Лірыка Міхася Чарота (Бабарэка)

Лірыка Міхася Чарота
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1925
Крыніца: «Маладняк», 1925, № 9, с. 89–119

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І

Бурныя хвалі рэволюцыі вынесьлі на ніву беларускай літаратуры цэлую пляяду маладых поэтаў і пісьменьнікаў. На ўзораных кастрычнікавым плугам „няўродлівых“ загонах узышоў чырвонаю шчоткаю „Маладняк“. І вось у самай яго сярэдзіне па– над рэчкай імглістай скалынае–калыша „ваду, што дажджом налілася сьвінцовым“, будзіць балота гучным сьпевам і кліча жыцьця вясну шумліва–мяцежны і сумны Чарот.

Яго „гучны акорд песьні новай“ абшукавае далі, „у сэрцах скрыжалі“ знаходзіць і пакідае на камянёх сьляды.

„У вершах песьняра адчуваецца сіла сучаснай жыцьцёвай творчасьці, каторая йдзе ўкола нас“. Яго верш „бадзёрыць нашу думку, падымае настрой і кліча да барацьбы і працы“. Так кажа Ігнатоўскі ў сваім нарысе „Мотывы лірыкі беларускага песьняра Чарота“.

І калі так шуміць Чарот для тых, хто кажа: „наша радасьць — яго (Чарота) радасьць, наша гора — яго гора“[1], то другія толькі „часткова“ знаходзяць у яго песьнях „асьвяжаючую плынь сапраўдна–пролетарскай поэзіі“, якая ўнесена ў беларускае пісьменства[2].

Ну а для трэціх „большинство“ песень Чарота, „так сказаць, на злобу дня — в коммунистическом духе“ і сам Чарот для гэтых „ничего не говорит о необходимости заменить старую культуру новой лучшей… не указывает для этого ни способов, ни средств“, кажа акадэмік Карскі і ставіць пытаньне: „А где же изображение идеальной жизни, необходимой принадлежности всякой поэзии?“[3]. Чацьвертыя разам з першымі знаходзяць у Чарота адбітак быту, настрояў і пачуцьцяў селяніна і рабочага[4].

I, нарэшце, усе сыходзяцца на адным — гэта на прызнаньні за Чаротам таленавітасьці і на адчуваньні ў шуме песень Чарота чагось новага.

А ці трэба казаць, як нашумеў Чарот сваімі „Босымі на вогнішчы“. Сярод гэтага шуму й самому Чароту давялося выслухаць часамі жорсткія і шурпатыя нападкі. Праўда, гэтыя нападкі часта падобны былі да закідаў акадэміка Карскага, якія, як убачым далей, ня маюць пад сабою грунту.

Але ўсе мы любім слухаць песьні Чарота „На Купальле“, любім Чарота за яго сьмелы і бадзёры тон у песьні, якая сваім мяцежным шумам будзіць абурэньне і ўзьнімае „братоў–панураў“ з гразі балот да новага сьвету, да вялікай будучыны. I кожны стараецца разгадаць таямніцу яго поэзіі, яго творчасьці, якая адных зачароўвае, а другім „нарэзвае сэрца“. Дык у чым–жа загадка чаротаўскай песьні?

Праўда, цяжка разьвязваць гэтую загадку і заставацца зусім об’ектыўным у той час, калі поэта на нашых вачох разьвіваецца і шуміць навейшымі песьнямі. Апроч таго, сам Чарот дае прадмову да свайго зборніку вершаў „Завіруха“ дзеля таго, „каб паставіць у вядомыя межы“ сваіх чытачоў і крытыкаў. У гэтай прадмове Чарот папярэджвае, што ў зборніку дарэмна шукаць якой–небудзь вызначанай мастацкай ці політычнай програмы. „Яе пакуль што няма“, — кажа Чарот, ацэньваючы сваю творчасьць раньняга пэрыоду. Зараней скажу, што і мы ня будзем шукаць таго, чаго няма.

Але спрабуем падыйсьці да разьвязкі вышэйадзначанай загадкі, паставіўшы такія пытаньні: па–першае — адкуль, з якога абкружаньня, з якіх нагляданьняў і ўплываў выходзіць Чарот як поэта сялянскай паўстаўшай беднаты; па–другое — ці ёсьць у Чарота свая мастацкая тэхніка і калі ёсьць, то ў чым яна; па–трэцяе — ці ёсьць у Чарота мастацкі адбітак жыцьця і, нарэшце, чацьвертае — ці выяўляе Чарот свой уласны мастацкі твар і калі выяўляе, то ў чым зьмяшчаецца гэта індывідуальная крыніца сьвету, якім асьвечаны ўсе чаротаўскія малюнкі і вобразы.

Перш, чымся перайсьці да разьвязаньня настаўленых пытаньняў, я мушу агаварыцца, што адказы на гэтыя пытаньні абмяжуюцца разглядам творчасьці Чарота раньняга пэрыоду, а іменна: творамі, зьмешчанымі ў першым зборніку Чарота „Завіруха[5].

Калыска поэзіі Чарота — гэта беларуская вёска „сярод поўных сьлёз балот“, сярод неўрадлівых палеткаў, парэзаных вузкімі шнурамі.

Прасторы палёў, апавітыя стужкамі адвеку шумлівага лесу; параскіданыя на палетках векавечныя курганы; аксамітныя лугі–сенажаці; выганы з люстэркамі рэчак і азёр ды з „соннымі выгарамі“, што зьліваюцца з неагляднымі для вока балотамі, якія галамі цягнуцца амаль праз усю Чэрвеншчыну (радзіма Чарота); кучкі алешніку, бярэзьніку, параскіданыя па гэтых балотах; хмызьнякі; туманы, што часта зьвісаюць мяшкамі; крыжавыя дарогі сярод гэтых малюнкаў; зімы з мяцеліцамі, завеямі ды завываньнем ветру ў полі; летам звон птушыны, які зьліваецца ў адно сугалосьсе з песьнямі жней і касцоў; блакітная высь, часта ахварбованая то ў грымотныя, то ў лёгкія, пухкія хмаркі, — вось тая прырода, на прыполе якой гадаваўся за працаю або ля стадка поэта Чарот. Тут крыніца калі ня шырокіх малюнкаў, дык тых чаротаўскіх „мазкоў“ прыроды, праведзеных яго рукою амаль ня ў кожным вершы. Крыніца тых вобразаў, якія Чарот выхапляе з роднай прыроды не як самамэту, а як сродак дзеля выпуклейшага адбітку перажыткаў і настрояў, якія выплывалі з іншых крыніц. Вось чаму праз гэтыя дэсані прыроды, пераплеценыя з душэўнымі перажываньнямі ў чаротаўскіх песьнях, павявае сумна–вясёлым шумам бароў, шумам калосьсяў вузкага загону, звонам птушак, посьвістам кос, злучаным у „адзіны нячутны хор“ з гукамі ліры поэты, пахам балотнай травы, усьмешкаю сініх васількоў, песьняю ночы „ква– кум–бінь“, посьвістам злой віхуры, громам пяруна і зьзяньнем маланкі[6].

Але „спрадвеку заплаканы край“ быў ня толькі радзімаю поэты, які з прыроды гэтага краю чэрпае сабе патрэбныя хварбы і гукі для тых ці іншых „мазкоў“, які з яе пасмаў тчэ дэсані на ўзор свае песьні. Гэты край быў і ёсьць крыніцаю яго выходняй мастацкай псыхікі, гэты край з яго прыгнечанай люднасьцю падаў голас Чароту для асноўных мотываў яго поэзіі, а іменна мотываў соцыяльнага парадку.

Чарот вырас у беднай сялянскай сям’і ў вёсцы Рудзенск, у сям’і, якая мела надзелу шэсьць дзесяцін. Беднасьць і праца — вось настаўнікі малога Міхася. Удзень летам ён увесь час працаваў разам з усімі, на полі, сенажаці або каля хаты, а ўночы разам з вясковымі хлопцамі езьдзіў на начлег пасьвіць коні. „Беднасьць, цяжкая праца і нядоля — вось першыя падарункі, каторыя атрымаў ад сваёй „добрай фэі“ наш хлопчык–пясьняр“, — кажа Ігнатоўскі[7]. Я дадам, што тут крыецца і другая крыніца творчасьці поэты. Тут крыніца нагляданьняў над сялянскім жыцьцём, выведаньне яго на сваёй уласнай сьпіне. Тут першае азнаямленьне з „гожасьцямі“ дарэволюцыйнага ладу, які падвойным цяжарам абвальваўся на плечы беларускага селяніна — гэта соцыяльнай няроўнасьцю і нацыянальным прыгнечаньнем. Тут і карэньні тых мотываў і малюнкаў, якія зазьвінелі пра нацыянальнае і соцыяльнае гора беларускага селяніна. Тут карэньні і тых поклічаў да змаганьня і новай працы, якія потым вырываліся крыкам душы ў песьнях Чарота. Ужо тут пачынаецца, быць можа, яшчэ несьвядомае, накапленьне тых пачуцьцяў і настрояў, якія складаюць духоўны капітал поэты. Сам поэта так характарызуе гэту другую крыніцу свае творчасьці:

Ведай, сьвет, што я сын мужыка–бедака,
Які доўга ў нядолі стагнаў...
Узгадавала мяне яго чорна рука,
Акупала нядолі адвечнай рака,
Голад, холад мне ў твар пазіраў...
Дні ішлі... Ў беднай вёсцы пеў песьні народ;
Разганяў гэтай песьняй нуду...
Ў полі жыта ў снапох, нібы той акалот,
Хата згніўшая ўся, хлеў стары без варот, —

Вось якую я бачыў бяду...
Ўсе казалі, што й сын, як і бацька, — мужык,
Перад панам свой горб будзе гнуць...
Што з другімі людзьмі ён ня пойдзе у лік,
Запрацуе сабе лапці з ліпавых лык,
Вольнай песьні ня будзё ён чуць...[8]

Вось якіх хварб і якога колеру накапляўся капітал у сьвядомасьці поэты. Ён іскрамі сачыўся ў сэрца Чарота з гэтай другой крыніцы і запальваў там „помсты пажар“.

