II. Ля сцен Карфагена III. Слоўнік незразумелых слоў
Раман
Аўтар: Аляксандр Левашоў
1934 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЛОЎНІК

незразумелых і цяжкіх слоў, якія сустракаюцца ў кнізе „Ля сцен Карфагена“ Г. Флабера

Склаў А. Левашоў

Абадзі́́ры — каменні, якія падаюць з месяца — метэарыты.

Аўгу́р — жрэц, вястун будучыні.

Ага́т — пластаваты рознакаляровы камень.

Акро́паль — па-грэцку — крэпасць унутры горада на ўзвышшы, ахоўваючая самую важную частку, скарбніцу, урадавыя будынкі і інш.

Александрыйскі Маяк, Фарос — гіганцкі маяк, пабудаваны на астраўку пры ўваходзе ў гавань Александрыі, у дэльце Ніла.

Ало́э — афрыканская расліна, пры згаранні пахяе росным ладанам.

Амон — бог Сонца ў егіпцян (рогі Амона — сімвал магутнасці бога).

Амуле́т — ці талісман, ладунка, якой старажытныя народы прыпісвалі чараўніцкае, ці ахоўваючае ад псуцця, хваробы і інш. дзеянне.

Амфітэа́тр — частка глядацкай залі, размешчаная павышаючыміся ўсходнямі, уступамі.

А́мфора — лёгкая грацыёзная судзіна, формы з вузкай і высокай шыйкай і двума згінастымі ручкамі па бакох.

Барвяні́ца — тканіна цёмна-чырвонага, пурпуровага колеру; парфіра.

Балеа́ры — ураджэнцы Балеарскіх астравоў у заходняй частцы Міжземнага мора, ля берагоў у Гішпаніі; умелыя прашчнікі ў войсках Гамількара.

Баліста — баявая мятальная машына для стрэлаў у старажытных; гл. катапульт.

Бэо́тыя — адна з самых велізарнейшых дзяржаў старажытнай Элады — Грэцыі, сталіца Фівы.

Бі́рса — прадмесце Карфагена, на беразе Туніскага возера.

Бруцыум — адна з правінцыі Рымскай Рэспублікі, сучасная Калабрыя — паўвостраў на поўдні Італіі.

Баа́л — уладар багоў, увасабляў прадукцыйныя сілы прыроды. У кожным горадзе старажытнага Ўсхода быў свой Ваал, значэнне якога звязваліся з магутнасцю данага горада.

Вабіло́н — ці Халдэя, — адна са старажытнейшых усходніх культурных дзяржаў у паўднёвай частцы Месапатаміі.

Ва́зы — судзіны вельмі зграбнай формы з жывапіснымі ці ляпнымі аздобамі, зробленымі з гліны, фарфара, каменняў ці метала.

Ва́рвары — грэцкае слова, якое мела значэнне „чужы“, „чужаземец“.

Велі́ты — воінская частка ў рымскім войску, лёгкая пяхота пры легіёне, якая несла ахоўную службу.

Ваўчыцы — рымскі ваенны значок з бронзы. Ваўчыца была эмблемай горада Рыма, а затым і ўсёй дзяржавы, бо згодна легендзе заснавальнікі Рыма, браты Ромуль і Рэм, былі ўскормлены ваўчыцай.

Габа́ра — лайба для перавозкі грузаў.

Гадэс — горад на паўднёва-атлантычным узбярэжжы Гішпаніі, — цяпер на яго месцы горад Кадыкс; у старажытнасці Гадэс быў аднэй з самых далёкіх калоній фінікіян, на далёкім захадзе.

Гале́ра — мораходнае судно старадаўніх часоў, даволі значных памераў; галеры былі і ветразёвыя і грабныя, вёслы размяшчаліся ў некалькі радоў, адно над адным; за кожным вяслом сядзела па некалькі чалавек, часцей за ўсё рабоў, ваенна-палонных, ці асуджаных злачынцаў.

Га́лы — старажытныя жыхары сучаснай Францыі.

