраванні па морах.
У старажытныя часы плаванне па моры было зусім непадобнае да сучаснага. Караблі былі вельмі невялікія, нетрывалыя — гэта былі галеры спачатку з адным, а пасля з двума, трыма і больш радамі вёслаў і невялічкім трыкутным парусам. Маракі выяжджалі ў дарогу толькі летам, калі на моры радзей бывалі буры. Дый то не адважваліся адплываць далёка ў чыстае мора, бо палохаліся не толькі прыродных небяспек, але і мноства ўяўных страшыдлаў, злых багоў і духаў, — у якіх верылі людзі тых часоў. Яны па магчымасці не аддаляліся ад берагу, і дзеля гэтага рабілі велізарныя абходы, чым замаруджваўся і падаўжаўся іх шлях, або перабіраліся ад вострава да вострава так, каб з самага пачатку бачыць месца самай бліжэйшай стаянкі. Міжземнае мора з паўвастравамі, што глыбока ўразаюцца ў яго, і мноствам астравоў было вельмі прыдатным для такіх невялікіх пераездаў.
Не гледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, фінікіяне, падарожняючіы на сваіх маленькіх караблях, далёка рассунулі межы вядомага тады свету. Яны аб’ездзілі не толькі ўсё Міжземнае мора, паднімаючыся па ўцякаючых у яго рэках у глыбіню краіны, прычым заяжджалі і ў Чорнае мора, а па Дону і Дняпры праніклі ў цяперашнюю Расію, на месцы якой жылі тады некультурныя вандроўныя народы, — але аб’ездзілі ўсю Еўропу навакол і спускаліся ўздоўж Атлантычнага берага Афрыкі далёка на поўдзень, да Канарскіх астравоў і да берагоў Гвінеі.
Важнейшай часткай гандля фінікіян быў тавараабарот паміж Егіптам ў Асіра-Вавілоніяй. З усходу, апрача збожжа, віна і інш. сельскагаспадарчых прадуктаў, яны вывозілі вырабы рамеснікаў — тканіны, зброю, посуд, прадметы раскошы і каштоўнасці, развозячы іх далёка па краінах Захаду. Адтуль назад у Азію яны, наадварот, везлі сырыя матэрыялы: металы, пурпуровую фарбу, якая здабываецца з цела морскай ракавіны; з берагоў Балтыцкага мора атрымлівалі бурштын, які вельмі цаніўся ў старажытныя часы і ўжываўся як для вырабу розных аздоб, так і для вырабу манет; з цяперашняй Англіі — з Касітэрыдскіх астравоў — вывозілі волава, неабходнае для вырабу бронзы.
Усюды, куды пранікалі фінікіяне, і дзе ім удавалася завесці цесныя гандлёвыя зносіны, яны закладалі паселішчы — калоніі.
Асабліва шмат такіх калоній было заснавана ўздоўж берагоў Міжземнага мора. Так адзін толькі горад Тыр налічваў там каля 300 сваіх калоній.
У ліку гэтых калоній знаходзіўся і Карфаген (што на мове фінікійцаў значыць «Новы горад»), закладзены, як кажуць паданні, каля 914 году да пачатку нашага часалічэння.
Раскіданыя па берагах трох частак свету, фінікіянскія калоніі не складалі аднэй дзяржавы. Але між горадам, адкуль вышлі пасяленцы, і новай калоніяй захоўваліся прыяцельскія адносіны; каланісты, як і раней, маліліся галоўнаму богу роднага горада, і, як карфагенцы, пасылалі Мелькарту тырскаму штогадова афяры.
Перасяліўшыся ў Карфаген, фінікіяне і на новым месцы трымаліся заняткаў і звычаяў свайго племя. Увесь паўночны бераг Афрыкі, пачынаючы ад Кірэны на ўсходзе і да Геркулесавых Слупоў (ці слупоў Мелькарта, як называлі фінікіяне Гібралтарскую пратоку) на захадзе, быў пакрыты шматлікімі паселішчамі фінікіян. Гэта частка Афрыкі па сваіх прыродных і кліматычных умовах больш за ўсё нагадвае сабой Паўднёвую Еўропу. Ад пустыні яе адгароджвае і ахоўвае высокі ланцуг гор Атласа; даліны працякаючых па ёй рэк вызначаюцца раскошнай ураджайнасцю. Нават ускрайкі пустыні не зусім бясплодныя: усюды сустракаецца тут мноства оазісаў, а ўслед за перыядам дажджоў уся краіна на некаторы час пакрываецца густой і багатай расліннасцю.
