Ліст Алеся Мілюця (6 жніўня 1944)

Ліст
Аўтар: Алесь Мілюць
1944
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 332

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паважаная і дарагая сястрыца!

Пішу табе першае пісьмо, прыехаўшы ўжо на месца ў вайсковы лагер, дзе нас будуць навучаць ваеннай справе. Мяне пакуль што залічылі ў мінамётную часць. Са мною разам усе нашы хлопцы, якія прыходзілі апошні раз дадому, таму што мы адсталі ад сваіх і нас далучылі да іншага эшалона. У нашым узводзе ўсе нашы скорыцкія і Сасім Косця.

Мы ехалі ад панядзелка да суботы, ехалі вельмі павольна, бо вельмі вялікі рух на дарозе. Я бачыў гэтую мясцовасць за Оршаю, дзе быў фронт і адкуль выбілі немцаў. Божа! Гэта нешта жудаснае. На працягу вёрст 15–20 цягнецца гэтая мёртвая, паўпустынная паласа, парэзаная на кожным метры ямамі ад бомб і снарадаў, так што, гледзячы на гэтую карціну, добра ўяўляеш сабе ўсю жорсткасць сучасных баёў. І мне здаецца, што пры такіх баях не застанецца ніводнай жывой душы... Але я асабіста спадзяюся жыць, і гэтую надзею я ўскладаю на шчасце; зрэшты, як будзе — я сябе не шкадую. Я шчаслівы, што і так пражыў ледзь не 36 гадоў. Самае галоўнае — не думаць пра смерць, не баяцца паміраць. Ты ж, дарагая сястрыца, не плач і не шкадуй, а глядзі толькі сябе. Галоўнае, не прастуджвайся. Апранайся і абувайся як мага цяплей, таму што цяпер цябе няма каму абараніць. Як атрымаеш пісьмо, напішы мне пра ўсе свае справы, а таксама пра Ваню. І прышлі яго адрас. Захоўвай мае рэчы і рукапісы як каштоўнасць. Затым кланяйся ўсім родным і перадавай ім маё гарачае прывітанне.

А. М.

P. S. Пішы пісьмы без марак.