Лірнік вясковы (Сыракомля/Леўчык)

Лірнік вясковы
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
 1852
Арыгінальная назва: Lirnik wioskowy
Пераклад: Гальяш Леўчык
Крыніца: Доля і хлеб: выбраныя творы / Гальяш Леўчык. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1980
Гл. таксама Лірнік вясковы (Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лягатып Вікіпэдыі
Лягатып Вікіпэдыі
На Вікіпедыі
Лірнік вясковы (Сыракомля) (акадэмічная)
Лірнік вясковы (Сыракомля/Леўчык) (клясычная)

Лірнік вясковы


I
Ліра мая ты міла! зачарована сіла -
Бог цябе даў - не людзі!
Як выму я з торбы, дакрануся да корбы,
Ўжо кіпяць мае грудзі.
Чуюць радасць, не знаюць, што ў сэрцы іграюць,
Чуюць сум, любасць боску;
Я шчаслівы, багаты, як ад хаты да хаты
Я праз цэлу йду вёску!
Мне з табою ніколі не найграцца даволі -
Граў бы днямі, начамі.
Аж ўнутры чую жары, на блядым маім твары
Кроў гарачу струямі.
Хай рука аслабее, хай у сэрцы самлее -
Я інакш не зайграю;
Не баюсь злое мовы, бо я лірнік вясковы,
Я пры ліры сканаю!

II
Ліра мая ты міла! зачарована сіла -
Ад цябе небяспека:
Быццам ў пекле ці ў раю, хто даткнецца, - я знаю:
Цешыш век чалавека!
Зараз думку зайграе, зараз любіць, кахае,
Сум бярэць не на жарты...
Ці ты ежа ад бога, ці з зарэзу якога?
Без цябе жыць не варта!
Бо нож, дык цела рэжаць, а песня душу свежыць, -
Як вострым чымсь ўпіхае;
А бяда горш удэрыць, калі свет не уверыць,
Што ў душы лірнік мае.
Што яны могуць знаці, што мне ў грудзях чуваці,
Што там думка - багацце:
Йграць ад сэрца ўсім многа, а ў святыні для бога,
Добрым людзям у хаце;
Для дзяўчыны зайграці, песняй ўвокал абняці,
Дый музыкай атуліці.
Ці на жніве працуе, ці у хаце гаруе,
Ці ёсць на вечарніцы,
Да яе хлопцы роем, да яе перабоем -
Строяць міны вачыма:
Адзін вусікі круціць, а другі чынам муціць,
Трэці цягне грашыма.
Бог мне больш прызначае: знай што варт, хто спявае -
Песні я не зніжаю,
Ані з голавы словы, бо я лірнік вясковы,
Я пры ліры сканаю!

III
Ліра мая ты міла! зачарована сіла -
А спадзея благая!
Дарма плачу і енчу, ці прад богам укленчу,
Ці для людзяў спяваю,
Твая песня галосна - богу, людзям замлосна,
Сэрцу - як бы няжыва;
Хоць кожны нібы чуе, а быццам і не чуе,
Доля ты нешчасліва!
А калі у часіні, здарыцца у святыні
Богу мне запяяці,
Закрывіцца духоўны, што мой тон штось не роўны,
Што сумна хочу іграці.
Як пайду я на святы, дзе збяруцца дзяўчаты
І хлопцы са старымі,
Дык сябе я ўсё лаю, долю ўсю праклінаю
Дый з пяснямі сваімі.
Дзеўка слухаць чакае, а душу зачыняе -
Бывае момант горшы:
Я песняй хочу сэрца, яна да скокаў рвецца,
А мне кіне тры грошы.
Стары ўздыхне памалу, скажа: «Даўней, бывала,
Йгралі лепш, чым ты, людцы!
Сёння хлапчук бязвусы рэжа пад самы вушы -
Йграў бы ён лепш на дудцы!»
І так усе гаманілі, часам іншы хвалілі -
Для мяне немагчыма!
От, вялікае шчасце, што ў далоні закляшча,
Але сэрца адніме!
Ліра, не маеш клепкі, разбіся ляпей на шчэпкі
Я крыж з табою маю!
Але ты свет мой новы, дык я лірнік вясковы,
Я пры ліры сканаю!

IV
Ліра мая ты міла! зачарована сіла -
Пояць слёзамі людзі!
Чую палёгку мілу, а як лягу ў магілу -
Памяць славы набудзе...
Эй, разойдзецца звонка, загудзе слава громка!
Наша песня ў свет пойдзе,
Пойдзе з краю да краю, да самога Дунаю,
Аж да Кіева дойдзе.
Калісь ў вокнаў к суседу грамада на бяседу
Прыйдзе з просьбай: «Скажэце,
Хто быў лірай чарован, дзе той лірнік пахован,
Лірнік слаўны на свеце?»
Будуць дзівам дзівіцца, цэла вёска зляціцца,
Як на цуд чысты боскі,
Дый пытацца іх будзе: «Скуль далёкія людзі
Знаюць песні іх вёскі?»
Вёсцы слаўна часіна, - хлопец, жонка, дзяўчына
Прад людзямі чужымі -
Госцяў сум зацікавіць, будуць лірніка славіць,
Што пяяў і жыў з імі.
Павядуць гэтых госці, дзе пры хвойцы спяць косці,
Дзе крыжы тры - гроб шчыры;
Скажуць гэтыя словы: «Тут наш лірнік вясковы
Лёг, сканаўшы пры ліры...»


1852