Але каб выбіцца на сьвет, каб гэтым „помсты пажарам“ ахапіць як мага шыршы круг, — дзеля гэтага патрэбен быў таўчок, які–б расчыніў насьцеж душу поэты. Патрэбна было ўсьведамленьне ў аколічнай беднасьці, каб пачаць свой духоўны капітал рэалізаваць у слове, у шумна–мяцежнай песьні для абагачэньня свайго краю, для барацьбы з той бядою, якую бачыў поэта. І такім таўчком зьявілася першая няўдача на жыцьцёвым шляху Чарота. Гэта — няўдача пры першым паступленьні ў Маладэчынскую сэмінарыю. Яна адкрывае дагэтуль яшчэ неабуджаную чаротаўскую ліру, па струнах якой у першы раз і зазьвінела крыніца соцыяльнага гора. З гэтай няўдачай і выбіваецца на волю, на сьвет затаенная сіла творчасьці. Сам Чарот кажа так: „...у гэту цяжкую хвіліну свайго жыцьця мне захацелася голасна засьпяваць, і я пачаў свой першы верш:

Сёньня і ўчора
Толькі сьлёзы, гора,
А чаго я плачу —
Дурны небарачу?
Плач! Ніхто ня чуе,
Ніхто не шкадуе...
Ўсе разгоняць хмары
Віхры і пажары“[9].

З гэтага часу поэта не разлучаецца з ліраю, якая на сум і тугу аклікаецца бунтарскім тонам.

Прабываньне Чарота ў Маладэчынскай настаўніцкай сэмінарыі (з 1913–га па 1917 гг.) паглыбляе ў яго соцыяльна–нацыянальную сьвядомасьць. Тут–жа, у сэмінарыі, западае ў сэрца поэты і іскра, якая потым запалала пажарам протэсту.

„Тут я, – кажа Чарот, – належаў да клясы мужыкоў, якія ня ўмелі гаварыць, як трэба было, для якіх патрэбен быў кій, а ня вольнае выхаваньне. Гэты падзел на вучняў–мужыкоў і на вучняў–інтэлігэнтаў адразу натаўкнуў маю думку, што і ў вёсцы ёсьць той самы падзел на мужыкоў і паноў. З гэтага часу я пачынаю цікавіцца, чаму гэта так“[10]. I хоць Чарот тут ня можа знайсьці адказу на паўстаўшае перад ім пытаньне, у душы яго адкладаецца абурэньне. Прачынаецца ў ім сьвядомасьць нацыянальная і соцыяльная. Гэта адчыняе перад поэтаю шырэйшы прыліў тых крыніц, якія да сэмінарыі несьвядома прабіваліся ў яго душу. Абуджаная–ж пад уплывам аднаго настаўніка (Меліхава) цікавасьць да чытаньня кніг дае магчымасьць Чароту яшчэ на школьнай лаве павялічыць круг крыніц для сваёй творчасьці і ясьней адчуць сваё месца сяроджыцьцёвага віру. Гэта–ж дапамагае поэту ўсьвядоміцца ў тых задачах, якія высоўвае перад ім жыцьцё. Аўтары–клясыкі будзяць думку Чарота і падаюць яму новыя тэмы для творчасьці. Гэта думка цяпер уся скіроўваецца на вёску, а вершы ўжо дыхаюць гневам. „Памятаю, — кажа Чарот, — I. I. Рэйнскі прачытаў мой гневам пранікнуты верш і сказаў паціху ў калідоры: „Рана пташачка запела, кабы кошачка ня зьела, але нічога, пішэце, у вас ёсьць талент. Толькі пішэце больш аб прыродзе. Навошта вам браць такія тэмы, аб якіх баяцца іншыя пісаць. Гэткіх вершаў нідзе не надрукуюць“. Я нічога не адказаў яму. Але з гэтага часу мне яшчэ больш хацелася пісаць такія вершы, каторых ня можна друкаваць“[11]. Так усьведамляецца поэта і так адбываецца накапленьне духоўнага капіталу ў яго сьвядомасьці, адгэтуль–жа пачынаецца і галоўная крыніца яго песень на нацыянальныя мотывы[12].

Увосень 1917 году, пасьля сканчэньня сэмінарыі, Чарота мобілізуюць у армію. Служба ў арміі яшчэ больш рэзка акрэсьлівае яго псыхіку як селяніна і селяніна–беларуса. З гэтага часу ён стала пачынае працаваць на загонах беларускай літаратуры. А навокала гудзе й разьнімаецца ўшыркі рэволюцыйная завіруха. На Беларусі адбываюцца адна за аднэй політычныя зьмены. Тут сьпярша Кастрычнік, потым нямецкая окупацыя, потым зноў Савецкая ўлада — усё гэта з новай шырынёю разгортае перад Чаротам нявычэрпныя крыніцы для творчасьці. Усё гэта дапамагае здолеўшым ужо прабіцца на сьвет крыніцам яшчэ з большаю сілаю і сьмеласьцю бурліць у чаротаўскіх песьнях. Тым больш, што ў 18 годзе Чарот зьвяртаецца па дэмобілізацыі на Беларусь і залічваецца ў Менскі Пэдагогічны Інстытут. Тут ён перажывае польскую окупацыю, у часе якой, як сьведчыць Ігнатоўскі, „ліру песьняра замяніла вінтоўка барацьбіта– комуністага“. Чарот працуе ў падпольнай організацыі. Пара белапанскага панаваньня на Беларусі дала нямала матэрыялу для творчасьці поэты[13].

Нарэшце, мір з Польшчаю. Беларусь аказалася падзеленаю. Па гэты бок мяжы Беларусь вольная. Пачынаецца мірная праца. Пачынаецца новае вялікае будаўніцтва — ажыцьцяўленьне імкненьня да таго Вялікага, у імя якога гучэла завіруха. Гэта канчатковае Вялікае — комунізм. Праз соцыяльна–нацыянальнае адраджэньне — да канчатковай мэты. Адзіная задача высунена жыцьцём. I тут крыецца ўжо магутная крыніца чаротаўскай творчасьці.

Адгэтуль–жа пачынаецца зьліваньне ўсіх крыніц у вадзіны сынтэз. Паўстаўшая бядняцкая вёска — вёска беларуская „сярод поўных сьлёз балот“, ахопленых рэволюцыйнай завірухаю і яе вялікая будучына — той маяк, які асьвятляе прасторную дарогу працоўнай беднаце, а разам з тым і самому поэце, — вось у якую плынь зьліваюцца ўсе крыніцы творчасьці Чарота. Прычым з гэтага часу плынь гэта ахварбоўваецца ў колеры творчасьці самых працоўных мас Беларусі. Шырыня і магутнасьць гэтай апошняй і самай жыцьцёвай крыніцы выяўляецца апошнімі творамі Чарота, як „Чырвонакрылы вяшчун“, „Чырвоныя вясьнянкі“, „Беларусь лапцюжная“ і інш.

Вось якавы крыніцы творчасьці Чарота. У іх б’ецца надзвычайнай сілы рэволюцыйны ўздым, вялікая нянавісьць да старога і громам раздаецца магутны кліч да новага сьветлага жыцьця.

Жыцьцё беднага працоўнага беларускага люду, захапленьне змаганьнем, закліканьне да новае працы, соцыяльнае абуджэньне, нацыянальнае ўсьведамленьне — гэткія тэмы і настроі жывяць песьні Чарота.

ІІІ

„Мой зборнік, — кажа ён у прадмове да „Завірухі“, –– хутчэй дынаміка, чым статыка“. А для ажыцьцяўленьня дынамікі ў слове патрэбна і асобая мастацкая тэхніка. Чарот кажа: „Агонь рэволюцыі — гэта агонь вулькана, ён расплаўляе ўсё... І пакуль яшчэ рана гаварыць аб тых формах, у якія можна ўліць гэту вогнядышачую лавіну. Пакуль яшчэ рана гаварыць аб мастацкай програме. Можна толькі яе вызначыць, ставіць першыя вехі. Можна дзеля таго, што якар ёсьць. Маяк відаць“...

I Чарот, калі не сказаць, што даў асобную мастацкую тэхніку ў першы пэрыод свае творчасьці, то вехі грунтоўна паставіў. Але пакуль выйсьці на свой мастацкі шлях, ён прашоў па тых сьцежках, якія пратоптаны яго папярэднікамі (Купала, Багушэвіч, А. Гарун, Цётка і Багдановіч). Праўда, гэта ўпадобнасьць (вершы „Беларусы“, „Звон“, „Званар“, „Пад крыжам“, „Вечарамі“, інш.) у Чарота хутка праходзіць. Крыніцы творчасьці ўжо ясна кажуць, якім павінен быць шлях Чарота па сваім асноўным мотыве. Гэты мотыў — змаганьне рэволюцыйнай працоўнай беднаты за будучае сьветлае жыцьцё — акрэсьлены закончана. Вось чаму і „Невядомая“ сказала Чароту:

...Грай, поэт, бяз жалю,
Твая хай ліра не заплача...
Вясёлы сьпеў пачуюць далі,
А сьлёз і блізка не пабачаць.

І поэта паслушны „Невядомай“. Хоць слоў яе больш ня чуе,

Але вясёла, гучна граю...
I толькі цяжка сам сумую,
Бо сын гаротнага я краю[14].

