Лёсы зроблены!
Артыкул
Аўтар: Мітрафан Доўнар-Запольскі
Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. №15
Перакладчык невядомы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паважны голас у справі беларускай нізалежнасьці. Проф. М. Даўнар-Запольскі, вядомы сваімі працамі па гісторыі Вялікаго Князства Літоўска-Беларускаго, напісаў па поваду абвяшчэння нізалежнасьці Беларускае Рэспублікі перадавую стаццю у кіяўскай газэці «Бѣлорусское Слово», у каторай гаворыць:

«Лёсы зроблены! Вялікі акт у жыццю нашаго народу зьдзейсьніўся: Беларусь абвешчана сваім часовым урадам нізалежнай рэспублікай. У кожнаго беларуса пры гэтай вестцы радзюча забьецца сэрцо. Натоўп трывожных і сьветлых пытанняў павінны прамігнуць у галаве кожнаго з нас: ці маем мы право на гэтакі шаг, ці у час гэты шаг і — глаўнае — што яно чакае нашую родзіну наперадзе?

Мне думаецца, бадай ці патрэбна даводзіць, што беларускі народ мае права на самаадзначэнне і на ні залежнае бытаванне. Мы уяўляем нацыю, адметную ад другіх рускіх народаў сваею моваю, этнаграфічнымі асобнасьцямі і агульным культурным укладам жыцця, утвораным гістарычна. Ужо адзін гэты варунак дае нам право на нізалежнае дзяржаўнае істнаванне. З гістарычнаго боку мы уяўляем сабою нацыю, каторая толькі каля 150-ці год складала правінцыю Расійскай імпэрыі. Да прылучэння к Расіі Беларусь перажыла тры перыоды гістарычнаго жыцця. Да 14-го веку яна складалася з неколькіх князстваў, меўшых кожнае значэнне нізалежнаго гасударства. У 14-м сталеццю Беларусь добравольна абьедналася з Літвою і да 1569-го года уяўляла сабою нізалежнае дзяржаўнае цело. І посьля 1569 г., злучыўшыся актам уніі с Польшчай, Беларусь ні страціла сваіх суверэнных праў, застаючыся неколькі сталеццяў фэдэратыўнай часьцю аднае Рэчы Паспалітай — Польска-Літоўска-Беларускаго гасударства. Яна ні была правінцыя Польшчы і заховывала сваю дзяржаўнасьць. Мы гістарычна звыклі да вольнаго урадавання, адабранаго у нас праз Расію…

Усе гэтыя асобнасьці нашае родзіны і нацыі даюць нам гістарычнае право на нізалежнае істнаванне. Але пытанне месціцца у тым, ці У час выбран момант дзеля абаяшчэння Беларусі нізалежнай рэспублікай? З усяго таго, што нам да гэтага часу вядома аб палажэнню дзел на Беларусі, аб яе пакутах, мы с цьвёрдасьцю можам сказаць адно: іншаго выйсьця быць ні магло. Мы ні сьпяшаліся адлучацца ад нашае усходняе сястры, але петраградзкія загадчыкі аграбілі наш бедны край, не далі злажыцца ураду на фэдэратыўных або аўтаномных пачатках і кінулі нашую родзіну на літасьць лёсу. Пры гэтакіх умовах наш часовы урад павінен быў зрабіць тое, што ён зрабіў. Другое пытанне, ці адбудуем мы сваё жыццё зусім нізалежна, ці ні увойдзем, як частка, у склад тае ці іншае фэдэратыўнае камбінацыі. Важна тое, што цяпер мы будзем выбіраць тую ці іншую камбінацыю, мяркуючыся з нашымі інтарэсамі.

Дзеля выказанаго, мы ні можам ні вітаць зьдзейсьненаго факта. І мы усе беларусы павінны памятаць, што цяпер становішчо нашае родзіны накладае на нас цяжкі і адпаведальны абавязак. Мы павінны усе злучыцца, мы павінны напружыць усе свае сілы фізычныя і культурныя дзеля таго, каб апраўдаць нашае право на самабытнае істнаванне і абараніць незалежнасьць нашае бацькаўшчыны. Да згоднай працы, браты!»