Ліст Вацлава Ластоўскага да сяброў БПСР
Ліст Вацлава Ластоўскага (Рыга) да сяброў БПСР (магчыма, Вільня) Ліст Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 17 траўня 1920 году Крыніца: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, Т. 1, кн. 1, 1998 г., б. 755-756 |
Рукапісная копія ў Дзяржаўным Архіве Летувы: Фонд 582 вопіс 1 справа 45 аркуш 25 і адваротны бок. |
Настаў у нашым дзержаўным будаўніцтве вельмі важны і адпаведны момэнт: мы знаходзімся на перадодні прызнаньня нашай дзержаўнасці Антантай і Расеяй. Дзеля гэтаго патрэбна адзінство фронту усіх партый стаячых на Незалежнасці Беларусі, разумецца акром тых, якіе гэту незалежнасць гатовы праводзіць пры помачы тых ці іншых окупантоў. Патрэбна паддзержка Ураду партыямі.
Антанта хочэ зрабіць тарговые умовы з Беларускай Народнай Рэспублікай на прадажу ей і закупку у яе тавароў. Дзеля гэтаго трэба, каб як можна хутчэй выехала тарговая дэлегацыя зложэная с прэдстаўнікоў ад нашых цэнтральных коопэратыўных устаноў у ліку 3 чэлавек для праезду у Парыж. Дакумэнты для іх у Рызе і будуць выданы ім пасьля зацьверджэня дэлегацыі нашым Урадам.
Прызнаньне незалежнасці Расеяй так сама на добрых торах. Псуе тое, што пайшлі нашы некаторые у разброд і высказаліся у сэнсе, што яны не прызнаюць Ураду. Гэтым нам большэвікі коляць вочы, але прынцыпу яны не аткідаюць і за нас чэпляюцца. Перэгаворы с Чычэрыным вядуцца 1) аб прызнаньні незалежнасці і 2) аб ачыстцы Расеяй этнографічна беларускай тэрыторыі. Яны большые за нас нацыоналісты і заяўляюць (стацьця Троцкаго у Известіях), што Смаленск — вялікарасейская тэрыторыя. Усё-ж прызнаньне офіцыальнае павінно хутка наступіць.
Тутэйшых сяброў настрой проці змены названьня партыі і таго каб зыходзіць з нацыональнаго на інтэрнацыональны грунт. Праграму партыі ніхто не аспарывае. Дайце як можна болей вестак аб паўстаньнях і наагул падробные інформацыі і матэрыялы.
Выезд дэлегацыі павінен адбыцца у строгім сэкрэце, бо іх могуць ня выпусціць палякі і ўрэшце папсаваць нам работу па прызнаньню Незалежнасці. Ат коопэратывоў павінны выехаць беларусы, бо справы мільённые і нам німа што багаціць тых, хто проці нашай дзержаўнасці. Падробные інформацыі у Дго[1] Кляўдуша.
Мацуйцеся, трымайцеся — хутка нашаму гору канец будзе.
Затым да пабачэньня на Незалежнай Бацькаўшчыне
Паклоны Вам ВЛастоўскі
Ніхай выезджае Белевіч
Зноскі
правіць- ↑ Д[ушэўска]го