Ліст Алеся Мілюця (17 верасня 1944)
Ліст Аўтар: Алесь Мілюць 1944 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 336 |
Нядзеля, 17 верасня 1944 г.
Дарагая сястрыца!
Пішу табе гэтае пісьмо, ужо маючы свой пастаянны адрас. Не крыўдуй, што не пісаў, — не мая ў гэтым віна, але як толькі ёсць у мяне магчымасць, я ўсё ж пішу. Я пакуль жывы і здаровы, але кожную хвіліну можа быць са мною ўсялякае. Мне вельмі патрэбны фізічныя сілы і моцнае здароўе, але, як ты ведаеш, яны ў мяне слабыя, а таму мне крыху цяжкавата, ды буду мацавацца. У нас цяпер прымаразкі, так што кожную раніцу ляжыць белы іней. Як там у вас? Я думаю — таксама холадна і суха. Я табе 10 верасня выслаў пісьмо з Коўна, ты атрымала? Чакаю з нецярпеннем твайго пісьма. Калі атрымаеш, пастарайся як мага хутчэй адпісаць мне і паведаміць мне пра ўсе гаспадарчыя і іншыя клопаты. Асабліва мяне цікавіць Ваня, што і як з ім сталася. Ці піша ён табе, і як яму жывецца. Я думаю, яму павінна быць добра. Мяне таксама цікавіць твая фінансавая гаспадарка, ці маеш ты грошы і ці хопіць табе іх, каб разлічыцца з дзяржавай і на дамашнія патрэбы. Нашых скорыцкіх хлопцаў размеркавалі ў розныя роты, так што я застаўся адзін, але магу бачыць Гжэсевага Валодзю, Ваню Мацюшынавага і Мішу Анцуха. Прабач, што так мала пішу і дрэнна, — павер, што на перадавой больш і лепш не напішаш, ды, прызнацца, няма чаго і пісаць. Усё маё цяперашняе жыццё вельмі простае і яснае. Ты толькі не гаруй па мне, а калі трэба будзе забыць — дык пастарайся забыць хутка. Дрэнна, што не вывучыў добра швейную машыну, — былі выпадкі застацца на пасадзе краўца. А цяпер будзь жыва і здарова. Кланяйся родным. Пішы, што там у цябе ёсць, і старайся як найхутчэй даць адказ.
Твой брат Аляксандр. Мой адрас: дзеючая армія, п/п 36591 В, Мілюць Аляксандр М.