Тут знайшлі сабе прытулак многія тысячы фінікійскіх уцекачоў, якіх гнаў сюды нястатак, страшэнная цесната бацькаўшчыны і частыя вайсковыя напады асірыйскіх цароў. Тут утварылася магутная Карфагенская рэспубліка, якой давялося вытрымаць жорсткую барацьбу з дзяржавамі перш грэкаў (элінаў), а пасля рымлян.
Было-б занадта доўга апавядаць аб усім тым, што давялося перажыць Карфагену за час яго існавання. Барацьба з грэкамі, якая цягнулася да трэцяга века, лічачы назад ад пачатку нашага часалічэння, скончылася поўнай перамогай Карфагена. Зусім адваротны вынік мела барацьба з Рымам.
Карфаген меў значную перавагу над Рымам і ў адносінах насельніцтва (у часе свайго росквіту адзін толькі горад Карфаген налічваў у сабе да 800 тысяч жыхароў), і ў адносінах плошчы ўладанняў, і грашовых сродкаў.
Затое Карфаген быў слабы ў адным пункце: галоўную апору рэспублікі складала наёмнае войска, набранае з усіх народаў і плямён, якія толькі насялялі ўзбярэжжа Міжземнага мора. Уладары Карфагена, багацеі-гандляры, суднаўласнікі, памешчыкі, — не маглі і не хацелі пакінуць сваіх прыбытковых заняткаў для небяспечнай і няпэўнай ваеннай справы. Толькі з сярэдняга класа, прадстаўнікі якога займалі ў мірны час пасады дзяржаўных чыноўнікаў, служачых у гандлёвых прадпрыемствах і канторах, а таксама вялі ўласны дробны гандаль ці спекулявалі, вербаваліся афіцэры, якім даручаліся самыя важныя камандныя пасады ў войску, нанятым толькі на час вайны.
Вайна паміж Рымам і Карфагенам наспявала даўно. Рым, паступова скарыўшы ўсе плямёны і народы, якія насялялі старажытную Італію, ператварыўся ў буйную сусветную дзяржаву, якая імкнулася ўсё далей і далей распаўсюдзіць свой уплыў і свае гандлёвыя зносіны. У хуткім часе двум вялікім дзяржавам стала цесна ў заходняй частцы Міжземнага мора. Пачаліся сутычкі і, у першую чаргу, з-за вострава Сіцыліі, каланізаванага фінікіянамі, які знаходзіўся пад моцным уплывам Карфагена, і нават на працягу некаторага часу быў яго правінцыяй.
Пачалася жорсткая барацьба, якая цягнулася 118 год і скончылася ў 146 годзе да пачатку нашага часалічэння поўным зруйнаваннем і знішчэннем Карфагена. Пераможцы зруйнавалі ўсё, не пакінуўшы каменя на камені ў горадзе, а жыхароў каго перабілі, а каго прадалі ў няволю. За гэты час адбыліся тры вялікія вайны, якія рымляне назвалі пуніцкімі.
Да часу сканчэння першай пуніцкай вайны, якая з пераменным шчасцем цягнулася 24 гады і зводзілася да барацьбы за аўладанне Сіцыліяй, і адносіцца дзеянне аповесці Густава Флобера, у нашым выданні назвай: «Ля сцен Карфагена».
Шмат што з таго, аб чым апавядаецца ў ёй, і зусім не выдумана. Старажытны рымскі гісторык, які апісваў усе галоўнейшыя падзеі свайго часу, Полібі, склаў падрабязнае апісанне вайны паўстаўшых наёмнікаў. Гамількар Барка, славуты карфагенскі палкаводзец і прадстаўнік аднаго з найбольш старажытных карфагенскіх родаў, заснавальнікаў горада, які ўжо праславіўся сваімі перамогамі над рымлянамі — паспяховай вайной супроць наёмнікаў дабіваецца вялізарнага ўплыву. Упоследку ён яшчэ больш узвысіцца сваім надзвычайным умельствам у справе падрыхтоўкі далейшай вайны з Рымам. Яго маленькі сын Ганібал, які няўзнак мільгатнуў перад чытачом у адным з апошніх раздзелаў, — гэта будучы славуты палкаводзец, які зрабіў у часе другой вайны з рымлянамі са сваёй арміяй адзначлівы пераход праз Пірынейскі паўвостраў, праз ледзь праходныя горныя праходы Альпаў і варваўся з поўначы ў Італію, збянтэжыўшы рымлян нечаканым з’яўленнем.
Перад уважлівым чытачом разгортваецца малюнак старажытнага горада, яго гаспадарчага і грамадскага жыцця, звычаяў, абрадаў, рэлігійных вераванняў, узаемаадносін паміж багатымі слаямі насельніцтва і беднатой, якая марна спрабавала вырвацца з ціскоў галечы.