Гарама́нты — племя, якое жыло на Міжземным узбярэжжы Афрыкі на граніцах Лібіі.

Гекатомпіл — горад і мясцовасць у Лібіі, у некалькіх днях дарогі ад Карфагена. Месца зражэння, у якім лібійцы страцілі сваю незалежнасць і падначаліліся Карфагену.

Гетулія (і Гетулы) — старажытная назва вандроўных плямёнаў оазісаў Сахары, якія жылі на захадзе ад краіны гарамантаў.

Гіпо-Зарыт — фінікійская калонія ў некалькі гадзінах морскага шляху ад Карфагена; горад, як і другія калоніі фінікіян, карыстаўся незалежнасцю.

Гіпапата́м — бегемот, рачны ці нільскі конь, які жыў на балоцістых берагах афрыканскіх рэчак.

Гамо́р — старажытная фінікійская мерка для сыпучых і вадкіх цел, каля двух літраў.

Гопліты — пешыя воіны з цяжкім узбраеннем, галоўнейшая частка войска ў старажытных грэкаў; біліся цесна самкнутымі радамі — фалангай, чаму іх часта называлі яшчэ фалангітамі.

Дорыйцы — галоўнейшая частка насельніцтва Грэцыі са сваяасаблівай высокай культурай.

Дрэпа́нон — горад на беразе Сіцыліі, на месцы сучаснага горада Трапані.

Драмадэ́р — аднагорбы вярблюд.

Дро́цік — мятальная зброя старажытных, у выглядзе кароткай пікі.

Заімф — так называлася на фінікійскай мове свяшчэннае пакрывала багіні Таніты.

Зерэ́т — фінікійская мерка для вымервання плошчаў.

Іберыйцы — сваяцкі лібійцам народ, у старажытныя часы перасяліўся ў Заходнюю Еўропу.

Іонійцы — адно з чатырох галоўных плямён старажытнага грэцкага народа (даране, іаяне, эалійцы, ахейцы); разам з дарыйцамі іанійцы з’яўляліся галоўнымі носбітамі грэцкай культуры.

Італіёты — туземнае насельніцтва Апенінскага паўвострава (Італіі), якое падначальвалася рымлянам.

Іудэ́я — частка Палестыны, заселеная іўдэямі, адным з плямёнаў ізраільскага народа.

Кабіры — боствы асіра-вавілонскай рэлігіі, значэнне якіх, а таксама і лік іх і імёны (у фінікіян іх было сем) шмат разоў змянялася на працягу вякоў; у фінікіян і карфагенян кабіры абярнуліся ў другарадных багоў, увасабляўшых розныя праявы сіл прыроды.

Каме́дзь (ці гумі) — клейкая, вельмі пахнючая матэрыя, выдзяляемая многімі раслінамі.

Камо́н — адна з праяў Ваала, якой пакланяліся як самастойнаму боству і якая мела свой культ, жрацоў і храмы. Гл. Ваал.

Кампа́нія — адна з найлепшых мясцовасцяй старажытнай Італіі на беразе Неапалітанскай затокі з вельмі добрым кліматам і з надзвычай ураджайнай глебай.

Канта́бры — горны малакультурны народ у старажытнай Гішпаніі, які жыў ля Біскайскай затокі; даваў лепшых воінаў у наёмнае войска; вёў доўгую барацьбу за незалежнасць з рымлянамі; пасля скарэння многа разоў паўставаў.

Канта́ра — гл. вазы. Шырокая судзіна на тонкай ножцы з двума вельмі высокімі згінастымі ручкамі; служыла кубкам для віна.

Кападакійцы — народ, які насяляў краіны таго-ж імя, на ўсходзе Малой Азіі.

Карава́н — арабскае слова, якое значыць „вандруючы прыбытак“ — вялікая група падарожнікаў-купцоў, якія злучаліся ў мэтах большай бяспечнасці і выгоднасці вандравання па гандлёвых справах ці паломніцтве.

