Ліст Вацлава Ластоўскага да Янкі Чарапука (7 траўня 1920)
← Ліст Янкі Чарапука (29 красавіка 1920) | Ліст Вацлава Ластоўскага (Рыга) да Янкі Чарапука (Рэвэль) Ліст Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 7 траўня 1920 году Крыніца: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, Т. 1, кн. 1, 1998 г., б. 745-746 |
Рукапісная копія ў Дзяржаўным Архіве Летувы: Фонд 582 вопіс 1 справа 45 аркуш 22 і адваротны бок. |
Сягоньня атрымаў я Ваш ліст з 29.IV. і у ім копію адповедзі Чычэрына. Шкада толькі, што Вы забыліся прыслаць тэкст Маркевічавай запіскі і паставіць дату з якой паходзіць адповедзь. Ну, але гэто можна будзе, я думаю, паправіць у чародным лісце.
Цяпер от што: прашу Вас не пасылаць тэлеграмм такога зместу, як тая у якой Вы протэстуеце. Гэта ня гожэ між нас і непрыгожа між людзей і перад людзьмі. Зрэшта на Вас узложена сцісла азначэная у мандаце толькі місыя. А калі спэцыальны курьер даручае граматы, то ад гэтаго Вам не магло быць крыўды. Зрэшта справу гэту мы абсудзім, калі убачымся. Тым часам не бярыце вельмі да сэрца, калі напісанае мной непрыемна Вам. Пабачымся — пагодзімся. Я баюся каб Вы не раскідаліся у Рэвелі на розные справы. Дзеля гэтаго прыпамінаю Вам, што Вы ведаеце толькі тое, што напісана Вам у мандаце і калі-б Вас цягнулі за язык, не паддавайцеся, а ссылайцеся на мандат і чэкайце загадоў. Язэп ніхай выступае, як партыйны дэлегат з ясным заданьнем — і толькі! Прысылайце самую падробную інфармацыю аб усім праз курьера.
Вось, пакуль што і ўсё.
А цяпер мая да Вас прозьба: 1) купіце мне 6 аткрытак з найлепшымі відамі Рэвеля, але толькі штрыхавой работы, не літаграфія, ці фотографія; 2) выпішце з Расеі усе выйшоўшые дагэтуль там кніжкі у 3 экз. і якіе выходзяць там часопісі.
Цяпер увага! Вы і Язэп мейце вока і вуха на Ляховіча і Шымковіча. Будзьце да іх вельмі абычайлівы і сэрдэчны, але не дзяліцеся тым што самі ведаеце і мейце вока. У другога, калі будзе трэба ніхай М-ч адбярэ паспарт. Стараўся праехаць у Ревель Борык, ад яго тут наш, беларускі, пашпарт атабралі. Ведайце, што каля нас хітра і густа разстаўленыя сеці кругом. Дык асцярожнасць, уважнае адношэньне да паручэньнёў. Чаго не дасказана ніхай Вам даскажэ Вашэ гарачае патрыотызмам сэрцэ.
Цісну руку вашу і сардэчна вітаю — ВЛастоўскі.
7.V.20.
Ага, як разумець — «вызналі нас», каго — місію, ці урад?