Ліст Алеся Мілюця (29 жніўня 1944)
Ліст Аўтар: Алесь Мілюць 1944 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 333 |
29 жніўня 1944 г.
Дарагая сястрыца!
Другое пісьмо пішу табе ўжо цалкам свядомым байцом Чырвонай Арміі, хоць прайшло толькі тры тыдні майго чырвонаармейскага жыцця. Жывецца мне нядрэнна, я зусім здаровы і ва ўсім маю дастатак. Яду мы атрымліваем гатовую ў сталоўцы, ходзім у лазню, але адзенне яшчэ носім сваё, таму што ходзім на заняткі, дзе даводзіцца часта поўзаць па зямлі, абутак мы атрымалі новы, я свае чаравікі здаў. Атрымліваем мыла і табак. У нас весела. У нашай казарме ёсць радыё. Ёсць у нас кнігі і газеты. Я крыху чытаю. У нядзелю 27 я выпадкова сустрэўся ў доме аднаго нашага камандзіра з адной жыхаркай Масквы. Яна мне абяцала купіць кнігі па сельскай гаспадарцы і прынесці ў наступную нядзелю. Як гэта будзе — паглядзім. Ад нас дзесяць чалавек пайшлі на работу ў лес, а мы спадзяемся пайсці на работу ў калгас. Я бачыў калгасныя палі. Яны мне спадабаліся. Ураджаі таксама такія, як у нас, капуста яшчэ лепшая, каровы такія, як нашы — сярэднія, адным словам, людзі жыць могуць. Дарагая сястрыца! Не шкадуй і не сумуй па мне. Я асабіста нават задаволены, што, будучы такім, якім ты мяне ведаеш, я ўсё-такі нароўні з іншымі выконваю свой абавязак. Так што гэта так трэба, і калі нават прыйдзецца памерці на полі бою або здарыцца так якое-небудзь няшчасце, я ніяк не пашкадую. Што да цябе, то я яшчэ раз прашу ад усяго сэрца: глядзі як мага лепей сябе, апранайся і абувайся як мага цяплей, нічога не шкадуй. Адным словам, абараняй сябе ва ўсім як можаш. Гаспадарку даглядай, наколькі гэта будзе ў тваіх сілах, толькі вельмі не ганіся, з цябе ўсяго хопіць, а вернемся мы — тады будзем зноў глядзець разам.
Я маю надзею вярнуцца. Мяркуючы па падзеях апошняга часу на франтах, мы хутка будзем святкаваць перамогу — вораг дабіваецца. Дарагая сястрыца! Калі атрымаеш гэтае пісьмо, пастарайся даць адказ. Калі табе не будзе часу адпісаць, папрасі Веру, каб яна табе ў чым-небудзь дапамагла. Гэта патрэбна, таму што пісьмо доўга ў дарозе. Напішы пра ўсе гаспадарчыя справы, як убрала з поля, як са скацінай і г. д. Напішы, як адносіцца Іван Сузік і Тамашкевічавы, як здароўе нашай цёткі, як расце Маніна дзяўчынка. Як здароўе Аляксандра і ўвогуле як яго сям’я. Як думаеш малаціць і г. д. Увогуле я хачу ведаць усе падрабязнасці, але я разумею, што апісаць усё цяжка і амаль немагчыма, дык ты старайся пісаць самае галоўнае. Я ад цябе яшчэ пакуль нічога не атрымаў, але думаю на днях атрымаць, ужо нашы некаторыя атрымалі. У нас пагаворваюць, што ўсіх, хто застаўся пасля нас, вярнулі дамоў — каму звыш 35 гадоў. Напішы таксама пра Ваню, дзе ён і ці прыслаў ён табе што-небудзь. А цяпер будзь жыва і здарова! Прывітанне ўсім родным. Хацелася б мне атрымаць пісьмо ад іх. Мой адрас на канверце.
А. Мілюць.