Караванны гандаль — існаваў на ўсходзе і ў Афрыцы з незапомных часоў. Караваны з таварамі з веку ў век ходзяць па тых-жа шляхох, якія ўстанавіліся дзякуючы знаходжанню на іх оазісаў, студняў і т. д.

Карыйцы — насельніцтва на паўднёва-заходнім беразе Малой Азіі, якое займаецца пірацтвам і морскімі промысламі.

Каро́баліста — лёгкая мятальная машына — баліста для стрэлаў, якая ўстанаўляецца на калясніцах.

Касітэрыды — старажытная назва Брытанскіх астравоў.

Катако́мбы — падземныя ходы і пячоры штучнага ўтварэння; сустракаюцца ў ваколіцах многіх старадаўніх рымскіх гарадоў.

Катапульт — адна з найбольш распаўсюджаных у старадаўнія часы баявы мятальных машын.

Ке́льты — одно са старажытнейшых плямёнаў, якое насяляла Заходнюю Еўропу.

Кініздо — адзін з кварталаў Карфагена, дзе жылі амаль выключна багатыя.

Кірэнаіка — краіна на Паўночным Міжземным беразе Афрыкі, з галоўным горадам Кірэна, з усходу гранічыла з Егіптам, на захадзе — з Лібіяй.

Кнеміды — пласцінкі з бронзы для абароны калюмнаў воінаў.

Каго́рта — адна з частак, на якія падзяляўся легіён у войсках рымлян. У кагорце было шэсцьсот чалавек; яна падзялялася на шэсць цэнтурый.

Кола́с — статуі велізарнейшай велічыні; у іх старажытныя ўсходнія народы ўвасаблялі сваіх багоў і цароў, каб велізарнымі памерамі выразіць іх веліч; яны змяшчаліся ў перадзьверрах храмаў, па дарогах, якія вялі да іх, ці на пляцах.

Калхіда — краіна на ўсходнім беразе Чорнага мора.

Ко́нсул — вышэйшая вайсковая і судовая пасада, адпавадаючая суфетам у Карфагене.

Ко́рцік — даўгі, просты кінжал са шліфаваным клінком.

Катурны — сандалі з высокімі падстаўкамі; у старажытныя часы іх насілі акторы ў часе ігры на сцене і начальнікі войск для большай велічнасці і росту.

Кратэр — ваза ў выглядзе перавернутага звана на высокай прыгожай ножцы з шырокай падстаўкай, для сумесі віна з вадой.

Крыцяне — жыхары самага вялікага з грэцкіх астравоў устоднай часткі Міжземнага мора.

Лагуна — бухта або затока, якая ўрэзалася больш-менш глыбока ў бераг.

Лакедэманяне — гл. Спарта.

Лангусты — вялікія, дзесяціногія морскія ракі, пакрытыя шматлікімі і вострымі камочкамі.

Лацыум — вобласць, заселеная лацінскім племенем, якая прылягала да гораду Рыма; бясплодная раўніна, з-за неспрыяльных прыродна-кліматычных умоў не прываблаяўшая да сябе заваявальнікаў, але затое сама зрабіўшаяся цэнтрам усяго палітычнага жыцця старажытнай Італіі.

Легіён — у рымлян буйнейшая вайсковая адзінка, якая мела саслоўны характар; у склад яе маглі ўваходзіць толькі грамадзяне Рыма; легіён складаўся з некалькіх кагорт, конніцы на крылах і атрадаў велітаў; у яго ўваходзіла ад 4000 да 6000 чалавек.

Леапард — велізарная афрыканская драпежная жывёліна з пароды котавых.

Лібійцы — племя, якое жыло на захад ад Егіпта, на афрыканскім беразе Міжземнага мора, на граніцы з Кірэнаікай—Карфагенам.

Лібіа — старажытнейшая назва вядомай тады часткі Паўночнай Афрыкі ад Атласкіх гор да Чырвонага мора.