Гэта вясёлая гучнасьць, злучаная ў адно з ціхім затаеным сумам, — вось асноўны тон песьні Чарота. Гэты тон і складае самую галоўную асаблівасьць чаротаўскай творчасьці, якая яго аддзяляе ад сваіх папярэднікаў і кладзе пачатак новай плыні ў беларускай літаратуры. Гэта пробліск таго новага маладога, якое з часам становіць

сутнасьць амаль усёй маладнякоўскай творчасьці.

Я пясьняр лясоў, балота
I загонаў каласістых...
Мае песьні — шум чарота
Па над рэчкаю імглістай.

Мае песьні — песьні долі,
Шопат зор у паднябесьсі...
Хай ляціць, жыве на волі
Гучны вокліч мае песьні.

Мае песьні — песьні буры,
Гоман лесу ў непагоду,
Страшны посьвіст злой віхуры,
Сьмелы кліч майго народу.

Мае песьні — песьні волі,
Гымн паўстаўшых на прадвесьні...
Хай нясецца, хай ніколі
Не загіне вокліч песьні![15]

Так характарызуе сам Чарот сваю песьню. Як бачым, тон гэтай песьні — гэта акорд сугучнасьці нізін і высі зорнай. Гэта тон жывой бурлівай рэальнасьці, атуленай у мяккі колер рэволюцыйнай романтычнасьці („шопат зор у паднябесьсі“). Гэта тон ад оптымістычнага сьветаадчуваньня.

З асноўнага мотыву выплываюць і ўсе элемэнты поэтыкі Чарота: прыёмы стылю, прырода вершу, мотывы і інш.

Сюжэты Чарота зьвязаны з сялянскаю беднатою. Поэта выхапляе іх з жыцьця бядняцкай вёскі. Так, зварот бацькі дамоў з Сібіры, куды ён быў сасланы за тое, што „шчасьця людзям жадаў“ („Незнаёмы“), апавяданьне лірніка–старца пра мінулыя часы („Песьня лірніка“), вітаньне з вёсак у часе імпэрыялістычнай вайны („Пад крыжам“) і інш. У вершах Чарота чырвонаю ніткаю праходзіць нацыянальнае і соцыяльнае гора беларускай вёскі, праз іх прасьвечваецца гразь балот, гнілая хата, няўродлівыя палеткі. Усё гэта штурхае на змаганьне і працу, на збудаваньне новага жыцьця. Гэткая канва песельнага сюжэту Чарота. У сваіх вершах поэта выяўляе перажываньні рэволюцыйнай сялянскай беднаты. Гэтыя перажываньні зьяўляюцца прадметам рэволюцыйнай завірухі.

Адносна літаратурных жанраў першага пэрыоду творчасьці Чарота трэба сказаць, што ў яго мы можам наглядаць песьню сынкрэтычнага характару. У гэтым сэнсе яна глыбока дэмократычна. Чарот пераважна любіць песьню–вокліч, песь- ню актыўнай дзейнасьці, а не статычнага адбітку рэальнасьці або сваіх уласных перажываньняў. Але поруч з гэтаю песьняю ў Чарота спатыкаем ужо ў першым пэрыодзе яго творчасьці і ліра–эпічную мініатуру („Незнаёмы“, „Пад крыжам“, „Два“ і інш.). Гэты від потым разьвіваецца ў Чарота ў поэму.

Песьня Чарота ўбіраецца ім ня толькі ў „зьбітыя вобразы“, якія ствараюць „уражаньне аднастайнасьці“ і пазбаўляюць зборнік „Завіруха“ „мастацкай суцэльнасьці“[16]. Поэта сваю песьню атуляе ў вобразы буры, віхроў, завірухі, мяцеліцы, агню — якраз тыя вобразы рэволюцыйна–романтычнага парадку, у якіх і льга было адбіць „завіруху“ сярод поўных сьлёз балот. Але апроч гэтага спосабу параўнаньня і ўвасабленьня зьяў прыроды ў зьявы людзкога жыцьця, які пераняты Чаротам ад сваіх папярэднікаў (Купала), поэта ўжо ў разглядаемы мною пэрыод творчасьці заплятае з вобразаў вянок, як „з васількоў блакітных летам“. Гэты вянок — якраз тыя мастацкія вехі, пра якія ўпамінае Чарот сам у сваёй прадмове. Гэта якраз адзін з пунктаў новай мастацкай програмы, новага мастацкага маладога, якое складае адну з асаблівасьцяй чаротаўскай поэтыкі. Яго можна характарызаваць як прынцып злучэньня „ў адзін нячутны хор“ гукаў ліры і „посьвісту кос“ пры рэалізацыі духоўнага капіталу поэты. Перанясеньне мэтодаў штодзённай будзённай працы ў практыку мастацкай творчасьці — вось сэнс пастаўленай Чаротам мастацкай вехі.

Адзначаным прынцыпам вызначаецца і выбар выяўленчых сродкаў у Чарота. У яго вобразах праз непрыглядныя малюнкі рачавістасьці прасьвечваюцца мяккія, блакітныя ўзоры вольнай шыры, праз „незасеяны пустыр“ „зорак сенажаць“. Вось пара прыкладаў:

Я зноў, дзе вольхам і бярозам
Купае сонца галаву
I жменяй згорнутыя сьлёзы
Расою сыпле на траву[17].

або з другога вершу:

У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двурогі,
Ня хоча раніцу спаткаць,
і лесам хмар ідзе бязногі[18].

Ды іначай і быць не магло. Крыніцы чаротаўскай творчасьці вымагалі адпаведных свайму характару мастацкіх сродкаў. „Жыцьцё калыша далі“, — гаворыць Чарот у вадным з сваіх вершаў[19]. А раз гэта так, то ясна, што зьявы гэтага жыцьця — зьявы непрагляднай рачавістасьці — павінны былі ў песьні атуляцца сьветам гэтай далі. Уся веліч гэтага калыханьня павінна была рэалізавацца ў адпаведных па сваёй размашыстасьці мастацкіх сродках. I яно так і ёсьць. Так, вобразы, што адбіваюць у сабе барацьбу, барацьбу рэволюцыйную, дыхаюць у Чарота некаторага роду гіпэрболічнасьцю:

Як рэчка берагі, змываюць увесь прастор
Краіны роднае крыві гарачай хвалі
І людзі ўсе ў крыві, усе ў крыві дарогі...[20]

Часта спатыкаюцца выразы „мора крыві“, „кроў ракою“ і г. д. Адгэтуль і „сьлед пяра крывавы“[21] ў самога Чарота. Наогул, трэба заўважыць, што вобраз крыві ў Чарота зьяўляецца вобразам цаны тае вялікай будучыны, за якую йдзе змаганьне. Пажар у Чарота ня звычайны: ён шугае да нябёс[22]. Куля пролетарыя дастае і за хмары[23]. Сьлёзы ліюцца, як дожджык[24].

Каб быць зямлі ўладаром, каб быць „богам“, трэба прайсьці „шлях пакуты“[25], — кажа Чарот у вершы „Гудзе звон“. Вось гэты „шлях пакуты“ і выклікае ў поэты згу шчэньне мрочных хварб пры яго ажыцьцяўленьні ў мастацкім слове, бо яно неабходна для выхаваньня новага бясстрашнага чалавека („адважнага путніка“). А таму і зямлю поэта называе магілаю[26], балоты ў яго поўны сьлёз[27], неба палівае зямлю сьвінцовым дажджом[28], само жыцьцё — сьмерць і хаўтуры[29], народ — цень крыжоў[30], карагод людзей — крыж і магіла[31], сьпеў душы — віхуры[32], народ — дзіця вечнай буры[33], кулі ня сьвішчуць, а пяюць песьні[34], гул гармат — гэта музыка[35], моладзь — гэта прамень пасьля ночы[36], кабеты — гэта вясковыя кветкі[37] і г. д. Гэта такі ўжо мастацкі прыём у Чарота, што, каб адчыніць заслону будучыны, ён перш за ўсё ўзьнімае з сучасных нізін каўшы няпрыглядных адмоўных зьявішч, каб цераз іх адмаўленьне ўгледзець праз „потнае вакно“ аблік вялікай будучыны. Вось чаму кідаецца ў вочы ў яго песьнях характарызаваньне праз эпітэт „сонны“ і роднага краю, і гаю, і выгараў, і палёў, і зямлі (уплыў Купалы), і далей: самы сон „цяжкі“, людзі панурыя, людзі балотныя, вёска ўбогая, цень пужлівая, чорная, шлях цярністы, сьмертны, рука чорная, крыж цяжкі, ноч чорная, нямая, цёмная, вецер шалёны, сьпеў сумны, лес стогнучы, віхура злая, посьвіст страшны, бор адвечна сумны, іскры сьнежныя, дождж сьвінцовы, непагода шалёная і г. д.

Гэта як–бы канва. А з другога боку — „Зорак сенажаць“. З другога боку — подых магутнай жыцьцёвасьці. Вось чаму Чарот нават балоты характарызуе такімі эпітэтамі, як агнявыя, жывыя. Народ наш — гэта крыніца жывое вады[38]. Кліч народа — сьмелы. Хвалі бясстрашныя. Бура вечная. Пярун агнявы. Шум гучны. Загоны каласістыя. Сонца агністае. Санцавей залаты. Ніва прыгожая, вольная. Жыта сінявокае. Дарога чырвоная. Песьня вясёлая. Песьня родная, пекная. Ліра гучная. Пажар сьвяты. Жыцьцё разудалае і разьвясёлае.

