Лілея (Шаўчэнка/Бядуля)

Лілея
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 «За што мяне, як расла я,
Людзі не любілі?
За што мяне, як вырасла,
Змоладу забілі?
За што яны цяпер мяне
Ў палацах вітаюць,
Царэўнаю называюць,
Вачэй не спускаюць
З майго цвету? І не знаюць,
Дзе мяне падзеці!
Скажы ты мне, мой браціку,
Каралёвы цвеце!»
«Сястра мая, я не знаю»,—
І цвет каралёвы
Прыхіліўся галоўкаю
Чырвона-ружовай
Да белага паніклага
Тварыка лілеі.
І заплакала лілея
Расою-слязою…
Заплакала і сказала:
      «Браце мой! З табою
Мы даўно ўжо кахаемся,
А я й не сказала,
Як была я чалавекам,
Як я гаварыла…
      Мая маці… Чаго яна,
Яна сумавала,
На мяне ўсё, на малую,
Пільна паглядала
І плакала. Я не знаю,
Браце даражэнькі!
Хто ўчыніў ёй ліха злое?
Я была маленькай,
Я ў гуляначкі гуляла,
А яна ўсё вяла,
Ды нашага злога пана
Кляла-праклінала
Дый памерла. А пан мяне
Узяў дагадаваці.
Вырасла я пешчаная
У белым палацы.
Я не знала, што байстручка,
Што яго дзяціна.
Пан паехаў дзесь далёка,
А мяне пакінуў.
І праклялі яго людзі,
І палац спалілі…
А мяне, за што не знаю,
Забіць — не забілі,
Толькі доўгія мне косы
Астрыглі, накрылі
Галаву мне анучаю
Дый шчэ рагаталі.
І нехрысці нячыстыя
На мяне плявалі.
Дык вось столькі, мой браціку,
Я цярпела здзекаў!
Маладога, кароткага
Людзі дажыць веку
Не далі мне. Я памерла
Зімою пад тынам,
А вясною зацвіла я
Краскай пры даліне —
Краскай белай, як снег белай!
Аж гай весяліла.
Зімой людзі не пусцілі
Ў хату… божа мілы!
А вясною светлым дзівам
Я ўсіх дзівіла.
Уквятчаліся дзяўчаты
І пачалі зваці
Лілеяю — снегацветам;
І я красаваці
Стала ў гаі, і ў цяпліцы,
І ў белых палацах.
Ты скажы мне, братку мілы,
Каралёвы цвеце:
Мне навошта бог прызначыў
Краскай быць на свеце?
Каб людзей я весяліла,
Тых жа, што забілі
Мяне й матку? Міласэрны,
Святы божа, мілы!.."
      І заплакала лілея.
А цвет каралёвы
Прыхіліўся галоўкаю
Чырвона-ружовай
Да белага паніклага
Тварыка лілеі.

Кіеў 1846 Ніжні Ноўгарад 1858