Лігуры — народ, які жыў на берагах Міжземнага мора, між Галіяй і Італіяй, вялі доўгую і заўзятую барацьбу за незалежнасць з Рымам.

Лідзійцы — жыхары краіны Малой Азіі, са сваяасаблівай даволі высокай культурай і шматвяковай гісторыяй.

Ліктар — так называліся ў рымлян служкі вышэйшых урадавых асоб, перад якімі яны заўсёды ішлі, нясучы ў руках пучок розаг і сякеры; яны расчышчалі ў натоўпе дарогу і назіралі за тым, каб начальнікам аказвалі належную пашану, а таксама выконвалі наложаныя начальнікамі пакаранні.

Ло́тас — расліна, з пароды збаночкавых, якая егіпцянамі лічылася свяшчэннай; расла ў стаячай і павольна цякучай вадзе Ніла; лотас сутракаецца амаль ва ўсіх помніках егіпецкага мастацтва, плады яго ядомыя, падобныя да арэха і называюцца егіпецкім бобам; з нассення і карнявіны здабывалася мука.

Лузіта́нія — сучасная Партугалія.

Ма́лка назвы частак кварталаў горада Карфагена.
Мапа́лы
Мега́ра

Мелька́рт — на фінікійскай мове значыць „цар горада“, вярхоўны бог, — Ваал горада Тыра (гл. Малох), пад імем Мелькарта, Ваал з‘яўляўся богам, вандруючым на марах, заснавальнікам калоній, пераможцам страшыдлаў і варвараў.

Мало́х — не ўласнае, а назоўнае імя і значыць „цар“. Таму яно дадавалася розным боствам, Ваалам, галоўным чынам ахоўнікам горада ці племя.

Мурэна — драпежная рыба з сям‘і ўгроў, вельмі цанілася ў старажытныя часы і лічылася самай тонкай стравай.

Мускус — матэрыя з рэзкім сваяасаблівым пахам, якая выдзялялася семяннымі залозамі самца кабаргі. У старадаўнія часы мускусу надавалі вельмі вялікае ўрачэбнае значэнне і цанілі яго вельмі дорага.

На́рд — так у старажытных людзей называліся разнастайныя прыемна пахнучыя расліны, з карнявін якіх выраблялася алеістая вадкасць — нард.

Небе́ль — фінікійская мерка зерня.

Небо́ — запазычанае фінікіянамі і карфагенянамі ў асіра-вавілонцаў боства, — начальнік нябесных войск; пазней гэта боства зрабілася ўвасабленнем планеты Меркурыя.

Нумідзія — гарыстая краіна; на ўсходзе гранічыла з Карфагенскай вобласцю; большая частка жыхароў мела вандроўны спосаб жыцця; нумідзійцы часта наймаліся на вайсковую службу, утвараючы вельмі добрую конніцу і атрады прашчнікаў.

Аліга́рхія — форма дзяржаўнага кіраўніцтва, калі ўлада належыць нямногім, напрыклад, некалькім багатым сямействам, як у Карфагенян.

Она́гр — адна з парод дзікіх аслоў.

Папірус — штучна развадзімая ў Егіпце расліна, асяродкавіна ствала якой асаблівым чынам разрэзаная і нарыхтаваная, служыла паперай.

Патрыцыі — самыя знатныя і самыя багатыя грамадзяне старадаўняга Рыма.

Пафлаганійскія рагі — ад пастухоў Пафлагоніі, суровай, горнай вобласці Малой Азіі.

По́рцік — крытая галярэя, якая адкрывалася з аднаго ці некалькіх бакоў з калюмнамі ці слупамі, падтрымліваючымі дах.

Пунійцы ці пуны — так называліся фінікіяне ў рымлян.

Пурпур — ярка-чырвоная фарба, высока цанілася ў старажытных людзей, якім яна служыла для афарбоўкі самых каштоўных тканін.

Самніты — стараражытнае італійскае племя, якое ўладала амаль палавінай Італіі.

Сардынія — востраў, які ляжыць на поўнач ад Сіцыліі, калёнізаваны карфагенянамі.