Такому характару мастацкіх сродкаў якраз адпавядае характар крыніц творчасьці Чарота. Яны сабою вызначаюць і рэшту выяўленчых сродкаў, у якіх таксама выяўляецца ўсё той–жа вышэй мною адзначаны прынцып чаротаўскай творчасьці. Так, пераня- сеньнем мэтодаў працы штодзённай у практыку мастацкай творчасьці вызначае сабою характар такіх мэтафорычных выразаў, як пацяруха жыцьця, хаўтурныя напевы ветру, вецер з полымем ткуць свабоды ўзор, рукі новых дзён зламалі ночы вечнай крыльля, магіла вякоў, вянок вечнай волі, шомат зор, ноч памірае, баль сьмерці, пажар помсты, струны душы, дзень будучы — страньнік у адзеньні сьвятых пазалот і інш. Наогул тут трэба заўважыць, што Чарот у сваіх песьнях трымаецца прынцыпу конкрэтызацыі адцятых разуменьняў.

У параўнаньнях Чарот выходзіць з таго–ж прынцыпу. Ён часта чэрпае іх з крыніцы зьяў прыроды для больш рэльефнага выяўленьня зьяў з людзкога жыцьця, або наадварот. Адцятае Чарот раўняе амаль заўсёды з конкрэтным, праз што ўжо ў раньні пэрыод творчасьці выяўляецца шырыня размаху мастацкага выабражэньня поэты:

...Спрадвеку стогне лес,
Як з ворагам ў апошняй бойцы раць...
...Бураломныя гады,
Як хмары чорныя, нясуцца надзямлёю...
...I хутка ўсё бяжыць,
Нібы у летні дзень авечкі чарадою...[39]

Родная прырода, зьявы вясковага жыцьця — вось галоўная крыніца чаротаўскіх параўнаньняў. Тут, як бачым, агульныя крыніцы творчасьці вызначаюць сабою і крыніцы мастацкіх сродкаў. Так, хаты — гэта жабрачкі[40]; месяц — белы конь[41] (крыху рызыкоўнае параўнаньне), або дзед двурогі[42]; сонца выплывае крыніцаю[43]; дні прашлі, як хмаркі на небе[44]; сьлёзы ліліся, як дожджык[45]; пяе ў полі хор калёс, як старац з ліраю разьбітай[46]; і толькі сум, як змрок які нахлыне[47], і інш. Ад апошніх параўнаньняў павявае ўжо сьцісла чаротаўскаю мяккасьцю і задушэўнасьцю. Ёсьць у Чарота і параўнаньні другога парадку, праўда, у зусім нязначным ліку, а таму нельга іх лічыць характэрнымі для Чарота. Гэта такія, як „загартуй ты свой верш, як у горані сталь“[48] (з працы рабочага); „сьмяюся моцна, як лясун“[49](з народнай мітолёгіі); „птушак пералівы зьвіняць, як струнаў перабор“[50](адчуваецца ўплыў М. Багдановіча); „як тыя гарады, Гамора і Садом, загіне гэты край ад буры ліхалецьця“[51](літаратурнае параўнаньне, але ня зусім удалае).

Духам народных загадак вее ад вобразу ночы ў вершы „Я зноў, дзе поле каласамі“:

...Як неба ў чорную аўчыну
Зашые самую зямлю...[52]

або ў вершы „Касавіца“:

Касцоў песьціць рукой санцавей залаты,
Чэша променем сноп галавы[53].

Гэта прыметы пастаўленай Чаротам мастацкай вехі ў выбары выяўленчых сродкаў.

Апроч вызначанага ўбору чаротаўскай песьні, крыніцы яго творчасьці вымагалі ад поэты таго ці іншага і мэтрычна–рытмічнага аформленьня. Характар крыніц нагадоўвае пра тое, што рамкі мастацкай тэхнікі з гэтага боку павінны раздацца ўшыркі. I трэба сказаць, што хоць Чарот у першы пэрыод свае творчасьці не дае яшчэ цалком новага ў гэтай галіне, але ў яго рытміцы дыхае новая плынь на канве старых мэтрычных разьмераў. Шырока ўжываючы іпастасы, Чарот надае разьмерам сваю ўласную асаблівасьць. Найбольш уласьцівым для яго разьмерам зьяўляецца ямб з варыяцыямі ад 3 да 6 стоп і нават з пераходам [на] вольны ямбічны верш. З усіх 72 вершаў, зьмешчаных у зборніку „Завіруха“, ямбам напісана 28. Чаротаўскі ямб — гэта разьмер бадзёрасьці, рэволюцыйнай мяцежнасьці, з яго б’е жывая крыніца веры ў сілы народу, у яго перамогу і ў дасягненьне „Вялікай будучыны“. Такім разьмерам напісаны вершы „Буралом“ (132), „Заціхне бура“ (131), „Два“ (39), „Я іду“ (14), „На шляху адраджэньня“ (22), „Мне сьнілася“ (45) і інш. У рамкі гэтага разьмеру Чаротам асаджаны і яго ўласны ціхі сум і плач: „З сучасных настрояў“ (89), „Невядомая“ (88). На канве гэтага–ж разьмеру сплецены ім і вянкі васільковых вобразаў у вершах „Я зноў, дзе поле каласамі“ (126) і „Вясну пяю“ (129). Павяваньне ад гэтага разьмеру адважнай мяцежнасьці, якая зьліваецца з затаенным сумам у вадзін акорд, атулены вянком васільковых вобразаў — вось у чым асаблівасьць чаротаўскага ямбу. Іпастасуе Чарот свой ямб найбольш пірыхіем у розных стопах, але найчасьцей у трэцяй.

Другі разьмер, які зьмяшчае ў сабе ўвесь запал і крык душы Чарота, — гэта парыўчы і лёгкі анапэст, іпастасуемы амфімакрам, бакхіем і іншымі стопамі. Гэтым разьмерам напісаны „Завіруха“ (3), „Скокі на могілках“ (6), „Бунтар“ (11) „Гром“ (17), „На чырвонай дарозе“ (33), „Песьня лірніка“ (91), „Незнаёмы“ (99). Для прыкладу даю апісаньне гэтага разьмеру ў вершы „Завіруха“. Гэта 3–хстаповы анапэст з іпастасам амфімакрам на 1 стапе (у 12 радкох з 28), бакхіем на 1, 2 і 3–яй стапе (3 выпадкі) і молосам на 1–ай стапе (1 выпадак). Радкі 5, 6 і 27 падоўжваюцца да 4 стоп. Гіперкаталектычны жаночы канчатак падоўжваецца да дактылічнага (7 выпадкаў), 12–ты радок цалком пераходзіць у дактылічны дзякуючы папярэдняму складанаму канчатку. Такі канчатак не асякае гучэньня і як–бы дае прастор для працяжнасьці папярэдняга высокага гуку. З боку інструмантоўкі праз увесь верш чырвонаю ніткаю праходзяць націскныя „е“ (33) і „о“ (29) (з рэшты а — 14, у — 12, і — 9, ы — 5) і пераважаюць алітарацыі па „з“, „дз“ і „ц“ у 1 і 5 строфах і на „р“ у 2 і 4 строфах. Калі ўзяць усё гэта пад увагу, а менавіта гучаньне вершу на „ео“ з прысьвістам сычачых і плаўнага „р“ і перабойна–парыўчы рытм яго, то сапраўды ствараецца ўражаньне не завываньня нуднай завірухі, а гулянкі „мяцеліцы сьмерці“ ў вершы.

Над балотам гудзе завіруха...
Ведзьмай носіцца з краю да краю,
І зьмятае з зямлі жыцьця пацяруху...
Неба сьвінцовым дажджом палівае...[54]

З іншых разьмераў — дактылем напісаны 4 вершы і амфібрахіем — 9.

На гэтым я спыняю разгляд мастацкай тэхнікі Чарота ў яго першы пэрыод творчасьці. Я пакідаю ў старане пытаньне аб композыцыі, рыфмоўцы і інш. Я толькі зазначу, што гэтыя апошнія, як і вышэй мною разгледжаныя бакі мастацкай тэхнікі Чарота, падпарадк[оў]ваюцца ім ня столькі сьцісла мастацкім заданьням, колькі падначальнай функцыі ўпэўніваньня і эмоцыянальна–валявога ўплыву. Сама мова вершаў „Завірухі“ ў большай частцы носіць характар размоўнай і мовы поэты–прамоўцы. Вялікі лік простых, абрыўных, пытальных і клічных сказаў як ня трэба лепш сьцьвярджаюць гэта зазначэньне. Нават больш таго, ёсьць цэлыя вершы, пабудованыя па прынцыпе прамоўнай композыцыі слоўнага матэрыялу. Так, верш „Як імя яму“ пабудован з усё нарастаючых пытальных сказаў, якія ў апошніх дзьвёх строфах разьвязваюцца ўзмоцненым адказам. У гэтым вершы чатыры страфы пачынаюцца пытаньнем „як імя яму“. Далей пятая страфа — словам „замоўклі“, пасьля чаго ідзе констатаваньне адмоўных адносін пэўнай грамады і нарэшце 6 страфа пачынаецца ўзмоцненым: „так ведайце ўсе“ — даецца разьвязка[55]. Наогул, трэба сказаць, што Чарот па сваёй мастацкай тэхніцы першага пэрыоду творчасьці зьяўляецца ў пераважнасьці поэтам актывістым–трыбунам.

Для больш акрэсьленага выяўленьня мастацкай тэхнікі Чарота неабходна дасканальнае дасьледваньне кожнага твору ня толькі Чарота, але і яго папярэднікаў і сучасьнікаў. Пасьля гэтага льга будзе зрабіць належныя параўнаньні і выявіць з дакладнасьцю і ўва ўсёй паўнаце спэціфычна чаротаўскае. Гэта адна з тых задач, якія стаяць перад маладою беларускай навукаю ў сучасны момант.