Адзін з самых цікавых раздзелаў у нашай кнізе — гэта VI-ы — «Гамількар Барка», дзе апісваецца звяртанне суфета дадому і агляд ім сваёй гаспадаркі, пакінутай шмат год назад у руках кіраўнічых.
У той час, калі галоўнымі заняткамі фінікіян быў гандаль і мораплаўства, у карфагенцаў іх здольнасці маглі разгортвацца больш шырока. Карфаген, падначаліўшы сабе навакольныя землі, падзяліў іх на памесці, якія раздаваліся імянітым грамадзянам у нагароду за ваенныя і дзяржаўныя заслугі. І вось на гэтых памесцях пышным цветам расцвіло тое, што з’яўляецца адзначнай рысай старажытнага свету, — натуральная рабаўласніцкая гаспадарка.
Апрача ранейшых жыхароў краны, лібійцаў, абернутых у няволю пераможцамі, карфагенцы куплялі на шматлікіх нявольніцкіх рынках Міжземнага мора мноства рабоў самага рознаплямённага складу. І на працы гэтых рабоў трымалася памешчыцкая гаспадарка. Мы яе называем натуральнай, таму што ў ёй выраблялася абсалютна ўсё, ў чым яна мела патрэбу, і такая гаспадарка магла лёгка абыходзіцца сваімі прадуктамі, не купляючы іх на баку. І на прыкладзе гаспадаркі Гамількара мы бачым, якою шырокай, складанай і рознастайнай яна была ў карфагенскіх багатыроў.
Гэта цэлая маленькая дзяржава ў дзяржаве. Аснову яе складаюць сельскагаспадарчыя пасадкі — плантацыі, якія знаходзяцца, як і ўсе астатнія галіны, пад кіраўніцтвам свайго ўласнага міністра-кіраўнічага.
Кіраўнічы таксама раб, але не просты — ён прайшоў спецыянальную школу рабоў, якіх шмат было ў культурных краінах таго часу. У гэтай школе яго навучалі, як весці паасобныя галіны гаспадаркі і як кіраваць і прымушаць слухацца сваіх-жа ўласных братоў па няволі. Пасля ідуць бясконцыя рамеснікі — тут кавалі і збраёўнікі, ювеліры, ткачы, столяры і цесляры. Ёсць нават нешта падобнае да фабрык і заводаў, але таксама з паднявольнай рабскай працай — гэта, па-першае, хімічная лабараторыя, дзе нарыхтоўваюцца рознастайныя сарты пахнючасцяй і пернасцяй, а затым яшчэ завод (які толькі мімаходзь ўспамінаецца ў Флобера) для вырабу чырвонай фарбы — пурпура, якая ў старажытныя часы, калі не было іншай трывалай чырвонай фарбы для тканін, з’яўлялася прадметам каштоўнага гандля. Апрача велізарнага штату рознастайных служак і служачых у канторах, — пісцоў, рахункаводаў, упакоўнікаў, мы бачым яшчэ маракоў гандлёвых караблёў і вопытных праваднікоў караванаў вярблюдаў, адвозіўшых у розныя краіны вырабленыя ў памесцях тавары і закупляўшых там новыя. Тут-жа ёсць нават цэлая армія ўзброеных целаахоўнікаў і аховы пры памесці, на караблях і т. д; ёсць турма — эргастул — для ваенна-палонных і рабоў, якія правінавацяцца, велізарныя стайні для сланоў і равы для дзікіх звяроў, якія трымаліся, галоўным чынам, для ўрачыстых паляванняў гаспадароў памесцяў.
У гэтым раздзеле перад намі ва ўвесь рост паўстае выдатная постаць — вялікага палкаводца і вярхоўнага кіраўніка Карфагена, суфета і ў той-жа час памешчыка, гандляра, фінансіста, спекулянта, які скупляў у абложаным горадзе ўсе запасы збожжа, — сапраўднага прадстаўніка вышэйшага класа карфагенскіх грамадзян.
Такім быў клас, які стаяў на чале дзяржавы. Мы ўжо ўспаміналі пра сярэдняе саслоўе, якое цалкам залежыла ад першага і падзяляла яго погляд. Гэта саслоўе складалася з менш багатых памешчыкаў, дробных гандляроў і спекулянтаў, а таксама з шматлікіх чыноўнікаў і служачых у дзяржаўных і гандлёвых канторах. Да іх трэба далучыць яшчэ велізарнае саслоўе жрацоў пры шматлікіх царквах. Трэба мець на ўвазе тое, што царквы з’яўляліся не толькі месцам служэння багам, але і ўласнікамі памесцяў, гандлёвых кантор, фінансавых і спекуляцыйных прадпрыемстваў, як і астатнія багатыя грамадзяне.