Сатра́пы — вышэйшыя чыноўнікі ў старажытна-пэрсыцкай дзяржаве — губернатары вобласцяй, якія прызначаліся з прыдворнага магнацтва, улада іх нічым не была абмежавана.

Серэс — горад у Македоніі — паўночнай Грэцыі, цэнтр развядзення бавоўны, яшчэ ў самай глыбокай старажытнасці славіўся сваімі тканінамі. усерйаЕ

Сэрна — адна з найпрыгажэйшых жывёлін з пароды антылоп, жыве ў самых непрыступных горных вобласцях Еўропы.

Сідо́н — адзін з галоўнейшых і старажытнейшых фінікійскіх гарадоў на ўсходнім беразе Міжземнага мора, супернічаўшы з Тырам; заснаваны, мабыць не менш, чым за тры тысячы год да пачатку нашага часалічэння.

Сінта́гма — атрады, з якіх складалася фаланга (гл. гэта слова).

Сіракузы — адна з першых грэцкіх калоній на ўсходнім беразе вострава Сіцыліі, самы вялікі і богаты горад, паступова аўладаўшы ўсім востравам.

Сіцылія — адзін з вялікіх астравоў заходняй часткі Міжземнага мора ля паўднёвых берагоў Італіі, ад якой (Калабрыя) ён аддзелены вузкай Месінскай пратокай; дзякуючы свайму знаходжанню ў самой сярэдзіне Міжземнага мора, Сіцылія была месцам сустрэчы і барацьбы многіх народаў; востраў большай часткай быў каланізаваны карфагенянамі.

Скарпіё́н — 1) — ядавітае насякомае з пароды павукападобных, з джгалам на канцы даўгога членістага хваста; 2) бізун, ці пуга з некалькіх раменных палос з металічнымі камочкамі ці кручкамі на канцах і 3) — мятальныя машыны, — балісты, з-за падабенства бронзавага кручка, якім прыводзілася ў дзеянне спускная спружына, з хвастом скарпіёна.

Смако́ўніца — назва фігавага дрэва (вінныя ягады).

Сонцастаянне — момэнты, калі сонца ў сваім бачным руху па небасхіле дасягае самага нізкага і самага высокага пункту, і на працягу некалькіх суседніх дзён амаль не змяняе свайго становішча, здаецца стаячым на месцы.

Со́ні — маленькая, вельмі грацыёзная жывёліна, блізкая да вавёрак, рымляне вельмі цанілі іх мяса і адкормлівалі іх у спецыяльных садкох.

Сідо́н — адзін са старадаўнейшых фінікійскіх гарадоў на ўсходнім беразе Міжземнага мора, заснаваны мабыць за тры тысячы год да пачатку нашага часалічэння.

Спа́рта — дзяржава старадаўняй Грэцыі, з галоўным горадам той-жа назвы ў паўднёвай частцы Пелапанескага паўвострава.

Стыле́т — невялікі вузкі тонкі кінжал.

Сурык — вельмі распаўсюджаная чырвоная фарба.

Сфінкс — егіпецкая міфалагічная фігура, якая мае выгляд паўчалавека, паўільва (жаночая галава ў егіпецкім галаўным убранні з тулавам ільва); у старажытным Егіпце сфінксы лічыліся духамі, якія ахоўвалі святыя месцы ад дэманаў.

Тамбурын — ударны музычны інструмант, накшталт сучасных бубнаў.

Тапраба́н — старажытная назва вострава Цэйлона (у паўднёвым аканцоўі Індыі), з якім усходнія народы мелі гандлёвыя зносіны.

Тара́н — сценабітная прылада, якая складалася з бервяна з бронзавай баранавай галавой на ўдарным канцы, падвешанага вяроўкамі да слупа з перакладзінай.

Татуіро́ўка — уласцівы многім народам звычай упрыгожваць сваё цела і твар незгладжальнымі знакамі, шляхам увядзення пад скуру фарбуючай матэрыі.