Я ў сваёй працы імкнуўся вызначыць толькі контуры чаротаўскай мастацкай тэхнікі, выявіўшы агульныя прынцыпы яго творчасьці ў раньні пэрыод. І гэтага якраз досыць для таго, каб сказаць, што Чарот у першы пэрыод свае творчасьці знаходзіцца яшчэ ў стане шуканьня новых мяхоў для новага віна. Крыніца яго творчасьці ў гэты пэрыод пераліваецца ў тыя формы, якія дасталіся ў спадчыну ад мінулага. Чарот бунтуецца ў гэтых формах, рассоўваючы цесныя рамкі іх праз ужываньне ў практыцы мастацкай творчасьці мэтодаў штодзённай рэволюцыйнай працы, праз злучэньне ў „адзін нячутны хор“ гукаў ліры і „посьвісту кос“. У гэтым тое новае мастацкае маладое, якое ўнесена Чаротам у беларускую поэзію.

IV

Цяпер паўстае пытаньне — што–ж зьмясьцілася ў гэтых формах тыповага, ці ёсьць у Чарота адбітак жыцьця й якога, якія адбіваюцца праз яго агульныя настроі?

Ужо вызначаныя крыніцы творчасьці гавораць, які кут жыцьця павінен адбіцца ў песьнях Чарота. Гэта перш за ўсё той „спрадвеку заплаканы край“, дзе „чорнай хмараю дажджлівай стаіць на ўзгорку шумны бор“, дзе „рэчкі і выгары блішчаць люстэркай між балот“, дзе „глебе шэпча чары вясёлым громам небасход“, дзе „птушак пералівы зьвіняць, як струнаў перабор“. Гэта той край, дзе балоты спавіты лазьнякамі, дзе пяскі, камяніцы, дзе „дзёрнам зрасьліся загоны“, дзе „расьце палын, асот“, дзе „ў нізінах лес бяроз, на ўзгорку — шумны бор“ і „вербы над рэчкай шумяць“. Гэта той край, дзе поле парэзана на вузкія загоны, спавітыя „паясамі зялёных меж“. Увесну гэтыя загоны ўбірае авёс „зялёным аксамітам“, а летам „шэпчуць жыта каласы чароўную казку“ пра русалак. У гэтым кутку „вольхам і бярозам купае сонца галаву і жменяй згорнутыя сьлёзы расою сыпле на траву“. У цэнтры гэтага пэйзажу „ўбогая вёска, усімі забытая“. Тая вёска, дзе „хата старая, стрэхі са- дратыя, хлеў аж хістаецца згнілы“, дзе „хата старэнькая стаіць пры балоце“, дзе „заплаканы вочы старых жабрачак — родных хат“. Гэта тая вёска, якую абкружаюць „неўрадлівыя палеткі“, „незасеяны пустыр“, „мора траў“ ды пушчы. Гэту вёску вартуюць збудованыя вякамі курганы ды крыж згніўшы і „восямі зьнізу ўвесь абабіты“, а „чуць вецер павее — дрыжыць“. Вось які кут Беларускага краю дае Чарот у сваіх песьнях. Гэты тыповы малюнак беларускага пэйзажу намалёваны Чаротам у агульных рысах, асобнымі мазкамі, раскіданымі па ўсіх вершах. Гэта малюнак бядняцкай Беларусі.

Жыве ў гэтым краі народ, які завецца беларусы. Займаецца гэты народземляробскаю працаю. У яго „рукі ўсе ў мазолях“, пот выядае вочы. Ён спрадвеку „сьлязамі, потам паліваў родныя абшары“ ды „ў беднай вёсцы пеў песьні, разганяў гэтай песьняй нуду“. Гэта той народ, які носіць „лапці з ліпавых лык“. Ён і зьяўляецца гэроем песьні Чарота. Вакол гэтага гэроя і концэнтруюцца чаротаўскія малюнкі і вобразы жыцьця, працы і змаганьня працоўнага люду.

Праўда, у творчасьці Чарота першага пэрыоду не знаходзім акрэсьленых тыпаў і вобразаў ані беларускага селяніна, ані беларускага рабочага. Не знаходзім таксама шырокіх малюнкаў беларускага быту. Няма тут і вобразаў ні беларускіх характараў, ні акрэсьленай псыхікі беларускага працоўнага люду. Гэтага і нельга патрабаваць ад поэты ў той час, калі „гудзела завіруха“, калі сам поэта быў адным з актыўных удзельнікаў барацьбы. Яго поэзія ў той час была яго вінтоўкаю, была толькі зброяй рэволюцыйнай уплывовасьці на масы. Выяўленьне–ж беларускіх тыпаў і характараў, выяўленьне псыхікі працоўнага люду — гэта задача, якая патрабуе свайго разьвязаньня ад беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў у сучасны пэрыод — пэрыод мірнай будзённай працы.

Аднак, нягледзячы на гэта зазначэньне, у Чарота мы знаходзім агульныя рысы жыцьця беларускага люду, раскіданыя асобнымі мазкамі ў яго песьнях. Гэтыя рысы выяўляюць галоўным чынам соцыяльны і нацыянальны бок жыцьця беларускай бядняцкай вёскі.

Соцыяльна–нацыянальнае гора адсьвечваецца амаль ні ўва ўсіх вершах Чарота першага пэрыоду. „Кароўка, конік свой“, „сьвіней і авечак патрохі“ — вось якава маёмасьць беларускага селяніна, які „ня горш, як другія жыў“[56]. А ў тых–жа, што горш жывуць і якіх мільёны, як кажа Чарот, „у полі жыта ў снапох, нібы той акалот, хата згніўшая ўся, хлеў стары без варот“ — вось якая бяда ў гэтых[57]. „З голаду, холаду людзі там плачуць“[58]. Іх купае „нядолі адвечнай рака“, „у голадзе й холадзе гадуюцца дзеці“[59]. Яны „перад панам свой горб“ гнулі, з другімі людзьмі ня йшлі ў лік[60]. Яны толькі песьняй разганяюць нуду, але і песьня іх жаласная. Беларус у кожнай песьні „ад сэрца долю праклінае“[61]. „Зьдзек, паняверка, царства тырана“ нішчылі яго сілу[62], „крыўда, зьдзек па–над каркам панавалі“. Вось агульны малюнак соцыяльнага гора, які адсьвечваецца з песень Чарота.

Але гэтага мала. З соцыяльным горам беларускага селяніна цесна зьвязана і нацыянальнае. Праз той край, які знашоў сабе адбітак у песьнях Чарота, „дарогі дзьве ўюцца: адна йдзе на заход, другая — на ўсход; на гэтых дарогах заўсёды снуюцца людзі чужыя, — то ўзад, то ўпярод“[63]. Гэтыя чужыя людзі і зьвілі былі „царства тырана“. Ад гэтых людзей і было другое гора — гора нацыянальнае. Народ працаваў, а яго „за працу з веку ў век жывёлай абзывалі“, а краіну, дзе жыў гэты народ — „людзі панурыя“, — „звалі ўсё дзікай“[64]. Краіна дзікая, людзі — жывёлы — вось якавы былі нацыянальна–соцыяльныя адносіны гэтых чужых людзей. Беларусі і беларусаў як– бы і ня было. Беларусы як–бы спалі. Яны маўчалі ў няволі. Пад уціскам гэтай няволі беларус пачаў нават „сароміцца мовы сваёй“[65]. Такі малюнак нацыянальнага гора дае Чарот у сваіх песьнях.

Соцыяльна–нацыянальная няволя — асноўная выходная тэма чаротаўскіх песень. Яна зьяўляецца адначасна і тым фонам, на якім поэта малюе вобразы „вечнай буры“, „завірухі“, „віхраў“ — вобразы клясавага змаганьня, якое йдзе ў „спрадвеку заплаканым краі“. На гэтым–жа фоне рысуюцца Чаротам і ўсе дзейныя асобы барацьбы. Праўда, яны выяўляюцца толькі ў агульных рысах і ў падзяленьні на два клясавыя лягеры. Праца і капітал[66] — вось сьцягі гэтых дзейных асоб. Гэта–ж і тыя асноўныя сілы, якія, адна другую спрадвеку адмаўляючы, родзяць змаганьне.

Зьмест першай сілы ў песьнях Чарота выяўляецца ў такім відзе: працоўны беларускі люд — „людзі балотныя, панурыя“ — мужык і рабочы; кабеты, якія жылі, „дзе гора, бяднота, дзе мора ад поту і сьлёз“, якія „былі нібы і ня людзі“, у якіх „ад працы балелі і плечы, і грудзі і знак быў — крывавы мазоль[67]; араты, якога праца йшла на падаткі[68]; каваль, у якога пад молатам жалеза гнецца[69]; сьмелая і магутная моладзь — „надзея сьвету й цеплаты“[70]; песьняры, „што будзілі людзей“[71], ды старац– лірнік, што пад вакном мужыка беларуса сьпявае песьню пра мінулыя часы прымусу[72]. Другая сіла — гэта „людзі чужыя“ — паны, крывапіўцы–багачы, поп, што казань кажа ў цэркві, ды прыстаў, для якога жыцьцё было разгулам[73].

Ад змаганьня між гэтымі дзьвюма сіламі „спрадвеку тут шумяць кусты“, бо першая сіла апынулася ў няволі ў другой. Тая песьня, што „захавалася пад прымусам“, гаворыць, „што і мы колісь вольна жылі“[74]. А старац–лірнік у сваёй песьні дае малюнак змаганьня, якое адбывалася ў даўныя часы. У гэтай песьні адчыняецца адна з старонак рэволюцыйнага змаганьня ў спрадвеку заплаканым краі:

...калісь тут, на нашай зямлі
Йшло за волю і веру змаганьне,
Панскі зьдзек як сьцярпець не маглі
I паднялі казакі паўстаньне.
...з касой, з сякерай ў руцэ
Пагарджаны народ сабіраўся
Між балот і лясоў, на рацэ
У казацкі ён стан гуртаваўся.
...той стан стаў усіх вызваляць
З ланцугоў і чужацкай няволі,
Стаў суда ён і праўды шукаць,
Стаў шукаць для людзей лепшай долі[75].

