Ліст Алеся Мілюця (11 кастрычніка 1944)

Ліст
Аўтар: Алесь Мілюць
1944
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 338

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




11 кастрычніка 1944 г.

Добры дзень, дарагая сястрыца!

Я слава богу жывы і здаровы і шчасліва нясу сваю чырвонаармейскую службу, так што ты зусім не трывожся пакуль што за мяне. Я ўсім задаволены і забяспечаны, ні ў чым не маю патрэбы, і, спадзяюся, так будзе і да канца, толькі адно сумую, што не атрымаў ад цябе адказу на свае апошнія пісьмы, якія, можа, да цябе не дайшлі. Аднак я ўсё ж маю надзею, што ты мне што-небудзь напішаш і я атрымаю. Мне вельмі хочацца ведаць пра родны дом, пра родных і пра ўсе нашы сямейныя і гаспадарчыя справы. Мне хочацца ведаць, як ты там управілася з палявой працай, як накапала бульбу і як яе захавала на зіму, хто дапамагаў, як ты малаціла і як сеяла. Я ведаю, што ты адна і табе вельмі цяжка ва ўсім, але я ведаю таксама тваю энергію і тваю гаспадарлівасць, ведаю, што будзеш старацца з усіх сіл, каб усё было ў парадку. Вось якраз пра гэта ўсё я хацеў бы ведаць як мага хутчэй.

Дарагая сястрыца! У сваіх мінулых пісьмах я напамінаў табе пра некаторыя неабходныя справы, якія ты павінна ўпарадкаваць, у гэтым пісьме я табе нічога не скажу. Рабі што хочаш і як хочаш, але так, каб было ва ўсім добра, галоўнае, усё захавай, пакуль яшчэ ваенны час, а пасля вайны хто будзе жывы, той будзе глядзець. Яшчэ раз напамінаю табе, каб ты сыскала ад Бубноўскага колы і восі, папрасі Барысавага Уладзіка, ён табе ў гэтым дапаможа.

Вось, дарагая сястрыца, усё тое, што я хачу табе сказаць і параіць, астатняе, я спадзяюся, ты зразумееш сама, і я буду вельмі шчаслівы, калі гэтае мае пісьмо дойдзе да цябе. Я яго пішу ўжо пятае, па маім падліку, пішу пад варожымі снарадамі, у непагадзь, беражы яго, калі атрымаеш, як дакумент нашай роднасці і нашай шчырай братняй любві. На мяне ты не сярдуй, але ўсё мне прабач і даруй. Я таксама табе даўно ўсё дараваў, нам трэба, каб мы засталіся з чыстымі сэрцамі і сумленнем. З нецярпеннем чакаю ад цябе пісьма, хачу яшчэ даведацца пра Ваню і пра ўсе гаспадарчыя навіны і справы. Перадай Лідзе Мацюшынай, і Веры Анцук, і Анюце Мацюшынай — няхай яны пішуць на адрас гэтай самай пошты — п/п 36591 В, іхнія ў адным са мной батальёне, і мы часта бачымся. Я думаю, сястрыца, цябе гэтае пісьмо засмуціць і ўсхвалюе, таму што ў ім ёсць развітальныя матывы, не пранікайся гэтым, улічы, што кожную хвіліну я магу быць забіты або паранены, а таму я пішу табе так, як гэта ўжо апошні раз, такое ўжо ваеннае становішча, але я глыбока веру, што Бог дасць мне магчымасць вярнуцца дадому. Вайна ўжо набліжаецца да канца. Вораг дабіваецца, і недалёкі той дзень, калі я з перамогаю вярнуся дадому, і мы тады разам зажывём новым ціхамірным шчаслівым жыццём, яшчэ мацней любячы і памагаючы адно аднаму, а цяпер нейкі час трэба пацярпець. Калі будзеш пісаць мне, пішы многа, пісьмо ўсё роўна дойдзе. Пішы ўсялякую дробязь. Гэта мяне вельмі парадуе. Але як можна хутчэй пішы. А цяпер — бывай!

Твой любімы брат Аляксандр.

P. S. Паклон усім нашым родным — Тамашкевічавым, Сузікавым і Свірыдавым.

Напішы пра дзяцей... [канцоўка нечытэльная].