Далей ішлі бедныя, але вольныя грамадзяне, якія насялялі кварталы рамеснікаў, маракоў і займалі розныя ніжэйшыя пасады. Апрача іх, была яшчэ велізарная маса, якая складала большасць насельніцтва Карфагена, але не карысталася ніякімі правамі. Яна складалася з велізарнага ліку рабоў — служак у багатыроў, прыгонных і паўпрыгонных туземцаў-лібійцаў, вольнаадпушчаных — былых рабоў і ўсякай беднаты і галечы, прадстаўнікоў рознастайных народаў. Вось гэты натоўп, пачуўшы аб паўстанні наёмнікаў супроць Карфагена, зараз-жа пакінуў горад, і разам з беглымі з суседніх маёнткаў далучыўся да войска наёмнікаў.
Да іх, каго карфагенцы так пагардна называлі варварамі, нас міжвольна прыцягвае гарачае спачуванне. Не гледзячы на ўсю іх цемнату, беспараднасць, няўмеласць ясна і цвёрда акрэсліць задачы свае і паставіць сабе пэўную мэту, з прычыны чаго паўстанне ўжо загадзя было асуджана на няпоспех, не гледзячы на тое што нават у выпадку ўдачы наёмнікі ўсёроўна ніколі не здолелі-б пакарыстацца ёю, — не гледзячы ні на што, мы ўсёткі ўсёй душой падзяляем іх надзеі і расчараванні, радуемся, калі яны перамагаюць, і пакутуем, калі пакутуюць яны. Бо мы адчуваем у іх тое полымя, якое гарыць у душы ўсіх прыгнечаных — бачым і адчуваем у іх нашых папярэднікаў у вялікім змаганні за распрыгнечанне і вызваленне працоўных.
У заключэнне разгледзім яшчэ адну старонку жыцця старажытнага Карфагена — яго рэлігійныя вераванні, якія праявіліся так яскрава ў гісторыі са свяшчэнным пакрывалам багіні Таніты, ад аднаго дакранання да якога павінна была памерці Саламбо, і ад уладання якім залежыў лёс горада і арміі наёмнікаў, а затым у страшным па сваёй жорсткасці і дзікасці афярапрынашэнні дзяцей гнеўнаму боству Карфагена — Малоху.
Чытач даведаецца з прыкладзенага ў канцы кніжкі тлумачэння цяжкіх і незразумелых слоў, што рэлігійныя вераванні карфагенцаў перайшлі да іх у спадчыну ад фінікійцаў, якія ў сваю чаргу перанялі іх у вавілонцаў. Галоўнымі багамі ў Карфагене былі — «Ваалы». Як заўсёды было ў гісторыі, са зменамі ў жыцці народу, змяняўся характар вераванняў, а тым больш гэта адбывалася, калі вера пераймалася ад другога народа з другім складам жыцця. Вераванні заўсёды адлюстроўвалі характар народа. У Вавілоне — старажытнай манархіі, з неабмежаванай уладай цара, і адносіны паміж багамі былі накшталт земных. За галоўнага бога быў сонечны бог Бел, які ў фінікійцаў быў вядомы пад імём Ваала. Астатнія боствы лічыліся яго праявамі. У карфагенцаў усе гэтыя Ваалы, пад рознымі назвамі — Малоха, Эшмуна, Камона, Мелькарта, — разам з вышэйшым боствам, якое ўвасабляла жаночы пачатак прыроды і ўраджайнасць зямлі, — Танітай (Астартай вавілонцаў), складалі некую падобнасць боскай алігархіі, таксама як і ўлада багатыроў у самым Карфагене. Таксама як і ў земных уладароў, значэнне нябесных з цягам часу змянялася, і то адзін, то другі набываў галоўную вышэйшую ўладу ў краіне. Ваалы карфагенцаў і фінікійцаў, захаваўшы рысы галоўнага боства вавілонцаў, дзе яно было сонечным богам і ўвасабленнем мускога пачатку ў прыродзе, поруч з гэтым набылі на новай бацькаўшчыне і новыя ўласцівасці народа, які іх успрыняў. Так Мелькарт — Ваал Тырыйскі — стаў богам-заступнікам гандля і падарожжаў, заснавальнікам новых калоній, богам маракоў і гандляроў.
Вось самае важнае з таго, на што, па нашай думцы, трэба звярнуць увагу пры чытанні кніжкі «Ля сцен Карфагена».
Аляксандр Левашоў.