І тут–жа ўспамінаюцца імёны „ваякаў–атаманаў казацкіх, што з адвагаю білісь яны, як Нябаба, Антон Галавацкі“. У другім стане быў вораг Януш Радзівіл, які „вёскі паліў і мужыкоў забіваў“. Такі абразок змаганьня выхаплены Чаротам з далёкай мінуўшчыны.

Другі абразок знаходзім у вершы, прысьвечаным 9 студзеня 1905 году. Той дзень, калі „цар рускі загад даў страляць ля палацу рабочых людзей. Кроў лілася ракою тады...“[76].

Але апроч гэтых агульных зарысовак адкрытай барацьбы Чарот дае малюнак і ціхага змаганьня ў вёсцы ўбогай, дзе сілы няроўныя. Яно праводзілася Рыгорамі, якія жадаюць людзям шчасьця, якія стаяць за шчырасьць і праўду і ў адплату за гэта ім надзявалі на рукі і ногі жалеза ды ссылалі ў Сібір:

На ногі і рукі жалеза надзелі,
К сонцу бліжэй павялі...
Мяне ў сьлед пагналі з роднай хаты,
Быццам ня трэба і жыць[77], —

так апавядае жонка пра свайго гаспадара, які вярнуўся з ссылкі, але такім, што яна й не пазнала.

Далей вайна, калі з агнямі і мячамі шукалі праўды:

Убогую вёску, што ціха стаяла,
Чужынцам прышлось дзе бываць,
Таксама вайна зруйнавала —
Ня можна было і спазнаць[78].

Вось як беды прыходзілася перажываць таму люду, які жыў у спрадвеку заплаканым краі. Але народ усё–ж такі не загінуў: не дарма–ж ён „празван і нядоляю крыніцай жывучай вады“[79]. Дачакаўся ўрэшце і ён новай буры, тэй буры, якая „слабаму — радасьць, а моцнаму — страх“, якая стала нішчыць „няволю, зьнявагу, пануру“, якая віхрам стала зьмятаць да лепшага шлях[80]. Загула завіруха, якая „зьмятае з зямлі жыцьця пацяруху“:

Бура ломіць дубы і бярозы–сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэньнем...
I ўзыходзяць з–пад сьнегу чырвоныя кветкі —
Непагоды шалёнай насеньне[81].

Гэта тая бура, якая завецца вялікай Кастрычнікавай рэволюцыяй. Гэта тая завіруха, якая завецца грамадзянскай вайною з усімі яе адменьнямі на Беларусі.

Так, польская окупацыя, якая пакінула пасьля сябе „адны руіны“ на Беларусі, знаходзіць адбітак у песьні Чарота:

Ноч прышла. Ад дыму хмары...
Адусюль нясецца крык...
Горад Менск увесь ў пажары, —
Баль спраўляе польскі штык.
. . . . . . . . . . . . .
Найміт шляхціца–магната
Польскай арміі салдат
Беднату б’е, коле брата,
Адступаючы назад...[82]

За ім прышоў „чырвоны барацьбіт і ўсе ўздыхнулі. Люд працоўны стаў вялік. І зладзеям сьмерці кулі шле ўздагон чырвоны штык“. Край „вечнай пакуты зноў у праменьнях свабоды“. Нарэшце, Рыскі мір, які дзеліць Беларусь папалам, і на захадзе:

...вось там навісьлі цені.
Там вечар–вялікан хавае небасхіл...
I людзі блукаць там ня маюць болей сіл.
I просяцца яны аб хуткім вызваленьні[83].

А тут пачынаецца будаўніцтва. „Селянін і рабочы ўдвух стары сьвет агнём паляць, руйнуюць і на вогнішчы новы будуюць, панаваць у якім будзе: молат і плуг“[84].

Вось якая гісторыя барацьбы, гісторыя адвечнага змаганьня даецца ў агульных рысах у песьнях Чарота пэрыоду 1917 — 22 гадоў.

З агню гэтага змаганьня Чарот выхватвае абразкі людзей таго новага роду, які йдзе на зьмену старому. Гэта вобраз сына і маткі ў вершы „Разьвітаньне“. Тэй маткі, якая не заліваецца сьлязамі пры выпраўленьні сына ў салдаты, а тэй, якая жагнае сына ў армію Чырвоную і кажа:

Сьмела йдзі, сынок, у войска,
Барані ты волю:
Кожны сам сабе павінен
Здабыць лепшу долю.
За народзмагайся бедны,
Каб і ён быў вольны...
Два сынкі ужо ваююць,
Дык і ты будзь здольны.

I далей:

Ты ня біся з бедным братам,
Што, як ты, працуе,
А заві яго на помач...
Прыдзе — як пачуе.
Не шкадуй ні куль, ні шаблі
Для магната–пана,
Хай у бойцы ён спазнае
Мужыка–Сьцяпана.

Гэта матка ведае, што

Вёска ўся цябе пахваліць,
Што ты быў салдатам,
За зямлю што з панам біўся,
Каб быць ўсім багатым...

I поруч з гэтай маткай сын, які абяцае споўніць просьбу маткі і які адказвае матцы:

За народ, за яго волю
Буду сьмела біцца.
Пакажу панам–зладзеям,
Што ў мяне ёсьць сіла,
Абы куляў, вострых шабляў
На вайне хваціла[85].

Другі вобраз новага чалавека — гэта вобраз таго, хто „завецца байцом–комунарам“. Ён „у жыцьці пагардліва крыж цяжкі нясе за свабоду“, ён не баіцца агню, у змаганьні жыцьця не шкадуе, ён „праменьнем іскравым вядзе нявідучых па шляху“, „б’ецца за праўду на сьвеце за згоду“, ён будуе жыцьцё, „на варце стаіць адраджэньня“, ён „агнём іскраметным народ запаляе“[86]. Гэта чалавек з новай сталёваю воляй, гэта „бясстрашны путнік“ к вялікай будучыне, вобраз якога выхаплены Чаротам з таго стану, які перамог ворагаў свабоды ў спрадвеку заплаканым краі і сьвяткуе першы май „у знак пабеды вольнай працы“[87].

Другі стан на захадзе, куды зьляцеліся ўсяго сьвету

Ўсе крывапійцы–багачы,
I там шчэ вольна, без запрэту
Лятаюць, нібы крумкачы.

Гэтыя дажываюць там свой век з замерам, „каб зноў вярнуць няволі век“. Недабіткі

іх засталіся тут. Яны — поп, прыстаў ды „дзьве бабулькі“.

Ворагі свабоды шэпчуцца паціху,
Чуюць, што падходзіць іх апошні дзень...
Страшна ў дзень расплаты: моляцца бяз дыху
I снуюць між намі, нібы мёртвых цень[88].

Жывуць яны тым, што ходзяць у царкву, стукаюць паклоны ды ўспамінаюць „бляскі, дні жыцьця–разгулу“, як калісь жылі.

Так выяўляецца ў творчасьці Чарота першага пэрыоду вобраз рэволюцыйнага змаганьня з яго дзейнымі асобамі. Гэта змаганьне за клясавае вызваленьне, а цераз яго вызваленьне і соцыяльнае, і нацыянальнае таго народу, які абзываўся ўсё жывёлаю, таго краю, які слыў за „дзікі“ край.

Вобраз яго досыць поўна акрэсьлены ў песьнях Чарота, чаго нельга сказаць пра другі бок жыцьця, а менавіта пра працу. З гэтага боку ў Чарота знаходзім толькі агульны вобраз хутчэй працоўных настрояў пасьля перамогі, чымся выяўленьне процэсаў працы.

На чырвоных плямах хату вольнай працы
Мы будуем дружна... Гэй, дзівіся сьвет!
Рукі ўсе ў мазолях, пот ліе у вочы...
Цяжка... Што–ж!.. Нічога! Прыдзе й нам спачын.
Дні мы ўсе працуем, мы працуем ночы,
Новы сьвет будуем дружна, як адзін.
Сьвет стары мы палім — гэта наша справа.
Хто з людзей пасьмее кінуць нам папрок?
Будавалі ўсе мы — нішчыць маем права.
Хай усё затопіць нашай працы сок[89].

Гэта настроі, падобныя да тых, якія выяўляе і расійскі поэта Кірылаў, адбіваючы псыхолёгію рэволюцыйных мас у вершах:

"Во имя нашего завтра сожжем Рафаэля,
Музеи разрушим, растопчем искусства цветы".

Апроч гэтага, у Чарота знаходзім адзін толькі вобраз працы — гэта касавіца:

...Забялелі шнуры ад кашуль мужыкоў,
I калышуцца хваляй рады...
Сьвіст касы, звон мянташак, брускоў,
Ды ад ног на балоце сьляды.
За пракосам пракос выплывае у міг
З мора вечна–зялёнай травы...
Касцоў песьціць рукой агнявей залаты, —
Чэша променем сноп галавы.
Эх, і цяжка касцом... рукі, плечы баляць,
Хмара гляне з–за лесу, як дым, —
Граблі ў рукі — сухое зграбаць!..
У касавіцу спачынак ня ім...[90]

Гэта праца, якая ня ведае працоўных гадзін, а цягнецца ад усходу да захаду сонца. Справаджаецца яна песьнямі ды вясёласьцю, бо „ад прады ня плача наш брат“.

Нарэшце, трэба яшчэ зазначыць на нізку тыповых настрояў рэволюцыйнай пары, якія адбіваюцца ў творчасьці Чарота.

Перш за ўсё, гэта моцная вера народу ў сваю будучнасьць. „Народ ужо верыць, што будзе вялікім, што праўдаю стануць чароўныя сны“[91]. Вера ў свае сілы:

Эх, ня трэба нам ахвяры,
Прасіць вас ня будзем.
Вось як зьнікнуць гэты хмары —
Самі ўсё здабудзем[92].