Тэ́нія — адзін з кварталаў горада Карфагена, заселены беднатой.

Тыя́ра — галаўное ўбранне накшталт мітры ці кароны, якое служыла адзнакай адрознення для асоб, займаючых вышэйшыя пасады ці жрацоў.

Тымпаны — старадаўні музычны ўдарны інструмант, папярэднік бубнаў.

Тыр — славуты фінікійскі горад, адзія з буйнейшых гандлёвых і культурных цэнтраў старадаўніх часоў; заснаваны за дзве-тры тысячы год да пачатку нашага часалічэння.

Трапе́цыя — чатырохвугольнік, два бакі якога паралельны, а два другія не паралельны.

Трырэма — ваенная галера карфагенян з трыма радамі вёслаў.

Туніка — стара-рымская ніжняя вопратка, якая мела выгляд ніжняй кашулі самага простага пакрою, цалкам сходна па фасоне з грэцкім хітонам.

Туніс — горад існуючы і па сёння, паблізу Карфагена, заселены туземнымі плямёнамі.

Умбрыйцы ці Умбры — італьянскае племя ў глыбокай старадаўнасці, панаваўшае ў паўночнай і сярэдняй таліі, але страціўшае самастойнасць у барацьбе з Рымам.

Уціка — таксама як і суседні з ёй Гіпа-Зарыт, — адна са старадаўнейшых фінікійскіх калоній на паўночна-заходнім афрыканскім беразе, у 35-40 кілометрах ад узнікшага пазней Карфагена.

Фала́нга — цесна самкнутае і баявое пастраенне воінаў у грэцкіх войсках, асабліва ў спартакаўцаў.

Фетыш, фетышызмфетышызмам называецца адна са ступеняй развіцця рэлігійных вераванняў, фетышам можа служыць які хочаш статуй, ідал, прадмет.

Феца́на ці фазанія — так называлася краіна на поўдзень ад лібійцаў, у якой жыла племя гарамантаў.

Хамелеон — жывёліна, блізкая да яшчарак; незвычайная здольнасць як змяняць сваю афарбоўку ў залежнасці ад колеру навакольных прадметаў павяла да таго, што хамелеонам называюць чалавека, які мяняе свае перакананні адпаведна акалічнасцям і сваёй выгодзе.

Ханаа́н — Палестына.

Цыстэ́рна — вадаём — штучная вадазмяшчальня, якая рабілася ў старадаўныя часы для збірання і хавання запасаў дажджавой вады ў краінах і мясцовасцях, дзе адсутнічаюць рэчкі і ручаі.

Цымба́лы — старадаўні музычны інструмант — металічныя талеркі, якія ўдаралі адна аб адну.

Цынобра — вядомая ў старажытнасці ярка-чырвоная мінеральная фарба, якая сустракаецца ў прыродзе ў гатовым выглядзе.

Эга́цкія астравы — некалькі невялікіх астравоў на захад ад Сыцыліі, месца славутай морскай бітвы паміж рымлянамі і карфагенянамі, вырашыўшай лёс першай пуніцкай вайны.

Эпір — вобласць бясплоднай, гарыстай часткі паўночна-заходняй Грэцыі, заселеная малакультурнымі пастухоўскімі плямёнамі.

Эргастул — будынак, акапаны канавамі, з кратамі на вокнах і замкамі на дзвярах, служыўшы турмой, цямніцай для ваеннапалонных, абярнутых часцей за ўсё ў нявольнікаў і рабоў.

Эрыкс — горад на паўночна-ўсходнім беразе Сіцыліі, блізка горада Дрэпанума, дзе адбылася бітва паміж карфагенянамі з Гамількарам Баркай на чале і рымлянамі з консулам Лутацыем, які прагнаў Гамількара з Эрыкса.

Этрурыя — вобласць на паўночным захадзе старадаўнай Італіі, заселеная старажытнейшымі жыхарамі Італіі — этрускамі, стварыўшымі сваяасаблівую, даволі высокую культуру.