Вера ў абуджэньне творчага духу ў народзе:

Мы верым — узбудзіцца воляю
Дух творчы усёй грамады...
...Мы створым жыцьцё нявіданае,
Збудуем палац да нябёс...[93]

Вера народу ў перамогу над голадам, калі апошні ахапіў быў Паваложжа:

Верыць ён: хутка кончацца мукі, —
Голадзможа саха, серп і молат[94].

Вера ў сілы тых братоў, якія адарваны гранічнай мяжою:

Мы верым ў вашу сілу...
...Хто пабудуе мур, які–б дзяліў наш кут?

Зруйнуем мы яго дашчэнту там і тут,
Хоць гэта дасца нам і цяжка і балюча[95].

I, нарэшце, вера ў канчатковую перамогу рэволюцыі:

Край новы узрасьце тады на бураломе —
Машыны будзе век, ня трэба будзе конь,
Бляск электрычаства там хмара не заслоніць,
Людзкое будзе ўсё: зямля, вада, агонь...[96]

У гэтым апошнім і выяўляецца той ідэал, якога не заўважыў Карскі. Гэта той маяк, які стаіць на чырвонай дарозе і шлях да якога праз змаганьне і працу.

Поруч з гэтымі настроямі знаходзяць адбітак у песьнях Чарота настроі другога парадку, настроі нуды. Але гэта нуда ад імклівасьці да шырыні, нуда, якая родзіць імкненьне да няспыннай працы і змаганьня:

Эх, хлопцы, жыцьцё разудалае,
Толькі сэрца вось ные праклятае...
бо...
...Вось бяда, што балота наўкола сяла,
Селі–б у чоўні... на хвалях — гайда!
Увесь–бы сьвет аплылі, была–ні–была,
Мо–б зусім запрапала нуда![97]
Ды апроч балота —
Крыжы стаяць — пакуты знак.
Там ціха сьпяць байцы за волю...
Мільёны дзетак–небарак
Там між магіл шукаюць долі...[98]

Вось галоўны куток жыцьця і настрояў, які адбіўся ў творчасьці Чарота. Бядняцкая Беларусь, убогая вёска, працоўны бядняк–селянін, яго жыцьцё ў коле змаганьня і працы, само змаганьне і рэволюцыйныя настроі — вось той круг чаротаўскай рачавістасьці, які выяўляецца на фоне асноўнае тэмы — соцыяльнага і нацыянальнага разьняволеньня.

V

Перад намі, такім чынам, прашлі асноўныя моманты мастацкай працы Чарота — крыніцы яго творчасьці, прыёмы, пры дапамозе якіх ён успрынятае ад жыцьця ператварыў у вобразы, мотывы і малюнкі, нарэшце, тыповая чаротаўская рачавістасьць як рэзультат яго мастацкай працы над нагляданым матэрыялам. Цяпер паўстае апошняе пытаньне: дзе–ж позыцыя самога Чарота ў тых вобразах, малюнках і перажытках, якія ён стварыў, дзе той сьвет, якім ён асьвятляе сваю вёску, балоты, завіруху, дзе яго асабовыя адносіны да жыцьця?

Ігнатоўскі ў „Мотывах лірыкі Чарота“ гэтак вызначае грунт сьветагляду Чарота: „У жыцьці йдзе клясавая барацьба ўласьнікаў капіталу з людзьмі працы. Рабочыя й сяляне змагаюцца й павінны змагацца з фабрыкантамі й панамі. Павінна быць збудавана ўлада рабочых і сялян, каторая забясьпечыць іх політычна–соцыяльныя правы. Адвечная барацьба паміж капіталам і працаю абавязкова закончыцца перамогаю працы“[99]. Поўнае выяўленьне сьветагляду Ігнатоўскі бачыць у вершы „Два“, дзе Чарот увасабляе двух уладароў сьвету: капітал і працу, якія з веку ў век змагаліся, „гулялі сьмерці баль, каб славы ўзяць вянок“. Праца перамагае. „І вось на полі тым, дзе скончан бой вялікі, пабеды йграе гымн убогі пастушок“[100]. Бязумоўна, Чарот пад тым сьцягам, дзе напіс: „Уладыка сьвету — Праца“.

Але гэта крыніца індывідуальнага сьвету ў Чарота мае свой уласьцівы яму колер. Перш за ўсё, яны ў бязьмерным каханьні свайго краю. У гэты колер задушэўнага каханьня атулены і ўсе вобразы спрадвеку заплаканага краю. I калі Чарот на чужыне

ў 17 годзе казаў, зьвяртаючыся да бога:

Каб ведаў ты толькі, як край свой кахаю,
Як міл ён для сэрца майго, —
Заўсёды я думкай ў тым краі вітаю,
Я толькі жыву для яго...[101], то ў 19 годзе вуснамі ўбогага пад крыжам ён кажа:
О, краю мой родны, усімі забыты! —
Я, сын твой, цябе не забыў.
Хай буду я куляй варожай забіты, —
Ня кіну таго, хто паіў і карміў.
Ня кіну ніколі цябе, мая вёска!
Пад крыжам лешп лягу ў зямліцы сваёй!!![102]

У колер гэтага актыўнага каханьня з адценьнямі цікавага затаеннага суму ахварбованы чаротаўскія малюнкі беларускай прыроды і выяўленьні такіх пачуцьцяў, як каханьне да дзяўчыны, як веры народнай у русалак (вершы „Сьветлая ноч“, „Вечарам“, „На могілках“, „Русалка“, „Вясну пяю“ і інш).

Гэта каханьне, якое часамі пераходзіць у замілаваньне, узмацняецца моцнай верай у творчы дух свайго народу, таго народу, які і нядоляй празваны крыніцай жывучай вады. У вершы „Заціхне бура“, які памечаны датаю 1922 г., Чарот, зварочваючыся да народу, кажа:

Няхай рагочуць, няхай ня вераць,
Што ты, магутны, ўсіх зьмяцеш.
Мужык працоўны сам будзе мераць
Сваю зямельку ад меж да меж[103].

Гэта — вера ў поўнае адраджэньне Беларусі. І Чарот „у цішы вясеньняй, цёплай ночы“ бачыць нават сон, што —

...зямля апошняй скібы
Засыпала краіны той парэз,
Які мяжою быў: дзяліў адну сялібу.
На месцы тым пастаўлен зьдзеку хрэст.
I кроўю тэй, што брызнула з глыбокай раны,
Заліўшы чырваньню увесь прастор,
Узбуджаны народ ўсім ворагам няждана
Ў адплату піша сьмертны прыгавор[104].

Каханьне роднага краю, вёскі, беднага народу і вера ў яго сілы зьліваецца ў адно цэльнае з верай у вялікую соцыяльную будучыну, якая ў Чарота атуляецца романтычным замілаваньнем.

Дзень будучы прыдзе к нам страньнікам
У адзеньні сьвятых пазалот[105].

Гэта чыста сялянскае з налётам, я–б сказаў, нават містычнасьці ўяўленьне будучыны падобна да таго, як адбіваецца яно ў расійскага сялянскага поэты Клюева:

И хоть смерть косой тлетворной
Нам грозит из лет седых,
Он придет нерукотворный,
Век колосьев золотых".

Шляхі да яго — абуджэньне народу, змаганьне за соцыяльнае і нацыянальнае

вызваленьне, зруйнаваньне старога сьвету і праца па пабудове новага. І Чарот сам вызначае сваё месца на гэтых шляхох:

Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар,
Я балота буджу гучным шумам,
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць ня дам сваім струнам.
Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну, —
Славу, будучнасьць я ім прарочу...
Я мяцежны бунтар, клічу жыцьця вясну,
Клічу к працы свабоднай і творчай[106].

Яго зброя — песьня, мастацкая творчасьць. Чарот ведае, які ўплыў можа зрабіць яна на масы, бо чуў, як пасьля сьпеваў лірніка–старца народзакрычаў: „Хай казацтва жыве, як ўпярод, хай жыве атаман іх вялікі!“[107]. Мастацкая творчасьць — гэта зброя клясавага змаганьня. І поэта любіць песьню–кліч. Ёю ён заклікае народ абудзіцца, з ёю зьвяртаецца да каваля, аратага, кабеты вясковай, моладзі, да тых, што плакалі над Рагнедаю, і да маладых песьняроў. Усіх ён імкнецца ўзбунтаваць, узьняць на змаганьне, на працу. I ці трэба казаць, што яго кліч не застаўся голасам у пустыні. Ужо адно існаваньне „Маладняка“, яго пашырэньне і разьвіцьцё сьцьвярджае правільнасьць чаротаўскай позыцыі ў мастацкай творчасьці. Але гэта ня толькі ад закліканьняў, а і ад таго, што сам Чарот — сын працы, што ён сам ідзе „цярністым шляхам між лясоў краіны, порасьлем балот“ у даль. Ідзе, шукаючы новага сьвету і

У ясны дзень і непагоду
Кладу я шлях свайму народу,
Пакуль ў сьнягох жыцьця ня згіну[108].

Ідзе наперад, не баючыся „мяцеліцы сьвінцовых куль“, дзеля таго, каб пралажыць шлях свайму народу. Часамі ў гэтым шуканьні поэта блукае „між небам і зямлёй, вобмацкам шукаючы долі, блукае з жаданьнем разьбіць „потнае вакно вялікай

будучыны і глянуць, якія колеры хварбуе новы сьвет“[109].

Часамі сьпеў душы — віхура
Прымусіць доўга быць панурым,
Нібы бяздольну сірацінку[110].

Але поэта ня спыняе свайго цяжкага шляху, бо ён бачыць, „як красуе жыта, як ярынка сьцеле поле“ там, дзе ўчора слаўся воблакам дзірван, як „ходзіць брат па волі і сам сабе ня верыць, што цяпер ён пан, што ён пан вялікі сваёй шчырай працы, што сабе будуе ён цяпер палацы…“ Тут крыніца яго новых уздымаў, тут крыніца новай энэргіі, якая ўліваецца ў душу поэты.

І я зноў дыбаю, іду без супачыну.
Назад паглядаю, ці ідзе народ...
Сьлед мой шлях паката, сьлед мой не загіне,
Хоць яго і топча захад і усход[111].

Сьмела й адважна тады ляціць песьня Чарота. Яе водгалас „віхрам у полі скача“, і чаротаўскае „я“ зьліваецца ў магутнае „мы“. У ім яно бясстрашна. Будучы–ж адно, адданае на волю самому сабе, яно атуляецца сумам, яно гучыць дысонансам:

Я нейкім чорным туманом
Усё жыцьцё сваё спавіты...
...Ізноў пад гукі лірных струн
У чорных колерах ўсё бачу...
Сьмяюся моцна, як лясун...
І ціха... ціха... ціха плачу[112].

Як гэтыя радкі ня вяжуцца з яго закліканьнямі:

Годзе пець песьні нам сумныя, нудныя,
Краю даволі ўжо сьлёз!

Дзьве плыні адчуваюцца ў тых тонах, якімі асьвечвае Чарот свае вобразы, малюнкі і перажыткі. Адна — гэта бунтарска–рэволюцыйная, оптымістычная, а другая — індывідуальна–пэсымістычная, з якой і выплывае прынцып падымаць заслону будучыны праз выяўленьне чорных хварб рачавістасьці і праз іх адмаўленьне. Падобна да расійскага поэты Кірылава, у Чарота ў першы пэрыод яго творчасьці няма яшчэ згоднасьці між „я“ і „мы“. „Мы“ Чарота зьмяшчае ў сабе і грукат машын, і

песьні фабрык.

Мы пад грукат машын, песьні фабрыкаў
Пераскочым курган і бяздоньне балот...

А „я“ яго абмяжоўваецца толькі „вольнай шыр’ю палёў“ і яму хочацца з ветрам– хватам пранесьціся па краі, прывітаць вольну шыр і памаліцца песьняй ліры на „незасеяны пустыр“[113], а не пераскакваць, як гэта гучыць ад „мы“.

„Я“ і „мы“ Чарота сынтэзуюцца тодькі ў агульнай рэволюцыйна–романтычнай настраёвасьці як адбітку валявой мэтаімкнённасьці ў заўтрашняе.

Вось той індывідуальны сьвет, які пралівае Чарот на сваю творчасьць першага пэрыоду.

Прасачыўшы па ўсіх этапах лірыку Чарота пэрыоду 1917 — 22 гадоў, можна сказаць, што Чарот у гэты пэрыодзьяўляецца песьняром рэволюцыйных настрояў і пачуцьцяў, а ня мысьлі. „Дума ня йдзе на пажытак“, — кажа ён сам у вершы „Да працы“. Гэта пясьняр–актывісты і трыбун. Яго песьня — гэта зброя рэволюцый- най уплывовасьці на масы. Яго поэзія зьвязана з родным краем, вёскаю, хатаю, загонам, з рэволюцыйным бядняцкім сялянствам, якое йдзе за рабочымі, з яго жыцьцём, працаю і змаганьнем. І ўсё значэньне творчасьці Чарота першага пэрыоду ў тым, што яна сваім „гучным шумам“ у нашу народніцкую па духу поэзію ўнесла першую плынь новасялянскай рэволюцыйнай сьветасьці. Чарот першы на беларускіх загонах ажыцьцёвіў на практыцы марксыцкі погляд на літаратуру як на зброю клясавага змаганьня. Ён–жа першы даў пачатак „злучэньню гукаў ліры з посьвістам кос у адзін нячутны хор“ — пачатак мастацкай творчасьці як зброі рэволюцыйнага выхаваньня працоўных беларускіх мас. У гэтым маладнякізм Чарота — песьняра паўстаўшай беларускай сялянскай беднаты.

Я пяю, што пяе селянін.
А ты чуеш? Іграе заводаў гудок,
Ў кузьні гучна зьвініць каваля малаток, —
Пра адно мы пяём, як адзін.


  1. Ігнатоўскі. Мотывы лірыкі Чарота.
  2. М. Пятуховіч. М. Чарот. Завіруха. Полымя, № 1, стар. 84.
  3. Е. Карский. Белорусы. Т. ІІІ, вып. ІІІ, стар. 406.
  4. М. Байкоў. Пытаньне беларускай культуры і шлях беларускай інтэлігенцыі. Полымя, № 5–6, стар. 104.
  5. Праца гэта напісана ў 1923 годзе і зьяўляецца адным з разьдзелаў задуманае мною вялікай монографіі аб усёй творчасьці М. Чарота.
  6. Гл. вершы ў зб. „Завіруха“: „Я зноў, дзе поле каласамі“ — 126 стар., „Вясну пяю“ — 129 стар., „Буралом“ — 132, „Русалка“ — 123, „Родныя птушкі“ — 111, „Завіруха“ — 3, „Жывое балота“ — 8 стар. і інш.
  7. У. Ігнатоўскі. Мотывы лірыкі беларускага песьняра Чарота, стар. 4.
  8. М. Чарот. Завіруха, стар. 43.
  9. Ігнатоўскі. Мотывы лірыкі Чарота, стар. 8.
  10. Ігнатоўскі. Мотывы лірыкі Чарота, стар. 10.
  11. Ibidem, стар. 11.
  12. Глядзі вершы „Звон“, „Званар“ і інш.
  13. Глядзі вершы „Адплата“, „Адарваным“, „Мне сьнілася“, „Як імя яму“, „Разьвітаньне“, „Работа йдзе“, „Беларусы“, „Апошні крык“ і інш. Тут–жа „Крыніца“ і аповесьць Чарота „Сьвінапас“.
  14. Завіруха, стар. 83.
  15. Завіруха, стар. 10.
  16. М. Пятуховіч. М. Чарот. Завіруха. Полымя, № 1, стар. 84.
  17. Глядзі ўвесь верш „Я зноў, дзе поле каласамі“, стар. 126.
  18. Верш „Вясну пяю“ — стар. 129.
  19. Завіруха — стар. 47.
  20. Ib. — стар. 77.
  21. Ib. — стар. 49.
  22. Ib. — стар. 59.
  23. Ib. — стар. 60.
  24. Ib. — стар. 106.
  25. Ib. — стар. 51.
  26. Ib. — стар. 5.
  27. Завіруха — стар. 5.
  28. Ib. - стар. 3
  29. Ib. - стар. 5
  30. Ib. - стар. 5
  31. Ib. - стар. 13
  32. Ib. - стар. 15
  33. Ib. - стар. 18
  34. Ib. - стар. 16
  35. Ib. - стар. 48
  36. Ib. - стар. 59
  37. Ib. - стар. 66
  38. Ib. - стар. 9
  39. Завіруха — стар. 12.
  40. Ib.— стар. 127.
  41. Ib.— стар. 127.
  42. Ib.— стар. 129.
  43. Ib.— стар. 130.
  44. Ib.— стар. 116.
  45. Ib.— стар. 106.
  46. Ib.— стар. 130.
  47. Ib.— стар. 114.
  48. Завіруха — стар. 26.
  49. Ib. — стар. 90.
  50. Ib. — стар. 126.
  51. Ib. — стар. 132.
  52. Ib. — стар. 128.
  53. Ib. — стар. 79.
  54. Завіруха — стар. 1.
  55. Гляд зі стар. 41.
  56. Завіруха — стар. 101.
  57. Ib. — стар. 43.
  58. Ib. — стар. 104.
  59. Ib. — стар. 43.
  60. Ib. — стар. 43.
  61. Ib. — стар. 107.
  62. Ib. — стар. 27.
  63. Завіруха — стар. 104.
  64. Ib. — стар. 78.
  65. Ib. — стар. 76.
  66. Ib. — стар. 39.
  67. Ib. — стар. 66.
  68. Ib. — стар. 84.
  69. Завіруха — стар. 56.
  70. Ib. — стар. 58.
  71. Ib. — стар. 11.
  72. Ib. — стар. 91.
  73. Ib. — стар. 20,60.
  74. Ib. — стар. 87.
  75. Ib. — стар. 91.
  76. Ib. — стар. 32.
  77. Завіруха — стар. 101.
  78. Ib.— стар. 105.
  79. Ib.— стар. 9.
  80. Ib.— стар. 13.
  81. Ib.— стар. 3.
  82. Завіруха — стар. 47.
  83. Ib. — стар. 34.
  84. Ib. — стар. 64.
  85. Завіруха — стар. 37 — 38.
  86. Ib., стар. 47.
  87. Ib. —81.
  88. Завіруха стар. — 19.
  89. Ib. — стар. 19.
  90. Завіруха — стар. 79.
  91. Ib. — стар. 12.
  92. Ib. — стар. 107.
  93. Ib. — стар. 9.
  94. Ib. — стар. 74.
  95. Завіруха — стар. 48.
  96. Ib. — стар. 132.
  97. Ib. — стар. 94.
  98. Ib. — стар. 89.
  99. Ігнатоўскі — Мотывы лірыкі Чарота, стар. 27.
  100. "Завіруха" — стар. 40.
  101. Ib. — стар. 117.
  102. Ib. — стар. 106.
  103. "Завіруха" — стар. 131.
  104. Ib. — стар. 46.
  105. Ib. — стар. 6.
  106. "Завіруха", стар. — 11.
  107. Ib. стар. — 92.
  108. Ib. стар. — 15.
  109. Ib. стар. — 22.
  110. "Завіруха" — стар. 53.
  111. Ib. — стар. 15.
  112. Ib. — стар. 89.
  113. "Завіруха" — стар. 127.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.